Беларус з Санкт-Пецярбурга «Многія беларусы думаюць, што ў нас няма чаго глядзець і чым ганарыцца. Але гэта не так». 21.by

Беларус з Санкт-Пецярбурга «Многія беларусы думаюць, што ў нас няма чаго глядзець і чым ганарыцца. Але гэта не так»

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Салiдарнасць

Што яднае землякоў па-за межамі краіны.

Беларус з Санкт-Пецярбурга «Многія беларусы думаюць, што ў нас няма чаго глядзець і чым ганарыцца. Але гэта не так»

Аляксей працуе ў Санкт-Пецябургу прыватным экскурсаводам

Аляксей Старухін – ураджэнец Лепеля, які ўжо больш як 10 год жыве ў Санкт-Пецярбургу, працуе прыватным эксакурсаводам і з’яўляецца адным з актыўных удзельнікаў тутэйшай беларускай дыяспары. Дарэчы, паводле звестак перапісу 2010 года, у 5,3-мільённай «паўночнай сталіцы» РФ афіцыйна пражываюць больш як 38 тысяч беларусаў – гэткія два з лішкам Лепелі нашых землякоў.

Леташнія падзеі злучылі іх, як ніколі раней. Беларусы Пецярбурга стаялі ў шматгадзіннай чарзе, каб аддаць свае галасы на прэзідэнцкіх выбарах-2020, аднымі з першых пачалі выходзіць на штодзённыя пікеты ля пасольства, ладзілі забегі і турніры ў падтрымку нашых спартсменаў, праводзілі кулінарныя фэсты, дабрачынныя распродажы і творчыя акцыі, запусцілі YouTube-канал «Беларускі дзённік»…

На апошнім Аляксей якраз вядзе сваю асветніцкую рубрыку «Беларускія дзеячы Пецярбурга». Пра яе герояў (спойлер: не, сярод іх няма Францыска Скарыны), а таксама пра тое, што яднае і натхняе беларусаў па-за межамі краіны, ён і распавёў у нтэрв’ю «Салідарнасці».

– Хоць я даўненька ўжо жыву ў Пецярбургу, але да мінулага года ці не ладзілі тутэйшыя беларусы сустрэчы, ці я проста пра іх не ведаў. А летась у лютым узнікла ідэя знайсціся з іншымі беларусамі, каб і пазнаёміцца, і мову падтрымліваць, – згадвае Аляксей. – Зайшоў у сацсетках беларускамоўную суполку «Беларусы Пецярбурга», а там якраз нехта напісаў паведамленне – маўляў, давайце сустрэнемся.

Спачатку прыйшлі некалькі чалавек, але з кожнай сустрэчай павялічвалася колькасць і беларускамоўных, і тых, хто толькі спрабаваў размаўляць. Мы зладзілі некалькі сумесных мерапрыемстваў, напрыклад, схадзілі ў Расійскую анцыянальную бібліятэку, каб паглядзець на Біблію Францыска Скарыны і кнігу Сымона Буднага – дарэчы, так здарылася, што ўжо гадкоў можа 40 за гэтымі кнігамі працуе наш зямляк з Навагрудчыны.

«Ля амбасады чарга ў кіламетр!»

Ведаю, што «старажылы», якія знаходзяцца ў Пецярбургу даўно, стасуюцца паміж сабой, а вось больш маладое пакаленне беларусаў насамрэч аб’ядналася пасля 9 жніўня.

Я тады прыехаў, наіўна думаў, што паспею прагаласаваць, бо звычайна нават не даводзілася стаяць у чарзе – а тут ля амбасады чарга ў кіламетр, нават на другое кола пайшла! Сябры занялі мне месца даволі блізка ля ўваходу, але за 2,5 гадзіны чарга прасунулуся метраў мо на 7, потым давялося ехаць працаваць, і я не паспеў аддаць голас.

Але гэта сапраўды ўражвала – што нас столькі, што людзі самаарганізаваліся, разносілі ваду, ежу. І настолькі ўсе былі радасныя, у святочным настроі, у адзін момант я не вытрымаў, усклікнуў: «Беларусы, я вас люблю!». А ў адказ пачуў воплеск далоняў і ўхвальны свіст.

