«Чаму я павінна з’язджаць? Фігушкі!» Гісторыя гарадзенкі, якую аштрафавалі за БЧБ-палосы на штанах. 21.by

«Чаму я павінна з’язджаць? Фігушкі!» Гісторыя гарадзенкі, якую аштрафавалі за БЧБ-палосы на штанах

27.01.2021 07:48 — Разное | Белсат  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Белсат

На мінулым тыдні гарадзенскія міліцыянты змаглі здзівіць усю Беларусь: у цэнтры гораду была затрыманая дзяўчына за штаны з бел-чырвона-беламі палосамі. У пратаколе затрымання напісана, што «колер штаноў парушае грамадска-палітычную абстаноўку». Больш за содні Любоў Сарлай правяла ў ізалятары часовага ўтрымання, а пазней была аштрафаваная на 580 рублёў (20 базавых велічыняў) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Гэта не першы выпадак, калі дзяўчыну затрымліваюць. «Белсат» сустрэўся з гарадзенкаю і паразмаўляў пра ейную пазіцыю.

Любоў Сарлай. Фота: Белсат

«Прыніжальна выдаляць свае фота з сімволікай»

Любові Сарлай 32 гады, замужам, мама двух маленькіх хлопчыкаў, у дэкрэце. Паводле адукацыі – псіхолаг, займаецца аматарскім спортам.

Пасля выбараў яна пачала актыўна выказваць сваю пазіцыю – супраць гвалту, хлусні ды беззаконня. У жніўні Любоў выходзіла са сцягам на дазволеныя акцыі, у тым ліку ў ланцугі салідарнасці, актыўна публікуе фотаздымкі з нацыянальнай сімволікай у сваім інстаграме. Пры гэтым, як кажа гарадзенка, яна далёкая ад палітыкі.

«Я выступаю за бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню, бо гэта нашыя нацыянальныя сімвалы, нашая гісторыя. Я не слухаю рознай лухты пра тое, што пад гэтымі сцягамі калісьці хадзілі фашысты. Калі чалавек непісьменны, то і даказваць яму штосьці не мае сэнсу. Гэта – маё, і кропка», – кажа Любоў.

Пасля затрыманняў гарадзенцы пачалі раіць выдаліць усе фотаздымкі з нацыянальнай сімволікай, аднак яна катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.

«З чаго гэта? Я не парушаю закону, чаму я мушу баяцца? Для мяне было б прыніжальна спачатку публікаваць, а потым выдаляць фота. Я ў гэта шчыра веру. Гэта маё меркаванне, якога я нікому не навязваю. Я паважаю і супрацьлеглыя меркаванні, тых жа «ябацек», напрыклад», – кажа Любоў.

Прыняцце супрацьлеглай пазіцыі гарадзенка выпрабавала на сабе: сярод яе сваякоў не ўсе падзяляюць ейныя перакананні.

Любоў Сарлай

«Мой свёкар падтрымлівае ўладу. Мы сустракаемся, і нічога, не пазабівалі адзін аднаго. Ён рве на сабе кашулю, б’е ў грудзі: маўляў, вы што, хочаце, каб я без пенсіі застаўся? Я кажу на гэта, што вы столькі гадоў працавалі, што самі зарабілі сабе на пенсію, і мы, працоўныя людзі, сваімі падаткамі гэтыя пенсіі забяспечваем. Але ён перакананы, што пенсіі дае Лукашэнка. Ці аднойчы сказаў, што тым, хто выходзіць на акцыі, плацяць. Пытаю, чаму вы так вырашылі? А ён у адказ – па АНТ пабачыў. Думаю – ладна, ён думае па-свойму, і няхай. Разам з тым, ён ды ўсе сваякі за мяне вельмі перажываюць. Муж кажа: навошта ты ўвязваешся ў гэта? Але гэта мой выбар, маё жыццё, і я не адступлюся», – распавядае гарадзенка.

Захапленне нацыянальнай сімволікай, кажа дзяўчына, перадалося ёй ад бацькі. У дзяцінстве яна разам з ім хадзіла на мітынгі ў гарадзенскі Каложскі парк, памятае бел-чырвона-белыя сцягі, Зянона Пазняка.

«Бацька ўсё жыццё чытаў «Народную волю», вельмі любіў гісторыю – у нас была цэлая шафа кніг па гісторыі. Гэта было цалкам натуральным для яго, як і для мяне цяпер. Бацька быў калісьці ў БНФ, я ў яго яшчэ бел-чырвона-белы значак забрала. Цяпер з ім і хаджу. І спачатку з яго бел-чырвона-белым сцягам выходзіла, пакуль свайго не набыла», – кажа Любоў.

«Палітвязні з-за кратаў яшчэ і нас спрабуюць падтрымаць»

Любоў актыўна піша лісты палітвязням – адправіла ўжо прыкладна 60 адрасатам. Распавядае, што прыйшлі адказы ад Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка. Стараецца пісаць тым, чые гісторыі вельмі кранулі ці чые прозвішчы не на слыху, напрыклад, дзяўчыне, якая трапіла ў турму за карагод.

Любоў Сарлай. Фота: Белсат

«Людзей трэба падтрымліваць. Ведаю па сабе, наколькі гэта важна. Калі выйшла з ІЧУ, мяне вельмі падтрымалі, не далі зняверыцца. Таму цяпер адкрываю спіс палітвязняў і пішу ім лісты. Чужыя людзі мяне нават больш падтрымалі, чым маці», – кажа гарадзенка.

Палітвязням піша тое, што на сэрцы ў момант, калі глядзіць на іхныя фота. Цяжка перажывае за тых, у каго на волі засталіся маленькія дзеці, бо сама – мама. Расказваючы пра гэта, не можа стрымаць слёзаў.

«Павел Севярынец для мяне вельмі светлы і сумленны чалавек. Я глядзела інтэрв’ю з ім, ягонай маці, ягонаю жонкай. Яны для мяне як святыя людзі. Што мяне здзіўляе – палітвязні ў сваіх лістах з-за кратаў яшчэ і нас спрабуюць падтрымаць. Севярынец, напрыклад, напісаў, што ім прасцей – яны закрытыя, і ўсё, а мы тут, на волі, змагаемся, таму мы мусім трымацца да апошняга. Статкевіч піша, што мы ў любым выпадку прарвемся. Адчуваецца, што гэта чалавек-крэмень», – кажа Любоў.

«Хочаш сказаць, што проста так штаны надзела?»

Упершыню гарадзенку затрымалі 31 кастрычніка, калі яна ішла ў будаўнічую краму. У гэты дзень, толькі на некалькі гадзінў раней і крыху ў іншым месцы, у горадзе адбылася акцыя і шэсце. Да дзяўчыны падбеглі сілавікі, заламалі рукі, пасадзілі ў аўтазак і прыкладна гадзіну каталі па горадзе. Потым адбыўся суд. Дадаткова на гарадзенку склалі яшчэ некалькі пратаколаў за здымкі ў інстаграме, дзе яна стаіць з нацыянальнай сімволікай. Аднак падчас суда Любоў апраўдалі: суддзя Алена Тоўсцік-Самойла не знайшла ў дзеяннях дзяўчыны складу злачынства. Сапраўды, не было ніякіх доказаў удзелу гарадзенкі ў акцыі, сведкі з боку міліцыі сказалі, што яе не бачылі.

Алена Гнаўк: Калі б мне сказалі, Алена, калі ты выйдзеш, цябе заб’юць, я б усё роўна выйшла

«Калі я хадзіла на мітынгі ў жніўні, я думала, як можна ўзяць і проста так затрымаць чалавека. А тут адчула ўсё на сабе. Калі б я сапраўды была на акцыі, то хоць не так крыўдна было б. А так падбеглі ззаду, пачалі крычаць на мяне: «Пайшла! Ты што тут, самая разумная?» Мяне на абцасах і ў сукенцы закінулі ў «шклянку», там ужо была жанчына. Яна распавяла, што з мужам вярталася з лецішча. Муж прапанаваў абысці кругамі, а яна, маўляў, навошта, мы ж нічога не робім дрэннага. І вось, затрымалі», – згадвае Любоў Сарлай.

Гарадзенка выйграла два суды ў міліцыі, а вось трэці суд, ужо з іншым суддзёй, для яе скончыўся штрафам. У нядзелю 17 студзеня яна прагульвалася па цэнтральнай вуліцы горада ў цёплых штанах з бел-чырвона-белымі лампасамі. Супрацоўнікі ўнутраных справаў пабачылі ў гэтым крамолу – і затрымалі дзяўчыну. Разам з ёй схапілі і выпадковую жанчыну, якая ішла побач, абедзвюх пасадзілі ў міліцэйскі бус.

