Народныя прыказкі пра сямейныя адносіны
28.01.2020
—
Разное
|
Народныя прыказкі пра сямейныя адносіны
15:26 / 28.01.2020
20
Сёння – нізка трапных выказванняў пра розныя аспекты сямейнага жыцця.
«Не гані Бога ў лес, як Бог у хату ўлез», – казалі старыя людзі, калі нехта, у каго ўсё было добра ў сям’і, без дай прычыны наракаў на цяжкае жыццё. А мой, светлай памяці, бацька часта раіў сваім унукам, якія не вельмі спяшаліся да шлюбу: «Хто рана ўстае і малады жэніцца – ніколі не каецца». І тлумачыў, чаму: «Ты сам яшчэ ў сіле, а ўжо, глядзіш, дзеці падраслі – памочнікі». Можа, маладым, якія жэняцца не для таго, каб працаваць, а каб забаўляцца разам, гэтая парада не ў нос, а па тым часе яна была вельмі слушнай. Выпраўляючы на танцы мяне з сястрой і нашых сябровак, мама папярэджвала: «Глядзіце, дзеўкі: на казаку ж няма знаку». Шмат прыказак прысвечана адносінам свякрух і нявестак. Часам былі і такія анекдатычныя, як расказваецца ў народным жарце (выбачайце за непрыстойнае слова, але, як кажуць, з песні яго не выкінеш): – Хто набздзеў? – Нявестка! – Дык яе ж у хаце няма! – А вунь яе андарак вісіць! Мая маці раіла новаспечаным свякроўкам: «Стала свякрухай – аглухні і аслепні»: не бач і не чуй, што ў маладой сям’і робіцца. Бо «Начная зязюлька дзённую заўсёды перакукуе». А для цешчы – давялося ёй пабыць у ролі і свякрухі, і цешчы – была ў матулі другая прыказка: «Годзіш зяцю дзеля свайго дзіцяці». Хоць не стамлялася паўтараць даволі спрэчную з кропкі гледжання мацярок, у якіх толькі сыны, ісціну: «Няма дачкі, то няма і родзічкі». Калі маладыя, толькі пажаніўшыся, спяшаліся пахваліцца, як у іх усё добра, мама перапыняла: «Не хваліся ў сем дзянькоў – пахвалішся ў сем гадкоў». І дадавала: «Яшчэ ж госцем дзела!» А калі яны спяшаліся запрасіць як мага больш гасцей на сямейнае свята, казала: «Вялікія хрысціны не калышуць дзяціны». Здаралася, у маладой сям’і ўзнікалі спрэчкі і дзеці ішлі жаліцца маці – тады яна раіла – як правіла, свайму дзіцяці: «Будзь разумнейшым – саступі!» І нагадвала: «Бачылі вочы, што куплялі, – цяпер хай не плачуць». Жонкам, якія пры жыцці не шанавалі сваіх мужоў, ганілі і нават пракліналі, а пасля смерці галасілі ля труны, мудра, хоць і даволі жорстка гаварыла: «Праўду кажуць: ёсць – дык забіў бы, а няма – дык купіў бы». Увогуле, да смерці ў народзе даволі філасофскія адносіны. «Каб не мерлі, то неба падперлі б», «Маладое – Богава, а старое хвалі – дый з двара валі!», «Смерць і радзіны не глядзяць ліхой гадзіны». А часцей за ўсё матуля паўтарала прыказку: «Май дзеці – і шчасце ў дзецях». Таго ж хочацца пажадаць усім нашым чытачам! Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup. Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працягваем дзяліцца з чытачамі дыяментамі народнай мудрасці, спадзеючыся, што яны падтрымаюць нашу прапанову і таксама падзеляцца прыказкамі, прымаўкамі,...
|
|