Для каго паказалі Пратасевіча на «прэс-канфэрэнцыі» і чаму яго словы ня шчырыя. Распавядаюць яго сябар, былы сілавік і палітоляг. 21.by

Для каго паказалі Пратасевіча на «прэс-канфэрэнцыі» і чаму яго словы ня шчырыя. Распавядаюць яго сябар, былы сілавік і палітоляг

15.06.2021 16:36 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна: журналіст BBC Джона Фішэр пакінуў залю прэс-канферэнцыі, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.

Выступаючы перад журналістамі, Пратасевіч заявіў, што зь ім усё ў парадку, назваў сваіх бацькоў і сваю дзяўчыну Соф’ю Сапегу закладнікамі сытуацыі і распавёў аб расчараваньні ў лідэрах пратэсту. Сінякі на руках ён патлумачыў сьлядамі «сьцяжак», якія выкарыстоўвалі сілавікі пры яго затрыманьні, — нібыта гэта паказвае, што яго затрымлівалі звычайныя міліцыянты, якія выпадкова апынуліся побач.

Чаму выступленьне перад журналістамі чалавека, які фактычна знаходзіцца ў закладніках, нельга ўспрымаць сурʼёзна і дзеля чаго ўладам Беларусі гэтая пастаноўка, тэлеканалу «Настоящее время» расказалі сябар Пратасевіча, журналіст Аляксандар Атрошчанкаў, экс-начальнік аддзела ГУБАЗіК, прадстаўнік ByPol Аляксандар Азараў і палітоляг Павал Усаў.

Аляксандр Атрошчанкаў: «Ён выдатна разумее, што ён у палоне»

— Вядома, глядзець гэта было цяжка ў нейкім сэнсе, зь іншага боку, быў рады ўбачыць Рамана, што ён больш-менш у здароўі, што ён добра фізычна сябе адчувае, што ён жывы, у рэшце рэшт.

Трошкі па-дурному і наіўна цяпер казаць аб яго згодзе нешта гаварыць. Вядома, яго воля цяпер падаўленая, ён не прымае гэтых рашэньняў. Само па сабе яго зьяўленьне на гэтым брыфінгу кажа пра тое, што гэтая сытуацыя знаходзіцца па-за прававым полем, таму што ніякімі працэсуальнымі дзеяньнямі нейкія брыфінгі, удзел у прэс-канфэрэнцыях фігурантаў крымінальнай справы не прадугледжана.

Вядома, ён нэрвуецца, вядома, на яго аказваецца ціск, вядома, ён адчувае на сабе адказнасьць за лёс сваёй сяброўкі Софʼі Сапегі. Так, гэта цалкам відавочна.

Вядома, ён стараецца паводзіць сябе найбольш адэкватна ў сытуацыі, якая склалася, але імкнецца не зрабіць нікому дадатковых непрыемнасьцяў. І, вядома, ён імкнецца выкарыстаць сытуацыю [у сваю карысьць]. Ён выдатна разумее, з таго, што я бачу, у якой сытуацыі ён апынуўся, i стараецца дзейнічаць адпаведна ёй.

Тое, што кажуць пра тое, што яго рэакцыя шмат у чым штучная, — гэта, вядома, праўда. Але, зь іншага боку, я бачу, што ён выдатна разумее сваё цяперашняе становішча, што, па-першае, ён у палоне, па-другое, ён усё яшчэ можа выратаваць і сваё жыцьцё, і жыцьцё Сапегі, і нешта зрабіць для сваёй краіны. Мы ж ня будзем цяпер абмяркоўваць нейкія прапагандысцкія штампы.

Ёсьць такое меркаваньне, што сама гэтая канфэрэнцыя — гэта як катаваньне. Я зь ім шмат у чым згодны. Калі б Пратасевіч ня быў маім сябрам, я б, напэўна, не глядзеў гэтую прэс-канфэрэнцыю, але мне было важна даведацца, што ён жывы, што больш-менш здаровы.

У СІЗА, ведаеце, вельмі шмат штукароў, вельмі шмат мэтадаў, якія адпрацоўваліся, можна сказаць, тысячагодзьдзямі, таму што там хлопцы добра ведаюць сваю справу, яны вывучалі досьвед папярэдніх падобных сыстэм. Напрыклад, тое, што Раман кажа, што яго не чапаюць пальцам, — гэта абсалютна ня значыць, што да яго не ўжываюцца катаваньні, таму што ёсьць вельмі шмат мэтадаў зламаць чалавеку цалкам псыхіку, не датыкаючыся да яго.

