«У фашыстаў былі газавыя камэры, у нас ковідныя». 21.by

«У фашыстаў былі газавыя камэры, у нас ковідныя»

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Салiдарнасць

Людзі, якія вяртаюцца пасьля адседкі, масава хварэюць на каранавірус. Адміністрацыя турмаў ня робіць ніякіх захадаў засьцярогі — у Баранавічах у перадачах для зьняволеных не прымаюць нават масак. Свабода пагутарыла зь людзьмі, якія захварэлі на COVID-19​.

«У фашыстаў былі газавыя камэры, у нас ковідныя»

Надпіс на агароджы ізалятара на Акрэсьціна ў Менску

У Баранавічах у перадачах не прымаюць масак

Журналіст Арцём Лява вызваліўся ў панядзелак з Баранавіцкага ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля 15 дзён арышту. Адчувае сябе дрэнна.

За 15 дзён ён прайшоў тры ізалятары: жодзінскі, акрэсьцінскі і баранавіцкі. Перавозілі арыштантаў у аўтазаках, як «селядцоў у бочцы», кажа ён.

«З Жодзіна на Акрэсьціна везьлі ў аўтазаку з адсекамі. Я быў у бакавой клетцы на двух чалавек, а нас па трое запіхвалі. Духата, замкнутая прастора, няма чым дыхаць. У Жодзіне ў камэры ўдвая больш людзей, чым нараў. У Баранавічах у камэры-разьмеркавальніку на 10 чалавек нас было чалавек 100.

Умовы ў Баранавічах жудасныя — стары будынак савецкіх часоў, звараныя з крывых вугалкоў і пласьцін жалезныя нары, сырасьць. Вады гарачай не было, падлога бэтонная. У душ адвялі адзін раз за 15 дзён. Паўпадвальнае памяшканьне, акно на ўзроўні зямлі.

Якая была маска на чалавеку, калі яго забралі, з той і хадзіў. У Менску, дарэчы, маскі ў перадачах дазвалялі. А ў Баранавічах мама таксама спрабавала перадаць маскі — не прынялі», — кажа Арцём.

«Турэмных дактароў трэба караць за халатнасьць»

Праз пару дзён адзін зь дзевяцёх сукамэрнікаў Арцёма захварэў, пачаў моцна кашляць, у яго рэзка прапаў нюх. Хлопцы даводзілі доктару, што прастуджаныя ўсе, але ў гэтага чалавека канкрэтныя сымптомы COVID-19. Але доктар не прарэагаваў на скаргі.

«Доктар памераў тэмпэратуру, сказаў, што тут усе кашляюць. Удзень забаранялася ляжаць — матрасы згортваюцца, закідваюцца наверх — і сядзі на жалезных нарах, нават калі дрэнна сябе адчуваеш. Сьвятло гарыць усю ноч — уявіце, як цяжка хвораму чалавеку.

На маю думку, турэмных дактароў трэба караць за халатнасьць — яны проста ставяць пад пагрозу жыцьцё і здароўе вялікай колькасьці арыштаваных. Ніякіх захадаў пры пандэміі не рабілі наагул.

Наш доктар настолькі абыякавы і чэрствы! Прасілі ў яго дазволіць кіпеню болей, бо людзі сапраўды дрэнна сябе адчувалі — ён не дазволіў. Крымінальнікам, дарэчы, дазвалялі кіпяцільнікі, нам — не», — абураецца Арцём.

Самымі чалавечнымі аказаліся «баландзёры» — людзі, якія разносілі ежу. Прычым яны крымінальнікі, усе ў тату. Калі «палітычныя» прасілі іх даліць больш гарбаты, бо людзі хварэюць, яны заўсёды давалі больш, успамінае Арцём.

Сам ён хварэе ўжо чатыры дні. Спачатку быў кашаль, слабасьць. У апошні дзень у ізалятары страціў нюх.