– Беларусы Пецярбурга з першага дня пратэстаў пачалі выходзіць да амбасады, а калі гэта стала немагчымым, усё адно выходзілі ў іншых месцах, прычым кожнае мела сэнс…

– Мы збіраліся яшчэ і перад выбарамі, і пазней я ўдзельнічаў у акцыях салідарнасці – не так актыўна, як некаторыя землякі, але некалькі дзясяткаў разоў быў.

Беларус з Санкт-Пецярбурга «Многія беларусы думаюць, што ў нас няма чаго глядзець і чым ганарыцца. Але гэта не так»

Акцыі салідарнасці беларускай дыяспары Піцера. Фоты з сацсетак і асабістага архіву Аляксея

Беларус з Санкт-Пецярбурга «Многія беларусы думаюць, што ў нас няма чаго глядзець і чым ганарыцца. Але гэта не так»

Калі нам забаранілі збірацца ля амбасады, то мэтанакіравана шукалі ці месцы з беларускімі назвамі, ці такія пляцоўкі, якія падыходзілі да павесткі: напрыклад, калі «перадавалі прывітанне» спонсарам Чэмпіянату свету па хакеі, збіраліся ля аўтасалону Skoda, калі намякалі на псіхалагічны стан кагосьці, збіраліся ля Інстытута псіхалогіі – каб было і згумарам, і сімвалічна.

Беларус з Санкт-Пецярбурга «Многія беларусы думаюць, што ў нас няма чаго глядзець і чым ганарыцца. Але гэта не так»

– Сімвалічным стаўся і праект «Беларускія дзеячы Пецярбурга» – да свайго сораму, я да вашай міні-лекцыі наогул нічога не ведала пра беларускага архітэктара Сцяпана Крычынскага… Як прыйшла ідэя праекту і як выбіралі герояў?

– Яшчэ ўзімку-веснай 2019 года я зразумеў, што хачу выйсці за рамкі свайго наваколля і распавесці, якія беларусы таленавітыя і разумныя, як некаторых нашых продкаў ведаюць за мяжой (а іншых і ў нас ня ведаюць).

Прыйшла ідэя: паколькі ў Пецярбургу відавочна жылі пэўныя вядомыя беларусы, узяцца менавіта за іх. Дакладна я ведаў толькі пра Янку Купалу і Марка Шагала, а калі пачаў разбірацца, то высветліў, што там і Ян Баршчэўскі, і Францішак Багушэвіч, і мноства беларускіх архітэктараў – той жа Крычынскі, Далгінаў, Гіршовіч, які будаваў тут банкі і асабнякі…

Склаў спіс, 30 з нечым чалавек, і пачаў шукаць пра іх інфармацыю, здымаць месцы, дзе яны жылі, калі гэта вядома. Публікаваў гэтыя свае аповеды ў сацсетках – Інстаграм, ФБ, Укантакце. А праз два гады нашы беларусы зладкавалі ўласны YouTube-канал і я прапанаваў весці на ім гэту рубрыку. Каб не толькі мае падпісчыкі, а ўсе ахвотныя маглі трошкі шырэй даведацца, што мы ва ўсе часы былі сапраўды таленавітай, вельмі прыгожай, развітай нацыяй.

Ведаеце, я калісьці шмат вандраваў аўтаспынам, у тым ліку па Беларусі, і аднойчы разгаварыўся з хлопцам, які мяне падвозіў – ён спытаў, маўляў, няўжо ў нас ёсць што паглядзець, акрамя Міру і Нясвіжу. І тут я пачаў яму пералічваць не толькі асноўныя замкі, але і розныя абарончыя цэрквы і касцелы: Мураванку, Камаі, Сынкавічы, Сар’ю дзе знаходзіцца былы каталіцкі, а цяпер праваслаўны храм, пра розныя прыродныя цікавінкі…

Я зразумеў, што многія беларусы насамрэч думаюць, што ў нас няма чаго глядзець і чым ганарыцца. Але гэта не так, таму мая рубрыка – яшчэ і прынцыповы момант.