Аляксандар Азараў: «Сьцяжкі ўжывае толькі спэцназ, і ён іх стаў ужываць толькі на выбарах»

— Вы паведамлялі ў тэлеграм-канале ByPol аб тым, што нос Пратасевічу зламаў асабіста Лукашэнка. Сам Пратасевіч на брыфінгу на гэтую інфармацыю адрэагаваў сьмехам. Патлумачце, калі ласка, адкуль у вас такая ўпэўненасьць у датычнасьці Лукашэнкі да катаваньняў Пратасевіча?

— Наогул жа сьмех Пратасевіча быў найграным — гэта было відаць адразу. Мы маем свае крыніцы ва ўсіх праваахоўных органах Беларусі. І таму літаральна пару дзён таму была атрымана інфармацыя аб тым, што менавіта грамадзянін Лукашэнка зламаў яму нос.

Мы прааналізавалі інфармацыю і ўспомнілі, што пасьля затрыманьня Пратасевіча картэж грамадзяніна Лукашэнкі быў заўважаны каля СІЗА. Мы тады не маглі зразумець, што ён там мог рабіць і з кім сустракацца. А цяпер была атрымана інфармацыя як раз ад некалькіх крыніц, таму мы яе далі ў свой телеграм-канал, што менавіта Лукашэнка зламаў яму нос. Таксама выклікаўся яму лекар з Рэспубліканскага клінічнага цэнтру кіраваньня справамі прэзыдэнта, і ўсе ведаюць, што ў гэтым цэнтры не абслугоўваюцца простыя грамадзяне, а тым больш тыя, якія знаходзяцца пад вартай.

— Калі верыць гэтай інфармацыі, як вы лічыце, для чаго Лукашэнку спэцыяльна самому асабіста прыяжджаць да Пратасевічу і там зьбіваць яго?

— Інфармацыя, вядома, шакавальная, але чаму цяпер зьдзіўляцца, калі пасадзілі самалёт з Пратасевічам. А калі ўспомніць, як грамадзянін Лукашэнка ўпершыню стаў дэпутатам — у дачыненьні да яго, гэта вядомая інфармацыя, была ўзбуджаная крымінальная справа за прычыненьне цялесных пашкоджаньняў трактарысту калгасу, дзе ён быў дырэктарам. І ён стаў дэпутатам, каб атрымаць недатыкальнасьць, і гэтая крымінальная справа была спыненая. Вы думаеце, што людзі з часам мяняюцца або становяцца лепшымі? Я сумняваюся ў гэтым.

— Раней Рамана Пратасевіча паказвалі на допытах і ў запісах на беларускім тэлебачаньні. Цяпер яго вывелі літаральна ў прамы эфір. Якія ў вас былі адчуваньні ад гэтага так званага брыфінгу?

— Увогуле гэта беспрэцэдэнтна, каб чалавек, зьняволены пад вартай, разьяжджаў па розных студыях і даваў інтэрвію. Такога раней не было. Цяпер, я думаю, яго выкарыстоўвае КДБ для прапаганды. Я прагледзеў, вядома, ня ўсе, таму што, калі шчыра, брыдка глядзець, як ён адказвае на пытаньні. Я разумею, як зь ім працуюць.

— Як зь ім працуюць?

— Мы выпусьцілі відэа, як працуюць супрацоўнікі МУС у камэрах з затрыманымі, можна прагледзець. Да яго ўжываецца ўсемагчымы калі не фізычны гвалт, то маральна-псыхалягічны. Гэта значыць чалавека могуць апускаць у камэрах, яго могуць прымушаць спаць, прашу прабачэньня за гэтае слова, у парашы, на падлозе, есьці, як сабака, на падлозе, не саджаючы за стол з усімі. Гэта значыць чалавека зьневажаюць, яму літаральна кажуць: «Калі хочаш, мы цябе перавядзем у іншую камэру, і ў цябе ўмовы будуць нармальныя», — і ён будзе рабіць што хочаш. Я ўпэўнены на тысячу адсоткаў, што з Пратасевічам ідзе такая праца.

Зь ім працуюць псыхолягі КДБ. І я прама ўяўляю, што перада мной сядзіць супрацоўнік КДБ і адказвае на пытаньні. Гэта адказы не Пратасевіча — гэта адказы супрацоўнікаў КДБ. Гэта значыць яму даюцца асноўныя накірункі адказаў, ён іх вучыць. Я ведаю, што пішуцца нават тэксты, аддаюцца ў камэру, чалавек сядзіць, чытае і запамінае. Любы няправільны адказ будзе пакараны, таму ён і сьмяецца так напружана, робіць выгляд, што яму сьмешна, але рэальна яму ня сьмешна. І яму не пазайздросьціш.

