Паліцыя Мʼянмы адкрывала агонь па ўдзельнікам дэманстрацый супраць ваеннага перавароту, якія прайшлі ў нядзелю ў розных раёнах краіны. Па дадзеных Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, па меншай меры, 18 чалавек загінулі.
Паліцыя ўжыла агнястрэльную зброю ў шэрагу раёнаў Янгона пасьля таго, як светлашумавыя гранаты, сьлёзацечны газ і стрэлы ў паветра ня здолелі расьсеяць натоўп. На дапамогу паліцыянтам прыйшлі салдаты.
Некаторых параненых адцягнулі іншыя дэманстранты, пра што сьведчаць фатаграфіі, якія зьявіліся ў СМІ. Адзін чалавек, які атрымаў кулявое раненьне ў грудзі, памёр у бальніцы. Пра гэта паведаміў лекар, які прасіў не называць ягонага імя.
«Паліцыя і ваенныя выступілі супраць мірных дэманстрацый, ужыўшы сьмяротную і менш сьмяротную сілу, у выніку чаго, мяркуючы па пэўнай інфармацыі, атрыманай Ураўленьнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, ня менш як 18 чалавек загінулі, больш за 30 атрымалі раненьні», — заявілі ва Ўпраўленьні.
У Мʼянме надышоў хаос пасьля таго, як 1 лютага ваенныя захапілі ўладу і затрымалі абранага лідэра ўрада Аўн Сан Су Чжы, заявіўшы, што яе партыя атрымала вялікую перамогу на выбарах у лістападзе дзякуючы фальсыфікацыям.
Пераварот прывёў да таго, што на вуліцы выйшлі сотні тысяч чалавек, і выклікаў асуджэньне з боку заходніх краінаў.
Паліцыя і прадстаўнік кіруючага ваеннага савета не адказалі на тэлефонныя званкі з просьбай аб камэнтарах.
Лідэр хунты генэрал Мін Аўн Хлайн на днях заявіў, што ўлады ўжываюць мінімальную сілу для барацьбы з пратэстамі.
Тым ня менш, у выніку беспарадкаў загінуў, па меншай меры, 21 дэманстрант. Ваенныя заявілі, што быў забіты адзін паліцэйскі.