«Я проста хачу да мамы на ручкі». 21.by

«Я проста хачу да мамы на ручкі»

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Салiдарнасць

Аповед дачкі затрыманай заснавальніцы Прэс-клубу Юліі Слуцкай.

«Я проста хачу да мамы на ручкі»

Аляксандра Слуцкая, дачка Юліі Слуцкай. Тут і далей фота: АВ/Белсат

Аляксандра ў дэталях уяўляе, як сустракае маму з СІЗА: гэта марозны сонечны дзень, яна ў новай сукенцы, на шыі – шалік з мамінага заплечніка, які ёй аддалі ў ДФР. Брама адчыняецца – мама выходзіць.

Аляксандра моцна яе абдымае і больш нікуды ад сябе не адпускае, хіба толькі ў душ. Каб пагаварыць з маці і братам, цяпер яна мусіць пісаць лісты на Валадарку: Юлію і Пятра Слуцкіх, пазней прызнаных палітычнымі вязнямі, затрымалі 22 снежня паводле «справы Прэс-клубу».

У гэты дзень Аляксандра з маці і двума дзецьмі вярталіся з адпачынку: здавалася, выйсці з аэрапорту на слотную зямлю – найгоршае, што можа здарыцца з чалавекам.

«Вашая мама зараз будзе»

Яны падышлі да акенца пашпартнага кантролю, работнік, зазірнуўшы ў пашпарт Аляксандры, узяў рацыю і распачаў з кімсьці размову. Маці сціснула ёй руку. Мытнік склаў пашпарты ў стосік, тым часам да сям’і падышоў іншы чалавек, які сказаў, што ім давядзецца прайсці праз чырвоны калідор.

«І мама, і я верылі, што ідзецца толькі пра дадатковы мытны агляд. Мяне з дзецьмі хуценька агледзелі, адкрылі валізу і закрылі. Потым спыталі, ці вязу я нейкія лекі. Я кажу, што так, але мяне нават не папрасілі іх паказаць, настолькі гэты агляд быў фармальны. Разам з намі даглядалі яшчэ некалькі асобаў, у двух хлопцаў я спытала: «23.34?» – яны пацвердзілі, і мы рассмяяліся. Я вырашыла, што ўсё гэта праз мой 23.34, і ля выхаду стала чакаць маму».

Следам, размахваючы актамі агляду, выйшлі тыя хлопцы ды сказалі: «Вашая мама там, зараз будзе». Але Юлія Слуцкая так і не з’явілася, ейны тэлефон хутка забіўся недаступны.

Аляксандра пачала шукаць маму і ўрэшце дачакалася, калі нехта выйшаў з чырвонага калідора. Дзверы адчыніліся, і яна паклікала мытніцу. Дзяўчына спачувальна паглядзела і прашаптала, што Юлію Слуцкую забрала фінансавая міліцыя.

Юлія Слуцкая. Фота: press-club.by

«Вядома, мама адчувала сябе ў небяспецы, бо ў гэтай краіне ўсе, хто нешта робіць, робіць нешта незвычайнае, – у небяспецы. Але дрэнныя прадчуванні былі, хутчэй, у мяне, не ў яе. Я казала: «Мамачка, я хачу, каб ты з’ехала». А яна адказвала: «Няўжо ты можаш сабе ўявіць, што ўсе мае застануцца тут, а я з’еду?»

Я сапраўды не магла сабе такога ўявіць, а тым часам заўважала нядобрыя знакі: на адпачынку ў гатэль да нас штодзень прылятала гадкая варона і каркала на нас. Мама з мяне смяялася: «Класная варона, што ты да яе чапляешся».

Дзецям Аляксандра сказала, што бабулю забраў дзядуля ды яны едуць дадому іншым аўтамабілем, а па дарозе з аэрапорту спрабавала дазваніцца дырэктару Прэс-клубу Сяргею Альшэўскаму і свайму брату, які ўрэшце адказаў: прашаптаў толькі, што ў офісе – ператрус.

«Так я зразумела, што Пеця таксама, хутчэй за ўсё, затрыманы. А мама пра гэта даведалася, калі ўбачыла яго ў ДФР, для яе гэта быў дадатковы стрэс».

У МУС параілі напісаць заяву аб прапажы

У кватэры Юліі Слуцкай прайшоў агляд. Як пазней распавёў ейны муж Аляксандр, усё было даволі культурна: кватэру не пераварочвалі, прасілі тое-сёе адкрыць, з’ездзілі на лецішча, забралі тэлефоны, ноўтбукі і плацежныя карткі.