— Раман на брыфінгу паказваў свае рукі — можна было бачыць, што сапраўды раны на руках гояцца. Як вы лічыце, хоць бы нейкі час да гэтага брыфінгу Рамана маглі не зьбіваць?

— Калі ён упершыню распавядаў пра сваё затрыманьне, ён сказаў, што яго сустракаў спэцназ. Цяпер ён распавядае, што яго сустракалі звычайныя міліцыянты, у якіх нават не было з сабой наручнікаў. Дык гэта абсурд. Усе міліцыянты, якія заступаюць на службу, у іх ёсьць службовыя кайданкі, якія ў іх мацуюцца на рамяні. Такога быць ня можа. А вось гэтыя так званыя сьцяжкі ўжывае толькі спэцназ, і ён іх стаў ужываць толькі на выбарах. У нас ёсьць нават дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што АМАП падчас выбараў закупляў сотнямі гэтыя сьцяжкі ў будаўнічых крамах.

То бок, калі ў яго былі сьцяжкі на руках, як ён кажа, то адназначна гэта быў СОБР, «Алмаз» альбо іншыя спэцслужбы, але ніякія не звычайныя міліцыянты. І гэтыя сьцяжкі ўжываюцца не для таго, што не было наручнікаў у іх раптам чамусьці. Гэта якраз для прычыненьня нейкіх пакут фізычных. Гэта можна прыраўняць да катаваньняў. Чалавеку гэтыя сьцяжкі зацягваюцца так, што ён адчувае пастаянную боль.

— Пратасевіч выказаў надзею, што яшчэ будуць сустрэчы з журналістамі. Ці можна казаць, што чым больш пераканаўча будзе Раман, тым больш шанцаў, што ён захавае жыцьцё і сабе, і Софʼі Сапезе?

— Вядома, але лепш, безумоўна, знаходзіцца на брыфінгу, чым сядзець у камэры пад прэсам. Разумееце, так? Яму кожны выезд адтуль — гэта як шчасьце. Ён сядзіць у камэры, паддадзены штохвілінна пакутам, а тут яго вывозяць. Вы ж разумееце, каб яго вывезьці — гэта працэс. Яго вязуць у студыю, грыміруюць, даюць заданьні, маюць зносіны некалькі гадзін, потым той жа самы брыфінг. Ён на цэлы дзень зьяжджае з гэтай камэры і, можна сказаць, што ён нават шчасьлівы ад таго, чаго пазбавіўся.

Павал Усаў: «Культывацыя зьмененай сьвядомасьці важная для таталітарнай сыстэмы»

— Сыстэма, як правільна сказаў Аляксандар, мае досьвед практычна стогадовы, калі ўзяць пад увагу тое, што рабілі службы Савецкага Саюзу — ГПУ, НКВД. І асноўная задача такой сыстэмы — гэта ня проста зламаць чалавека, гэта вывернуць яго навыварат, зрабіць зь яго калі не прыхільніка ўласнай жа сыстэмы, то, па меншай меры, чалавека, які будзе яе хваліць.

І гэта шмат у чым нагадвае раман Орўэла «1984», дзе паказаны тыя мэтады, яны ўзятыя менавіта з практыкі савецкіх службаў — НКВД, — калі настолькі жорстка пры ўжываньні абсалютна бесчалавечных мэханізмаў узьдзеяньня фізычнага, псыхалягічнага чалавека прымушаюць быць прыхільнікам сыстэмы, якая яго ж прыніжала, яго ж ламала, яго ж зьнішчала.

Можна нават успомніць — гэта ня тычыцца Рамана Пратасевіча — вобраз, які ўбіваўся савецкім людзям, савецкім дзецям, Паўліка Марозава, які для сыстэмы здаў свайго бацьку, здаў сваіх сваякоў. І такіх Паўлікаў Марозавых, на жаль, у савецкай сыстэме былі сотні, калі ня тысячы. Вось гэтая культывацыя зьмененай сьвядомасьці была важная для такой таталітарнай сыстэмы.

І ў Беларусі адбываецца тое ж самае. Гэта ня тычыцца толькі Рамана Пратасевіча, які знаходзіцца ў абсалютна жудасных, безумоўна, з пункту гледжаньня акружэньня, псыхалягічнага стану, умовах. Гэта тычыцца тых людзей, якія сьвядома працуюць на сыстэму. Паўлікі Марозавы ўжываюць мэтады гуманітарызацыі чалавечага зьнішчэньня, дэгуманізацыі ў адносінах да сваіх супернікаў.

