Чавусаў: «Грамадскі сектар сапраўды прарэджваюць. Але я не згодны, што гэта падрыхтоўка да нейкай палітычнай кампаніі». 21.by

Чавусаў: «Грамадскі сектар сапраўды прарэджваюць. Але я не згодны, што гэта падрыхтоўка да нейкай палітычнай кампаніі»

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Салiдарнасць

Філін абмеркаваў з юрыстам Юрыем Чавусавым магчымыя прычыны і наступствы масавай ліквідацыі трэцяга сектару ў Беларусі.

Чавусаў: «Грамадскі сектар сапраўды прарэджваюць. Але я не згодны, што гэта падрыхтоўка да нейкай палітычнай кампаніі»

Юры Чавусаў. Фота з сайта Радыё Рацыя

— У Беларусі есць некамерцыйныя арганізацыі, якія нефармальна называюць НДА — прафсаюзы, палітычныя партыі, адвакацкія калегіі, рэлігійныя арганізацыі. Але гэтыя формы сустракаюцца не часта.

Мы ў дадзеным выпадку кажам пра асноўныя формы, у якіх існуюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці: установы, грамадскія аб'яднанні ці арганізацыі і фонды. Гэта тое, што традыцыйна ўспрымаецца, як арганізацыі грамадзянскай супольнасці, няўрадавыя арганізацыі. Юрыдычна яны завуцца некамерцыйнымі арганізацыямі — НКА. Гэтыя тры формы па-рознаму рэгіструюцца і па-рознаму ліквідуюцца.

Калі казаць пра тое, што зараз адбываецца, то я сказаў бы, што пакуль рана прагназаваць, да чаго прывядзе тая «зачыстка», як казаў Аляксандр Рыгоравіч. Справа ў тым, што першыя выпадкі ліквідацыі арганізацый у сувязі з пратэстамі, удзелам іх кіраўнікоў у пратэстах пачаліся яшчэ напрыканцы мінулага года. Мы зафіксавалі ў снежні першы выпадак ліквідавання ўстановы «Полесская доброта». Яе заснавальніца знаходзіцца цяпер за мяжой.

Пасля было яшчэ некалькі здарэнняў. Адзін з самых гучных — «Цэнтр гарадскога жыцця» Паўла Мажэйкі, які быў ліквідаваны ўвесну. Пасля такія выпадкі адбываліся ўсё часцей. Але тое, што здарылася 22 ліпеня, — беспрэцэдэнтная масавая ліквідацыя.

У Беларусі пачасцілася рэгістрацыя ўстаноў, таму што гэта самая проста форма для рэгістравання. Але і для ліквідацыі таксама. Мы з упэўненасцю можам казаць, што пад сотню ўстаноў на мінулым тыдні былі ліквідаваны, прычым не ўсе з іх нават пра гэта ведалі.

Па словах эксперта, апроч устаноў былі ліквідаваныя яшчэ і асацыяцыі, якія таксама можна скасаваць простым рашэннем рэгіструючага органа.

— На гэтым тыдні пачынаецца ліквідацыя грамадскіх аб'яднанняў і фондаў. ГА ў Беларусі больш за 3 тысячы, фондаў —  недзе 250, і штогод у РБ рэгіструюцца каля сотні новых грамадскіх аб'яднанняў і каля дзясятка фондаў. Гэта каб разумець маштабы гэтага сектара.

У адрозненне ад устаноў, аб якіх я казаў вышэй, ГА і фонды нядобраахвотна ліквідаваць магчыма толькі праз суд, па пазовах Мінюста. Зараз нам вядома пра некалькі дзясяткаў пазоваў аб ліквідацыі ГА і фондаў. Дакладную лічбу пакуль сказаць цяжка, таму што мы адсочваем іх па абвестках на сайтах судовай сістэмы.

Сумняваюся, што ліквідуюцца толькі цэнтральныя арганізацыі. Гэта значыць, што праз нейкі час мы ўжо пачнем фіксаваць на сайтах абласных судоў паведамленні пра ліквідацыі арганізацый у рэгіёнах.

Суразмоўца кажа, што цяперашняя масавая ліквідацыя нагадвае падзеі 2003-2007 гадоў:

— Тады таксама была падобная «зачыстка». У 2003 годзе адбылася хваля ліквідацыі арганізацый, якія актыўна ўдзельнічалі ў выбарчым працэсе 2001 года —  маладзёжныя, праваабарончыя, сацыяльныя і культурніцкія, але ўсе яны былі ангажаваныя ў нейкай ступені ў палітычныя працэсы і дзейнасць.

Пакуль што можна сказаць адно: зараз хваля ліквідацыі перавышае па колькасці пачатак ліквідацыі 2003 года. Але да чаго гэта прывядзе, пакуль прагназаваць цяжка.

Гледзячы па тым, якія пазовы падаюцца, можна меркаваць, што загаду на ліквідацыю ўсіх незалежных арганізацый няма. Не хацеў бы даваць ацэнкі, па якіх крытэрах адбіраюцца арганізацыі, але падкрэслю, што тут есць і суб'ектыўнае пытанне.

Пры наяўнасці адных і тых жа парушэнняў Міністэрства юстыцыі можа падаць пазоў аб ліквідацыі ГА альбо вынесці папярэджанне і прапанаваць выправіць парушэнні. Альбо ёсць яшчэ такая мера, як прыпыненне дзейнасці, калі Мінюст спыняе дзейнасць арганізацыі на тэрмін ад 1 да 6 месяцаў і прапануе за гэты час выправіць недахопы. Пасля гэтага арганізацыя можа аднавіць дзейнасць.

Дык вось, у тых некалькіх дзясяткаў пазоваў, якія зараз пададзеныя ў суды, ёсць выпадкі, калі арганізацыі атрымалі пазовы не аб ліквідацыі, а аб прыпыненні дзейнасці. То бок, гэта больш мяккая мера, і тэарэтычна яе можна ўспрымаць, як шанец на выжыванне падчас «зачысткі», нягледзячы на парушэнні.

Магчыма, за некалькі месяцаў «зачыстка» ці спыніцца, ці неяк суцішыцца, і яны змогуць аднавіць дзейнасць. Прынамсі, мне хочацца разлічваць, што такі шанец у гэтых арганізацый можа быць.

Яшчэ адзін аспект, які важна ўлічваць. Разумею, што даваць пазітыўныя ацэнкі ў такой сітуацыі вельмі цяжка. Але. На палітычным парадку дня знаходзіцца новая рэдакцыя закона «Аб грамадскіх аб'яднаннях». Гэта такі доўгаграючы праект, які распрацоўваецца з 2019 года. Дарэчы, Мінюст ішоў на кантакт з грамадскасцю, праводзіліся публічныя абмеркаванні.

Праект у снежні 2019 года быў унесены ў парламент. Але ўжо ў студзені, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, яго адклікалі на дапрацоўку. Што нас у гэтым законапраекце турбавала: мы не ведаем, у чым заключаюцца дапрацоўкі, але ўсе заклапочваліся, што можа здарыцца перарэгістрацыя грамадскіх арганізацый.

Мы не ведаем, якую форму атрымае законапраект у новай рэдакцыі. Наўрад ці ён будзе ліберальны ці скіраваны на паляпшэнне ўмоў для дзейнасці ГА. Здаецца, дзяржаўная палітыка ідзе ў накірунку павелічэння кантролю за дзейнасцю няўрадавых арганізацый. Аднак цяперашняя ліквідацыя можа быць знакам, што перарэгістрацыі ўсе ж не будзе, і не будзе татальнай праверкі ўсіх 3 тысяч арганізацый.

То бок, сектар сапраўды прарэджваюць і зачышчаюць. Але я не згодны з прагназістамі, якія сцвярджаюць, што ўсё гэта падрыхтоўка да нейкай палітычнай кампаніі ці новай Канстытуцыі. Хутчэй, тут падобна на традыцыйную пераацэнку пагрозаў пасля выбараў, — заключае суразмоўца.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 


Архив (Разное)