Хто такія браты Косьцевы, якіх памілаваў Лукашэнка. 21.by

Хто такія браты Косьцевы, якіх памілаваў Лукашэнка

04.05.2021 15:58 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Ільлю Косьцевых прыгаварылі да расстрэлу за забойства настаўніцы. Незадоўга да прысуду Лукашэнка назваў абвінавачаных «падонкамі».

Пра памілаваньне братоў Косьцевых стала вядома 30 красавіка. Афіцыйнай інфармацыі пра гэта яшчэ няма, родным Косьцевых аб памілаваньні расказалі ў СІЗА № 1 Менску, куды яны прывезьлі для іх перадачы. Харчы ў адміністрацыі СІЗА не ўзялі, спаслаўшыся на паперы аб памілаваньні з Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы — пасьля іх прыходу асуджаных накіроўваюць на карантын у сьледчую турму Жодзіна. Перадачы ў гэты пэрыяд не прымаюць. За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі гэта ўсяго другі вядомы выпадак памілаваньня асуджаных да сьмяротнага пакараньня.

Забойства

10 красавіка 2019 году ў Чэрыкаве загарэўся прыватны дом. Невялікі, на ўскрайку горада. На выгляд звычайная вясковая хата, якая належала мясцовай 47-гадовай настаўніцы Натальлі Кастрыцы. Яе цела знайшлі ратавальнікі, якія прыехалі на выклік аб пажары. На целе было мноства нажавых раненьняў (на судзе у матэрыялах справы гаварылася пра 155), а з дому зьніклі прадукты харчаваньня і кампутар. Яго сьледчыя знайшлі ужо на наступны дзень у суседзяў. Там жа затрымалі дваіх падазраваных, братоў Ільлю і Станіслава Косьцевых. Яны амаль адразу прызналіся ў забойстве настаўніцы, якая іх вучыла яшчэ некалькі гадоў таму.

Хто такія браты Косьцевы, якіх памілаваў Лукашэнка
Дом, у якім адбылося забойства

Паводле паказаньняў абвінавачаных, настаўніца мела канфлікт зь іх сястрой. Яна паведаміла органам апекі аб неналежным выхаваньні малых дзяцей у сям’і, і ў выніку сям’ю сястры Косьцевых паставілі на прафіляктычны ўлік. На «размову» у дом да сваёй былой настаўніцы браты прыйшлі у 2 гадзіны ночы. Абодва былі нападпітку. Сустрэча хутка скончылася забойствам жанчыны. Каб зьнішчыць яго сьляды Косьцевы вырашылі падпаліць дом. Нож, якім забілі настаўніцу, выкінулі ў Сож.

Суд

Хто такія браты Косьцевы, якіх памілаваў Лукашэнка
Ільля Косьцеў падчас разгляду апэляцыі ў траўні 2020 году

На судзе абодва браты заявілі аб раскаяньні. Ільля Косьцеў у апошнім слове выбачаўся перад роднымі забітай «за невыносны боль і пакуты», а атксама паведаміў, што ішоў да Натальлі Кастрыцы не для таго, каб помсьціць і забіваць, «а толькі пагаварыць». «Я ня ведаю, што пайшло ня так, — сказаў ён. — Можа, гарэлка так падзейнічала. Дагэтуль не магу патлумачыць, чаму яе забіў».

Станіслаў Косьцеў чытаў сваё апошняе слова з паперкі. Ён таксама выбачыўся перад роднымі забітай і сваімі роднымі. Сябе з братам назваў «аблуднымі душамі і дзецьмі». А яшчэ папрасіў суд не караць яго з братам «максымумам», а выносячы прысуд, «прыслухоўвацца ня толькі да розуму, але да свайго сэрца».

«Дайце нам шанец жыць і стаць хоць калі-небудзь паўнапраўнымі грамадзянамі, — сказаў Станіслаў Косьцеў перад прысудам. — Мы ня хочам страціць нітку, якая зьвязвае нас са свабодаю».

Пракурор Юлія Бокая папрасіла прыгаварыць абодвух абвінавачаных да найвышэйшай меры пакараньня. Судзьдзя Міхаіл Мельнікаў зь ёй пагадзіўся.

Хто такія браты Косьцевы, якіх памілаваў Лукашэнка
Станіслаў Косьцеў

Асабісты кантроль Лукашэнкі

Пра тое, што справа братоў Ільлі і Станіслава Косьцевых вядомая Лукашэнку, расказаў ён сам падчас размовы з расейскім журналістам, галоўным рэдактарам «Эха Москвы» Аляксеем Венядзіктавым у канцы 2019 году.

«У нас на кантролі прэзыдэнта ёсьць грамадзка значныя справы, — гаварыў тады Лукашэнка. — Учора мне дакладваў старшыня Вярхоўнага суду аб разглядзе гэтых спраў. Вось адна зь іх. Два падонкі, інакш іх не назавеш, ужо і разбоі былі, і каралі іх, забілі сваю настаўніцу. За тое, што яна абараніла дваіх дзетак іх сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемэнт. А настаўніца абараніла іх і запатрабавала забраць зь сям’і. Яны яе рэзалі ўсю ноч. Яны забівалі яе ўсю ноч. Яна ўмольвала, прасіла, і ўрэшце яны яе да раніцы дабілі. Як вам?» .

У той жа размове зь Венядзіктавым Лукашэнка чарговы раз паведаміў, што мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі ня будзе. А рашэньне аб яго адмене ў краіне павінна прымацца на агульнанацыянальным рэфэрэндуме.

Хто такія браты Косьцевы, якіх памілаваў Лукашэнка
Хто такія браты Косьцевы, якіх памілаваў Лукашэнка

No media source currently available

0:00 0:02:18 0:00

Памілаваньне

Пэтыцыю аб памілаваньні братоў Косьцевых у адрас адміністрацыі Лукашэнкі ў студзені 2020 году склала іхная сястра Ганна.

«Аляксандар Рыгоравіч, прашу вас як прэзыдэнта нашай краіны, як любячага бацьку сваіх сыноў — пашкадуйце маіх братоў, не пазбаўляйце іх жыцьця, дайце ім адзіны і апошні шанец усьвядоміць учыненае імі, пакаяцца ў зробленым, а мне магчымасьць хоць бы зрэдку бачыцца зь імі, з жывымі», — гаварылася ў тэксьце, зьмешчаным у адкрытым доступе на сайце petitions.by. Свае подпісы пад тэкстам паставіла больш за 860 чалавек.

22 траўня 2020 году Вярхоўны суд не задаволіў апэляцыйнай скаргі братоў Косьцевых, прысуд пакінулі ў сіле. Маці Станіслава і Ільлі Натальля Косьцева ў размове са Свабодай расказала пра сустрэчу з сынамі ў СІЗА № 1, якая адбылася 13 красавіка 2021 году, літаральна за два тыдні да памілаваньня.

«Нас запусьцілі ў кабінкі для сустрэч; мы ўсё гадалі, хто першы прыйдзе — Ільля альбо Станіслаў, — расказвала Натальля Косьцева. — Першым Стаса прывялі. Тры канваіры і сабака. Твар апушчаны. Ён зьдзівіўся, думаў, што я адна прыеду. А на сустрэчы яшчэ сястра Аня была, пляменьнік. Вочы ва ўсіх чацьвярых у нас заблішчэлі... Я яму паказала кулак, каб ня плакаў. Сустрэча гадзіну працягвалася. У дзіцяці было адно нямое пытаньне, ці нешта зьменіцца для іх. А што я магла сказаць? Мы ўсе інстанцыі прайшлі. Сказала яму: „Сын, вер“».

Афіцыйна памілаваньне Станіслава і Ільлі Косьцевых прадстаўнікі ўладаў не камэнтавалі.

«Акт міласэрнасьці»

Рашэньне аб памілаваньні асуджанага на сьмерць прымае асабіста Аляксандар Лукашэнка. Камісія па памілаваньні можа толькі рэкамэндаваць гэта, але ня мае магчымасьці памілаваць чалавека самастойна. Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда мяркуе, што памілаваньне братоў Косьцевых варта разглядаць у першую чаргу як акт гуманізму.

«У любым выпадку навіна аб памілаваньні братоў Косьцевых стала для нас нечаканасьцю, — кажа Андрэй Палуда. — Натуральна, што кожны раз, калі мы працуем па такіх кейсах, мы рэкамэндуем падаваць прашэньні аб памілаваньні. Адзіны вядомы раней праваабаронцам выпадак памілаваньня здарыўся яшчэ ў канцы 90-х. Ня ўсе цяпер пагаджаюцца падаваць прашэньне, але гэта ў нейкай ступені шанец. У дадатак памілаваць чалавека можна і без прашэньня. Я памілаваньне братоў Косьцевых расцэньваю як акт міласэрнасьці, як бы там ні было. Зь якімі мэтамі ён зьдзейсьнены, гэта ўжо іншае пытаньне. Мне складана разважаць на гэтую тэму, я не палітоляг. Натуральна, у нейкай ступені пытаньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі палітызаванае. Асабіста я гэты выпадак разглядаю з гуманістычнага пункту гледжаньня».

Па словах Андрэя Палуды, у Беларусі сёньня тры чалавекі чакаюць выкананьня сьмяротнага прысуду. Апэляцыю ў справе аднаго зь іх, Віктара Скрундзіка, Вярхоўны суд разглядае 4 траўня. Па інфармацыі праваабаронцаў, апошні раз у Беларусі каралі сьмерцю чалавека паўтара года таму. Андрэй Палуда думае, што пакуль рана гаварыць пра «мараторый дэ-факта» на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі, бо прывядзеньне ў выкананьне сьмяротных прысудаў, якія набылі законную моц, можа адбыцца у любы момант.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Ільлю Косьцевых прыгаварылі да расстрэлу за забойства настаўніцы. Незадоўга да прысуду Лукашэнка назваў абвінавачаных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by