Любоў Сарлай. Фота з Instagram

«Сяджу я разам з гэтай жанчынай у бусіку. Побач – куча амапаўцаў. То бок мы, дзве жанчыны, гэта тыя, на каго трэба выклікаць АМАП? Завезлі ў РАУС, аформілі. Спрабавалі запалохаць, правесці прафілактычную гутарку. Пытаюць: што, хочаш сказаць, што проста так штаны надзела? Я адказваю, так, уявіце, у мінус 12 градусаў я проста надзела цёплыя штаны. Гэтыя лампасы – яны з заводу такія. У мяне яны з 2014 года, я цяжарная ў іх яшчэ хадзіла. На маім прыкладзе яны выстаўляюць сябе дурнямі. Цырк.

Загадалі раздзецца, сцягнуць майткі, прысесці – для агляду. Гэта, канечне, непрыемна. Пасля закінулі ў камеру, дзе стаяў непрыемны пах. Ну і нічога, пасядзела я ў гэтай камеры. Дзяўчаты ў Менску і не праз такое праходзілі. Потым адвезлі ў ІЧУ на Гая. Там нармальна ставіліся, далі матрац, хоць да рашэння суда маглі і не даваць», – распавядае Любоў.

Пасля содняў у ІЧУ адбыўся суд праз скайп. Дзяўчына спрабавала данесці ў судзе, што ёй закідаюць масавае мерапрыемства, пікетаванне, але людзей там практычна не было, а яна нават рота не адкрыла – з вулічных камераў гэта ўсё можна адсачыць. Яе ж абвінавацілі ў тым, што яна крычала «Жыве Беларусь!» і буйна паводзілася. Суддзя ўсё прагледзеў, і тым не менш, прызнаў гарадзенку вінаватай.

«Вось менавіта супраць гэтай хлусні ды беззаконня я і выказваю сваю пазіцыю. Я супраць таго, што забараняюць нашыя сімвалы, што пенсіянерак хапаюць за тое, што яны выходзяць з парасонамі, колер якіх камусьці не падабаецца. У мяне падчас затрымання была з сабой Канстытуцыя. Пакуль сядзела ў РАУС, я супрацоўнікам пачытала крыху пра нашыя правы, але яны не слухалі», – кажа дзяўчына.

У аддзяленні міліцыі яна падлавіла супрацоўніка на тым, што ён праглядае яе сторыз у інстаграме. Гарадзенка часта перадае там прывітанні міліцыянтам. А аднойчы сярод тыдня Любоў ішла з парасонам бела-чырвонай расфарбоўкі па вуліцы, і да яе пад’ехаў міліцэйскі бус.

«Малады амапавец на акно абапёрся і пытае: ну што, можа цябе да РАУС падвезці? Кажу, не, дзякуй, не трэба. Яны і з’ехалі», – згадвае дзяўчына.

«Усё гэта часова, немагчыма доўга жыць у такой хлусні»

У Любові два сыны, 2 і 6 гадоў. Яна стараецца берагчы іх ад таго, што цяпер адбываецца ў краіне.

«Я сама саспела да сваёй пазіцыі, хачу, каб мае дзеці таксама рабілі ўласныя высновы і свой выбар, калі пасталеюць. Калі старэйшы сын бачыў па тэлевізары, што адбываецца, пытаўся: а што, міліцыя кепская? Я яму тлумачыла, што гэта часова, дзядзі захварэлі на каронавірус. Калі дзеці крычаць: «Лукашэнку – у аўтазак», я такога не падтрымліваю. Дзеці, можа, і мусяць ведаць, што адбываецца, але не мусяць быць наперадзе дарослых. Гэта мы, дарослыя, мусім разабрацца з усім», – распавядае гарадзенка.

Фота: Белсат

Дзеля будучыні сваіх дзяцей у Беларусі Любоў гатовая ісці да канца, бо хоча, каб яны гадаваліся і жылі ў нармальнай краіне.

«Памятаю, як мой бацька, калі мне было 7 гадоў, казаў, што ходзіць на мітынгі, каб дзеці жылі па-чалавечы. І цяпер сваім дзецям у такім жа ўзросце я кажу тое самае. Мне кажуць: не падабаецца – валі. Але чаму я павінна з’язджаць? Я тут нарадзілася, вырасла, гэта мая краіна. Нічога сабе. Фігушкі. У тым жа ізалятары таксама людзі сядзяць. Усё гэта часова, немагчыма доўга жыць у такой хлусні. Калі я штосьці пачынаю, то іду да канца. І не пераабуваюся ў паветры. Так што я яшчэ паваюю», – падсумавала Любоў.

Саша Праўдзіна, belsat.eu

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by