«У такіх людзях, як беларусы, вера не памірае». Парады псыхатэрапэўткі тым, хто вымушана пакінуў краіну. 21.by

«У такіх людзях, як беларусы, вера не памірае». Парады псыхатэрапэўткі тым, хто вымушана пакінуў краіну

20.06.2021 11:12 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

Даведаліся, як дапамагчы сабе і блізкім у крызісных сытуацыях, як пазбавіцца пачуцьця віны за сваю бясьпеку і чаму важна жыць тут і цяпер, не губляючы веры ў хуткае вяртаньне дамоў.

«Беларусы пражываюць цяпер сур’ёзны посттраўматычны сындром»

Алена Пэтрыў — псыхоляг з Украіны. Цяпер яна жыве ў Польшчы і працуе зь беларусамі — і ў самой Беларусі, і з тымі, хто вымушаны быў зьехаць.

«Я пачала пільна сачыць за тым, што адбывалася ў Беларусі. І ў Польшчы шмат беларусаў пра гэта расказвалі. Для мяне тэма была вельмі блізкая, бо я з Украіны, і я разумела, што мы дзесьці пражывалі нешта падобнае, як пасьля выбараў у Беларусі, як быццам гэта быў такі кіеўскі Майдан. Але потым гэта перарасло ў абсалютна нешта іншае, што мяне яшчэ больш абурала. Усё больш беларусаў у мяне на тэрапіі пачалі гэтыя тэмы ўздымаць. Я зразумела, што не магу пагадзіцца з гэтым жахам, я вельмі хацела дапамагаць, хаця б псыхалягічна. Я адчувала велізарную несправядлівасьць і не магла сабе дазволіць, каб я ў гэтым ня ўдзельнічала. Для мяне гэта было вельмі важна, гэта быў мой абавязак», — кажа Алена Пэтрыў.

Алена заўважае, што пасьля жніўня псыхалягічная сытуацыя ў Беларусі пачала кардынальна адрозьнівацца ад украінскай.

«Уцекачы з Украіны мелі права застацца, атрымаць нейкую псыхалягічную дапамогу ў сваёй ці іншых краінах. Беларусы ж ня могуць атрымаць гэтай бясьпекі, дапамогі, гэта страх ва ўсёй краіне. Уся краіна стала вялікім канцлягерам. У нас ва Ўкраіне не было такога, што пастаянна ўсіх маглі пасадзіць, а ў Беларусі гэта і адбываецца. Усе баяцца сказаць што-небудзь ці нават неяк ня так апрануцца. Гэта перасьлед людзей ня толькі праз палітычныя моманты, але нават па ідэнтыфікацыі. Ва Ўкраіне такога не было. Я думаю, што беларусы пражываюць цяпер сур’ёзны посттраўматычны сындром, які мае больш складаную структуру, чым гэта было ва Ўкраіне».

Паміж рэлякацыяй з уласнага жаданьня і вымушанай ёсьць вельмі вялікая розьніца, лічыць псыхоляг.

«Адна з маіх пацыентак апісала, як яна ўспрымала свой пераезд: „я адчуваю сябе як дрэва, якое вырвалі з каранямі“. Вымушанае перасяленьне, эміграцыя, па сутнасьці, — вырываньне таго ж дрэва з каранямі ад зямлі, дзе яно расло пастаянна. Калі эміграцыя ўсьвядомленая, чалавек разумее, што ён робіць, і ў яго ёсьць выбар. На жаль, у вымушанай эміграцыі няма выбару».

«Найлепшае — гэта прыняцьце і час»

Шмат хто з рэлякантаў, якія толькі нядаўна прыехалі, кажуць пра адчуваньне пастаяннага страху, калі чуюць сырэны хуткай, бачаць паліцыю ці цёмныя бусы, падобныя да тых, зь якіх выскоквалі сілавікі падчас пратэстаў ці якія прыяжджалі на вобшукі.

«Першае — важна даць чалавеку перажыць гэта, каб ён зразумеў, што зь ім адбываецца. Гэта абсалютна нармальная рэакцыя арганізму, гэта тое ж самае, як стукнуць па назе і нага паднімецца, — тлумачыць Алена. — Псыхіка рэагуе гэтаксама, гэта інстынкт самазахаваньня. Калі чалавек пераяжджае ў іншую краіну, памяць псыхалягічная застаецца, і яе нельга зьмяніць нейкімі тэхнікамі за пару дзён».

Псыхоляг раіць у такіх момантах шукаць рэсурсы бясьпекі.

