Што цяпер зь фігурантам «пінскай справы», у якога пры затрыманьні здарыўся сардэчны прыступ. 21.by

Што цяпер зь фігурантам «пінскай справы», у якога пры затрыманьні здарыўся сардэчны прыступ

10.06.2021 18:12 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пры затрыманьні ў 54-гадовага мужчыны здарыўся сардэчны прыступ. Яго дачка Анастасія расказала Свабодзе пра цяперашні стан бацькі.

«Па тату прыйшлі недзе праз тыдзень пасьля жнівеньскіх падзей, — расказвае пра перасьлед бацькі Анастасія. — Пры першай спробе завезьці яго ў Сьледчы камітэт ён адразу ж трапіў у шпіталь (там заразіўся каранавірусам. — РС). Перахваляваўся, стала дрэнна, і ён проста ў СК на крэслах і «зваліўся».

Пры наступнай паездцы ў Сьледчы камітэт Валянціну таксама зрабілася дрэнна. Ён зноў апынуўся ў бальнічнай палаце.

«Сьледзтва пачалося толькі недзе ў канцы верасьня — пачатку кастрычніка, — кажа Наста. — Праваахоўнікі разумелі, напэўна, што ў таты праблемы з сэрцам. Што яму ў адну сэкунду можа стаць дрэнна. Таму яны, мабыць, зьлітаваліся і пакінулі яго пад падпіскай аб нявыезьдзе».

У палаце з кратамі, прышпілены наручнікамі

24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, па Валянціна Колба зноў прыйшлі сілавікі. Падчас затрыманьня ў яго пачалася тахікардыя і здарыўся сардэчны прыступ. Яго адразу ж шпіталізавалі ў пінскую цэнтральную бальніцу.

«Там ён ляжаў у палаце з кратамі, прышпілены наручнікамі. Побач дзяжурыў канвой. Нікога староньняга ўсярэдзіну не пускалі. Тату дазволілі толькі пару разоў патэлефанаваць і перадаць запіскі родным з просьбамі», — кажа суразмоўца.

У дзень шпіталізацыі Валянціну Колбу правялі апэрацыю па стэнтаваньні каранарнай артэрыі (4 гады таму ён ужо перанёс інфаркт). Лекары сказалі, што пасьля выпіскі варта прайсьці дадатковае абсьледаваньне ў Берасьці або Менску. Пры гэтым самі мэдработнікі, па словах Анастасіі, туды накіраваньня яму ня выдалі.

«Лекар ня вельмі хацеў што-небудзь з намі абмяркоўваць. Можа, баяўся праблем ад пацыента, побач з палатай якога дзяжурыць міліцыя, — мяркуе суразмоўца. — Сказаў толькі, што мы яго стабілізавалі, а ўсё астатняе — плянавае. Няхай далей ён сам з усім разьбіраецца».

Пасьля паступленьня ў бальніцу Валянцін Колб праляжаў нейкі час у рэанімацыі і тыдзень правёў у аддзяленьні. Пасьля выпіскі Валянціна завезьлі ў Пінскі ІЧУ, адтуль перавялі ў Баранавіцкі СІЗА № 6. А напярэдадні суду зьмясьцілі ў Берасьцейскі СІЗА № 7.

Адвакат адгаворвае ад паездак у суд

Анастасія прызнаецца, што ня ў курсе таго, што адбываецца ў судзе. Ад паездак на паседжаньні яе і іншых сваякоў бацькі адгаворвае адвакат, дадае яна.

«Яна кажа: „Навошта вам лішні раз туды катацца, тата ваш, маўляў, сам ня хоча“. Цётка пытаецца: „Як гэта ён ня хоча, калі ён на першым паседжаньні нам махаў і ўсьміхаўся? Відаць было, што ён радаваўся і засумаваў“. Калі пытаем адваката, што там у судзе, яна адказвае: „Нічога цікавага, пакуль усё як звычайна“».

Могуць пазбавіць інваліднасьці

Анастасія прызнаецца, што надзвычай турбуецца за здароўе бацькі.

«У яго 3-я група інваліднасьці, і да 30 чэрвеня яе трэба падоўжыць. Начальнік мэдсанчасткі кажа, што згодна зь нейкай новай пастановай яны ня могуць яго цяпер завезьці ў паліклініку, каб прайсьці МРЭК і пацьвердзіць інваліднасьць. Быццам бы з прычыны каранавірусу».

Аднак, па словах Анастасіі, інвалідам, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, мэдкамісію можна прайсьці «завочна». Яна кажа, што калі ў бацькі адбяруць групу, то ў калёніі ў яго ня будзе палегчаных умоў працы. Яго таксама могуць пазбавіць пэнсіі (у Валянціна Колба на ўтрыманьні жонка і непаўналетняя дачка. — РС). Акрамя гэтага, могуць узьнікнуць і праблемы зь перадачай лекаў, якія да гэтага ён, сярод іншага, набываў па льготах. Валянціну таксама патрэбна яшчэ адна плянавая апэрацыя. Аднак, па словах Анастасіі, «ніхто ня хоча гэтым займацца».

«Не ў яго стылі пісаць пэсымістычныя лісты»

«Тата трымаецца. Піша, што адчувае сябе нармальна.Толькі схуднеў. Лекі, здаецца, атрымлівае. Не ў яго стылі пісаць пэсымістычныя лісты, ён ня любіць гаварыць аб праблемах. Пісаў, што робіць гімнастыку для шыі (у Валянціна шыйны астэахандроз. — РС), стараецца больш рухацца на прагулцы, чытае кнігі, — расказвае суразмоўца. — Наколькі я ведаю, у берасьцейскім СІЗА, у адрозьненьне ад Баранавіцкага, яму як інваліду дазволілі ляжаць. Але ён не карыстаецца гэтай магчымасьцю. Сядзеў у знак салідарнасьці з сукамэрнікамі».

Па словах Анастасіі, яе бацька перажывае з прычыны праблем з карэспандэнцыяй.

«Думае, што яму зусім ня пішуць. Але гэта ня так! Яму піша шмат людзей. Яны і са мной асабіста зьвязваюцца, просяць перадаць словы падтрымкі. Проста ў берасьцейскім СІЗА палітвязьням перадаюць карэспандэнцыю ў большасьці выпадкаў толькі ад сваякоў. І адказы на лісты даходзяць на працягу 2–3 тыдняў», — кажа Наста.

Дачка Валянціна прызнаецца, што не чакала, што так шмат людзей адгукнуцца на цяжкую гісторыю яе бацькі і будуць аказваць вялікую падтрымку яго сям’і.

Суды над новымі 12 фігурантамі «пінскай справы» (адзін з абвінавачаных у суд не зьявіўся. — РС) праходзяць з 31 траўня ў Берасьці. Пінчукоў вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу). Ім пагражае ад 3 да 8 гадоў турмы.

30 красавіка першай групе фігурантаў ужо прысудзілі ад 5,5 да 6,5 года пазбаўленьня волі. 14 палітвязьняў таксама мусяць выплаціць каля 201 тысячы рублёў кампэнсацыі пацярпелым сілавікам і чыноўнікам.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Інвалід 3-й групы Валянцін Колб — адзін з 12 новых фігурантаў «пінскай справы». Яму пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.
 
 
 


Архив (Разное)