«Мыла дзягцярнае страшна сьмярдзіць, а я не адчуваю паху. Учора раніцай знарок нюхаў шампунь дзягцярны, а ў яго пах наагул жудасны — таксама „па нулях“. Паху дэзынфэктару не адчуваю.

Цяпер разумею, што гэта сур’ёзная хвароба. Нібыта і дома ўжо начаваў, але пакутаваў, амаль ня спаў. Баліць горла, цяжка дыхаць, кашаль забівае», — расказвае Арцём Лява.

Ён ужо запісаўся на тэст і на прыём да доктара ў сваёй паліклініцы. Калі расказаў, адкуль вярнуўся, у паліклініцы паставіліся з разуменьнем. Адзіная была ўмова, каб сам прыйшоў на прыём, а ня доктар да яго дадому.

Захварэлі ўсе музыкі гурту «Рэха», адзін у шпіталі

Музыкі гурту «Рэха», якіх затрымалі 7 лістапада ў поўным складзе пасьля выступу на вуліцы Нёманскай у Менску, таксама дрэнна пачуваюцца, расказаў лідэр гурту Андрусь Такінданг.

«Спачатку ўсе чацьвёра музыкаў апынуліся ў адной камэры на Акрэсьціна. Потым Кастуся Лісецкага і Лёню Паўлёнка адправілі ў Жодзіна, я ўсе 15 сутак адседзеў на Акрэсьціна. Лёня захварэў, Кастусь наагул трапіў у шпіталь. Я таксама блага сябе адчуваю, зьбіраюся здаць тэст на каранавірус», — расказаў Андрусь Такінданг.

Кастусь Лісецкі ўжо 10 дзён ляжыць у Магілёўскім абласным шпіталі з двухбаковай пнэўманіяй і COVID-19. Падазрае, што падхапіў вірус у Жодзіне.

«У камэры было 10 чалавек, і ў многіх былі ўсе прыкметы ковіду: кашаль, людзі не адчувалі паху, а мэдычнай дапамогі наагул не было, у найлепшым выпадку маглі даць таблеткі, якія перадавалі ў перадачах. Больш нічога», — кажа Кастусь пра жодзінскую турму.

Пасьля шпіталя давядзецца даседжваць тэрмін

З Жодзіна Кастуся Лісецкага перавялі ў Магілёў. А там лекары яму трапіліся адказныя. Калі адчуў, што ў яго гарачка, паклікаў фэльчара, той памераў тэмпэратуру і адразу ж выклікаў хуткую дапамогу.

«Праз гадзіну прыехала „хуткая“, тэмпэратура была 38,5. Паслухалі і адразу сказалі, што ў мяне дакладна пнэўманія. Забралі ў абласны шпіталь, цяпер забіты пад завязку. 10 дзён таму ў маім аддзяленьні было 37 чалавек, цяпер — 70.

Адразу прызначылі антыбіётыкі, гарманальны прэпарат. Зрабілі спачатку экспрэс-тэст, потым ПЦР — пацьвердзіўся каранавірус. Кампутарнай тамаграфіі не рабілі, толькі здымак — яшчэ і пнэўманія.

Цяпер адчуваю сябе больш-менш нармальна. Але ў турме было вельмі дрэнна, я быў, як тая гародніна: каб ня выклікалі „хуткую“​, ня ведаю, што было б. У фашыстаў былі газавыя камэры, у нас ковідныя», — уздыхае Кастусь Лісецкі.

Ён кажа, што вельмі дапамагаюць валянтэры, а таксама мясцовая суполка ТБМ; прыносяць перадачы, кнігі.

Да панядзелка музыку дакладна будуць трымаць у шпіталі. А потым, хутчэй за ўсё, яму давядзецца даседжваць другую палову тэрміну — яшчэ 7 дзён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Людзі, якія вяртаюцца пасьля адседкі, масава хварэюць на каранавірус.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by