– Адкуль бераце дроўцы, у сэнсе, інфармацыю?

– Збіраю пакрысе з розных крыніц – інтэрнет, кнігі, асабістыя сувязі з рознымі людзьмі…. Дарэчы, толькі нядаўна даведаўся, дзе жылі браты Луцкевічы – мне пашчасціла пазнаёміцца ля амбасады з унучатай пляменніцай аднаго з Луцкевічаў, гэта ўнучка іхняй сястры Маргарыта.

Шмат знаходжу ў кнігах, энцыклапедыях. Тут мы акурат вяртаемся ў Расійскую нацыянальную бібліятэку, дзе працуе наш зямляк – калі не памыляюся, у 2005 годзе ён склаў энцыклапедыю пра больш чым 500 беларусаў, якія жылі, працавалі ў Пецярбургу. На жаль, пра лёс многіх з іх падрабязнасцяў невядома наогул, напрыклад, што гэта быў урач.

Беларус з Санкт-Пецярбурга «Многія беларусы думаюць, што ў нас няма чаго глядзець і чым ганарыцца. Але гэта не так»

У горадзе на Няве ёсць бел-чырвона-белая падводная лодка, пра якую спявае N.R.M.

Мо варта і пра іх распавесці, але хочацца зрабіць гэта цікава, не толькі пра гады жыцця і прафесію – у чыста энцыклапедычным фармаце, мяркую, будзе сумна і людзі проста выключаць ролік.

«Я грамадзянін Пецярбурга, але Беларусь – мая кроў»

– Вы ўжо больш за дзесяць гадоў жывяце ў Санкт-Пецярбургу і як экскурсавод многіх закахалі ў гэты горад – чула захопленыя водгукі ад экскурсіі па дахах. А як удалося сумясціць у сабе любоў да Піцера і любоў да Радзімы?

– Доўга думаў, адказваючы самому сабе на гэта пытанне, і давялося няпроста. Напэўна, трэба ўспамінаць сваё дзяцінства. Памятаю, што дзякуючы бацькам быў частым госцем у бабулі і дзядулі, якія размаўлялі часткова на беларускай, часткова на трасянцы, і гэта добра запомнілася. Як запомніліся іншыя традыцыі, звычай на Дзяды ездзіць на могілкі да родных, нейкія іншыя рэчы, з якіх складваецца любоў да Радзімы…

Што да Пецярбурга, ён быў абраны як любімы горад у свеце і як месца, у якім можна развівацца далей. Бо я сам з Лепеля, што ў Віцебскай вобласці – і калі я ўсё там аблазіў, усё перачытаў, што толькі можна было, то зразумеў, што Пецярбург – наступная кропка, дзе я змагу развівацца.

Так і атрымалася. Я не зусім адчуваю, што жыву ў Расіі – я жыву ў Пецярбургу і я яго грамадзянін у тым ліку. Але Беларусь – мая кроў, мая гісторыя, якая натхняе. Калі даведваешся, хто заснаваў кінакампанію Дзісней ці зрабіў хадавую частку для месяцахада (а гэта ўсё беларусы), то адчуваеш гонар за нашых людзей, і вельмі прыемна быць часткай гэтай нацыі.

Я чалавек, які ўжо даволі даўно «прачнуўся», і тое, што адбываецца цягам апошняга году, з аднаго боку, засмучае, а з другога – вельмі радуе.

– Радуе?!

– Так. Той бок, што многія людзі «прачнуліся». Я перапісваюся з Паўлам Севярынцам, і ён адзначыў у адным з лістоў: нягледзячы ні на што, ідзе беларусізацыя. Вельмі здорава, што гэта адбываецца не гвалтоўна, а людзі самі выбіраюць – вучыць мову, гісторыю, культуру. Не ведаю, ці праўда, але чуў, што нават у садочках стала больш беларускамоўных груп. Калі гэта так, то вельмі файна.

…Што яшчэ натхняе за гэтыя няпростыя восем месяцаў? Тое, што мая мама таксама змагла зразумець рух супраціву і не быць кансерватыўнай, як многія людзі ва ўзросце, скажам, 50+, якія не хочуць штосьці мяняць, аналізаваць – абы захавалася тое, што ёсць.

