Клаўдзій Дуж-Душэўскі – чалавек, які ўмеў здзіўляць. 21.by

Клаўдзій Дуж-Душэўскі – чалавек, які ўмеў здзіўляць

08.04.2021 20:12 — Разное | Белсат  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Белсат

Да апошняга часу беларусы мала што ведалі пра гэтага дзівоснага чалавека. Шырокая цікавасць да яго з’явілася ў сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі ў нашай краіне і асабліва з забаронай бел-чырвона-белага сцяга, аўтарам якога ён з’яўляецца. 8 красавіка Клаўдзію Дуж-Душэўскаму спаўняецца 130 гадоў.

Дуж-Душэўскі. Фотаздымак з пашпарта БНР.

Гэты горды, моцны чалавек, чые продкі актыўна ўдзельнічалі ў паўстаннях 1831 года і 1863 гг. сапраўды ўмеў здзіўляць і займаў сярод беларускіх нацыянальных дзеячаў першай паловы ХХ стагоддзя асаблівае месца.

Палітык, інжынер, геолаг, артыст, выкладчык, выдавец, архітэктар, публіцыст, мецэнат, вынаходнік, складальнік падручнікаў, перакладчык – Клаўдзій Дуж-Душэўскі здзіўляў не толькі ўсебаковай грамадскай, палітычнай і культурніцкай дзейнасцю, але і другой, зусім неўласцівай для беларускага дзеяча рысай.

Забараніць нацыянальны сімвал ужо немагчыма: беларусы абараняюць бел-чырвона-белы сцяг

Ён ніколі нічога не прасіў, не вымагаў, не шукаў для сябе шкадавання, не гібеў у жабрацтве, не дазваляў сабе патанаць у няўдачах, не прасіў дапамогі, а сам памагаў, ратаваў, натхняў, ствараў.

Яго бацька Сцяпан Душэўскі, які паходзіў з сялян, быў сталяром і будаўніком, і змалку Клаўдзій дапамагаў тату: займаўся падлікамі, рабіў дасканалыя чарцяжы, складаў каштарысы касцёлаў, дамоў, мастоў, шашы.

Ён быў адзіны хлопчык у сям’і, астатнія былі сёстры і праз усё жыццё Клаўдзій дапамагаў ім і грашова і маральна, увогуле дапамагаць бліжняму для яго было асноўнай мэтай.

Дуж-Душэўскі (злева). Снежань 1919.

У адрозненні ад многіх іншых нацыянальных дзеячаў, якія адно толькі наракалі на неспрыяльныя палітычныя ўмовы, Клаўдзій Дуж-Душэўскі, як і героі Уладзіміра Караткевіча, захоўваў бадзёрасць духа, быў заўсёды нацэлены на перамогу і амаль ва ўсім, што рабіў дасягаў яе.

Ён умеў быць разважлівым, не падаваўся эмоцыям, заставаўся пры любых варунках рацыянальным, мудрым, а самае галоўнае, паспяховым.

У 1910-м далучаецца да беларускага руху, і ўжо праз два гады, калі пачынае вучыцца ў Пецярбургскім горным інстытуце – становіцца адным з нацыянальных лідараў у сталіцы Расейскай імперыі.

З поспехам іграе адну з цэнтральных роляў (Сцяпан Крыніцкі) у пецярбургскай прэм’еры Купалаўскай «Паўлінкі» (1913 г.) і паралельна выдае папулярныя газеты «Дзянніца» і «Светач».

Як маглі б выглядаць айцы – заснавальнікі БНР

У 1917 годзе, калі ідэя стварэння незалежнай Беларусі толькі-толькі пачынае набываць ледзь бачныя абрысы – распрацоўвае праект нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, які безагаворачна прымаецца як эталон. Першыя згадкі пра сцяг датуюцца сакавіком 1917-га года. Паводле В. Герасімчыка: «…лютаўскім вечарам 1917-га Клаўдыюш, перабіраючы старыя кнігі, намагаўся ў бясконцых спробах вынайсці нацыянальны сцяг, які павінен быў стаць сімвалам адроджанай Беларусі. З колерамі ўсё было зразумела (белы і чырвоны), але праблемаю заставаўся малюнак. Пошукам вырашэння задачы перашкаджала дыскусія, якую ў суседнім пакоі вялі сябры па руху абуджэння. Раптам адзін з іх з крыкам «Дзе два беларусы, там тры партыі» выскачыў з памяшкання як ашпараны. Гэта стала тым штуршком, які прывёў Клаўдыюша да адкрыцця: дзве белыя паласы на трохпалосным сцягу. Ранкам бел-чырвона-белы сцяг быў зацверджаны як прыгожы, лаканічны і адпавядаючы законам геральдыкі». Неўзабаве бел-чырвона-белыя сцягі, значкі, кукарды можна было бачыць на вуліцах Менску ды іншых беларускіх гарадоў.

БНР была ўдвая большая за сучасную Беларусь

Праз год Дуж-Душэўскі становіцца адным з актыўных палітыкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэты час ён узначальваў камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, з’яўляўся адным з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі, з восені 1919 г. быў дыпламатычным прадстаўніком урада БНР у дзяржавах Балтыі, а таксама займаў пасаду дзяржаўнага сакратара ва ўрадзе В. Ластоўскага.

Паводле Леаніда Дранько-Майсюка: «…ён становіцца значнай фігурай, шмат ездзіць і шмат думае пра неабходнасць нацыянальнай беларускай улады (і гэта ў першую чаргу яму паставілі ў віну сталіністы), сустракаецца з Пілсудскім, нямецкім міністрам Эрцбергерам, кіраўніком місіі ЗША ў Польшчы сенатарам Маргентаў, прадстаўніком англійскай місіі ў Рызе палкоўнікам Талентам, савецкім пасланнікам Літвінавым, а таксама ж па даручэнні Антона Луцкевіча ў лістападзе 1919 года прадстаўляе нашу краіну на канферэнцыі прыбалтыйскіх дзяржаў у Тарту».

Дуж-Душэўскі. 1940

Дзякуючы яго намаганням БНР, як дзяржаву, прызналі Фінляндыя ды Эстонія.

А калі ў 1921 годзе ён з’язджае ў Літву, то не ператвараецца ў яшчэ аднаго маргінальнага эмігранта, а вучыць літоўскую мову, заканчвае Каўнаскі тэхналагічны ўніверсітэт і, атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-будаўніка, становіцца адным з вядучых архітэктараў гэтай краіны.

Здабыўшы фінансавую незалежнасць актыўна грашова дапамагае Віленскаму беларускаму музею імя Івана Луцкевіча (штомесяц высылае туды 400 літаў), працуе ў Міністэрстве замежных спраў Літвы навуковым супрацоўнікам па складанні беларускіх падручнікаў.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі таксама паказаў сябе не толькі чалавекам вялікай волі і мэтанакіраванасці, але і вельмі смелай асобай.

Падчас нямецкай акупацыі ён, двойчы адмовіўшыся ад пасады намесніка бургамістра Менска, ратаваў габрэяў, за што ў жніўні 1943 года разам з жонкай быў адпраўлены нацыстамі ў канцэнтрацыйны лагер Правянішкесе, дзе цудам ацалеў і як спецыяліст-інжынер быў вызвалены праз чатыры месяцы.

Тройчы арыштоўваўся савецкімі ўладамі (1940, 1946 і 1952 гг.), але зняволенне ў сталінскіх засценках яго не зламіла.
Пасля сябе, акрамя створанага эталону бел-чырвона-белага сцяга, пакінуў спраектаваныя ім дзівосныя дамы, фабрыкі, кінатэатры, будынкі пошты ў Коўні, Паневежысе, Клайпедзе; выдадзены першы ў гісторыі Беларусі культуралагічны часопіс «Крывіч», унікальныя навуковыя працы, прысвечаныя абпалу цэглы…

Магіла Дуж-Душэўскага ў Каўнасе. Фота: wikipedia

У наш няпэўна-трывожны час Клаўдзій Дуж-Душэўскі – яркі прыклад, таго, што пры любых варунках варта заставацца шляхетным, працавітым, фінансава-незалежным, смелым, зарабляць вялікія грошы і рабіць гэта не дзеля ўласнага піяру ці адно толькі дабрабыту, а каб набліжаць нашу краіну да праўдзівай свабоды, незалежнасці, еўрапейскасці.

Сяргей Піліпчэня, belsat.eu

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да апошняга часу беларусы мала што ведалі пра гэтага дзівоснага чалавека. Шырокая цікавасць да яго з’явілася ў сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі ў нашай краіне і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by