Прафсаюз работнікаў АПК павіншаваў з 80-годдзем Тамару Лучыну . 21.by

Прафсаюз работнікаў АПК павіншаваў з 80-годдзем Тамару Лучыну

21.01.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У дзясяты дзень студзеня наш юбіляр Тамара Рыгораўна Лучына прымала віншаванні ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Валянціны Козел, старшыні раённага савета ветэранаў Уладзіміра Кушнера і старшыні Ухвальскага сельвыканкама Святланы Гатчэня.

Не прыехаць у Вялікае Горадна і не павіншаваць чалавека з адметнай датай проста было нельга. Хоць, гаворачы пра жанчын, звычайна не называ­юць іх узрост, але наша Тамара Рыгораўна з гонарам адзначыла: «Мае гады – маё багацце!» І яна, прывабная, шчырая, вясёлая, не ўтойвае, што ёй споўнілася... 80!

...Шмат гадоў аддадзена зямлі, дзе нарадзілася і працавала наша гераіня. Ды яшчэ як працавала! Тамара Рыгораўна паказала нам дзве Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, ордэн «Знак Пашаны» за дасягненні ў 1971 годзе значных паказчыкаў у павышэнні ўраджайнасці, медаль «За доблесную працу», Знак «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1978 года». Да гэтых узнагарод можна дадаць Ганаровыя граматы, Дыпломы, Падзячныя пісьмы, атрыманыя шчырай працаўніцай падчас злётаў пераможцаў абласнога і раённага спаборніцтваў.

Паказаўшы ўзнагароды, Тамара Рыгораўна заўважыла:

– Калі працавала аграномам, а гэтай прафесіі аддадзена 19 гадоў, заўсёды паўставала спрадвечнае пытанне земляроба: як зрабіць поле багацейшым, а пасеў больш шчодрым? Пагадзіцеся, ва ўсе часы ў земляробаў задача адзіная – атрымаць максімум прадукцыі з гектара поля. Таму і імкнуліся сеяць азімыя культуры ва ўстаноўленыя тэрміны, да пачатку яравой сяўбы насенны матэрыял правяралі на пасяўныя якасці, бо разумелі, што насенне – залаты фонд ураджаю і клапаціліся аб ім загадзя.

Тамара Рыгораўна расказвала, што ў тыя гады праводзіліся семінары па тэмах, як павысіць прадукцыйнасць камбайнаў, як належным чынам падрыхтавацца да сяўбы, як пазбегнуць страт ураджаю. Яго ўдзельнікі знаёміліся з тэхналогіяй уборкі палеглых, доўгасцябловых, нізкарослых збожжавых культур, а затым усё гэта прымянялі на практыцы.


– У нашай гаспадарцы было тры брыгады – «Выдрыца», «Малое Горадна» і «Вялікае Горадна». Усяго каля 800 гектараў ворыўных земляў, – заўважыла Тамара Рыгораўна. – Але ж галоўнае падчас адказных сельскагаспадарчых кампаній – гэта людзі, іх добрая працоўная кваліфікацыя і, бясспрэчна, старанне. І такіх, хто адносіўся да сваіх абавязкаў з усёй адказнасцю, у нас было шмат. На жаль, яны пайшлі ўжо з гэтага жыцця, але я не забуду шчырасць у працы Мікалая Мігаля, Уладзіміра Міронава, Міхаіла Гары, Пятра Гары і многіх іншых. Менавіта іх бездакорная праца прыносіла плён калгасу імя Кірава. Толькі добрыя словы можна сказаць і ў адрас брыгадзіра брыгады «Малое Горадна» Міхаіла Беспаяські, які быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Тамара Рыгораўна, якая столькі гадоў адпрацавала аграномам, да дробязей памятае, што бульба займала плошчу ў 90 гектараў, лён – 70 гектараў, збожжавыя азімыя культуры – 200 гектараў. Не можа забыць яна і ўраджайнасці збожжавых культур і бульбы, якіх гаспадарка дасягнула ў 1979 го­дзе. На не надта ўрадлівых глебах земляробы паляводчай брыгады «Выдрыца» тады сабралі на круг па 32 цэнтнеры з гектара збожжа і па 200 цэнтнераў бульбы.

– У тыя часы вялікая ўвага ўдзялялася культуры земляробства, штогод у глебу ўносілася шмат арганічных і мінеральных угнаенняў, – працягвала Тамара Рыгораўна. – На палях працавала разнастайная сельскагаспадарчая тэхніка, сяўба і ўборка збожжавых вяліся толькі механізаваным спосабам. Як вынік, расла ўраджайнасць збожжа, бульбы, ільну. На час сяўбы і ўборкі распрацоўваліся і зацвярджаліся на агульным сходзе ка­лгаснікаў умовы сацыялістычнага спаборніцтва.

...Працоўны стаж дзяўчыны пачынаўся ў 1959 годзе, калі яна пасля заканчэння поўнага курса Смальянскага сельскагаспадарчага тэхнікума ў 1960 годзе прыехала, можна сказаць, на сваю малую радзіму, дзе ў далейшым і адпрацавала 35 гадоў.

– Нарадзілася я ў вёсцы Выдрыца, – нагадала Тамара Рыгораўна. – Мой бацька быў старшынёй калгаса. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён застаўся па броні, а затым пайшоў у партызаны. На жаль, тата загінуў 30 мая, месяц не дажыў да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нядоўга заставаліся мы і з мамай, якая, мабыць, ад вялікіх перажыванняў памерла ў 1949 годзе. Галадаючы ў Выдрыцы, мы пераехалі да бабулі ў Талачын, дзе я закончыла 10 класаў, затым Смальянскі тэхнікум, але зноў жа лёс закінуў мяне ў Вялікае Горадна. Тут і прыжылася. Пасля таго, як адпрацавала аграномам, была тэхнікам-нарміроўшчыкам у рамонтных майстэрнях, галоўным эканамістам. У студзені 1995 года пайшла на заслужаны адпачынак.

Тамара Рыгораўна з удзячнасцю ўспамінае кіраўнікоў гаспадаркі – Мар’яна Аляксандравіча Булата, Уладзіміра Андрэевіча Буракова, Леаніда Сцяпанавіча Навакаса, Дануту Станіславаўну Бяляеву.

Аднак вернемся да слаўнай даты нашага юбіляра, калі ў Вялікае Горадна прыехалі два сыны з нявесткамі, пяць унукаў і шасцёра праўнукаў. Як зазначыла Тамара Рыгораўна: «Навезлі і падарункаў, і прадуктаў, каб наладзіць святочны стол. У мяне быў адзін клопат: дзе іх размясціць?» Але месца хапіла ўсім. Падчас гутаркі адчувалася, што жанчыну паважаюць вяскоўцы, ёй радуюцца родныя і блізкія, суседзі і, наогул, аднавяскоўцы.

Тамара Рыгораўна выпісвае раённую газету, цікавіцца ўсімі навінамі Крупшчыны, яе прозвішча, як ардэнаносцы, зме­шчана ў кнізе «Памяць. Крупскі раён». Мы жадаем нашаму юбіляру доўгіх гадоў жыцця, поспехаў і ўдачы, а яшчэ і надалей заставацца такой жа добрай маці, слаўнай бабуляй і прабабуляй.

Таццяна ТАЛКАЧОВА.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У дзясяты дзень студзеня наш юбіляр Тамара Рыгораўна Лучына прымала віншаванні ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Валянціны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика