199 дзён пратэстаў. Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі, калонія для падлетка. 21.by

199 дзён пратэстаў. Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі, калонія для падлетка

23.02.2021 06:00 — Разное | Белсат  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Белсат

Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 199 дзён. Судовы канвеер штампуе новыя выракі, а беларусы рыхтуюцца да Дня Волі.

Лукашэнка сустрэўся з Пуціным

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Фота: president.gov.by

Сёння ў Сочы адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.
Лукашэнка вылецеў у Расею яшчэ ў пятніцу, 19 лютага. Да панядзелка ён перабываў на гарналыжным курорце Чырвоная Паляна, што каля Сочы.

Да сустрэчы расейскае выданне «Коммерсантъ» паведаміла, што Лукашэнка і Пуцін амаль дамовіліся пра новы крэдыт дзейным уладам Беларусі. Кажуць, што беларускі бок хацеў бы атрымаць $ 3–3,5 млрд. Крыніцы расейскага выдання адзначаюць, што прынцыповыя пытанні ўжо развязалі, а адсоткі, тэрміны і памер сумы абмяркоўваюцца. З датай сустрэчы выданне не памылілася.

Лукашэнка сёння сустракаецца з Пуціным. Ці будзе гаворка пра $ 3 млрд?

Ці абмяркоўвалі новы крэдыт, невядома. Прынамсі, Пуцін заявіў, што датацыі не галоўны складнік у стасунках між дзяржавамі.

«Аляксандр Рыгоравіч, вы згадалі пра фінансавае падтрыманне. Вы абсалютна маеце рацыю, гэта важна, але далёка не галоўнае. Галоўнае – гэта супольная праца для кааперацыі ў рэальным сектары эканомікі».

Абмеркавалі газавую тэму. Скарачэнне спажывання расейскага газу, сцвярджае Лукашэнка, Беларусь кампенсуе за кошт АЭС у Астраўцы. Да таго ж, у Горадні плануюць пабудаваць другі азотны камбінат.
Закранулі і дарожныя мапы, што датычаць інтэграцыі. У 2019-м іх не падпісалі, бо не знайшлі кансэнсусу ў пытаннях нафты, газу, падатковай палітыкі і адзінай валюты. Але над імі працуюць. Паводле Лукашэнкі, засталося дапрацаваць 6–7 мапаў. Іншыя ўжо гатовыя для падпісання.

Замест газу – АЭС, новыя інтэграцыйныя мапы. Пра што Лукашэнка і Пуцін размаўлялі ў Сочы

Не забыліся і на пандэмію. У лютым і сакавіку Расея паставіць у Беларусь новыя партыі сваёй вакцыны. Яе Лукашэнка назваў найлепшай у свеце. Аднак толькі на ўсходняга суседа краіна не спадзяецца. Лукашэнка анансаваў беларускую вакцыну. І з’явіцца яна нібыта ўжо ўвосень.

Падлетка пасадзілі на 5 гадоў

Дзмітрый Карнееў (злева) і Мікіта Залатароў. Фота: svaboda.org

17-гадоваму гамельчуку Мікіту Залатарову прысудзілі 5 гадоў выхаваўчай калоніі за «масавыя закалот» (артыкул 293 КК).
22 лютага суддзя Дзмітрый Дэбой вынес прысуд у гэтай крымінальнай справе.

Разам з падлеткам асудзілі яшчэ дваіх мужчынаў: 25-гадовага Дзмітрыя Карнеева пазбавілі волі на 8 гадоў, 28-гадовы Леанід Кавалёў пакараны 6 гадамі калоніі. Пракурор Яўген Фартушняк прасіў 6 гадоў для Залатарова, для Кавалёва – 7, Карнееву – 8.

Жыхароў Гомля, Гомельскага раёну і Добрушу вінавацілі ў масавых беспарадках, гвалце над міліцыяй, незаконных дзеяннях з гаручымі рэчывамі («кактэйлі Молатава»), а Леаніда Кавалёва – яшчэ і ва ўцягванні няпоўнагадовага ў супрацьпраўныя паводзіны».
Кавалёў і Залатароў сваю віну не прызналі. Карнееў вызнаў часткова.

Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію. Ягоны бацька расказваў журналістам, што хлопца білі ў міліцыі і СІЗА. Афіцыйная праверка не знайшла складу злачынства. Вязень заявіў на судзе, што яго білі не толькі ў жніўні, але і 29 снежня ў гомельскім СІЗА. Паводле ягоных словаў, там яму не давалі таблетак.

17-гадоваму хлопцу з эпілепсіяй далі 5 гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі»

Пазбаўленнем волі можа скончыцца і яшчэ адна палітычна матываваная справа. Аляксея Лапу затрымалі 11 жніўня. Таксіст і ягоныя сябры паехалі ў гіпермаркет па ваду. На паркоўцы амапаўцы пачалі біць па аўтамабілі Аляксея. Ён з’ехаў, аднак хутка машыну спынілі. Кіроўцу і ягоных пасажыраў збілі.

Распачынаць крымінальную справу ў дачыненні амапаўцаў адмовіліся. А вось Аляксея абвінавацілі паводле артыкулу 364 («Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні службовай асобы»). Пракурор запытаў для яго тры гады зняволення.

Беларусы рыхтуюцца святкаваць Дзень Волі

Дзень Волі ў Менску, 24 сакавіка 2019. Фота: «Белсат»

За час паслявыбарчых працэсаў у Беларусі не адбылося ніводнай легальнай маніфестацыі супраць дзейнай улады. А вось адзначаць 25 сакавіка плануюць санкцыяванай імпрэзай.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», арганізацыі і людзі, зацікаўленыя ў святкаванні Дня Волі, сустракаліся на мінулым тыдні.

«Цяпер ідзе абмеркаванне па фармаце і па магчымым удзеле. Справы рухаюцца цяжка, але не выключаю, што ўсё можа атрымацца», – сказаў «НН» старшыня БСДП Ігар Барысаў.

Перад падачай заяўкі ў Мегарвыканкам, згодна з новымі правіламі, трэба падпісаць дамовы з хуткай дапамогай і камунальнымі службамі. Гэтую працу ад імя грамадскай арганізацыі БНФ «Адраджэнне» пачаў Рыгор Кастусёў.

«З хуткай дамова ўжо існуе. Спадзяемся, што хутка будуць і дзве астатнія», – сказаў Кастусёў.
Калі дамовы падпішуць, будуць разглядаць і пытанне іншых падпісантаў заяўкі ў Менгарвыканкам. Месца імпрэзы пакуль не называецца. Паводле інфармацыі «НН», апазіцыя згодная на любую пляцоўку ў цэнтры Менску з цвёрдым пакрыццём, бо хвалюецца, што да таго часу ўвесь снег яшчэ не сыдзе.

Святкаванне Дня Волі можа быць легальным. Кастусёў пачаў перамовы

Рыхтавацца да Дня Волі заклікае былая кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду Святлана Ціханоўская.

«За апошнія месяцы Лукашэнка не проста давёў Беларусь да страшнага крызісу, але і стаў галоўнай пагрозай незалежнасці краіны. Мы ж бачым: ён спрабуе прадаць Беларусь па частках у абмен на крэдыты і падтрыманне, каб утрымацца яшчэ некалькі месяцаў. Але вясна ўжо блізка.

25 сакавіка – гэта Дзень Волі. Дзень нашай незалежнасці. І я заклікаю ўсіх беларусаў рыхтавацца да гэтага дня ўжо цяпер: мабілізаваць пратэставы дух, выбудоўваць бяспечныя супольнасці, планаваць вяртанне на вуліцы ўласных гарадоў. Бо адзіная сіла, здольная спыніць распродаж краіны, – гэта народ Беларусі.

25 сакавіка – гэта дзень, да якога мы аб’ядноўваем намаганні і заяўляем: мы разам супраць крызісу і за новую Беларусь», – сказала Святлана Ціханоўская.

ЯП belsat.eu

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by