«Акцыі адбываюцца пастаянна». Актывісты пратэставага падполля распавялі пра сваю барацьбу. 21.by

«Акцыі адбываюцца пастаянна». Актывісты пратэставага падполля распавялі пра сваю барацьбу

11.06.2021 07:58 — Разное | Белсат  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Белсат

Вялікіх вулічных акцыяў пратэсту ў Менску не было з лістапада 2020 года, аднак лакальныя акцыі (дваравыя маршы, флэш-мобы ды іншыя формы пратэставай актыўнасці) не спыняюцца, нягледзячы на рэпрэсіі з боку сілавікоў. Прадстаўнікі пратэставага аб’яднання Фрунзенскага раёну Менску на ўмовах ананімнасці пагадзіліся распавесці пра сваю дзейнасць.

– Ці вялікая ў вас суполка? Колькі чалавек у ёй?

– Мы складаемся з дзясяткаў асобных чатаў. Мы ніколі не ставілі сваёй мэтаю колькасць удзельнікаў. Для нас самае важнае – гэта тэрытарыяльны ахоп. Акрамя гэтага, мы маем кантакты і з суполкамі па ўсёй краіне, і з іншымі ініцыятывамі ды групамі грамадзянаў.

– Як даўно вы пачалі самарганізоўвацца?

– Мы аб’ядналіся праз пару месяцаў пасля пачатку пратэстаў. Менавіта тады ўзнікла ў гэтым неабходнасць і прыйшло ўсведамленне, што толькі разам мы сіла. І чым нас больш, тым мы мацнейшыя.

А ў цэлым развіццю спрыяе сам рэжым. Чым больш яны спрабуюць знайсці міфічнага каардынатара ў адзіным арганізме, які больш нагадвае птушыную зграю, чым іерархічную піраміду, тым больш эвалюцыянуе падполле.

Пратэстоўцы прайшлі па вуліцы Прытыцкага, выкарыстоўвалі дымавыя шашкі чырвонага і белага колераў, машыны сігналілі на падтрыманне. 15 красавіка 2021 года. Менск, Беларусь. Фота: АК / Белсат

– Як часта вы ладзіце акцыі ды якія яны?

– Некаторыя моманты дзеля бяспекі мы, на жаль, не можам агучваць. Але можам сказаць, што акцыі адбываюцца пастаянна, яны бесперапынныя. Некаторыя з іх больш маштабныя, некаторыя менш. Усе яны так ці інакш накіраваныя на зрынанне рэжыму, усе прымушаюць сістэму працаваць на знос.

– Як вы рыхтуецеся да акцыяў? Ці ёсць нейкія правілы бяспекі, канспірацыі, якія вы абавязкова выконваеце?

– Несумненна. Мы жывём на акупаванай тэрыторыі, дзе кожны жыхар сутыкаецца з небяспекаю, пагатоў актывіст. Мы не можам дазволіць сабе быць нядбайнымі і неасцярожнымі. Самае галоўнае правіла – не пакідай слядоў: як у рэальным свеце, так і онлайн.

– Ці часта сілавікі праводзяць аблавы і разганяюць вашыя акцыі?

– Сілавікі пастаянна праводзяць аблавы. Мы дзівімся, як вецер, які яны ствараюць, бегаючы туды-сюды, не змяніў клімату. Але не. Ім, як правіла, не шанцуе, мы б не рабілі на іх стаўку.

Часцей яны, наадварот, атрымліваюць па шапцы, прапусціўшы акцыю. І тады, для стварэння бачнасці, яны ловяць нібыта ўдзельнікаў, нібыта арганізатараў, а насамрэч выпадковых людзей.

– Telegram-чаты застаюцца галоўным сродкам каардынацыі вашых акцыяў? Ці з’явіліся нейкія новыя сродкі?

– Telegram – несумненна, бацька каардынацыі рэвалюцыі. Статыстыка прыросту карыстальнікаў з Беларусі гэта выдатна паказвае. Але так, новыя спосабы камунікацыі таксама ёсць, і яны толькі працягнуць развівацца.

– У чым сэнс цяпер ладзіць лакальныя дваравыя акцыі, улічваючы, што вялікія маршы ўжо даўно не праводзяцца? Якая вашая галоўная матывацыя?

Матывацыя, напэўна, ува ўсіх адна: нам усім надакучыла жыць у дзяржаве, якая працуе на адну сямʼю, дзе няма месца вяршэнства права, дзе аб тваіх дзяцей могуць выцерці ногі толькі таму, што ў іх іншыя погляды. Ахвяры не павінны быць марнымі. Кропка невяртання пройдзеная. Таму нашыя патрабаванні нязменныя: вызваленне палітвязняў, прыцягненне вінаватых да адказнасці, адыход Лукашэнкі і новыя выбары.

– Ці страшна працягваць выходзіць на акцыі ва ўмовах татальнага тэрору?

Не баіцца толькі дурань, але моцны пераадольвае страх. Мы заклікаем усіх быць вернымі сабе. Можна падмануць іншых, але падмануць сябе нельга. І мы не можам маўчаць, мы працягнем дзеяць.

Дваравыя пратэсты, Менск, 12 снежня 2020 г. Фота: ТК / Белсат

– Што павінна адбыцца, каб вы перасталі выходзіць? Ці ёсць нейкая «чырвоная лінія»?

Безумоўна. Мы спынімся, калі нашыя патрабаванні будуць выкананыя. І нават тады мы выйдзем святкаваць. І нам страшна ўявіць, наколькі гэтае святкаванне зацягнецца. У горадзе дакладна наступіць калапс.

– Як вы лічыце, што павінна адбыцца, каб на пратэсты зноў выйшлі сотні тысяч беларусаў?

Сотні тысяч беларусаў тут. Ніхто нікуды не знік. Меркаванні адносна таго, што павінна адбыцца, розняцца. Таму мы працуем па ўсіх кірунках. Аднак мы ўсе сыходзімся ў тым, што першаснае – гэта абʼяднанне. І гэта адзін з ключавых нашых кірункаў. А трыгерам для выхаду будзе сам узурпатар, хутчэй за ўсё. Ніхто не зробіць гэтага лепш, чымся ён сам.

Жыхары Кунцаўшчыны прайшлі маршам па вуліцы Прытыцкага, выкарыстоўвалі дымавыя шашкі. 15 красавіка 2021 года. Менск, Беларусь. Фота: АК / Белсат

– Як вы ставіцеся да Святланы Ціханоўскай і ейнай каманды? Ці чакаеце вы ад Ціханоўскай нейкіх рашэнняў, нейкага плану перамогі? А можа, лічыце, што варта разлічваць толькі на сябе?

– Мы лічым, што ўсе абʼяднанні беларусаў павінны злучацца паміж сабою, дзеяць дзеля адной мэты – змены рэжыму, спынення рэпрэсіяў і вызвалення палітычных вязняў, правядзення новых, адкрытых выбараў. У гэтым сэнсе спадарыня Святлана і ейная каманда мусіць працаваць у тым ліку на абʼяднанне ўсіх ініцыятываў. Сіла беларусаў – у адзінстве, гэта відавочна ўсім. Як зверху, так і знізу генеруюцца ідэі для дасягнення агульнай мэты. Таму такая камунікацыя таксама неабходная.

Цяпер усё ідзе добра. Хай павольна, але ўпэўнена мы крочым да перамогі. І каб паскорыць гэты працэс, патрэбная каардынацыя каманды Ціханоўскай з іншымі дэмакратычнымі структурамі ды актывістамі двароў.

Дваровыя чаты прыраўняюць да экстрэмісцкіх фармаванняў?

ІІ belsat.eu

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прадстаўнікі пратэставага аб’яднання Фрунзенскага раёну Менску на ўмовах ананімнасці пагадзіліся распавесці пра сваю дзейнасць.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by