​​​​​​​«Жыве Беларусь назаўсёды!». Лія Ахеджакава пра беларускае шчасьце, адплату і спробы забраць у яе званьне народнай артысткі. 21.by

​​​​​​​«Жыве Беларусь назаўсёды!». Лія Ахеджакава пра беларускае шчасьце, адплату і спробы забраць у яе званьне народнай артысткі

27.07.2021 15:48 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

Што такое беларускае шчасьце і чаму ў яе спрабуюць забраць званьне народнай артысткі Расеі — адказы на гэтыя і іншыя пытаньні ў інтэрвію Ліі Ахеджакавай для Свабоды Premium.

Сьцісла

  • Я не зьвярталася да Лукашэнкі ў сацсетках. Гэта боты пішуць у твітэры ад майго імя.
  • Жорсткасьць прэзыдэнта ня мае межаў. І ў Расеі, і ў Беларусі «правяць баль» сілавікі.
  • Мы гаворым пра палітыку... Я не палітык, я проста вельмі люблю Беларусь і вельмі люблю Ўкраіну.
  • У Расеі знайшліся людзі, якія патрабуюць забраць у мяне званьне народнай артысткі Расеі. Мяне гэта ня вельмі непакоіць, бо майго гледача ў мяне не забяруць ніколі.

«Плакаць можна, што так ставяцца да людзей у Беларусі»

— Ведаеце, у мяне шчасьлівы дзень — выйшлі на свабоду пасьля арышту мае калегі, журналісты Свабоды, якія сядзелі ў турме на Акрэсьціна ў нечалавечых умовах (размова была 26 ліпеня. — РС). Вось такое цяпер няпростае беларускае шчасьце. Я ведаю, што вы ўважліва сочыце за падзеямі ў Беларусі, што вы салідарныя зь беларусамі. Што б вы сказалі беларусам у гэтыя драматычныя дні?

— Цяпер плакаць буду. Я плаксівая ў гэтых справах. Дзякуй Богу, што выйшлі. У Расеі цяжка журналістам, якія сур’ёзна працуюць. Цяжка гісторыкам, артыстам і некаторым рэжысэрам. А тое, што адбываецца ў Беларусі... Толькі плакаць можна, што так ставяцца да людзей. Такая жорсткасьць, такая лютасьць. Такая нелюбоў да свайго народу, да тых людзей, якія зьяўляюцца гонарам нацыі. Навукоўцы, журналісты, акторы, студэнты. Каму толькі не давялося пабываць на гэтым Акрэсьціна, спазнаць жахлівыя прыніжэньні і такую лютасьць. Гэта зразумець немагчыма. Гэта было ў 1937 годзе ў Расеі, у СССР, але ж мы думалі, што ўжо адышлі ад гэтага. Я так люблю Беларусь, я столькі гастралявала там. Між іншым, некалькі гадоў таму... І хто б падумаў, што такое нас чакае.

«Лукашэнка ўсё роўна мяне не паслухае, і я не хачу да яго зьвяртацца»

— Вы зьвярнуліся да Лукашэнкі ў сацсетках з заклікам, каб ён сышоў...

— Я не зьвярталася да Лукашэнкі ў сацсетках. Гэта боты пішуць у твітэры ад майго імя. Гэта ўсё хлусьня. Яны прыдумляюць нешта ад майго імя. Яны прамаўляюць такія рэчы, якія я б па-іншаму сказала ці зусім бы не сказала. Ужо адзін адвакат гэтым займаўся, цяпер іншы. Як грыбы растуць твіты ад майго імя. Але вы сьведка, што я не валодаю інтэрнэтам. Што ж рабіць...

— А каб была магчымасьць зьвярнуцца да Лукашэнкі, што б вы яму сказалі?

— Я раблю такія рэчы прадумана, своечасова і такім чынам, каб нікому не атрымаць за гэта. Я сама трапіла ў жахлівую гісторыю. Боты ўжо ня першы раз пішуць ад майго імя, каб мяне падвесьці пад санкцыі. Я ведаю, адкуль хваля ідзе.

А Лукашэнка ўсё роўна мяне не паслухае. Хто я для яго? І я не хачу да яго зьвяртацца. Я магу зьвяртацца толькі да людзей, якія пакутуюць, якія трапілі ў жахлівае становішча. Жорсткасьць прэзыдэнта ня мае межаў. І ў Расеі, і ў Беларусі «правяць баль» сілавікі. Так не павінна быць, інакш мы зноў прыедзем да канцлягераў, расстрэлаў і «троек».

«Жывадзёры будуць пакараныя»

— Некаторыя назіральнікі параўноўваюць тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, з пэрыядам перасьледу першых хрысьціянаў. Акрамя 1937 году, якая мэтафара, якое параўнаньне з сытуацыяй у Расеі і ў Беларусі падаецца вам найбольш дакладным? Бо сытуацыі падобныя...

— Падобныя. Мы едзем туды, да Лукашэнкі. І апазыцыя заціснутая і запалоханая. Гэта страшна. І рукі апускаюцца. Ня ведаю, што павінна адбыцца, каб гісторыя адбылася. А гісторыя — гэта такая рэч, што ўсё мяняецца і пераходзіць у іншую стадыю. І жывадзёры пэўна будуць пакараныя. Але, акрамя апазыцыі і акрамя гісторыі, я яшчэ ў Бога веру. Будуць пакараныя. Яны ня хочуць пра гэта думаць. Сілавікам плацяць заробкі. Улада над людзьмі — страшная рэч. Мы гаворым пра палітыку... Я не палітык, я проста вельмі люблю Беларусь і вельмі люблю Ўкраіну. Там мае гледачы. Я ўсё жыцьцё туды езьдзіла на гастролі. Цяпер у Расеі знайшліся людзі, якія патрабуюць забраць у мяне званьне народнай артысткі Расеі, Дзяржаўную прэмію і ўсё, што калісьці мне прысуджалі. Мяне гэта ня вельмі непакоіць, бо майго гледача ў мяне не забяруць ніколі. Яны — мае, а я — у іх.

— Вы гралі ў відэаспэктаклі «Обиженные. Беларусь(сия)» паводле пʼесы драматурга Андрэя Курэйчыка. Што ў вашых творчых плянах ёсьць зьвязанае зь Беларусьсю?

— Цяпер Курэйчык напісаў яшчэ лепшую пʼесу. Там маналёгі людзей, якія былі на Акрэсьціна, якія на сваёй скуры зазналі гэтую жорсткасьць. Зь іх ён зрабіў пʼесу, мы будзем яе граць. Аксана Мысіна (рэжысэрка. — РС) кажа, што гэта яшчэ мацнейшы матэрыял.

— Як вы лічыце, як прадстаўнікі расейскай культуры, расейскай грамадзянскай супольнасьці могуць падтрымаць беларусаў? Чые галасы важна пачуць?

— Шмат галасоў гучыць, але ёсьць і тыя, хто лічыць, што лепей памаўчаць. Не падводзіць свой калектыў, калі размова пра тэатар, не падводзіць сваіх калегаў. Цішэй едзеш, далей будзеш. Лепей вусны трымаць на замку. Такіх вельмі шмат. Але многія людзі прачнуліся. У тым ліку вельмі вялікія артысты, якія не маўчаць.

«Нехта нацкаваў арганізацыю «Офицеры России» і вэтэранаў вайны, і яны напісалі ліст у пракуратуру»

— Раскажыце, якім чынам у вас спрабуюць забраць званьне народнай артысткі?

— Выйшаў новы спэктакль па пʼесе маладога драматурга Рыната Ташымава. Гэта вучань майго сябра Мікалая Каляды. Гэта ўральскія драматургі, Екацерынбург, уральская школа. Я ўсё жыцьцё грала ў пʼесах Каляды. А цяпер Рынат Ташымаў напісаў цудоўную пʼесу пра тое, што цяпер адбываецца, пра сэнсы, якія хвалююць мяне і многіх актораў, якія разумеюць і чуюць гэта, якім гэта баліць. Нехта ўзбудзіў і нацкаваў арганізацыю «Офицеры России» і вэтэранаў вайны. Ім там па 95 гадоў, наўрад ці яны ў тэатры ходзяць.

Яны напісалі ліст у пракуратуру, што нібыта мой пэрсанаж на сцэне нецэнзурна выказваецца і ганіць вэтэранаў вайны. Плюс рэкляма гомасэксуалізму. Сябры руху SERB нам заявілі, што калі мы ня выправімся (хоць ніхто мат не ўжывае насамрэч), то да нас прыйдуць на спэктакль зь нейкай бутэлькай. Яе разабʼюць, і такі смурод пойдзе па тэатры, што гледачы і акторы гэтага ня вытрымаюць. Спачатку смурод, а потым можа быць іншы хімічны склад. Прыходзілі на спэктакль, насілі вянкі «Смерть „Современнику“». Пішуць пра мяне, што старая, у якой дэмэнцыя, ганіць расейскі тэатар, лаецца матам на сцэне. І шмат усяго іншага. Мне страшнавата і жудасна гідка.

— А каму яшчэ страшнавата цяпер?

— Тым, хто трапляе на Акрэсьціна. Тым, хто голас свой уздымае, а не маўчыць. Ёсьць вельмі адважныя людзі. А што са мной яны могуць зрабіць... У пракуратуры ляжыць данос. Але ж ніякага мату няма. Усё гэта хлусьня. Пʼеса цудоўная, антываенная. Мне страшна, што культурай кіруюць афіцэры і сілавікі. Яны камандуюць, як ставіць спэктакль, якія пʼесы можна браць, а якія нельга, як нам граць і хто павінен граць.

— А тым, хто загады аддае ў Беларусі, — ім страшна?

— Яны пры Лукашэнку. Нехта думае, што сваё возьме, усіх запалохаюць і будуць «правіць баль». Але ёсьць і тыя, хто разумее, што калі гэта скончыцца, ім вельмі дрэнна будзе. Але адназначна прыйдзе адплата за тое, што яны цяпер твораць.

«Беларускае шчасьце — нармальныя выбары»

— Я пачала нашу размову з такога няпростага беларускага шчасьця, калі вызвалілі калегаў, якія ўсё яшчэ абвінавачаныя па крымінальнай справе. А якое яно — безумоўнае беларускае шчасьце, як вам бачыцца?

— Па-першае. Нармальныя выбары, без падтасовак. І ўсё будзе добра. А таксама судовая сыстэма. І, канечне, каб не кіравалі сілавікі. Павінны кіраваць прыстойныя, інтэлігентныя людзі, такія як Латушка, Калесьнікава, Ціханоўская, Бабарыка, Ціханоўскі і многія іншыя. Мы зь імі не прападзем. Такіх цудоўных людзей у Беларусі шмат. Як толькі будуць нармальныя выбары, усё зьменіцца. Жыве Беларусь! Назаўсёды!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Расейская акторка і грамадзкая дзяячка Лія Ахеджакава кажа, што яна не зьвярталася да Аляксандра Лукашэнкі праз сацсеткі і што хоча зьвяртацца толькі да людзей у...
 
 
 


Архив (Разное)