«Камусьці я прапаную насіць каменьчык. То бок, калі чалавек адчувае нейкую небясьпеку, ён надзяляе каменьчык бясьпекай. Напрыклад, калі я трымаю яго ў руцэ, я разумею, што я ў бясьпечным месцы, са мной нічога не адбываецца. Чалавек можа працягваць рэагаваць, але гэты каменьчык потым уводзіць яго ў іншы стан», — кажа псыхоляг.

Паводле яе, самае важнае — каб людзі не баяліся расказваць некаму пра свае пачуцьці і ня думалі, што зь імі нешта не ў парадку.

«Мы ня можам быць памочнікамі, калі самі без рэсурсу»

Як зразумець, што важна дзяліцца сваімі пачуцьцямі?

«Прагаворваць свае пачуцьці і эмоцыі — гэта абсалютна нармальнае і здаровае дзеяньне. Таксама трэба прыбіраць пачуцьцё віны: „Як я магу пра гэта гаварыць, можа камусьці яшчэ горш“, „я выехаў, а іншыя людзі засталіся там, я павінен хвалявацца больш за іх, бо мне ўжо лепш“. Важна разумець, што кожны рэагуе на сытуацыю па-рознаму, і дазваляць сабе рэагаваць на гэта, быць чуйным, уважлівым да сябе: „так, як я рэагую, — гэта нармальна, мне гэта патрэбна“», — кажа псыхоляг.

Калі вы пераехалі адзін у іншую краіну, вельмі важна знайсьці чалавека, стварыць аб’яднаньне людзей, зь якімі можна шчыра пагаварыць ці нават паплакаць.

«Псыхоляг часам выконвае такую ролю, як у мульціку, дзе коцік кажа: „Мне так страшна“. Да яго падыходзіць сабачка і такі: „Давай будзем баяцца разам!“. Часам ня трэба супакойваць чалавека і казаць, што ўсё нармальна, ён у бясьпецы і іншае. Часам трэба проста быць каля чалавека. Бывае, варта нават прамаўляць: „Пабудзь каля мяне, для мяне гэта важна. Пагавары са мной. Ня трэба мяне супакойваць, проста выслухай мяне“. І гэта ўжо будзе такое лячэньне. Зноў-такі, калі зьяўляецца пачуцьцё віны, нейкай адказнасьці за іншых, тут таксама трэба думаць пра тое, што каб некаму дапамагчы, у першую чаргу мы павінны дапамагчы самім сабе. Мы ня можам быць памочнікамі, калі мы самі без рэсурсу. Гэта проста немагчыма і парадаксальна. Дзесьці трэба і сябе паставіць на першае месца».

«Дайце сабе прастору для розных пачуцьцяў»

Калі ж у вас адбываецца дысананс, вы ня ведаеце, чаго дакладна хочаце, варта паставіць дэдлайны — даваць сабе прастору для ўсіх пачуцьцяў, якія ў вас ёсьць.

«Напрыклад, калі вы адчуваеце, што хочаце пасядзець пад коўдрай і паглядзець сэрыялы, ці нават проста паплакаць, то дайце сабе на гэта час, але вельмі важна — дакладны час. Гэта значыць: „Я буду сядзець у ложку цэлы дзень, але заўтра я выходжу“. Бывае, здараюцца канфлікты, і ад іх зноў жа — пачуцьцё віны: „Я ляжу ў ложку, а мог бы пайсьці сустрэцца зь людзьмі“. Тады варта спытаць сябе: „Можа, я маю патрэбу ў тым, каб пасядзець зараз у ложку? А заўтра я змагу мець зносіны зь іншымі?“. Дайце сабе прастору для розных пачуцьцяў. Я разумею, што ўсё можа гучаць вельмі проста, але гэтыя тэхнікі вельмі часта дапамагаюць у самых прымітыўных варыянтах паказаць, што ўсё нармальна, магу так і так».

Псыхоляг падкрэсьлівае, што выконваць дэдлайны вельмі важна.

«Ня можаце плакаць (а гэта важна, бо так праяўляюцца эмоцыі) — стаўце сабе будзільнік. У вас ёсьць 20 хвілін на тое, каб паплакаць. Вы можаце і не рабіць гэтага, але можа быць такое, што дзесьці арганізм зразумее: вось гэта 20 хвілін, я магу сабе дазволіць плакаць. І вельмі часта на трэці ці чацьвёрты раз чалавек пачынае плакаць і разьнявольваецца. Таму можна сябе праграмаваць і плянаваць час на пачуцьці».

«Калі людзі ў Беларусі пакутуюць, то я павінен пакутаваць яшчэ больш»

Часта ў рэлякантаў існуе пачуцьцё доўгу і віны за сваю бясьпеку, бо гэта тое, чаго няма ў іншага чалавека.

«У нармальных краінах пачуцьцё бясьпекі — самая важная і нармальная каштоўнасьць, за якую плаціць ня трэба. Варта спытаць сябе: а за што я хачу заплаціць? Тут яшчэ ідуць іншыя рэчы, кшталту: «Я буду адмаўляць сабе ў нечым, каб даць іншаму чалавеку». Так адбываецца і з бацькамі. Варта спытаць сябе: «А чаму я хачу ў сябе гэта забраць? Што дасьць тое, што я ў сябе гэта забяру?». Такія простыя пытаньні паказваюць парадаксальнасьць мысьленьня, што людзі быццам хочуць плаціць за тое, за што плаціць ня варта. І гэта нармальна, што вы адчуваеце сябе ў бясьпецы: «Калі я ў бясьпецы, гэта значыць, што я магу гэтак жа дапамагаць іншым людзям, але я не павінен за гэта плаціць. А проста магу радавацца гэтаму», — кажа псыхоляг.

Вымушаная эміграцыя, на яе погляд, прыводзіць да псыхатраўмы. Паняцьце «траўма» з грэцкай мовы — гэта «ўкараненьне» або «сьціраньне». Частая траўма эміграцыі — сьціраньне мінулых каштоўнасьцяў. Чалавек наогул не разумее, што адбываецца, за што яму брацца, трэба ўсё адразу рабіць ці ад нечага адмовіцца, і ў выніку адбываецца канфлікт.

«Чалавек думае: „Калі людзі ў Беларусі пакутуюць, то я павінен пакутаваць яшчэ больш, яшчэ больш аддаваць“. Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта не нармальна, людзі патрабуюць дапамогі. Але ў чалавека сьціраюцца межы таго, дзе ёсьць я і маё жыцьцё, праца, дзе сваякі і Беларусь. Усё гэта ўперамешку. І тады я прапаную, каб людзі расставілі сабе каштоўнасьці і паглядзелі, колькі яны могуць на самой справе даць. У тых крызісных сытуацыях, у якіх цяпер кожны беларус, ён і так ужо дае максымум, нават калі яму здаецца, што гэта ня максымум. Але трэба і разумець: калі я столькі даю, што тады я забіраю ў сябе?»

«Пачуцьцё бясьсільля можа быць у маштабе цэлага народу»

У выпадку са сьмерцю Вітольда Ашурка і зь іншымі палітвязьнямі шмат людзей адчулі частку сваёй віны, што не пасьпелі перамагчы, не змаглі ўратаваць, зьберагчы. Псыхоляг кажа, што гэта пачуцьцё бясьсільля. Часам чалавеку прасьцей прыняць віну, бо так яму здаецца, што ён мае ўплыў і можа ўвогуле нешта зрабіць. А пачуцьцё бясьсільля прыняць вельмі цяжка.

«Пачуцьцё бясьсільля можа быць у маштабе цэлага народу. Тут варта падумаць: калі я ў гэтым нямоглы, то ў чым я магу быць моцным? Напрыклад, я магу клапаціцца пра сябе і блізкіх. І гэта ўжо дае рэсурс, а не забірае».

Таксама пачуцьцё віны можа быць адным з этапаў перажываньня гора: спачатку злосьць, агрэсія, пачуцьцё віны, а потым ужо ідзе прыняцьце. Тут псыхоляг раіць нагадваць сабе: «Я ў стадыі гора, і гэта нармальна».

«Вельмі важна ня браць на сябе адказнасьць за іншых людзей. Тут ня важна, колькі вы робіце ці ня робіце. Ня толькі вы існуяце ў гэтай абсурднай гульні, вайне, якая адбываецца. Ёсьць і іншы бок, які нясе за гэта адказнасьць. Не забірайце ў яго гэтую адказнасьць», — кажа Алена.

Як размаўляць з бацькамі пра вымушаную міграцыю

Рэляканты сутыкаюцца і зь непаразуменьнямі з боку бацькоў праз свой пераезд у іншую краіну. Алена заўважае, што гэта часта бывае зьвязана з уключэньнем «бацькоўскага інстынкту».

«Бацькі думаюць, што яны дадуць бясьпеку, што вы іх дзіця і яны змогуць вас абараніць. Тут варта прагаварыць іх пачуцьці. Можна сказаць так: „Я разумею, мама і тата, што вы за мяне турбуецеся, але, на жаль, цяпер вы зможаце мяне зьберагчы тым, што дазволіце мне быць у той краіне, у якой я ёсьць. Для мяне гэта будзе найлепшая падтрымка ў бясьпецы“. Бацькі адчуваюць віну, што ня могуць уберагчы дзіця, а да гэтага дадаецца яшчэ і туга, пра якую таксама трэба гаварыць».

