Лукашэнка не выканаў дамовы, пратэсты выгадныя Расеі. Што кажуць эксперты пра сустрэчу ў Сочы. 21.by

Лукашэнка не выканаў дамовы, пратэсты выгадныя Расеі. Што кажуць эксперты пра сустрэчу ў Сочы

23.02.2021 22:46 — Разное | Белсат  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Белсат

22 лютага Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін зноў сустрэліся ў Сочы. Інфармацыі пра новы крэдыт, якім Расея нібыта збіраецца дапамагчы Беларусі пакуль няма, а вось гаворка пра дарожныя мапы інтэграцыі зайшла. Ці могуць беларусы страціць незалежнасць? Чым усё гэта можа скончыцца? Спыталі ў палітычных экспертаў.

«Лукашэнка меў неблагія шанцы давесці Пуціну, што не варта гнаць коней з транзітам улады»

Аляксандр Класкоўскі, палітолаг

Аляксандр Класкоўскі. Скрыншот: Белсат

Пра дарожныя мапы

– Думаю, пасля леташніх падзей, пратэстаў залежнасць Лукашэнкі ад Крамля павялічылася. Таму што тады, у жніўні, калі ягоная ўлада захісталася, ён быў вымушаны прасіць дапамогі (у тым ліку і збройнай) у Пуціна. Рэзка пагоршыліся стасункі з Захадам, які ўвёў санкцыі. Заходні вектар беларускай палітыкі фактычна знішчаны. Таму ў Лукашэнкі няма іншага выйсця, як звяртацца да Пуціна па ўсялякія віды дапамогі – грашовай, эканамічнай, ваенна-палітычнай і гэтак далей.

Дарожныя мапы па інтэграцыі? Не зусім зразумела, чыя то ініцыятыва. У Сочы пра гэта згадаў Лукашэнка. Але ён казаў, што на папярэдніх перамовах, якія адбыліся ў верасні ў гэтым жа горадзе, вырашылі аднавіць гэтую працу. На маю думку, гэта, хутчэй, ініцыятыва Крамля.

Як вядома, у 2019 годзе Лукашэнка заўпарціўся і не стаў падпісваць мапы. Летась, калі ён прыляцеў на перамовы ў Сочы ў значна слабейшай пазіцыі праз моцныя пратэсты ў Беларусі, Крэмль, напэўна, вырашыў гэтым скарыстацца: маўляў, вось, у нас жа ёсць няскончаная справа – давайце вернемся і дапрацуем мапы. З тым спадзевам, што Лукашэнка цяпер будзе болей згаворлівым.

Ці магчымы транзіт улады?

– Што тычыцца транзіту ўлады, мы не ўсе ведаем, а можам толькі здагадвацца пра нейкія закулісныя дамовы на гэты конт. Але, здаецца, цяпер сітуацыя змянілася. Калі нават у верасні Лукашэнка і паабяцаў Крамлю хуткі транзіт улады, то цяпер у яго з’явіліся новыя козыры. Магчыма, 22 лютага ён якраз і даводзіў Пуціну, што пільнай патрэбы ў хуткім транзіце ўлады і канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі, бо пратэсты здушаныя. І наогул, з кім, маўляў, весці дыялог? З гэтымі, як іх называе Лукашэнка, беглымі, якія атабарыліся за мяжой, на Захадзе, і з’яўляюцца марыянеткамі заходніх лялькаводаў.

У гэтым плане ментальнасці Лукашэнкі і Пуціна падобныя. Яны разважаюць канспіралагічнымі катэгорыямі, не прызнаюць права народа на змену ўлады і трактуюць усё гэта як падкопы знешніх сілаў. Таму, думаю, Лукашэнка меў неблагія шанцы давесці Пуціну, што не варта гнаць коней з транзітам улады. Зразумела, мы не ведаем планаў Крамля, але, мне здаецца, там не бачаць пільнай патрэбы штурхаць Лукашэнку ў плечы. Тым болей, наўрад ці ў Масквы ёсць на прыкмеце постаць вартага з іхнага пункту гледжання пераемніка Лукашэнкі. Гэта не вельмі простая задача.

Як ні парадаксальна, Крэмль ужо не мае моцных вагароў уплыву на Лукашэнку ў плане падштурхоўвання да транзіту ўлады. Душыць яго эканамічнымі санкцыямі – гэта, мякка кажучы, нелагічна: Масква ж яго падтрымала. Падтрымаць нейкага расейскага кандыдата на выбарах – дык сапраўдных выбараў у Беларусі няма. Дазволіць змену ўлады рэвалюцыйным шляхам Расея не можа.

