У другі дзень пасяджэння Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі яго ўдзельнікі наведалі ДУА “Яслі-сад № 4 г. Нясвіжа “Караблік дзяцінства”, дзе пазнаёміліся з накірункамі і формамі работы з сям’ёй ва ўстанове адукацыі. Прэзентацыю з выкарыстаннем відэарэсурсаў правяла загадчык садка Вольга Пуляк.
За невялікі адрэзак часу прысутныя атрымалі змястоўнейшую інфармацыю аб рэалізацыі праектаў, рабоце клубаў і інтэрактыўных пляцовак, інфармацыйна-наглядных і інфармацыйна-камунікацыйных формах узаемадзеяння з бацькамі і міжрэгіянальным супрацоўніцтве з дашкольным цэнтрам развіцця дзіцяці “Планета здароўя” г. Салігорска, пазнаёміліся з валанцёрскім атрадам татаў “Сардэчка” і многім іншым. Атрад “Сардэчка” прыняў непасрэдны удзел у мерапрыемстве — таты расказалі прысутным аб ролі бацькі ў выхаванні дзіцяці і падарылі прыгожы танец з маленькімі дачушкамі. Іх кранальнае выступленне выклікала шмат яскравых эмоцый у гасцей: гучалі словы “Брава”, блішчэлі слёзы ў вачах.
Затым удзельнікам савета прапанавалі экскурсію па дзіцячым садзе, пасля якой былі падведзены вынікі. Вольга Іванаўна падзякавала за супрацоўніцтва галоўнаму спецыялісту па да-школьнай адукацыі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Алене Янчык, з якой пачынала работу над праектамі, спецыялістам Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, у прыватнасці начальніку вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай адукацыі Наталлі Болбат і іншым.
— Толькі ў цесным узаемадзеянні мы можам дасягнуць поспеху, для таго, каб бацькі праз некаторы час сказалі: як добра і камфортна было нашым дзецям у дзіцячым садку, мы хацелі б туды вярнуцца, — падкрэсліла Вольга Іванаўна.
Каардынатар мерапрыемства, намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Антаніна Абалевіч адзначыла:
— Нам хацелася падзяліцца напрацоўкамі, багацейшым, самабытным вопытам. Дзякуй Нясвіжскаму раёну за тое цяпло і шчырасць, з якімі вы з намі дзяліліся.
Словы падзякі выказала і галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Вера Грыбкоўская — начальніку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алене Клішэвіч, арганізатарам і ўдзельнікам сустрэчы.
Сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства падзялілася галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Анжаліка Кухта:
— Сёння мы ўбачылі цудоўны прафесійны падыход педагагічных работнікаў Мінскай вобласці ў цэлым, у тым ліку і Нясвіжскага раёна. Тут працуюць прафесіяналы. Наша агульная задача — выхаваць здаровае, моцнае, адукаванае дзіця ў тандэме з бацькамі. У гэтай установе яна вырашаецца на самым высокім ўзроўні. Мы вельмі рады за нашых калег і зычым ім моцнага здароўя, прафесійных поспехаў і ўсяго найлепшага.
Са слоў загадчыка ДУА “Яслі-сад № 239 г. Мінска” Таццяны Кузьміч, у яе засталіся незабыўныя ўражанні ад сустрэчы.
— Не выпускаю алоўка з рук. Тут вельмі шмат практыкі, ідэй, многа падобнага, а таксама свайго. Мы возьмем гэтыя ідэі, трансфармуем, у нас атрымаецца нешта новае. Хочацца аддаць даніну павагі педагогам садка. Бачна сістэма, метадычная дапамога, вялікая навуковая падтрымка Інстытута развіцця адукацыі з іх кафедрай і метадычным аддзелам. Вельмі адчуваецца, што працуе цэлая каманда, — сказала Таццяна Кузьміч.
А плённая праца ў камандзе прыносіць, як вядома, добрыя вынікі, аб іх у “Карабліку дзяцінства” сведчаць шматлікія публікацыі на старонках нашага выдання.
Дзяцінства — самая цудоўная пара. Яно павінна не проста быць у кожнага дзіцяці, а быць яркім, маляўнічым, запамінальным, незалежна ад таго, які садок дзіця наведвае. Зрабіць яго такім — абавязак педагогаў. Бацькі вельмі задаволены, калі іх малеча з радасцю ідзе ў сад, а пазней з усмешкай на вуснах успамінае што-небудзь прыемнае з дашкольнага жыцця. А для педагога няма лепшай узнагароды, чым цёплыя абдымкі свайго выхаванца праз гады, якога ён сустракае на вуліцы, ці падлетак піша яму ў сетцы інтэрнэт: “Дзякуй, я Вас вельмі люблю”. Вельмі хочацца, каб у кожнага дзіцяці былі добрыя педагогі — у садку, школе, у жыцці. Гэта вельмі важна для станаўлення гарманічна развітай асобы.
Вольга КАНДРУКЕВІЧ.