Маці таксама ў Лепелі выходзіла на акцыі салідарнасці, як і яшчэ прыкладна 1,5 тысячы чалавек – для горада, у якім усяго 18 тысяч жыхароў, гэта вельмі шмат. А некалькі разоў, калі мы гутарылі па тэлефоне, яна сама завяршала размову фразай «Жыве Беларусь!». Гэта велмьі натхняе.

Атрымліваецца, кожны з нас нечаму навучыў адзін аднога: яна мяне – што трэба цаніць сям’ю, паважаць продкаў, а я яе – што трэба не баяцца нешта мяняць у жыцці.

На жаль, ужо больш года не ўдавалася пабыць дома – спачатку гэта было немагчыма праз каранавірус, цяпер праз закрытыя межы. Паколькі я не мяняў грамадзянства, то на аўтобусных маршрутах трэба зараз даказваць, чаго ты едзеш у Расію. Крыху лягчэй у тым плане, што на чыгунцы трэба толькі прадаставіць тэст на каранавірус – мабыць, таму на красавік ужо ўсе квіткі разабраныя.

«Аранддуем двухпавярховы аўтобус…»

– Амаль шэсць год таму вы сталі лаўрэатам конкурсу маладых літаратараў з апавяданнем «Пульс на мяжы натхнення». Ведаю, што і надалей пісьменніцкую справу не закінулі, і не так даўно выйшаў зборнік з 25 апавяданняў.

– Так, давялося нават дазамаўляць тыраж, бо першыя 30 асобнікаў разляцеліся ўа дзясятак дзён. Я пішу кароткія апавяданні – ад некалькіх радкоў да 15-20 старонак, гэтага досыць, каб сцісла выказаць пэўную думку.

Пра што мае аповеды? Напрыклад, «Пульс на мяжы натхнення» – выдуманая гісторыя пра тое, як у дзяўчыны і хлопца маглі спыніцца сэрцы, калі яны самі спыняцца, і трэба было заўсёды ісці, ажно пакуль яны не сустрэліся і не закахаліся адзін у аднога.

Ёсць апавяданне «Тата» – яно пра тое, што нашыя родныя могуць навучыць любіць, калі сыходзяць з гэтай планеты. Дзякаваць Богу, мае бацькі жывыя, але калі глыбока разважаць на гэтую тэму, разумееш, што пасля страты блізкага чалавека пачынаеш яго яшчэ больш любіць.

Таксама пішу пра вандроўкі, бо аўтаспын займае шмат месца ў маім жыцці.

– Вось я да гэтага падступна вяду: чалавек, які даехаў аўтаспынам да Атлантычнага акіяну і аб’ездзіў такім чынам Ісландыю, настаўнік фізкультуры з Беларусі, які вывучыў Пецярбург мо лепей за некаторых пецярбуржцаў… Хіба не нагода напісаць пра сябе самога?

– Спрабаваў пісаць нейкія «мемуары», але закідваў іх – па шчырасці, мне гэта не падабаецца, – смяецца Аляксей. – Можа быць, калі-небудзь дойдуць рукі сабраць цікавыя гісторыі, якія здараліся ў дарозе ў розных краінах свету.

Пра падзеі ў сённяшняй Беларусі я напісаў летась толькі верш – ён сам напісаўся, калі мы даведаліся, што забілі Рамана Бандарэнку. Верш «Браты мае» – пра яго, пра ўсіх загінулых. Таксама зараз крыху «завісла» апавяданне «Закляцце» – яно будзе пра продкаў, але не, не пра цяперашнія палітычныя падзеі. Іх нам усім яшчэ трэба асэнсаваць.

Што да планаў – пакуль мо не будзем смяшыць Бога. Распавяду толькі пра крыху наіўную мару. Аднаго разу, калі збіраліся суполкай, мы жартавалі, што пасля перамогі арандуем двухпавярховы аўтобус і будзем вандраваць па Беларусі, заязджаць у мястэчкі і сустракацца з месцічамі…

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by