«Я чакала ля дому і бачыла, як маму выводзяць у атачэнні пяці ці шасці чалавек. Яна паспела сказаць, што вязуць у ДФР. Я паехала туды, але ахоўнік будынку паглядзеў на мяне шчырымі вачыма і ледзь не пакляўся, што да іх нікога не прывозілі. Тым не менш са сваякамі іншых затрыманых мы стаялі там дапазна: у вокнах гарэла святло, і мы разумелі, што нашыя родныя, хутчэй за ўсё, там».

Наступнаю раніцаю сваякі раздзяліліся і паехалі шукаць затрыманых у ДФР, на Акрэсціна, у Жодзіна і проста ў галоўным упраўленні МУС, дзе Аляксандры параілі напісаць заяву аб прапажы.

«Насамрэч я ведала, дзе мая мама, але калі а трэцяй гадзіне пазваніў чалавек з ДФР і сказаў, што яна затрыманая, гэта было як абухом па галаве. Да гэтага я ўвесь час была ў руху, а тут прыйшло ўсведамленне таго, што адбываецца. Афіцыйна маму затрымалі 23 снежня, то бок уначы, відаць, былі проста сяброўскія гутаркі».

Калі гэта скончыцца, разам адзначаць Новы год

Каля месяца да Аляксандры не даходзілі маміны лісты, весткі яна атрымлівала толькі праз адваката: «Мама перадавала, што вельмі мяне любіць і ганарыцца мной. Яна сказала, што я – ейнае смелае львяня, мяне гэта вельмі расчуліла, бо я стараюся зрабіць усё магчымае, каб яна мною ганарылася».

«Я проста хачу да мамы на ручкі»

Праз адваката ж яны дамовіліся, што, калі ўсё гэта скончыцца, разам адзначаць Новы год, і ялінка нікуды не дзенецца, дачакаецца. Яны спланавалі, што ўпрыгожаць святочны торт імбірнымі аленямі – Аляксандра ўжо набыла адмысловыя формы, а ейная дачка Аліса пад ялінкаю заспявае «Jingle Bells».

Нягледзячы на тое, што лісты таксама не часта даходзяць да адрасата, Аляксандра піша штодзень: «Калі б мама атрымала іх усе разам, напэўна, падумала б, што я пачала выпіваць, настолькі яны сумбурныя.

Я ўвесь час нашу з сабой аркуш паперы, калі нешта хачу сказаць – запісваю гэта, а потым проста кладу ў канверт і адпраўляю. Што б я ні рабіла, у думках раюся з мамай. Я нават стварыла ёй новую электронную пошту, куды штодзённа пішу нейкія дробязі, і гэта мне вельмі дапамагае.

Апроч гэтага, мама кожны дзень атрымлівае ад мяне перадачы: нашыя любімыя жэлацінкі альбо зубную пасту са смакам кавуна, якая была ў мяне ў адпачынку, і мама сказала, што набудзе сабе такую ж.

Мне нават удалося перадаць хамон, праўда, назваўшы яго каўбасой, а аднойчы ў мяне не ўзялі круасаны і багет, але на наступны дзень узялі тое ж пад назваю «булачкі і батон».

Унукі Юліі Слуцкай таксама пішуць ёй лісты, малююць і чакаюць вяртання бабулі. «Дачка забыла ў гатэлі свайго любімага зайчыка, падоранага бабуляй, і цяпер чакае ейнага вяртання, бо чамусьці ўпэўненая, што ў бабулі такіх зайчыкаў поўная валіза».

«Якое дачыненне аператар мае да падаткаў?»

Затрыманым у «справе Прэс-клубу» тым часам выставілі абвінавачанне: Юліі Слуцкай закідаюць ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.

«Маме дасюль не паказалі ніводнага дакументу, паводле якога яна павінна заплаціць больш падаткаў, чым ужо заплаціла. І чаму затрымалі Пецю? Якое дачыненне аператар Прэс-клубу мае да падаткаў? Усе разумеюць абсурднасць сітуацыі. Прэс-клуб заўсёды падтрымліваў незалежную журналістыку, такія арганізацыі сёння непажаданыя для ўлады».

Справы палітзняволеных мамы і брата ў Аляксандры цяпер складаюць паўнавартасны працоўны дзень: перадачы, адвакаты, размовы з журналістамі, а таксама – падтрыманне таты і бабулі.

«Для таты мама – цэлы свет. Па першым часе яму было вельмі цяжка, але ў выніку ён сабраўся. Я прыязджаю да яго кожны дзень, мы стэлефаноўваемся па тры-чатыры разы на дзень – за гэты час мы моцна зблізіліся.

У адным з лістоў я напісала маме, што выхавала ёй ідэальнага мужа, хай рыхтуецца. Думаю, тату і бабулі значна цяжэй: мяне ратуе дзейнасць, а яны проста чакаюць, калі маму і Пецю вызваляць».

У маміным заплечніку, які Аляксандры аддалі ў ДФР, ляжалі той самы шалік, які «дасюль пахне мамай», і заручальны пярсцёнак: «Мама мяне грэе нават адтуль. А ад пярсцёнка мяне пачало трэсці. Страшна ўявіць, што было б з татам, таму я не наважылася яму яго аддаць».

«Я нават не плачу – выю»

Затрыманне блізкіх таксама зблізіла Аляксандру з дзяўчынаю брата: «Дасюль з Юляю мы сустракаліся хіба ў святы, а цяпер сталі амаль што сёстрамі: я ведаю, што яна кожную секунду са мной і адчувае тое ж, што і я.

З бацькам яны размаўляюць кожны дзень. Юля назвала гэта «крызіснай інтэграцыяй у сям’ю». Пеця служыў у арміі, ён малады і ўсяедны – за яго я перажываю менш.

У лістах да бацькі ён нешматслоўны: «Вітаю! У мяне ўсё добра, кормяць смачна, у камеры ёсць тэлевізар, так што не сумую». Яшчэ сказаў, што нарэшце выспаўся. Сваёй дзяўчыне ён піша, вядома, больш разгорнута».

Юлія Слуцкая перадала праз адваката плюсы, якія яна бачыць у гэтай сітуацыі: у яе з’явіўся час на вывучэнне англійскай мовы, цяпер яна можа харчавацца паводле графіку і некалькі разоў на дзень рабіць гімнастыку, праўда, некаторыя практыкаванні праз недахоп месца даводзіцца рабіць на нарах.

«Не магу ўявіць сваёй мамачкі ў камеры. У яе такія пяшчотныя рукі, яна такая цёплая, у яе такі родны пах, да яе заўсёды можна прыйсці і выплакацца. А тут мая мама – і ў такіх абставінах: у галаве не ўкладваецца.

Я стараюся адштурхоўваць думкі пра гэта, а калі яны мяне ўсё ж наганяюць, я нават не плачу – выю. У такіх выпадках я маю некалькі хвілінаў, можна закрыцца ў машыне і выць у рукаў альбо ўначы ў падушку. Я гэта называю «паламалася». А потым – далей у бой».

Напрыканцы года, каб неяк сябе супакоіць, Аляксандра ўпершыню ў жыцці звярнулася да астролага. Тая склала натальную карту Юліі Слуцкай.

«Яна сказала, што мая маці цяпер у цяжкай сітуацыі, але гэта ненадоўга, да таго ж зробіць яе больш моцнай і паспяховай. Астролаг назвала дату 31 снежня, і я некалькі дзён хадзіла ў дзікай эйфарыі, а калі 31-га нічога не адбылося, у мяне здарыўся ўпадак сілаў.

Бывае, накрывае: з усіх бакоў падкрадаецца ліпкі жах, і я ведаю, што, калі яму ўдасца да мяне дакрануцца, я ўжо не выблытаюся. Часам рукі трасуцца так, што немагчыма зашпіліць гузік. Не важна, колькі табе гадоў: я проста хачу да мамы на ручкі, каб яна мяне абняла і сказала, што самае страшнае – у мінулым, а наперадзе – шмат працы ды шчасця».

Найцяжэйшыя для Аляксандры выходныя: у гэтыя дні нічога не зробіш. Але ёй штодня пішуць, тэлефануюць, каб падтрымаць ці прапанаваць – што асабліва дарэчна – выпіць кавы і проста памаўчаць. Яна вельмі падобная да маці. «Гэта найлепшае, што мне цяпер можна сказаць».

Юлия Слуцкая: На своей шкуре почувствовала, как при одном БТ невозможно узнать о происходящем

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аповед дачкі затрыманай заснавальніцы Прэс-клубу Юліі Слуцкай.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by