Лукашэнка і Пуцін у Сочы. Фота: president.gov.by

Усе гэтыя чыннікі гуляюць на баку Лукашэнкі. Можа, Масква і трымае ў галаве нейкія сцэнары, але пакуль яна сыходзіць з таго, што Лукашэнка ёй добра знаёмы, а сітуацыя цяпер пад ягоным кантролем. Таму будзіць ліха ў Беларусі не варта.

Добра, а пагроза незалежнасці ёсць?

– Калі казаць шчыра, ужо ад пачатку так званай братняй інтэграцыі Расея мае мэту ўзмацніць уплыў на Беларусь, узяць пад кантроль гэтую стратэгічную для яе тэрыторыю. У свой час былі намеры проста інкарпараваць нашую краіну. Цяпер, магчыма, у Крамлі разумеюць, што гэта занадта цяжкая і няўдзячная задача, але ператварыць Беларусь у сатэліта, які фактычна не мае самастойнай палітыкі, чыя эканоміка, цалкам падпарадкаваная Маскве, – гэта, мяркую, і ёсць іхная мэта. Прычым незалежна ад таго, будзе тут Лукашэнка ці нейкі новы кіраўнік.

Расея застаецца імперыяй. Ейныя эліты думаюць катэгорыямі збірання земляў. Але Беларусь ужо амаль тры дзясятка гадоў незалежная. Лукашэнка хоць і аўтарытарны кіраўнік, аднак таксама выказваецца за незалежнасць, бо фактычна ідзе гаворка пра ягоную неабмежаваную ўладу над краінай. Проста ўзяць і далучыць Беларусь на цяперашнім этапе нерэчаісна. У Маскве гэта разумеюць. Пасля Крыму Крэмль дзейнічае больш асцярожна, бо ён атрымаў рэзкае пагоршанне стасункаў з Захадам. Думаю, цяпер расейская дактрына ў дачыненні Беларусі – гэта аблытванне яе ўсё мацнейшай сеткай залежнасці.

Бабарыка застанецца за кратамі?

– Ці абмяркоўвалі ў Сочы лёс Віктара Бабарыкі? Напярэдадні гэта дапусціў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, таму, магчыма, гэтая тэма там таксама фігуравала. Але ён падкрэсліваў, што Масква не збіраецца ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі і функцыяванне ейнай судовай сістэмы. Пытанне магло абмяркоўвацца ў звязку з тым, што беларускія ўлады некалі празрыста намякалі, маўляў, за Бабарыкам стаяць расейскія лялькаводы.

Віктар Бабарыка. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Наогул, думаю, Крэмль за ўвесь гэты час пасля арышту Бабарыкі даволі млява сябе паказаў у пытанні пра «Белгазпрамбанк» і ягонага былога кіраўніка. Гэта не дае падстаў меркаваць, што Бабарыка быў ледзьве не агентам Пуціна, якому той паляпаў па плячы і сказаў: «Давай ідзі скідай Лукашэнку». Мяркую, што для Крамля гэтае пытанне не на першым плане. Не падтрымліваю нейкіх канспіралагічных тэорыяў пра гандаль Бабарыкам за тры мільярды крэдыту. Для Масквы гэта не ёсць настолькі стратэгічнай мэтай, каб весці гандаль на такім узроўні.

Мяркую, у Бабарыкі пакуль што няма добрых перспектываў. Яго, напэўна, чакае абвінаваўчы прысуд і, магчыма, немалы тэрмін. Для Лукашэнкі важна паставіць на Бабарыку таўро крымінальніка, лішні раз падкрэсліць, што ніякі ён не палітвязень, а банальны злодзей. Гэта як прапагандысцкая, так і практычная мэта: нават калі чалавек праз нейкі час і выйдзе па амністыі (а гэта магчыма ў межах знешнепалітычнай гульні Лукашэнкі), з судзімасцю ён не зможа высунуць сваю кандыдатуру на выбары. Мікола Статкевіч, які выйшаў на волю у 2015-м, не змог стаць кандыдатам нават у 2020 годзе.

«Масква будзе абмяжоўваць фінансавае падтрыманне Беларусі»

Арсень Сівіцкі, заснавальнік Цэнтру стратэгічных даследаванняў

Арсень Сівіцкі, заснавальнік Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў. Фота: FondGorcakova/Facebook

Лукашэнка не выканаў папярэднія дамовы

– Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі была прысвечаная рэвізіі «сочынскіх пагадненняў», якіх дасягнулі ў верасні мінулага года. Лукашэнка ўзяў на сябе некалькі абавязкаў: вызваленне шэрагу палітвязняў, перш за ўсё Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага, з якімі ён пасля сустракаўся ў СІЗА КДБ; запуск агульнанацыянальнага дыялогу па выхадзе з крызісу з іхным удзелам; правядзенне канстытуцыйнай рэформы, мэтай якой з’яўляецца вяртанне да Канстытуцыі 1994 года і трансфармацыя ў парламенцкую рэспубліку, якая робіць палітычную сістэму больш уразлівай перад уплывам Крамля. Нічога з гэтага Лукашэнка не выканаў. Але за гэты час ён здолеў стабілізаваць сітуацыю, даволі жорстка падавіць любыя формы пратэставай актыўнасці – і цяпер адчувае сябе гаспадаром становішча.

Дамовы Лукашэнка выканаў фармальна. Ён правёў Усебеларускі народны сход, абвесціўшы яго формай дыялогу. Заявіў пра канстытуцыйную рэформу, але ейныя асноўныя параметры так і не раскрыў. З ягоных словаў вынікае, што нейкіх кардынальных зменаў яна не прадугледжвае, а УНС было выкарыстанае, каб прадэманстраваць Крамлю ўсенароднае падтрыманне, жаданне захаваць суперпрэзідэнцкую рэспубліку.

Ён не выпусціў палітвязняў, на вызваленні якіх настойвала Масква. Перш за ўсё, гэта Віктар Бабарыка. Відавочна, у Сочы ўсе гэтыя пытанні абмяркоўваліся. Тая замінка з працэсам над Бабарыкам, якая ўзнікла адразу пасля перамоваў, зʼяўляецца сведчаннем таго, што гэтае пытанне абмяркоўвалася.

Масква паказала, што не збіраецца ўтрымліваць Лукашэнку ва ўладзе любымі захадамі. Ён не выканаў папярэднія сочынскія дамовы, хаця атрымаў пакет фінансавай дапамогі – $1,5 мільярды. Да таго моманту, пакуль ён іх не выканае, гаворкі пра нейкае сурʼёзнае фінансавае падтрыманне з боку Масквы ісці не можа.

Што можа зрабіць Расея?

– Можна сказаць, што Расея даволі ўмела скарысталася палітычным крызісам. Асабліва на ягоным пачатковым этапе, які суправаджаўся маштабнымі пратэстамі па ўсёй краіне. І калі Лукашэнка быў найбольш слабы, яму навязалі пэўныя рамачныя ўмовы транзіту ўлады і паставілі амаль у поўную залежнасць ад расейскай волі.

Зразумела, Лукашэнка ішоў на тактычныя саступкі, каб выйграць час, стабілізаваць сітуацыю і адмовіцца ад выканання сочынскіх дамоваў. Цяпер мы стаім перад новай кропкай развязкі крызісу. У Маскве ўжо пераканаліся, што не могуць прымусіць Лукашэнка да выканання дамоваў нейкімі мяккімі інструментамі – перадусім палітычнымі і дыпламатычнымі, – таму цяпер надыходзіць час для больш жорсткіх захадаў ціску – эканамічнага, палітычнага, інфармацыйнага кшталту. Ну і, вядома, сілавога, калі Лукашэнка ўсё ж такі не выканае нічога з агучаных умоваў.

Што прадугледжвае сілавы варыянт? Гэта не анексія. З улікам таго, што Крэмль не збіраецца інвеставаць у Беларусь істотныя сродкі, каб перадухіліць калапс эканамічнай мадэлі, крызіс можа надаць імпэт пратэставаму руху за кошт пашырэння сацыяльнай базы. Перадусім гаворка ідзе пра працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Яны ўдзельнічалі ў маніфестацыях у першыя тыдні пратэсту, але ўлады здолелі іх утрымаць. А эканамічны крызіс можа поўнасцю змяніць правілы гульні і, адпаведна, стаць штуршком для новых масавых пратэставых настрояў.

Пуцін і Лукашэнка ў Сочы. Фота: http://kremlin.ru/

Масавыя пратэсты насамрэч зʼяўляюцца аптымальным фонам для Крамля, каб паставіць Лукашэнку ў даволі слабае становішча і дамагчыся ад яго саступак. Гэта галоўная выснова, якую зрабілі яшчэ ў жніўні-верасні. Таму і сталі магчымыя сочынскія пагадненні.

Цяпер сітуацыя, хутчэй за ўсё, пойдзе паводле наступнага сцэнару. Масква будзе абмяжоўваць фінансавае падтрыманне Беларусі. А гэта прывядзе да сацыяльна-эканамічнай дэстабілізацыі і пратэстаў, якія Масква паспрабуе выкарыстаць для ціску з мэтай выканання сочынскіх пагадненняў і сыходу Лукашэнкі. Альбо пратэсты стануць зручным фонам для нейкіх акцыяў сілавога кшталту для дэстабілізацыі сітуацыі».

ЯП belsat.eu

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by