Лучше обойти, чем обойтись. Подготовительные работы на месте будущей многоэтажки приносят дискомфорт жителям микрорайона на Витебской
18.03.2020
—
Разное
|
Адразу некалькі жыхароў мікрараёна вуліцы Віцебскай звярнуліся апошнімі днямі ў рэдакцыю, каб выказаць нараканні на тое, што работы, якія пачаліся на месцы будучай шматпавярхоўкі, стварылі ім дыскамфорт. Так, у прыватнасці, грузавікі будаўнікоў пашкодзілі дарожку, па якой людзям зручна напрамкі дабірацца ад вуліцы Ленінскай да карпусоў 2 і 3 дома №6 па Віцебскай. Цяпер там стала брудна і жыхары нават паклалі на зямлю дошкі, каб можна было пераадолець самы праблемны ўчастак. Толькі ў гумавых ботах можна зараз падысці да размешчанай побач кантэйнернай пляцоўкі, а часовую дарогу, якую насыпалі камунальнікі за магазінам “На Віцебскай” у якасці пад’езду да яе, будаўнічая тэхніка ўшчэнт зрэзала каляінамі. Нагрузкі ад цяжкіх машын і трактароў не вытрымаў нават заасфальтаваны ўчастак на павароце ў двор дома №2, на якім “прасеў” каналізацыйны люк. Менавіта ўхіленнем апошняй праблемы займалася ў панядзелак брыгада водаканальшчыкаў, якую мы ўбачылі, калі прыбылі ў раён новабудоўлі, каб ацаніць сітуацыю. “Што, дадалі вам спраў будаўнікі?” – пацікавіліся ў рамонтнікаў. І атрымалі даволі паліткарэктны адказ: “Ну а што зробіш, усялякае бывае. Ды мы ўжо амаль усё выправілі”. Камунгасаўцы ж, якіх таксама сустрэлі непадалёк, не хавалі заклапочанасці: “Сёння наш МАЗ тут ледзь не заграз. Нават не ведаем, як цяпер смецце адвозіць. Спецыяльна зрабілі гэты пад’езд, пяць прычэпаў гравію высыпалі, а зараз ён бачыце ў якім стане…”. “Так, сапраўды істотна парэзалі грунтоўку, ды і асфальтаваная дарога ўздоўж дома №4, па якой зараз машыны адвозяць зямлю, таксама хутка разаб’ецца. Але што рабіць, калі іншага пад’езду да гэтага месца проста няма? Вось, паглядзіце самі, – прыпыніўшы бульдозер, абводзіць рукой наваколле работнік ПМК-66 Аляксей Васільевіч Леднік. – Не дратаваць жа мясцовасць з боку спартыўнага комплексу: там ужо добраўпарадкаванне праведзена, дрэўцы высаджаны”. Словы будаўніка пацвердзіў і дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна А.С.Лосеў: – На жаль, падобная сітуацыя – нярэдкасць. І ў 2016-м, і ў мінулым годзе пры будаўніцтве дамоў на Віцебскай былі вымушаны ездзіць праз двары – іншых варыянтаў проста не было. І, вядома ж, некаторыя жыльцы абураліся, што даводзіцца цярпець часовыя нязручнасці. Але ж варта паважаць і інтарэсы будучых навасёлаў, якія таксама мараць пра сваё жыллё. Брудны ўчастак можна абысці, а вось абысціся без новабудоўляў нельга. Што датычыцца канкрэтных закранутых момантаў, то па іх Аляксандр Сяргеевіч патлумачыў наступнае. Асфальтаваная дарога ўздоўж дома №4, па якой зараз ездзіць транспарт з будоўлі, у хуткім часе пераўвасобіцца: для зручнасці жыхароў у праекце запланавана будаўніцтва вуліцы шырынёй 6 метраў з тратуарам і стаянкай. Яна працягнецца ад новага дома да дарогі на спарткомплекс. Што датычыцца пад’езду да кантэйнераў, то будзе шукацца магчымасць яго падсыпаць, разглядаецца і варыянт пераносу пляцоўкі ў іншае месца. Задалі мы дырэктару ўпраўлення і пытанне, якое чулі ад многіх ушачан: чаму новы дом вырашылі размясціць менавіта тут, ва ўжо склаўшымся квартале, а не побач з нядаўна пабудаванымі, што здаецца больш лагічным? Аляксандр Сяргеевіч патлумачыў, што існуючыя зараз інжынерныя сеткі не дазваляюць забяспечыць узвядзенне новых дамоў у той частцы мікрараёна. Аднак распрацаваны праект будаўніцтва новай вуліцы з уладкаваннем усіх патрэбных камунікацый: яна будзе ісці ад шашы з боку заправачнай станцыі і агінаць жылы квартал. І калі праект будзе рэалізаваны, з’явіцца магчымасць планаваць там новабудоўлі. Прынамсі, грунт, які зараз вымаецца падчас работ па планіроўцы, адвозіцца менавіта на месца будаўніцтва “Вуліцы №5” – такая яе рабочая назва. Усяго для гэтага спатрэбіцца каля 20 тысяч кубаметраў, і прыкладна 6 з іх дасць узгорак, які трэба зрэзаць, перш чым пачаць капаць катлаван для новага дома. Ну а што датычыцца тэрмінаў яго ўзвядзення, то здаць аб’ект мяркуецца да навагодніх святаў. І будаўнікі звяртаюцца да жыхароў мікрараёна, прадстаўнікоў іншых службаў з просьбай з разуменнем аднесціся да часовых нязручнасцяў і абяцаюць прыкласці ўсе намаганні, каб іх мінімізаваць. Наталля БАГДАНОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адразу некалькі жыхароў мікрараёна вуліцы Віцебскай звярнуліся апошнімі днямі ў рэдакцыю, каб выказаць нараканні на тое, што работы, якія пачаліся на месцы...
|
|