І мне здаецца, што гэта ўзьдзеяньне на Рамана і ўсё, што мы бачым у беларускім тэлебачаньні, гэта важна не для зьнешняга сьвету і нават не для апанэнтаў рэжыму — гэта важна перш за ўсё для тых, хто працягвае выкарыстоўваць злачынныя мэтады зьнішчэньня праціўнікаў, гэта значыць для прыхільнікаў Лукашэнкі. Вось гэтае разьвянчаньне гераізму, зьнявагі, зламаны чалавек павінен натхніць усіх «ябацек» для таго, каб яны працягвалі дзейнічаць так, як яны дзейнічаюць. Таму што ў асноўным, як мы бачым, увесь прэсінг Рамана зьвязаны ня з тым, каб ён прызнаў Лукашэнка нейкім героем, а выкарыстоўваецца для таго, каб паказаць, што яго зламалі.

У мяне склалася ўражаньне, што Пратасевіч ужо, магчыма, сам верыць у свае словы. Магчыма, гэта зьвязана менавіта з той пераўзбуджанасьцю або тым станам, у які ён быў уведзены, і я гэта хутчэй пісаў ня толькі пра Пратасевіча — я якраз пісаў пра тыя практыкі, якія даводзяць чалавека да стану, калі ён верыць у тое, што два плюс два не чатыры, а пяць. Гэта, зноў жа, зьмяненьне і выварочваньне сьвядомасьці, калі пачынаюць спрацоўваць — гэта ўжо хутчэй пытаньне да псыхолягаў, псыхіятраў — ахоўныя элемэнты ў сьвядомасьці. Для таго, каб захаваць сябе ў нейкай цэласнасьці, людзі пачынаюць верыць у паралельную рэальнасьць.

Гэта ўсё не скіравана на зьнешні сьвет, таму што там настолькі ўсё ўжо разбурана, можна ўспомніць нават папярэдні выступ Макея на той жа праграме «Контуры» на АНТ, калі ён проста назваў Літву дзяржавай-пігмэем, заходніх амбасадараў назваў людзьмі без мазгоў. То бок тут ужо ніякай дыпляматыі няма. Дыпляматыя ўжо даўно стала элемэнтам прапаганды.

І тое ж пытаньне, якое было вынесенае з вывазам беларускіх палякаў за мяжу, — гэта паказвае, што была нейкая дамоўленасьць, дэзавуюе нейкія моманты, зьвязаныя з тым, як гэта дасягалася. Але гэта ўсё паказвае на тое, што ў прынцыпе мэтады нармальных узаемаадносін зьнішчаны.

Яшчэ да гэтага давайце дакладзем і мэтанакіраванае стварэньне міграцыйнага крызісу на межах зь Літвой, калі проста — ёсьць інфармацыя з Іраку і іншых краін — групамі дастаўляюць мэтанакіравана жыхароў гэтых краін і проста высылаюць у Эўразьвяз з тым, каб стварыць гэтую напружанасьць. Таму тут ужо мы маем справу з цалкам агрэсіўнай, дэструктыўнай палітыкай беларускіх уладаў, якая разьлічаная толькі выключна на дэманстрацыю таго, што Лукашэнка няма чаго губляць і ён гатовы выкарыстоўваць самыя абсурдныя, самыя дэструктыўныя мэтады барацьбы або супрацьстаяньня Захаду.

Я думаю, што да Пратасевіча, як і да ўсіх палітычных зьняволеных, якія сёньня знаходзяцца пад такім жорсткім прэсінгам, трэба ставіцца выключна са спачуваньнем і выказваць падтрымку. Незалежна ад таго, ці ёсьць шчырасьць у словах Пратасевіча ці не, мы разумеем, што сытуацыя цалкам нетрывіяльная. Гэта сытуацыя, якая паказвае, хутчэй за ўсё, які ёсьць на самай справе рэжым Лукашэнкі, і гэта яшчэ раз паказвае і даказвае, што гэта злачынны рэжым.

І чалавечыя слабасьці, чалавечыя душы гэтыя рэжымы будуць выкарыстоўваць выключна для апраўданьня сваіх дзеяньняў. І наша задача — і аналітыкаў, і журналістаў, і проста людзей — рэальна глядзець на тое, чым ёсьць гэты рэжым. Гэта рэжым антычалавечны, антыгуманны, рэжым злачынны, які павінен прайсьці поўны працэс люстрацыі і асуджэньня пасьля пераменаў.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

Для каго паказалі Пратасевіча на «прэс-канфэрэнцыі» і чаму яго словы ня шчырыя. Распавядаюць яго сябар, былы сілавік і палітоляг

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падчас арганізаванай МЗС Беларусі прэс-канфэрэнцыі з нагоды вымушанай пасадкі Ryanair сілавікі нечакана прывялі ў залю Рамана Пратасевіча і папрасілі яго...
 
 
 


Архив (Разное)