Юры Гарулёў, прафэсіянал, які ня ўмеў гараваць. 21.by

Юры Гарулёў, прафэсіянал, які ня ўмеў гараваць

14.06.2021 12:24 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

Першае, што прыходзіць на памяць пра Юру — усьмешка, радасная прыязнасьць, якая прыцягвала да яго на здымачных пляцоўках, на мастацкіх нарадах, на прэм’ерах і за сяброўскім застольлем.

Яго найлепшым часам было нараджэньне свабоды — бліскучая праца з геніяльным Аркадзем Рудэрманам у 1980-я (фільм «Тэатар часоў перабудовы і галоснасьці» і іншыя), яны і ў аварыю, якая забрала жыцьцё Аркадзя, патрапілі разам, у адной машыне на горнай дарозе Таджыкістана, дзе здымалі вайну.

Неяк у адказ журналісткі на пытаньне пра самыя значныя падзеі, якія ён здымаў, ён расказаў пра працу ў Армэніі, дзе ў 1989 мы разам рабілі кіно пра землятрус («Цавэд Танэм. Фрагмэнты трагедыі», рэжысура Міхаіла Жданоўскага, я быў аўтарам сцэнару, Юра апэратарам, Ірына Дзям’янава рэдактарам). Юра запомніў салодкі трупны пах, які заліў руіны Ленінакана, людзей, якія кідаліся выцягваць ня мёртвыя целы, а золата і грошы, ціхі вой жанчын, і як у першую ж ноч мы выпілі ўсю гарэлку, якую прывезьлі, каб не замерзнуць у гарах сьнежаньскімі начамі. Гэта быў успамін не апэратара, не рэжысэра, ня ўдзельніка вандроўнай кінагрупы, а чалавека, які глыбока адчувае драму і трагізм жыцьця. Таму, верагодна, і фільм аказаўся найлепшым з усіх, што зьнялі пра той землятрус.

18 жніўня 1991 разам з Юрам і Сяргеем Навумчыкам мы сустрэліся і ўвесь вечар путчу зь нейкім радасным адчаем рыхтаваліся да заўтрашніх здымкаў, магчыма, апошніх. Мы рабілі фільм па маім сцэнары, «Дэпутаты» — і тры наступныя дні сталі ці не адзінай дакумэнтальнай хронікай беларускага супраціву.

Сяргей, які быў адным з герояў фільма, правёў нас у Дом ураду, у кабінэт апазыцыі, і ў фільме ёсьць кадры, якія і зараз стаяць перад вачыма: рэзкі профіль Зянона Пазьняка, рашучая Галіна Сямдзянава, упарты рух Сяргея Антончыка... Дэпутаты выходзяць з пакоя ў прыцемак шырэзнага калідору і крочаць па зігзагах мармуравай лесьвіцы, паварочваюць, спускаюцца па адным і, адціскаючы сілавое поле канаючай улады, выходзяць пад адкрытае неба гісторыі. У гэтай сцэне, зьнятай адным кадрам, фізычна клубіцца час, нейкія цёмныя пласты спаўзаюць са сьцен сталінскага гмаху, мінулае сьцякае як густы сыроп і ашмяткамі застаецца на прыступках, па ім хлюпаеш як па глеі, вязнучы і прасьлізгваючы, як у нямым кіно — пад неба будучыні.

Юры Гарулёў меў шчасьлівую здольнасьць не гараваць — ня ставіцца занадта сур’ёзна да праблемаў і перашкодаў. Беднае кіно наша заўсёды складалася з праблемаў, то грошай няма, то стужкі, то апэратар спазьніўся, то начальства памянялася, то рэйс адмянілі, то героя арыштавалі. Невырашальныя праблемы Юры вырашаў лёгка, бяз драмы, а калі не — ішоў далей. Сьвет складаецца не з тупікоў, а з новых дарог.

Яго патрабавальны рэдактар і суаўтар, адданая кіно Іра Дзям’янава не цярпела халтуры, і Юра разумеў гэтую мову прафэсіяналізму — яны маглі вяртацца і пераздымаць, пераагучваць, ён мог праводзіць даўгія гадзіны ў мантажных, ганяючы стужку туды-назад, выбіраючы кадры, аддаючы і адсякаючы, падкладаючы гук, музыку, пакуль не знаходзіўся ляканічны і выразны мантажны эпізод. Гэта быў дадыгітальны пэрыяд, канечне. Ня ведаю чаму, але Юравы вялікія працы канца 1980-х пачатку 1990-х не пазначаны ў артыкуле ў Вікіпэдыі.

Я быў на здымках зь ім у Парыжы і Курапатах, на землятрусе ў Армэніі і ў бібліятэцы Скарыны ў Лёндане, у маскоўскім шпіталі і чарнобыльскай царкве. Апошнія чвэрць стагодзьдзя мы жылі ў розных краінах і не працавалі разам.

Але сёньня перад вачыма ноч 18 жніўня 1991. Мы зь Юрам, сябрамі, сядзім у мяне дома ў Менску, з тэлевізара лезуць у пакой нейкія чорныя згусткі сукравіцы, як зь яшчэ ненапісанага і нязьнятага фільма пра Гары Потэра. На стале пустыя бутэлькі, халодныя макароны, за вакном жнівеньская густая ноч, але ніхто не зьвяртае ўвагі на час — энэргія маладога вясельля, бясстрашнага і лятучага, здольнага лёгка стаць перад танкамі з камэрай, зь мікрафонам, з усьмешкай. Усё яшчэ заўтра.

Усё ўжо ўчора.

Хоць не — і сёньня таксама.

В.П.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
13 чэрвеня, на 78-м годзе жыцьця, памёр беларускі кінарэжысэр і апэратар Юры Гарулёў.
 
 
 


Архив (Разное)


© 2021 21.by