Лукашэнка перамог на выбарах Прэзідэнта Беларусі. 21.by

Лукашэнка перамог на выбарах Прэзідэнта Беларусі

12.08.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ЦВК абнародавала папярэднія вынікі выбараў Прэзідэнта Беларусі: у дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі 80,23 працэнта галасоў.

За Святлану Ціханоўскую прагаласавалі 9,9 працэнта, за Ганну Канапацкую — 1,68 працэнта, Андрэя Дзмітрыева — 1,04 працэнта, Сяргея Чэрачня — 1,13 працэнта, супраць усіх — 6,02 працэнта.

Паводле папярэдніх даных ЦВК, удзел у выбарах прынялі 5 798 908 чалавек, або 84,23 працэнта выбаршчыкаў, уключаных у спісы.

За Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 4 652 423 чалавекі, за Андрэя Дзмітрыева — 60 543, за Ганну Канапацкую — 97 926, за Святлану Ціханоўскую — 574 312, Сяргея Чэрачня — 65 784.

Па меры падрыхтоўкі пасяджэння ЦВК па выніках выбараў даныя галасавання будуць удакладняцца. «Але я не думаю, што яны істотна зменяцца», — сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Выбары Прэзідэнта Беларусі прайшлі арганізавана — Лебедзеў

Выбары Прэзідэнта Беларусі прайшлі арганізавана, яны адпавядалі заканадаўству Беларусі, паведаміў журналістам старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД, кіраўнік місіі СНД Сяргей Лебедзеў.

«Учора прадстаўнікі краін СНД сабраліся, на працягу гадзіны абменьваліся думкамі, абмяркоўвалі ацэнкі, якія атрымалі ад нашых наглядальнікаў з усіх канцоў Беларусі. І прыйшлі да агульнай высновы, што выбары прайшлі арганізавана. Яны адпавядалі заканадаўству Беларусі. Грамадзянам была забяспечана магчымасць удзельнічаць у канкурэнтнай барацьбе — пяць кандыдатаў. Выбары былі адкрытымі. Акрамя таго, мы бачылі, што ўсе грамадзяне маглі прыйсці і прагаласаваць за таго кандыдата, якому яны аддаюць перавагу», — сказаў Сяргей Лебедзеў.

Паводле яго слоў, іншая справа — фон выбараў. «Наглядальнікі ад СНД сышліся на думцы, што тыя, хто вельмі актыўна крычалі і выступалі на плошчах, — не складаюць большасць насельніцтва Беларусі. Так, яны хочуць перамен. Мы з разуменнем і павагай ставімся да гэтай пазіцыі. У любой краіне ёсць людзі, якія не згодны з курсам кіраўніцтва, хочуць нечага іншага. Але, сябры, калі вы выступаеце за дэмакратыю, вы павінны лічыцца з меркаваннем большасці. Вось наша глыбокае перакананне», — адзначыў кіраўнік місіі.

Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што наглядальнікі ад СНД — сябры Беларусі. «Мы заўсёды аб гэтым гаворым. Мы, як і грамадзяне Беларусі, зацікаўлены ў тым, каб тут быў мір, спакой, паступальнае развіццё, умацаванне эканомікі. Мы шчыра заўсёды радуемся поспехам нашых беларускіх братоў і разам перажываем, калі тут узнікаюць нейкія складанасці і праблемы. Таму, я думаю, што тыя, хто не зусім задаволены гэтымі выбарамі, супакояцца. Трэба прымаць меркаванне большасці насельніцтва. А яно — адназначнае. Я хачу сказаць, што мяркую аб гэтым не толькі па статыстыцы. У мяне была магчымасць на працягу многіх дзён назірання размаўляць з грамадзянамі Беларусі і ўсе яны настроены мірна, на стабільнасць у краіне, на спакой. Таму хочацца пажадаць грамадзянам Беларусі, каб так яно і было, каб усе іх мары і планы ажыццявіліся. Шчасця і дабрабыту, міру і працвітання Беларусі», — сказаў ён.

Місія СНД не выявіла фактаў, якія ставілі пад сумненне легітымнасць выбараў Прэзідэнта Беларусі — Лебедзеў

«Місія СНД не выявіла фактаў, якія ставілі пад сумненне легітымнасць выбараў Прэзідэнта Беларусі, — сказаў Сяргей Лебедзеў. — Місія Садружнасці прыходзіць да высноў, што выбары 9 жніўня праведзены ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам Беларусі. Яны былі адкрытыя, канкурэнтныя і забяспечылі свабоднае волевыяўленне грамадзян Беларусі».

Кіраўнік місіі адзначыў, што наглядальнікамі ад СНД зафіксаваны асобныя парушэнні, якія не былі грубымі. «Парушэнні гэтыя традыцыйныя. Было некалькі сямейных заходаў у выбарчыя кабіны для галасавання, удваіх муж і жонка заходзілі — мы зафіксавалі на двух участках. Але гэта былі асобныя выпадкі. Акрамя таго, некалькі заўваг было ад мясцовых наглядальнікаў, што ім дрэнна было відаць скрыню. Усе гэтыя асобныя парушэнні не былі грубымі. На думку наглядальнікаў ад СНД, зафіксаваныя асобныя парушэнні не мелі сістэмнага, масавага характару і не паўплывалі на вынікі выбараў», — дадаў Сяргей Лебедзеў.

