Ужо сёньня: Дзень нараджэньня мастака Ваньковіча. 21.by

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня мастака Ваньковіча

12.05.2021 06:24 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

Дата дня

12 траўня 1800 году нарадзіўся Валенці Вільгельм Ваньковіч, мастак, прыхільнік вызвольнага руху 1820-х.

Мару пра час, калі Полацкі ўнівэрсытэт канчаткова ўладкуецца ў старадаўніх мурах колішніх езуіцкіх калегіюму й Акадэміі, а ў ягоных дворыках студэнты й прафэсура будуць сустракацца з сваімі знакамітымі бронзавымі папярэднікамі: паэтам і філёзафам Мацеем Казімерам Сарбеўскім, энцыкляпэдыстам Габрыелем Грубэрам, гісторыкам Канстанцінам Тышкевічам, пісьменьнікам Янам Баршчэўскім... Сярод іх неадменна будзе й помнік жывапісцу-рамантыку Валенцію Ваньковічу.

Ён скончыў факультэт вольных навук Полацкай alma mater у 1817-м, за тры гады да таго, як расейскія ўлады зачынілі яе як гняздо вальнадумства й апазыцыі. Бацькі выправілі сына працягваць навучаньне ў віленскіх мэтраў.

Як найбольш здольнаму вучню, прафэсар Ян Рустэм дазволіў Ваньковічу працаваць у сваёй майстэрні. Там ён стварае партрэты духоўна блізкіх яму людзей: Адама Міцкевіча, ягоных сяброў і знаёмых — удзельнікаў таемных таварыстваў філяматаў і філярэтаў.

Пазьней стасункі з антырасейскімі патрыятычнымі арганізацыямі не дазволяць мастаку атрымаць стыпэндыю на падарожжа ў Італію.

Зьявіўшыся ў Пецярбурскай акадэміі мастацтваў, ён небывала хутка атрымлівае ў расейскай сталіцы прызнаньне як найлепшы майстар партрэту.

У 1828-м нараджаецца ці ня самае значнае палатно Ваньковіча — «Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг». Адзін з сучасьнікаў пісаў: «Бачыў надзвычайны партрэт Міцкевіча... Зь яго б’е дзівоснае падабенства».

Такіх думак трымаўся, відаць, і герой партрэту, бо замовіў зь яго тры копіі.

Пасьля вяртаньня зь Пецярбургу быў дзесяцігадовы менскі пэрыяд, калі маёнтак і майстэрня Ваньковіча ў Малой Сьляпянцы зрабіліся галоўным мастацкім асяродкам гораду. Аднак Ваньковіч трапіў у неадольную духоўную залежнасьць ад харызматычнага фiлёзафа-містыка Андрэя Тавянскага, які лічыў Хрыста першым мэсіем, за якім ідуць наступныя, у тым ліку й ён сам.

Пад уплывам гэтага вучэньня Ваньковіч стварае славуты цыкль, прысьвечаны Напалеону, яшчэ аднаму «мэсію». Дарэчы, Тавянскі прадказаў адданаму вучню хуткую сьмерць у дзень нараджэньня.

Апошнія месяцы Валенці жыве ў Парыжы ў доме Адама Міцкевіча й памірае пры ім сапраўды ў дзень свайго зьяўленьня на сьвет.

Створаныя Ваньковічам выдатныя партрэты захоўваюцца ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Польшчы, Расеі... Ягоныя творы пачынаюць вяртацца і ў Беларусь. Першым такім палатном стаўся партрэт Тамаша Зана, набыты ў сваю калекцыю «Белгазпрамбанкам».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 38-39.

Таксама ў гэты дзень

1926 — Травеньскі пераварот у міжваеннай Польшчы, другі прыход да ўлады Юзэфа Пілсудскага.

1954 — Беларускую ССР прынялі ў ЮНЭСКА.

1976 — створаная Маскоўская Гэльсінская група — адна з найбольш вядомых праваабарончых арганізацый у СССР.

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня мастака Ваньковіча
Юры Арлоў, заснавальнік Маскоўскай Гэльсінскай групы

У гэты дзень нарадзіліся

1670 — Аўгуст Моцны, курфюрст саксонскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

1909 — Язэп Найдзюк, беларускі выдавец.

1931 — Уладзімер Бровікаў, у 1983-1986 старшыня Савету міністраў БССР.

1933 — Андрэй Вазьнясенскі, савецкі і расейскі паэт.

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня мастака Ваньковіча
Андрэй Вазьнясенскі

У памяці

1935 — Юзэф Пілсудскі, польскі дзяржаўны дзеяч, першы кіраўнік адроджанай у 1918 годзе Польшчы.

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня мастака Ваньковіча
Юзэф Пілсудскі

1970 — Уладзіслаў Андэрс, кіраўнік польскіх узброеных антынацысцкіх фармаваньняў у 1944–1945 гадах.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падзеі 12 траўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by