Ужо сёньня: дзень народзінаў Уладзімера Пузыні. 21.by

Ужо сёньня: дзень народзінаў Уладзімера Пузыні

25.02.2021 20:58 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

Ужо сёньня: дзень народзінаў Уладзімера Пузыні

Падзеі і даты 26 лютага ў Беларусі і ў сьвеце

Дата дня

26 лютага 1949 году ў Любанскім раёне нарадзіўся Ўладзімер Пузыня — музыка, майстар-рэстаўратар, пэдагог, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-пачатку ХХI стагодзьдзя.

«Такіх, як Уладзімер Пузыня, неба пасылае на зямлю тады, калі трэба зьдзейсьніць унікальнае і непаўторнае — зьвязаць парваныя ніці, не дазволіць перапыніцца традыцыі.

У 1970-я ён бярэцца за аднаўленьне нашых старажытных музычных інструмэнтаў, ужо, здавалася б, канулых у Лету. Дзякуючы яму ў нас зноў загучалі ліры, жалейкі, чароткі, згаданы ў Радзівілаўскім летапісе ХІІІ стагодзьдзя хорум, які высушваецца з гарбуза.

У 1981-м газэта „ЛіМ“ паведаміла, што Пузыня вярнуў да жыцьця турыны рог, або сурму. Тую самую, чый голас вякамі клікаў ліцьвінаў на бітву.

Паэт Алег Мінкін адгукнуўся на навіну вершам „Сурма“, што потым даў назоў яго першай кнізе:

Прарочыце вы крыкам хіжым, тлумным
Засільле вечнай сьцюжы і зімы,
Ды скрозь ваш гвалт мне чуцен звон забыты
Званоў Сафіі і прызыўна-сумны,
Працяглы сьпеў абуджанай сурмы.

Ад канца 1980-х, напэўна, кожная агульнанацыянальная дэмакратычная ўрачыстасьць пачыналася з выступу Ўладзімера Пузыні, які пяшчотна падносіў да вуснаў сваю неразлучную сяброўку. Яго сурма гучала і на разьвітаньні з Васілём Быкавым».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с.632—633

Таксама ў гэты дзень
1932 — у Менску пачала выдавацца газэта «Літаратура і мастацтва».

1956 — у Беластоку заснавалі Беларускае грамадзка-культурнае таварыства ў Польшчы.

1990 — з тэрыторыі Чэхаславаччыны пачаўся вывад савецкіх войскаў.
У гэты дзень нарадзіліся
1802 — Віктор Гюго, францускі пісьменьнік.
1918 — Пётра Машэраў, першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі

1929 — Георгі Колас, беларускі літаратар.

1930 — Клёд Пірон, швайцарскі лінгвіст, псыхоляг, прапагандыст мовы эспэранта.
1934 — Аляксей Логвін, удзельнік паваеннага антысавецкага супраціву 194-х гадоў, вязень ГУЛАГу.
«Падчас сьледзтва яго ня білі. Сьледчы вучыўся ў вячэрняй школе, і Аляксей рашаў яму матэматычныя задачы.
Сямнаццацігадовым ён атрымаў дзесяць гадоў канцлягераў. Астатнім, паўналетнім, суд адмераў чвэрць стагодзьдзя.
З гледзішча савецкага правасудзьдзя яны зьдзейсьнілі жудаснае злачынства — стварылі падпольную школьную арганізацыю на чале з камсоргам.
Аляксей Логвін і яго сябры, гэтыя яшчэ хлапчукі зь Ліды, не выступалі супраць савецкай улады і Леніна лічылі амаль што сьвятым.
Але іхнія душы не маглі прыняць рэчаіснасьці зь яе хлусьнёй пра шчасьлівае жыцьцё, за якой хаваліся калгасны прыгон і арышты знаёмых і сваякоў.
Юныя нелегалы ставілі задачу выхоўваць моладзь у антысталінскім духу. Плянавалася наладзіць сувязь зь мясцовым ксяндзом, а таксама зь Югаславіяй, бо яе кiраўнiцтва пачало праводзіць незалежную ад Масквы палітыку.
На адпаведным узроўні знаходзілася і кансьпірацыя. Сярод сяброў арганізацыі былі два хлопцы, чые бацькі, як потым выявілася, мелі беспасярэднія сувязі з МГБ. Гэтая „двойка“ трымала органы ў курсе ўсіх справаў (пазьней стукачы і самі сталі афіцэрамі ўсёмагутнага ведамства).
У першым лягеры для непаўналетніх у Мардовіі ён зьвярнуў увагу на тое, што сядзяць адны палітычныя і зусім мала расейцаў.
Сьмерць Сталіна зьняволеныя, як згадваў Аляксей, адзначалі, як сапраўднае сьвята».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с.516—517

У памяці
1943 — памёр Канстанцін Алексютовіч, беларускі балетмайстар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо сёньня: дзень народзінаў Уладзімера Пузыні Падзеі і даты 26 лютага ў Беларусі і ў сьвеце Дата дня 26 лютага 1949 году ў Любанскім раёне нарадзіўся Ўладзімер...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by