У Эквадоры на «Беларусьнафту» і зьвязаную зь ёй кампанію падалі ў суд. 21.by

У Эквадоры на «Беларусьнафту» і зьвязаную зь ёй кампанію падалі ў суд

21.04.2021 10:12 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

Даўгі ўтварыліся як перад дзяржустановамі, так і перад мясцовымі падрадчыкамі за выкананыя працы на нафтавых сьвідравінах, паведамляе Tut.by са спасылкай на эквадорскае выданьне Periodismo De Investigación.

Беларусь і Эквадор пачалі супрацу ў нафтавай сфэры пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі летам 2012 году. Эквадор цалкам забясьпечвае сябе нафтай і нават экспартуе яе, распрацоўка новых радовішчаў і здабыча нафты вымагаюць значных укладаньняў у інфраструктуру, і мясцовыя кампаніі ня могуць пакрыць усе выдаткі, бо не валодаюць неабходнымі рэсурсамі. Таму часьцяком на эквадорскі нафтавы рынак прыходзяць францускія, амэрыканскія і кітайскія кампаніі.

Беларускія нафтавікі прыйшлі на гэты рынак у 2012 годзе ў якасьці сэрвіснай кампаніі і за гэты час рэалізавалі шэраг сэйсмавыведчых праектаў у джунглях, запаведных зонах.

«Беларусьнафта» заснавала з эквадорскай кампаніяй Edinpetrol сумеснае прадпрыемства «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл», кантрольны пакет акцый застаўся ў беларускага боку.

У 2016 годзе «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл» падпісаў 15-гадовы кантракт зь дзяржаўнай нафтаздабыўчай кампаніяй Эквадору «Пэтраамазонас» на распрацоўку радовішча Армадылья (Блёк 55). Генпадрадчык абавязаўся ўкласьці ў праект звыш 125 млн даляраў. Перад інвэстарамі стаяла задача павялічыць здабычу на «сталым» радовішчы з выкарыстаньнем новых тэхналёгій. Акрамя таго, бакі вызначылі тарыф, па якім «Пэтраамазонас» мусіў весьці разьлікі.

Сумесная кампанія збудавала 11 сьвідравін, атрымала ўстойлівы прамысловы прыток нафты, даказала геалягічны патэнцыял Блёку 55, сфармавала здабыўны клястар з усёй неабходнай наземнай інфраструктурай, гаворыцца на сайце «Беларусьнафты».

Зь ліпеня 2017 году па сьнежань «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл» здабыла на Армадыльі каля 2,4 млн барэляў нафты, або 350 тысяч тон. Прычым апошнія гады гаворка ішла аб здабычы толькі 130–160 тыс. тон у год. Для параўнаньня: «Беларусьнафта» здабывае ў Беларусі 1,6–1,7 млн тон нафты ў год, а для перапрацоўкі купляе яшчэ 17–18 млн тон нафты ў год.

Пачатак канфлікту

У траўні 2016 году «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл» падпісаў кантракт зь мясцовай падраднай арганізацыяй Servicios Drilling Technologies (SDT) на бурэньне сьвідравін, інжынэрныя дасьледаваньні, будаўніцтва інфраструктуры. У праекце таксама задзейнічалі кітайскую CNPC Chuanqing Drilling Engineering Company.

Для спагнаньня ўкладзеных інвэстыцый SDT, «Беларусьнафта», CNPC, крэдыторы «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл» і SDT стварылі траст. У 2020 годзе SDT і яе пастаўшчыкі сталі вінаваціць «Беларусьнафту» ў прысваеньні сродкаў, якія меліся пайсьці ў траст. Эквадорскія кампаніі зьвярнуліся ў суд, запатрабаваўшы аб беларускага боку звыш 60 млн даляраў нявыплачаных плацяжоў.

SDT абвінаваціла Станіслава Шапкіна, гендырэктара «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл» і прадстаўніка «Беларусьнафты» ў злоўжываньні даверам. Шапкін назваў гэтыя абвінавачаньні абсурднымі.

«Пэтраамазонас», са свайго боку, паведаміла, што прыняла на сябе правы і абавязкі з «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл», «але не зь яе падрадчыкамі і/або субпадрадчыкамі». У сакавіку 2021 году эквадорскія падрадчыкі паскардзіліся міністру энэргетыкі і неаднаўляльных прыродных рэсурсаў Эквадору Рэнэ Орціс.

У лісьце гаворыцца, што беларускі бок «не прыцягнуў у краіну фінансаваньне, як гэта прадугледжвала двухбаковае пагадненьне з урадам Эквадору», і працягвае «штомесяц зьбіраць узнагароджаньне і не разьлічвацца па даўгах ў памеры каля 60 мільёнаў даляраў ня толькі перад эквадорскімі кампаніямі, але і перад дзяржаўнымі ўстановамі ». Многія з 60 кампаній, зь якімі не разьлічыліся за работы, выкананыя на радовішчы Армадылья, і іх работнікі аказаліся ў складаным фінансавым становішчы.

У лісьце дзеяньні беларускага боку названыя «масавай афэрай, якая нанесла шкоду многім эквадорскім кампаніям».

Цяпер «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл» разглядае магчымасьць прыцягненьня інвэстару ў асобе Gazprom International. Кансальтынгавая кампанія Walsh ужо праводзіць аўдыт актыву.

У «Беларусьнафце» адмовіліся ад камэнтароў адносна сытуацыі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Эквадоры хочуць спагнаць зь «Беларусьнафты» і зьвязанай зь ёй мясцовай кампаніі больш чым 60 млн даляраў. Іх дзеяньні называюць «масавай афэрай».
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by