У той жа момант важна паказваць бацькам, як яны сваімі паводзінамі спрабуюць навязаць пачуцьцё віны вам, напрыклад, калі просяць прыехаць дадому ў Беларусь.

«Можна паспрабаваць казаць так: „Я адчуваю, што я не магу зрабіць тое, што вы просіце. Давайце падумаем, як па-іншаму? Можа, паспрабуем часьцей тэлефанаваць ці пісаць адно аднаму?“. Самае важнае — шчыра размаўляць. Вашыя бацькі — дарослыя людзі і павінны з гэтым справіцца», — раіць псыхоляг.

Вярніце сабе сябе

Калі ваш блізкі чалавек ці сябра ў Беларусі не адказвае на тэлефон, можна адразу ўпасьці ў стрэсавую паніку, думаць, што зь ім здарылася нешта страшнае, хоць насамрэч усё ў парадку.

«Калі вы адчуваеце, што ўваходзіце ў такі стан, кажыце сабе: „СТОП! Пакуль я нічога ня ведаю“. І задавайце сабе пытаньне: „Тое, што я цяпер сябе накручваю, гэта нешта мне добрае дае?“. Як бы гэта дзіўна ні выглядала, кажыце сабе, пакуль вы чакаеце таго ж званка: „Гэта нармальна, што я перажываю. Але пакуль усё нармальна“. Можна рабіць удыхі і выдыхі, палічыць, пастарацца на нешта адцягнуць увагу і проста пачакаць, прааналізаваць сытуацыю. Вы ўбачыце, што за нейкі час стан пяройдзе».

Людзям у крызісных сытуацыях, такіх як пераезд, а таксама пандэмія, вельмі дапамагаюць рытуалы — гэта некаторыя рэчы, якія нас вяртаюць у нармальнае, спакойнае, камфортнае жыцьцё, у якім мы некалі былі.

«У крызіснай сытуацыі псыхіка і сьвядомасьць можа ня вытрываць, і мы адчуваем хаос. Варта ўзгадаць, што было да ўсёй гэтай сытуацыі ў Беларусі: „Што я тады рабіў? У колькі я прачынаўся? Што я еў?“ — раіць псыхоляг. — Трэба пачынаць з самых прымітыўных рэчаў, напрыклад, вяртаць свой графік, які ёсьць нават у самых хаатычных людзей. Вы пераехалі кудысьці, пачалі працаваць, і першым рытуалам можа стаць купля рэчаў, адзеньня, паход у цырульню».

Экспэртка кажа, што трэба ўвайсьці ў стан — «я ўсё той жа чалавек, але з пэўнымі пераменамі».

«Людзі часта жывуць у стане „на чамаданах“. А ў крызісных момантах зьнікае пачуцьцё радасьці, і яго трэба вяртаць, каб ідэнтыфікаваць сябе як чалавека. Таму даводзіцца і дзесьці прымусова нагадваць сабе свае рытуалы», — тлумачыць яна.

«У такіх людзях, як беларусы, вера не памірае»

«Цяпер у многіх людзей, зь якімі я працую, ёсьць такое спыненьне жыцьця. Нейкія рэчы, якія былі нормай, яны перастаюць рабіць, — кажа псыхоляг. — Навошта я буду вучыць мову, уладкоўваць кватэру, калі яшчэ трошкі, і я паеду? Пастаяннае чаканьне, што нешта адбудзецца. І тут вельмі важна зразумець, што мы ёсьць тут і цяпер. Многія людзі кажуць: „Навошта я буду жыць тут, калі маё жыцьцё там?“. Трэба крыху прымусіць сябе разумець, што ўсё ж такі жыцьцё цяпер тут».

Алена Пэтрыў раіць усё ж такі пачаць вучыць мову, упрыгожыць пакой, у якім вы жывяце, знайсьці любімую кавярню, у якую будзеце хадзіць. Трэба вяртаць сябе ў сапраўднае жыцьцё, як бы балюча і цяжка гэта ні было. А вось веры ў перамогу і ў хуткае вяртаньне дамоў беларусы ня страцяць, лічыць Алена.

«Мне здаецца, што ў такіх людзях, як беларусы, вера не памірае. Гэта дзіўна гучыць ад псыхоляга, але я працую і сапраўды зьдзіўляюся, таму што вы вельмі моцныя людзі. Я думаю, што калі настолькі моцная нацыя, то складана, каб вера памерла».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паразмаўлялі з псыхатэрапэўткай Аленай Пэтрыў аб праблемах, зь якімі сутыкаюцца тыя, хто быў вымушаны ўцякаць зь Беларусі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА