«Няхай арыштоўваюць. Што тут я не маю ніякіх правоў, што ў турме». Як жыхарка Смаргоні стала змагаркаю

20.01.2021 08:00 — Разное | Белсат  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Белсат

Людміла Сульжыцкая. Фота: ВШ / Белсат

У яе няма грошай, каб заплаціць штрафы. Яна асуджаная па васьмі адміністрацыйных пратаколах па артыкулу 23.34. 54-гадовая Людміла Сульжыцкая ўжо не ведае, якую суму штрафаў агулам ёй прысудзілі.

Людміла Іванаўна распавяла «Белсату», як засталася без працы і стала галаўным болем смаргонскіх уладаў, чаму турма яе не спыняе і за што ёй больш за ўсё крыўдна.

Ніколі ў жыцці не пратэставала

Людмілу Іванаўну Сульжыцкую называюць смаргонскай Нінай Багінскай. Яна не прапускае ў горадзе ніводнай пратэстнай акцыі.

Фота: ВШ / Белсат

Да пратэстаў яна працавала ў пазаведамаснай ахове. У яе праблемы са здароўем, яна не можа доўгі час сядзець на месцы, ёй нельга падымаць нічога цяжкага – баліць спіна. Часова мела трэцюю групу інваліднасці, але пазней яе знялі.

«Я ніколі ў жыцці нідзе не пратэставала, – распавядае пра сябе спадарыня Людміла. – Але калі я пабачыла на вуліцах свайго гораду 9 жніўня пасля выбараў – мне зрабілася не па сабе».

Жанчына кажа, што не магла заставацца ў баку, калі пабачыла, як міліцыянеры (усе – мясцовыя хлопцы і мужчыны) пачалі разганяць людзей, якія патрабавалі чэсных выбараў.

«Я спрабавала нейкім чынам тады паўплываць на сітуацыю, – распавядае Людміла Іванаўна. – Падыходзіла да міліцэйскіх начальнікаў і казала ім: мужыкі, што вы робіце. А яны маўчалі ў адказ».

Фота: ВШ / Белсат

«Так я стала беспрацоўнай»

Першы раз яе забралі ў міліцыю ўночы з 9 на 10 жніўня, калі яна вярталася ўжо дамоў. Пратрымалі ноч і амаль цэлы дзень, склалі пратакол, асудзілі і да канца дня адпусцілі. Другі раз трымалі на сутках у ізалятары часовага ўтрымання.

«Калі першы раз мяне затрымалі, у ізалятар прыйшоў мой начальнік і запатрабаваў, каб я падпісала заяву на звальненне, – згадвае Людміла Іванаўна. – Так я стала беспрацоўнай».

Фота: ВШ / Белсат

Знайсці працу, якую б магла выконваць у Смаргоні, праблематычна. Кажа добра, што жыве ў прыватным доме, то і камунальныя аплаты не вельмі высокія, ды і крэдытаў не мае.

Праўда, у яе доме і няма камунальных выгодаў, але за электрычнасць, вываз смецця трэба плаціць кожны месяц. Пакуль дапамагаюць дарослыя сын і дачка.

Хацела распавесці пра ўсё Караеву – не пусцілі

Аднаго разу спрабавала прарвацца на прыём да былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, які ў райвыканкаме адказваў на тэлефонныя званкі грамадзян.

Фота: ВШ / Белсат

Не датэлефанаваўшыся, пайшла наўпрост, але да ўпаўнаважанага прадстаўніка прэзідэнта яе не пусцілі. Тады жанчына ў адчаі стала насупраць Смаргонскага райвыканкаму са сціплым надпісам, які змясціўся ў файлік: «Спадар Караеў, выходзьце, калі ласка, паразмаўляць».

Там яе ніхто не чапаў, а калі ішла дадому, то запіхнулі ў міліцэйскую машыну, прывезлі ў РАУС і там склалі пратакол.

– А я хацела Караеву проста ў вочы сказаць пра ўсё, што тут адбываецца – распавядае жанчына.
А яшчэ яна хацела запытацца ў былога міністра – за што яе кожны раз судзяць?

«Што такога я зрабіла, калі я гуляю па вуліцы ў цэнтры гораду ў нядзелю, а мяне арыштоўваюць і складаюць пратакол? – задаецца пытаннем жанчына. – Я хацела запытацца ў яго наўпрост, бо я ж нічога не скрала, нікога не пабіла і вуліцу не перагароджвала – дык за што мяне затрымліваць і судзіць?»

Фота: ВШ / Белсат

6 снежня Людміла Сульжыцкая прайшлася па Смаргоні ў куртцы з надпісам на спіне: «Ахвяра рэжыму». Гэта таксама было расцэнена як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. У выніку адразу па двух пратаколах суд пакараў Сульжыцкую штрафам у 40 базавых велічыняў.

«Ніколі не перастану выходзіць»

Людміла Іванаўна ходзіць практычна на ўсе судовыя паседжанні, калі разглядаюць справы пратэстоўцаў. Яна ніяк не можа змірыцца, калі ў судзе зачытваюць пратаколы, а там, паводле яе, несапраўдныя звесткі. А потым міліцыянеры сведчаць і кажуць, што так і было.

«Я некалькі разоў падыходзіла да іх і проста прасіла, каб яны так не рабілі, – кажа спадарыня. – Многія з іх хадзілі ў школу з маім сынам, некаторыя малодшыя, але мы тут адзін аднаго ўсе ведаем. Мне так крыўдна за тое, што людзі, з якімі ўсё жыццё хадзілі па адных вуліцах, так паводзяцца. Мы ж усе – смаргонцы».

Фота: ВШ / Белсат

Спадарыня Людміла з горыччу ў голасе кажа, што, на жаль, усе яе размовы з землякамі-міліцыянерамі ніякага плёну не даюць. І, як яна зразумела, на іх ніякім чынам не паўплываць.

«Не ў маіх сілах гэта змяніць, але адзінае, што магу – ніколі не перастану выходзіць, як раней, і гуляць па горадзе. Няхай арыштоўваюць, – сумна заўважае суразмоўніца. – Што я тут не маю ніякіх правоў, што і ў турме, калі пасадзяць, мне нічога не будуць дазваляць».

Што датычыць звычайных смаргонцаў, яе суседзяў, знаёмых, то Людміла Іванаўна кажа, што большасць з іх цяпер наагул сталі маўчаць і размовы пра палітыку неяк сцішыліся.

Фота: ВШ / Белсат

«А што людзі могуць сказаць? – задаецца яна пытаннем і сама ж адказвае. – Людзі маўчаць, але ўсе ведаюць, што выбары былі сфальсіфікаваныя, і ўсе супраць насілля, з якім мы кожны дзень сутыкаемся».

MK, belsat.eu

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by