Мельнічэнка: апазіцыйныя наглядальнікі не змаглі прывесці місіі МПА СНД факты парушэнняў на выбарах

Місія МПА СНД пракантралявала ход галасавання на 124 выбарчых участках. «Усюды прысутнічалі наглядальнікі, у тым ліку ад апазіцыі. У прыцэсе размовы мы спрабавалі высветліць, ці ёсць у іх нейкія заўвагі, ці фіксавалі яны парушэнні. За ўвесь перыяд работы мы не атрымалі ніводнай заўвагі за выключэннем дробных скаргаў. Яны былі абсалютна не прынцыповымі і не ўплывалі на ход выбарчай кампаніі», — сказаў каардынатар групы наглядальнікаў ад МПА СНД Алег Мельнічэнка.

«Былі выпадкі скаргаў на нейкія парушэнні. Але калі справа даходзіла да канкрэтыкі і мы прасілі паказаць зафіксаваныя факты гэтых парушэнняў, то ніводны наглядальнік нам іх не прадставіў», — канстатаваў каардынатар групы наглядальнікаў.

Алег Мельнічэнка падкрэсліў, што выбары ў Беларусі праходзілі на вельмі высокім арганізацыйным узроўні. Ён таксама адзначыў прафесіяналізм участковых выбарчых камісій. «Наша агульная выснова — выбары праходзілі без відавочных парушэнняў. Тыя, што фіксаваліся, былі дробнымі і не маглі паўплываць на волевыяўленне грамадзян Беларусі», — рэзюмаваў ён.

Рапота: выбары ў Беларусі прайшлі без парушэння канстытуцыйных норм

У складзе місіі наглядальнікаў ад СНД працавалі пяць прадстаўнікоў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. «Мы лічым, што выбары прайшлі на добрым арганізацыйным узроўні, без парушэння канстытуцыйных норм», — сказаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.

Прадстаўнікі Пасткама наведалі 56 участкаў: 33 у час датэрміновага галасавання, 23 — у асноўны дзень. «З пункту гледжання выканання закону, канстытуцыйных норм мы ніякіх парушэнняў не выявілі», — праінфармаваў дзяржсакратар. Між тым, паводле яго слоў, былі выпадкі, калі людзі падоўгу знаходзіліся ў кабінцы для галасавання, з-за гэтага ўзнікала чарга. «Юрыдычна да гэтага прыдрацца нельга, гэта хутчэй пытанні этыкі стаўлення да навакольных, да сваіх суграмадзян», — адзначыў ён.

Выбары прайшлі строга ў адпаведнасці з заканадаўствам — наглядальнікі

Грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі Беларусі, якія вылучылі сваіх наглядальнікаў на выбары, заявілі, што яны прайшлі строга ў адпаведнасці з заканадаўствам.

«9 жніўня завяршылася выбарчая кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі нашых грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый на працягу ўсіх дзён галасавання вялі назіранне на кожным без выключэння выбарчым участку. Звыш 30 тыс. нашых актывістаў, а гэта абсалютная большасць ад усіх акрэдытаваных на выбарах наглядальнікаў, заяўляюць: выбары прайшлі строга ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Нашы наглядальнікі сачылі за ўсімі працэсамі — ад адкрыцця ўчасткаў, апячатвання урнаў для падліку галасоў», — адзначана ў заяве партый і грамадскіх аб’яднанняў.

Падкрэсліваецца, што істотных парушэнняў, якія маглі б паўплываць на вынікі выбараў, не зафіксавана. А кожны грамадзянін меў магчымасць свабодна і бесперашкодна аддаць голас за свайго кандыдата.

«Разам з тым пэўныя палітычныя сілы, якія таксама вылучалі сваіх наглядальнікаў, мэтанакіравана і наўмысна скажалі інфармацыю аб ходзе галасавання, ды і ўсёй выбарчай кампаніі ў цэлым. Наўмысна ішлі на правакацыі, пагражалі грамадзянам і членам выбарчых камісій. Знявагі, пагрозы і хамства былі для іх нормай. І нашы прадстаўнікі штодзённа фіксавалі дзясяткі парушэнняў норм заканадаўства з іх боку. Відавочна, што ўсе гэтыя дзеянні — звёны аднаго ланцуга, накіраванага на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне і дыскрэдытацыю выбараў. Зрабіць гэтага ім не ўдалося», — адзначана ў тэксце заявы.

«Мы заяўляем: праведзеная палітычная кампанія прайшла дакладна ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам. Вынікі галасавання пацвярджаюць выбар грамадзян нашай краіны і не падлягаюць сумненню», — канстатуецца ў заяве.

БелТА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЦВК абнародавала папярэднія вынікі выбараў Прэзідэнта Беларусі: у дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі 80,23 працэнта галасоў. За Святлану Ціханоўскую...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика