«Мы гарэлі ў працы»– размова з Антонам Казіміравічам Садоўскім. 21.by

«Мы гарэлі ў працы»– размова з Антонам Казіміравічам Садоўскім

16.01.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Мы гарэлі ў працы» – размова з Антонам Казіміравічам Садоўскім.

старое фото
Антон Казіміравіч Садоўскі ў маладосці

Антон Казіміравіч Садоўскі з вёскі Каміншчына ўжо размяняў восьмы дзясятак. Што і казаць, немалы адразак жыцця за плячыма. Пражыта і перажыта шмат, ёсць што ўспомніць. І часу цяпер вольнага хапае, каб успамінаць. У мінулым годзе звялі яны з жонкай Фаінай Аляксандраўнай гаспадарку: зарэзалі адразу дзвух парсючкоў, засталіся ў двары толькі курачкі. Шмат гадоў, як не трымаюць карову, як прадалі свойго любімца, каня па клічцы Мальчык – падарунак ад саўгаса  ў сувязі з выхадам на пенсію. Замест каня (ну не можа чалавек ад зямлі жыць без памочніка!) разам з зяцем купілі маленькі трактарок, які гаспадар кожную вясну з вялікім задавальненнем выводзіць у поле, на свае соткі. І тады нібы зноў вяртаюцца, так лёгка ўспамінаюцца маладыя гады,  напоўненыя ў аднолькавай меры і шчасцем, і верай у светлае заўтра, і цяжкай сялянская працай.

Уся біяграфія Антона Казіміравіча звязаная з працай у саўгасе “Азярцы”, якой прысвяціў больш за 40 гадоў. Ён прызнаецца, што, каб не пэўныя абставіны, мог бы стаць ваенным, бо заўсёды з вялікай павагай адносіўся да людзей у форме, любіў парадак і дысцыпліну. Пасля трох гадоў службы, якую праходзіў на Украіне, недалёка ад Днепрапятроўска, маладому хлопцу з Беларусі, выдатніку баявой і фізічнай падрыхтоўкі, прапаноўвалі застацца на тэрміновую службу. Але ён вярнуўся на радзіму, дзе чакала каханая дзяўчына Фаіна, і ўладкаваўся ў родны саўгас рабочым. Потым шмат гадоў працаваў брыгадзірам, быў загадчыкам свінафермы. На якім бы ўчастку не быў замацаваны, страўся рабіць сваю работу адказна, каб перад самім сабою і перад людзьмі не было сорамна.

Стараннага, працавітага маладога хлопца адразу прыкмеціла кіраўніцтва.

– Ваенным я не стаў, але любоў да парадку і дысцыпліны перанёс у паўсядзённую жыццё і работу. Працаваў шчыра, на спакусы не паддаваўся, начальству ў рот не глядзеў. І ці не праз паўгода колішні дырэктар Мікалай Грыгор’евіч Папоў паставіў мяне брыгадзірам. У яго, і ў нашага агранома Міхаіла Васільевіча Пашковіча, я вучыўся працаваць. Сапраўдныя гаспадары, муждыя, чалавечныя. Яны былі для мяне больш чым кіраўнікі, як бацькі, – расказвае Антон Казіміравіч.

Калгасы тады перажывалі не лепшыя часы: і сеялі, і ўбіралі, і касілі, і звазілі – усё рабілі ўручную, на параконках. І ад брыгадзіра патрабавалася, у першую чаргу, правільна размеркаваць сілы. І Антон Казіміравіч вучыўся  працаваць з людзьмі. У 1960 годзе, калі ён стаў брыгадзірам, ураджайнасць зерневых была 12 цэнтнераў з гектра. Зямлю трэба было падымаць.

– Каб павысіць ураджайнасць, збіралі попел па дварах, гной у кожнага гападара, які трымаў кароўку, забіралі падчыстую, зімой капалі, нарыхтоўвалі торф. Работа гэта цяжкая што свет не бачыў. Жанчыны капалі і грузілі торф, мужчыны вазілі, выгружалі, выкладвалі бурты. Была пастаўлена задача – нарыхтаваць 45 тон кампосту на кожны гектар, – успамінае мой субяседнік.

Мы гарэлі ў працы, усю работу рабілі супольна, адчувалі адказнасць адно перад адным. Я таксама заўсёды ішоў са сваёй брыгадай плячо ў плячо, паказваў прыклад. За справай да людзей прыглядаўся: хто шчыра, ад душы працуе, а хто так, спусціўшы рукавы. Нічога не скажу: людзі ў нашым саўгасе былі працавітыя, цяглыя. Калі не памыляюся, толькі ў Азярцах ордэн Леніна маюць чалавек сем. Але ж, як і паўсюдна, хітрых ды гультаёў таксама хапала. Успамінаю такі выпадак. Уносілі мы ўгнаенне. Уручную. Трыццаць пяць жанчынак з вёдрамі, расцягнуўшыся роўным шнурочкам,  ідуць па полі на адлегласці метры два адна ад адной. Ззаду едуць падводы. Я пасярод, таксама сею і гляджу, хто як працуе. І вось заўважаю: усе з дзесяцілітровымі вёдрамі, а адна з пяцілітровым. Добра, думаю, мабыць цяжка жанчыне, яна часцей вядро напоўніць. Але ж не, яна “мудрэй” за ўсіх аказалася. Адны вялікае вядро высеялі, другое набіраюць, а ў яе яшчэ ў малым застаецца. Прыкра мне стала. Я да яе: “Што ж ты, кажу, робіш?”. А яна са злосці чэрпае ўзганенне – і на зямлю. Прыйшлося адправіць яе на падзённую працу, дзе і працаваць цяжэй, і плацяць менш. І ёй, і ўсім навука.

Тады былі модныя спаборніцтвы. Памятаю, як капалі бульбу: якое звяно за дзесяцідзёнку больш накапае. Бывала, і месяц ўжо на небе, а жанчыны з поля не ідуць, каб толькі перамагчы. А перамога і каштавала так сабе – па 25 рублёў на звяно, лічы – па рублю на чалавека. А як жалі ўручную! Гэта цяпер – тэхніка ўсё і без чалавека зробіць. Жанчыны жнуць, у копны ставяць, а потым усё трэба звязці, у стагі пакласці. І ўсё людская праца. Цэлы дзень возім з поля, а потым ўсю ноч малоцім, пераважваем. Людзі ашчадныя былі, пільнавалі, каб ні адно зернетка не высыпалася, не прапала. І што дзіўна, з працы позна ўночы ішлі і яшчэ песні спявалі. Ды што многа расказваць: хто працу тую ведаў, можа і ўспамінаць пра яе не хоча, а хто не ведаў – той не паверыць ці не зразумее, што так можна.

Але, трэба сказаць, старанні дарэмна не прапала. За пяцігодку, з 1960 па 1965 гады ўраджайнасць зерневых узрасла з 12 да 45 цэнтнераў з гектара. Гэта была наша агульная перамога. За дасягненне высокіх паказчыкаў па выніках пяцігодкі у 1966 годзе я атрымаў высокую дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Леніна.


орден

Антон Казіміравіч дастае з шуфлядкі свой ордэн і чырвоную ордэнскую кніжку. Ён ярка зіхаціць на спрацаванай далоні свайго гаспадара.

–У пачатку дзевяностых, пасля распаду Саюза, ад пакупнікоў у мяне адбою не было. Прасілі, каб ордэн прадаў, 500 долараў за яго давалі. Не прадаў, – расказвае мой субяседнік. – Сына і дачку мы з маёй Фаінай Аляксандраўнай выхавалі, маем двух унукаў і трох праўнукаў. Няхай ім памяць будзе пра нашу нялёгкую працу.

 

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Мы гарэлі ў працы» – размова з Антонам Казіміравічам Садоўскім. Антон Казіміравіч Садоўскі з вёскі Каміншчына ўжо размяняў восьмы дзясятак. Што і казаць, немалы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика