Падарожжа па родным краі. Вёска Пагост (заканчэнне). 21.by

Падарожжа па родным краі. Вёска Пагост (заканчэнне)

06.02.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Партызаны, салдаты, воіны

У 1942 годзе за дапамогу партызанам расстралялі немцы Міхаіла Іванавіча Грыневіча. У чэрвені 1942 года ў адным з баёў загінулі Рыгор Максімавіч Змітровіч і Дзмітрый Змітровіч. Багата крыві праліла праклятая вайна. На фронце ў 1942 годзе загінуў Аляксей Арцёмавіч Дарошка — ваяваў пад Сталінградам. Іван Змітровіч быў танкістам, прайшоў Сталінград, Арлоўска-Курскую дугу, гнаў ворага да польскай зямлі і склаў галаву пад Варшавай. Яго брат Кузьма, які партызаніў, а потым пайшоў дабіваць немца, не вярнуўся з-пад Віслы, а Васіль, трэці брат, лейтэнант марскога флоту, якога вайна застала ў Мурманску, прапаў без вестак. Ва Усходняй Прусіі загінулі Улас Максімавіч Дарошка, Ціхан Барысавіч Змітровіч і Апанас Паўлавіч Кісялевіч, Павел Ціханавіч Кісялевіч і Рыгор Пракопавіч Кісялевіч, Фёдар Паўлавіч Кісялевіч — і ўсе ў 1945 годзе. Браты Ігнат і Ціхан Змітровічы загінулі на беларускай зямлі, а малодшы Міхаіл — пры вызваленні Варшавы. Там жа, пад Варшавай, склалі галовы аўтаматчык Іван Іванавіч Кісялевіч, сапёр Васіль Цярэнцьевіч Кісялевіч, стралок Іван Рыгоравіч Кісялевіч, Павел Ігнатавіч Кісялевіч і Андрэй Дзянісавіч Сінькевіч.

Багата жыхароў Пагоста не вярнулася з фронту. Мацяркам і ўдовам прыходзілі паведамленні, дзе і як загінулі іх родныя, але 13 чалавек атрымалі дакумент, што іх сыны, гаспадары прапалі без вестак. І гэта ў той час было самае няпэўнае паведамленне. Гэтыя сем’і не атрымлівалі ад дзяржавы ні пенсіі, ні дапамогі. Некаторыя чакалі сваіх блізкіх усё жыццё: мо жывы, мо вернецца…

Салдацкія ўдовы. Багата іх засталося пасля вайны. Няпросты і нялёгкі лёс выпаў на долю Антаніны Ціханаўны Радзько і Ефрасінні Рыгораўны Дарошкі. У абедзвюх мужы пайшлі на фронт з першых дзён вайны. Маладыя пайшлі, такімі іх на ўсё жыццё і запомнілі жанчыны.  Пакінулі родныя хаты, а калі і дзе загінулі — невядома. Апанас Аляксандравіч Радзько і Сямён Рыгоравіч Дарошка прапалі без вестак, як і Іосіф Сямёнавіч Дарошка, які прайшоў фронт аж да 1944 года. Якаў Сямёнавіч Дарошка ў Чырвонай арміі з 1939 года, курсант Харкаўскага вучылішча сувязі, прапаў у чэрвені 1944-га. У жніўні 1944-га не стала Арцёма Паўлавіча Змітровіча і Васіля Дзямідавіча Змітровіча. У 1942 годзе прапаў Аляксандр Якаўлевіч Кісялевіч, лейтэнант, памочнік начальніка штаба, у Чырвонай арміі ён быў з 1939-га. Аляксей Якаўлевіч Кісялевіч, Міхаіл Рыгоравіч Кісялевіч, Пётр Ціханавіч Кісялевіч, Фёдар Сяргеевіч Кісялевіч, Ціхан Іванавіч Кісялевіч, Цярэнцій Фаміч Кісялевіч — усе прапалі без вестак.

Пасярод вёскі Пагост, побач са школай, у 1970 годзе паставілі абеліск з пяціканцовай зоркай. І залатымі літарамі тады было выбіта на ім 31 прозвішча аднавяскоўцаў, якія мужна змагаліся з ворагам за мірнае жыццё. Але названы тут не ўсе: загінуўшых значна больш, іх прозвішчы сталі вядомы пазней.

У калгасе

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ізноў пачаў працаваць калгас. У 1946—1948 гадах яго ўзначальваў Дзмітрый Панкратавіч Зянькоўскі. Як успаміналі сяльчане, старшынямі прызначалі тых, хто ваяваў ці ў партызанах, ці на фронце. Кіравалі калгасам і Фёдар Ільіч Змітровіч, і Дзяніс Фаміч Кісялевіч. Калі пачалі ўзбуйняць калгасы, то вёска Пагост стала брыгадай у складзе калгаса імя Карла Маркса, пазней яна ўвайшла ў саўгас “Завалочыцы” (дзесьці ў 1959 годзе), а ў 1963-м стала брыгадай саўгаса “Глускі”. Увесь час у гаспадарцы працавала малочнатаварная ферма.

Паводле перапісу 1970 года, у Пагосце было 346 жыхароў.

У 60-я гады ХХ стагоддзя ў Пагосце былі адрамантаваны ўсе жывёлагадоўчыя памяшканні, пабудаваны кароўнік. У розныя гады загадчыкамі фермы працавалі Вольга Максімаўна Давыдоўская, Рыгор Пятровіч Дарошка, Кацярына Іванаўна Кісялевіч і іншыя. Ветурач Таццяна Трафімаўна Шклярэўская жыла ў Макавічах, а абслугоўвала жывёлу на фермах вёсак Сельцы, Краснае і Пагост. На кожнай з гэтых ферм было па 300—400 галоў буйной рагатай жывёлы. У 1986 годзе на пагосцкай ферме працавалі Марыя Дзмітрыеўна Змітровіч, Зінаіда Кірылаўна Кісялевіч, Анастасія Мікалаеўна Радзько і Кацярына Сямёнаўна Стрэж. Гэты калектыў даярак спаборнічаў з фермамі ў Сельцах і Барысаўшчыне,  імкнуліся да 4-тысячных надояў малака. На ферме было 140 галоў кароў. Марыя Дзмітрыеўна надойвала ў сваёй групе па 14 кг малака ад кожнай каровы, па 13 кг выходзіла ў Кацярыны Сямёнаўны.

Паша для скаціны знаходзілася непадалёк ад фермы, а пастухамі працавалі Уладзімір Якімавіч, Марыя Васілеўна, Андрэй Васілевіч і Пелагея Фёдараўна — усе Кісялевічы. Выганялі статак у 4:30 раніцы і пасвілі да 12 гадзін. Потым — дзённая дойка, а ў 14 гадзін і да 20:00 — зноў на пашы, пад якую было адведзена 25 гектараў разнатраўя. Была электраагароджа. Ваду падвозіў механізатар Віктар Станкевіч, быў яшчэ і вадаём выкапаны для паення жывёлы.

На ферме быў “чырвоны куток”, дзе маглі ўсе сабрацца, абмеркаваць свае справы. Ганаровая грамата, якой быў узнагароджаны калектыў фермы за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў у павелічэнні вытворчасці і паляпшэнні якасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў перыяд зімоўкі 1978—1979 гг., была гонарам калектыву. Па ёй вымяралі ўсе наступныя поспехі. Добра працавалі, добрыя і грошы атрымлівалі. А калі займалі першае месца па гаспадарцы, то і прэмія павялічвалася на 20 працэнтаў.

У 1986 годзе ў Пагосце — 101 гаспадарка і 202 жыхары. На палях брыгады вырошчвалі ячмень, кукурузу, бульбу, караняплоды. Была свая ферма, было багата і ўгнаення. У брыгадзе асобнае звяно працавала на вывазцы арганікі — механізатары Міхаіл Анцюшэня, Васіль Верамейчык, Міхаіл Бабак, Мікалай Дземідовіч. На бульдозеры пры змешванні кампанентаў угнаенняў працаваў Міхаіл Дарошка, на пагрузчыку — Уладзімір Кісялевіч. У 70—80-я гады ХХ стагоддзя працаваць на калгаснай ніве было ўжо добра лягчэй, чым адразу пасля вайны. Тады ўсё рабілі ўручную, як успаміналі вяскоўцы: “У калгасе садзілі кок-сагыз (шматгадовая травяністая каўчуканосная расліна,  пэўны час была галоўнай сыравінай для савецкай рызінавай прамысловасці, яе вырошчванне можна лічыць цэлай эпохай у развіцці сельскай гаспадаркі ў Беларусі, пад яе адводзіліся вялікія і найлепшыя плошчы. — Заўв. рэд.).  Па 50 сотак давалі маладым — і палолі, і насенне збіралі, і карані выкопвалі, усё  рукамі. Цяжкая гэта была справа. Жыта сеялі ва Уруччы, жалі сярпамі. Колькі сотак сажнеш, столькі і заробку атрымаеш. Лён рукамі бралі, потым выбівалі семя пранікамі. Мужчыны косамі касілі сена, жанчыны граблямі яго разбівалі, варочалі-сушылі, потым зграбалі ў валкі, а ўжо пасля сухое складвалі ў стагі. А сена тое касілі на балоце, часткі якога называліся “Баравых”, “Каліноўнік”, “На грыве”, “Вастка”, “Гараджонка”, маленькае балота і лес побач мелі назву “Каля рэчкі”. Тут, калі сена касілі ці ўбіралі, ногі грузлі па калена. Зараз усё асушылі. Сена нарыхтоўвалі і пад Мыслоцінаю, на Градках. У Падлужжы вельмі вялікае балота было, падзелена на часткі з назвамі Макавіцкае, Сялецкае і Пагосцкае балота. Там таксама касілі і ўбіралі сена ў стагі. А зімою цэлыя стагі цягнулі на валакушах да фермы. Бывала, калі балота было вельмі ўжо топкае, то сена складалі ў копы, падбівалі капу насіламі і на руках выносілі на бераг, дзе яго ўжо і стагавалі. Вельмі цяжка было, але ўсе стараліся працаваць, абжывацца і радаваліся, што мір. Цанілі кожную скарынку і кавалачак хлеба”.

У брыгадзе працавала саўгасная сталовая.

Больш маладзейшыя цягнуліся да навукі. Васіль Максімавіч Кісялевіч ажыццявіў сваю мару — стаў трактарыстам. За працавітасць механізатар неаднаразова атрымліваў і грашовыя прэміі, і падзякі, і каштоўныя падарункі, неаднойчы быў пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве. Яго сын Міхаіл таксама вывучыўся і працаваў экскаватаршчыкам у Глускім райаб’яднанні “Сельгастэхніка”. Заданні выконваў на 120—130 працэнтаў, узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. За добрасумленную працу ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга атрымала Варвара Данілаўна Давыдоўская, ордэн “Знак Пашаны” — Марыя Дзмітрыеўна Змітровіч.

Пуцёўка ў жыццё

Была ў Пагосце і свая 4-гадовая школа, яна пачала дзейнічаць у 1921 годзе. Калі ў 1929 годзе макавіцкая школа стала сямігодкай, то дзеці, якія мелі магчымасць і жаданне, скончыўшы чатыры класы, пераходзілі вучыцца туды да 7 класаў, пазней — да 10 класаў. Пры гэтай школе працавала ў тыя гады майстэрня, дзе вучні старэйшых класаў набывалі цяслярскія веды.

Доўгі час у Пагосцкай пачатковай школе, у якой колісь самі вучыліся, працавалі Вольга Карпаўна Радзько і Таццяна Барысаўна Кісялевіч; па чарзе, то адна, то другая, прызначаліся і дырэктарамі гэтай школы. Абедзве, скончыўшы Макавіцкую школу, падаліся ў Слуцкае педвучылішча, а стаўшы настаўніцамі, вярнуліся ў родную вёску.

У 1968 годзе ў школе займаўся 51 вучань. Дзяцей прывучалі да працы і дома, і ў школе. Дзеці разам са сваімі настаўнікамі хадзілі да састарэлых бабуль, наношвалі ў хату дроў, вады, мылі падлогу, палолі грады. Рабілі ўсё, што прасіла гаспадыня і было малым па сіле. Старэйшыя дзеці не толькі дома дапамагалі па гаспадарцы, але ў час канікул працавалі і на калгасных, потым саўгасных палетках — і сена дапамагалі нарыхтоўваць, і буракі палоць…

Школу ў Пагосце закрылі прыкладна ў 70-х гадах ХХ ст.

Працавітасць добра адбівалася і на вучобе дзяцей. Стараліся вучыцца ўсе, каб “выбіцца ў людзі”, успаміналі вяскоўцы. Скончыўшы сярэднюю школу, ішлі вучыцца далей у розныя навучальныя ўстановы. Педагагічны інстытут скончыла Ніна Кісялевіч, універсітэт — Раіса Кісялевіч. Другая Раіса Кісялевіч вывучылася на фельчара, скончыўшы Гомельскае медвучылішча, працавала адразу ў Акцябрскім раёне, потым жыццё закінула ў Светлагорск. “Стаўшы фельчарам, не памылілася, а ўсё дзякуючы маме”, — успамінала Раіса Ільінічна, якая пераехала з горада даглядаць сваю хворую маці ды так і засталася жыць у роднай хаце, у роднай вёсцы. Жыве яна тут разам са сваім гаспадаром. Амаль кожнае лета ў госці наязджаюць дзеці, унукі. Яе дачка Наталля ў дзяцінстве часта праводзіла летні адпачынак у бабулі, вельмі добра спявала, іграла на акардэоне і не раз пела на сцэне клуба. Потым скончыла інстытут культуры, потым яшчэ адзін і зараз у Маскве працуе дырэктарам на прадпрыемстве. “Адзін яе сын, — апавядала Раіса Ільінічна, — жыве ў Піцеры, ён юрыст; другі — на інданэзійскім востраве Балі, камп’ютары рамантуе, жанаты на інданэзійцы, яна доктар, ужо і праўнучка ёсць — Валенсія завуць. Сюды яна прыязджала, яго жонка-інданэзійка, разам з маім унукам і праўнучкай, і вельмі тут, у нашым Пагосце, ёй спадабалася. Цішыня, лес вакол, паветра чыстае…”

Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума працаваў больш за трыццаць год майстрам у Глускім лясніцтве Рыгор Фёдаравіч Кісялевіч. Быў узнагароджаны граматамі і нагруднымі знакамі за 10 і за 20 год бездакорнай працы ў лясной ахове СССР. Арганізатарам прыёмкі і перапрацоўкі малака на Глускім маслазаводзе шмат гадоў быў майстар Ілья Давыдавіч Змітровіч. Уладзімір Міхайлавіч Кісялевіч скончыў Бабруйскае мастацкае вучылішча, ён мастак, майстар-рэзчык па дрэве. Яго карціны выстаўляліся ў Глускім краязнаўчым музеі.

І гэта далёка не ўсе, каму дала пуцёўку ў жыццё Пагосцкая школа, а пазней — Макавіцкая. 

Працаваў у Пагосце і магазін. Кожны дзень прыязджала прадавец з Калаціч — Валянціна Васілеўна (прозвішча вяскоўцы не памятаюць). Добрая, прыемная жанчына. Зараз насельніцтва Пагоста абслугоўвае аўталаўка, якая прывозіць тавар у вёску.

“Пасля вайны ў Пагосце пабудавалі клуб. Гулялі ў ім і вяселлі, і радзіны, і кірмаш, які святкавалі ў вёсцы на Юр’я — 6 мая. Былі тут і танцы, і канцэрты. А ў 1970-я гады ў клубе працавала толькі адна тэхнічка, — апавядаюць сяльчане. — Яна адчыняла і зачыняла клуб, у якім па некаторых днях паказвалі розныя кінафільмы. Летам клуб адчыняўся часцей”.

Сёння вёска ўжо не тая, што раней

У 2002 годзе ў Пагосце налічвалася 60 гаспадарак і 107 жыхароў, хаты размяшчаліся не толькі на вуліцы Цэнтральнай, а і на хутары, у завулках — “Западный” і “Южный”. Па нумарах хат — 95. “Але ёсць ужо, што і на паўкіламетра ні адзіненькай хаты няма, ды і людзей не відно, — кажуць вяскоўцы. Раней усё было забудавана, але гаспадары паўміралі, а нашчадкам здалася бацькаўшчына непатрэбнай, усё разбуралася, таму Калаціцкі сельскі Савет, у склад якога ўваходзіць Пагост, пазносіў старыя хаты”. Жывуць людзі ў Пагосце трохі з аднаго канца, трохі з другога. Усяго, па словах вяскоўцаў, іх мо чатырнаццаць чалавек-пенсіянераў. А большасць пагашчан “перасялілася” на могілкі, якіх у вёсцы аж двое. Адны — пасярэдзіне, а другія — з краю, бліжэй да Краснага, яго жыхары таксама тут хаваюць сваіх родных. Хоць і сталыя людзі жывуць у Пагосце, але пра свае падворкі клапоцяцца, штосьці падра-мантоўваюць, падчышчаюць. Каля некаторых хат улетку прыгожа красуюць кветкі. Ёсць і дачнікі, якія наязджаюць сюды толькі дзеля адпачынку, а каб садзіць штосьці — то не. А мясціны вакол Пагоста, як і па ўсёй Глушчыне, прыгожыя і багатыя на грыбы, ягады, з такімі загадкавымі назвамі — “Гумначкі”, “Уборачкі”, “Гаць”, “Градкі”, “Доўгі Мох”, “Асінавіца”, “Раманаўскі хутар”… Вось толькі збіраць гэтае багацце ў вяскоўцаў не хапае ні сілы, ні здароўя. Вялікая вёска з кожным годам пусцее ўсё больш і больш, жыхароў усё менш і менш. На жаль, гэта факт сённяшняга жыцця і з гэтым ужо нельга што-небудзь зрабіць.

Іна КІРЫНА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Партызаны, салдаты, воіны У 1942 годзе за дапамогу партызанам расстралялі немцы Міхаіла Іванавіча Грыневіча. У чэрвені 1942 года ў адным з баёў загінулі Рыгор...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика