«У нас усе аднадумцы». Шматдзетную сям’ю Міхайлавых адправілі «на суткі». 21.by

«У нас усе аднадумцы». Шматдзетную сям’ю Міхайлавых адправілі «на суткі»

08.04.2021 22:24 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

Яшчэ адну дачку, Лілію Субач, пасьля затрыманьня адпусьцілі, бо ў яе двое непаўналетніх дзяцей. Але на заўтра яе выклікалі ў Ждановіцкі аддзел міліцыі.

Што адбылося?

Учора праваабаронцы паведамілі пра затрыманьне сям’і ў вёсцы Прылуцкая Слабада ў Менскім раёне: маці, дзьвюх яе дачок і сына.

Каля 18 гадзіны затрымалі 30-гадовую Юлію Міхайлаву, калі яна ішла на прыпынак маршруткі, каб ехаць на працу, паведамляе незарэгістраваны праваабарончы цэнтар «Вясна».

Празь некаторы час міліцыянты вярнуліся зь ператрусам. Пазьней супрацоўнікі ў цывільным затрымалі брата Юліі, 27-гадовага Пятра, і яе старэйшую сястру — 36-гадовую Лілію Субач, у якой двое непаўналетніх дзяцей. З супрацоўнікамі міліцыі і паехала маці затрыманых, 56-гадовая Тацяна Міхайлава. Іх зьвінавацілі ва ўдзеле ў флэшмобе на праспэкце Пераможцаў у Менску «зь незарэгістраванай сымболікай і іншай атрыбутыкай».

Фатаздымкі жанчын зь бел-чырвона-белымі парасонамі і ў бел-чырвона-белай вопратцы, якія шпацыравалі ў Менску па праспэкце Пераможцаў, зьявіліся ў інтэрнэце 6 красавіка. Такія шпацыры пад лёзунгам «Я гуляю» працягваюцца ўжо больш за чатыры месяцы.

Пасьля іх затрыманьня менская міліцыя паведаміла, што сярод актыўных удзельніц «жаночага маршу» былі чальцы шматдзетнай сямʼі, якія «пражываюць у прыватным доме ў Менскім раёне, пабудаваным з дапамогай дзяржаўнай падтрымкі». Падчас санкцыянаванага агляду гэтага дома выяўленая атрыбутыка, якая «асацыюецца з пратэставай».

«Яны чакалі ўсіх, хто можа падысьці да хаты»

Лілія Субач расказала, што перад затрыманьнем дом, дзе жывуць бацькі, акружылі некалькі міліцэйскіх машын.

«Сястру і брата затрымалі на прыпынку маршруткі. На Юлю моцна ціснулі, крычалі. Маці была дома, прыехала вялікая колькасьць супрацоўнікаў міліцыі з Цэнтральнага РУУС у масках і ў цывільным, яны праводзілі вобшук, забралі кампутарную тэхніку і рэчы з БЧБ-сымболікай. Я патэлефанавала маці і пачула, што яна засмучаная, і вырашыла прыйсьці і супакоіць яе, — кажа Лілія. — Я стукала ў дзьверы і вокны, але ніхто не адчыняў. Я ўбачыла ля дома міліцэйскі бус і машыну, то бок яны чакалі ўсіх, хто можа падыйсьці да хаты. Калі я павярнулася, каб сысьці, да мяне пад’ехала машына, і мяне затрымалі».

Лілія кажа, што на яе склалі пратакол нібыта за ўдзел у шпацыры з парасонамі на праспэкце Пераможцаў. Яна сказала, што ня брала ў гэтым удзелу. Пратакол ёй не паказалі, але тэлефон забралі да суду. Жанчыну адпусьцілі з РУУСа, бо ў яе двое дзяцей — 8 і 12 гадоў.

Сёньня, калі яна дома рыхтавала перадачы для затрыманых, прыехалі супрацоўнікі Ждановіцкага аддзелу міліцыі, правялі агляд, забралі кампутар, БЧБ-сьцяг і стужкі.

«Я займаюся дызайнам, і ў кампутары былі запрашэньні на чайныя вечарыны нашага раёну. Таму кампутар забралі. Таксама яшчэ раз быў агляд у доме бацькоў», — кажа Лілія.

Лілія падчас затрыманьня ўбачыла ў пастарунку тры БЧБ-парасоны, якія забралі ў яе сям’і. Кажа, што сама набывала іх і падарыла сёстрам і маці. Таксама там быў партрэт яе сястры Юліі, які намалявалі пасьля ранейшага арышту, і літары слова «Ганарымся», якія віселі на сьцяне ў яе пакоі.

Сям’я Міхайлавых

У сям’і Міхайлавых сямёра дарослых дзяцей. Затрымалі тых, хто жыве з бацькамі. Лілія жыве ў асобным доме ў той жа вёсцы. Яна кажа, што калі бацькі будаваліся, то атрымалі льготны крэдыт. Чаму менавіта на гэта зьвярнула ўвагу менская міліцыя ў сваім паведамленьні?

«Відаць, каб неяк абясцэніць людзей, якія зьяўляюцца прыхільнікамі перамен і выступаюць супраць фальсыфікацый. Маўляў, скарысталіся дапамогай дзяржавы. А ў іх, відаць, дзяржава — гэта Лукашэнка. Я на гэта іначай гляджу, бо мая сямʼя плаціць падатак на пяць тысяч рублёў у месяц. Мы маглі б дапамагаць гэтымі грашыма бацькам. Але мы плацім падатак, а зь яго дапамагаюць тым, хто ў складанай сытуацыі».

Маці і брата затрымалі ўпершыню, а сястру Юлію — пяты раз. Паводле Ліліі, у маці фіброз лёгкіх і ёй цяжка дыхаць, таму невядома, як яна вытрымае пяць сутак арышту.

«Яна ўжо ад стрэсу задыхалася, калі яе затрымлівалі. А калі ў камэры ня будзе хапаць кіслароду, то ў яе могуць быць прыступы. Канечне, цяжка, — кажа Лілія. — Сястра ня вельмі сябе адчувала пасьля кожных сутак, то бок здароўю наносіцца моцная шкода».

«На двух участках перамагла Ціханоўская»

Лілія кажа, што бярэ ўдзел у прыгожых чайных вечарынах, у вёсцы зь верасьня дагэтуль ёсьць мурал дыджэяў перамен. Алё сёньня супрацоўнікі міліцыі пыталіся ў Ліліі, хто яго намаляваў. Чаму ён так доўга пратрымаўся?

«У нас аднадумцы, усе прыхільнікі перамен. На двух участках на выбарах перамагла Сьвятлана Ціханоўская. Я ня ведаю ў нас людзей, якія супраць перамен. Толькі адзін чалавек за Лукашэнку, але жыве вельмі далёка».

Лілія нэгатыўна ставіцца і да затрыманьняў, і да арыштаў.

«Гэта неадэкватна, калі людзей рэпрэсуюць за тое, што яны не пагаджаюцца з фальсыфікацыяй і хочуць праўды, выступаюць супраць гвалту. Я ўспрымаю гэта як фашызм, — кажа Лілія. — Я не сумняюся ў пераменах, я ўпэўнена, што Лукашэнка страціў давер у 80% людзей. Працэс ідзе, і перамога будзе. Гвалтам надоўга ўтрымаць сытуацыю ня ўдасца. Я спадзяюся на гэта. Калі людзі будуць свабодныя, яны будуць жыць лепш».

Паводле Ліліі, іх сям’я — гэта сям’я аднадумцаў, якія падтрымліваюць адзін аднаго. Лілія кажа, што ходзіць на суд, каб падтрымаць Віктара Бабарыку.

«Канкураваць з рэжымам — вялікая рызыка. Ён дзеля нас усіх рызыкнуў, па сутнасьці, сваім жыцьцём. Ён мне вельмі блізкі па духу. Адносна яго робяцца нячэсныя рэчы, — кажа Лілія. — Але ён выглядае цудоўна, ён чалавек вялікай сілы духа, сьветлы чалавек».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цэнтральны суд Менску сёньня асудзіў сям’ю Міхайлавых, якую затрымалі 6 красавіка і зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці. Маці Тацяне далі 5 сутак,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by