Як пасля вайны сядзелі вязні на Валадарцы: святло ноччу, холад, правакацыі. 21.by

Як пасля вайны сядзелі вязні на Валадарцы: святло ноччу, холад, правакацыі

26.07.2021 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Беларусі ўжо больш за 580 чалавек прызнаныя палітзняволенымі. Шмат хто з іх прайшоў праз турму на Валадарскага. А ў якіх умовах сядзелі тут вязні 70 гадоў таму? Перачыталі «Споведзь» Ларысы Геніюш. Страшна тое, што за столькі год не змянілася амаль нічога, піша Наша Ніва.

Як пасля вайны сядзелі вязні на Валадарцы: святло ноччу, холад, правакацыі

Славутая паэтэса трапіла за краты пасля вайны. Яе з мужам незаконна пазбавілі чэхаславацкага грамадзянства і дэпартавалі ў СССР. Спецслужбы хацелі знайсці архівы БНР, якімі апекавалася Ларыса. Таксама сужэнцам ставілі ў віну ўдзел у Беларускім камітэце самапомачы, які дзейнічаў падчас Другой сусветнай вайны.

У канцы 1948 года Геніюшаў перавялі на Валадарку. Што там адбывалася?

Заўжды гарэла святло

«Ноччу ў камерах гарэў заўсёды свет. Свяцілі ў вочы, каб мы не павесіліся, але людзі над краем магілы вельмі не хочуць паміраць. Чым больш іх мучаць, тым мацней яны вераць у жыццё й прагнуць выжыць».

Холад

«Ну а пакуль мяне перавялі ў другую камеру, дзе было пару дзяўчат, прыкаваныя нары й выбітае вакно».

Дрэннае харчаванне

«Рана давалі нам хлеб і чай, у абед — зупу на смярдзячай рыбе, жудасную. Мяне вечна рвала, і я высахла ў нітку, здаецца, хрыбет толькі й тырчаў».

Адсутнасць падушкі

«У мяне была піжама мужава, якую пару разоў нацягнуў і малы Юрка [сын Геніюш — заўвага НН]. Я скручвала тыя нагавіцы й клала сабе пад галаву».

У камерах былі наседкі

Зняволеныя, якія імкнуліся справакаваць суседзяў, даведацца патрэбную інфармацыю. У выпадку Геніюш такую дзяўчыну клікалі Ніна Гардзей. Паэтэсе яна сказала, што сядзіць нібыта за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі – арганізацыі, утворанай пад нямецкай акупацыяй. «Ідуць дні, я нічога не гавару з гэтай дзяўчынай у панчохах дзіравых на лытках, якая ўжо не раве (во камедзія!), а прыглядаецца да мяне й правакуе, – пісала Геніюш. –  Распавядае мне, што вельмі любіць Заходнюю Беларусь, бо стуль паходзіў яе бацька, якога ў 37-м годзе расстралялі, быў ён быццам прафесарам. Маці яе быццам прыбіральшчыца ў нейкім урадзе».

Аднойчы у камеру далі даміно. «Калі пачынаем гуляць, я кажу: «Вось я буду Чэрчыль, а ты расеец, хто выйграе?» Калі выйграваю я, дык цешуся, хахачу, гэта мая адзіная радасць у гэтай нары на злосць ім усім, усёй гэтай бесчалавечнай сістэме!»

Неўзабаве Геніюш выклікаў следчы і сказаў: «Памыляецца той, хто чакае вайны». А пасля вайны хадзілі чуткі пра супрацьстаянне паміж СССР і Захадам. Пасля гэтага паэтэса зразумела, хто такая Гардзей. «Вы мусіце ведаць, што грузіны жывуць доўга, — сказаў ёй следчы. — І таварыш Сталін не хутка памрэ». «Я маўчу й думаю, што Бог ведае лепей», — пракаментавала Геніюш. Сталін памёр праз пяць гадоў, у 1953-м.

Як пасля вайны сядзелі вязні на Валадарцы: святло ноччу, холад, правакацыі

Ларыса Геніюш

Здзекі адміністрацыі

Геніюш згадвала, як убачыла ў родных мясцінах высокага дзецюка: «Быў гэта тупы, цёмны чалавек, які нават марыць ня мог аб нейкім прыбліжэнні да мяне ці да майго таварыства». Праз гады гэты чалавек стаў важнай асобай у мінскай турме. Па словах паэтэсы, ён «здзекаваўся нада мною, як апошні садыст, з асаблівай насалодаю. Ён прыходзіў у маю камеру й адводзіў мяне асабіста ў баню, гдзе прысутнічаў пры нашым купанні, паліў у пражарках нашыя рэчы, высмейваўся з нас. Бедныя дзяўчаты амаль плакалі… Часам ён падыходзіў да мае камеры й брудна лаяўся, цешыўся з маяго зьняволенага становішча. Гэта было жудасна…»

Няведанне беларускай мовы

Ларысе Геніюш спатрэбілася цёплая рэч, бо было халадно. Каб атрымаць яе, трэба было напісаць заяву ў канцылярыю вязніцы і перадаць яе праз кармушку. «Мне далі папер, і я па-беларуску напісала, што мне трэба. Якое ж было маё здзіўленьне, калі мне вярнулі заяву з зацемкай, што «па-чэску» не разумеюць, каб напісаць па-расейску…».

Правакацыі з боку следчых

Геніюш згадвала, як следчы казаў ёй: маўляў, яе муж меў у Слоніме, дзе працаваў, нейкіх прыяцелек. «Дурніца, — кажу, — вось каб ён год жыў адзін і нікога не меў, гэта было б ненармальна, ён жа малады мужчына і, шчасце, ніякі не манах!»

«Добрыя» і «дрэнныя» следчыя

Пра дрэнных следчых Геніюш пісала неаднаразова. Напрыклад, яе дапытваў сам наркам дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава. Але яна прыводзіць і адваротны прыклад. Так, следчы Коган «не крычаў на мяне, але ўсё гутарыў, агітаваў мяне, успамінаў партызанку, хваліў савецкую ўладу. Я слухала, але суровая рэчаістасць прамаўляла да мяне больш. Часамі ён расказваў мне аб гуманнасці савецкага следства, а побач разлягаліся нечуваныя маты-пераматы, пабоі, крыкі й жаночы плач. Ён тады замаўкаў». Геніюш згадвала, як аднойчы на допыт прыйшоў нейкі чалавек у цывільным. «Мяне ён пачаў папракаць у незалежніцкіх тэндэнцыях, дык я яму сказала, што па Савецкай канстытуцыі кожная з савецкіх рэспублік мае права нават аддзяліцца з Саюзу, дык што ў гэтым дзіўнага?».

Мара — стварыць у Валадарцы музей

«Увесь Менск разбілі бязлітасна, наступаючы, немцы, а вось гэтай клятай будыніны не кранула ні адна бомба на нашу бяду! Праседзеўшы там некалькі месяцаў, я абдумвала план, як з гэтага месца чалавечых мукаў зрабіць некалі музей ці капліцу, дзе людзі ўспаміналі б замучаных хоць на задушныя дні».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Страшна тое, што за столькі год не змянілася амаль нічога.
 
 
 


Архив (Разное)