«Фактар стрыманьня для сілавікоў». Экспэрт лічбавай бясьпекі пра наступствы ўзлому пашпартнай сыстэмы Беларусі. 21.by

«Фактар стрыманьня для сілавікоў». Экспэрт лічбавай бясьпекі пра наступствы ўзлому пашпартнай сыстэмы Беларусі

31.07.2021 18:34 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

Група, якая называе сябе «Кібэрпартызанамі», заявіла, што зьдзейсьніла самую маштабную кібэратаку ў гісторыі Беларусі. І цяпер у яе распараджэньні пашпартныя дадзеныя ўсіх беларусаў, а акрамя таго — засакрэчаная інфармацыя пра кіраўніцтва сілавых структур, людзей з блізкага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўнікаў КДБ і беларускіх выведнікаў у Эўразьвязе.

«У сетцы МУС ёсьць вельмі шмат базаў, на некаторых засакрэчаная інфармацыя, раскрыцьцё якой можа парушыць працу МУС, КДБ і іншых ведамстваў», — кажуць прадстаўнікі «Кібэрпартызанаў».

Журналістка «Настоящего времени» Ірына Рамалійская запыталася ў Мікалая Кванталіяні, экспэрта лічбавай бясьпекі зь Менску, пра магчымыя наступствы гэтага ўзлому для сілавікоў і кіраўніцтва краіны, а таксама для ўсіх жыхароў Беларусі.

— Ці давяраеце вы інфармацыі гэтай супольнасьці аб тым, што ў іх на руках уся пашпартная база ўсіх грамадзянаў Беларусі?

— Так, можна меркаваць, што ў руках супольнасьці зьявілася сапраўдная база пашпартных дадзеных жыхароў Рэспублікі Беларусь.

— Гэта можа істотна нашкодзіць уладзе Лукашэнкі?

— Я думаю, хутчэй за ўсё, так. Таму што пэрсанальныя дадзеныя сілавікоў, якія могуць быць абнародаваныя: інфармацыя пра іх жыльлёвы фонд, як ужо было заяўлена, і інфармацыя пра іх сваякоў — гэта можа быць стрымліваючым фактарам для працягу актыўнага гвалту супраць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

— Вы маеце на ўвазе тое, што называецца «дэанон»? Проста ёсьць жа, напрыклад, телеграм-канал «Чорная кніга Беларусі», дзе таксама падаюцца асабістыя дадзеныя. Неяк сыстэмна перашкодзіць сыстэме, якую выбудаваў Аляксандр Лукашэнка, гэта можа?

— Тут мы разглядаем гэтую базу дадзеных. Да гэтага яна была толькі ў руках у спэцслужбаў і сілавікоў. Адпаведна, зараз шанцы пратэстоўцаў зраўноўваюцца — і той, і іншы бок валодае досыць вялікім аб’ёмам пэрсанальных дадзеных грамадзян Рэспублікі Беларусь.

— Мікалай, але пры гэтым гэта відавочнае злачынства ня толькі ў Беларусі, а, мне здаецца, ва ўсіх дзяржавах: у руках нейкай групы людзей апынуліся пэрсанальныя дадзеныя ўсіх, як яны сьцьвярджаюць, грамадзянаў Беларусі. Якія пагрозы гэта нясе?

— Вядома ж, атрыманьне пэрсанальных дадзеных грамадзян Рэспублікі Беларусь — гэта вялікая адказнасьць з пункту гледжаньня нават бясьпекі гэтых дадзеных. Калі будзе ўцечка гэтай базы ў публічны доступ, зразумела, што ёй змогуць скарыстацца ня толькі кібэрпартызаны альбо сілавікі, але таксама і кібэрзлачынцы. Таму ў любым выпадку гэтымі дадзенымі трэба карыстацца з асцярожнасьцю кібэрпартызанам.

— А як гэта можа быць выкарыстана? Ці можна крэдыт, напрыклад, аформіць на нейкага чалавека, маючы гэтыя пашпартныя дадзеныя, фатаграфіі і гэтак далей?

— У Рэспубліцы Беларусь не, таму што трэба асабістая прысутнасьць. Тут мы атрымліваем вялікі масіў дадзеных, такое дасье на кожнага чалавека, і адпаведна, можна будзе паглядзець, ці зьяўляецца гэты чалавек цяперашнім супрацоўнікам спэцслужбаў, дапусьцім, — і гэта будзе безумоўна стрымліваючы фактар для сілавікоў.

— А ці можна гэта, напрыклад, прадаць у рэклямных мэтах нейкім кампаніям?

— Гіпатэтычна, калі ты валодаеш такой базай дадзеных, вядома ж, можна прадаць і ў рэклямных мэтах, і зламысьнікам. Але ў сувязі з тым, што ў кібэрпартызанаў ёсьць пэўныя мэты, якія яны дэкляруюць, і мы [ім] пакуль давяраем. Тэарэтычна яны будуць выкарыстоўваць гэтую базу дадзеных для сваіх мэтаў, якія былі анансаваныя.

— А вы ўвогуле ведаеце, хто гэтыя людзі? Я разумею, што калі і ведаеце, то ня скажаце, хто менавіта. Але ў супольнасьці хоць бы вядома, хто гэта?

— Я б сказаў, што гэта было б небясьпечна для кібэрпартызанаў, калі б супольнасьць ведала, хто гэтыя людзі. Таму выконваюцца пэўныя правілы бясьпекі і ананімнасьці, якія дазваляюць ім эфэктыўна працягваць сваю дзейнасьць.

— Калі зыходзіць з таго, што гэта зьяўляецца злачынствам ня толькі ў Беларусі, а ў многіх краінах, ці можна выказаць здагадку, што іх будуць перасьледаваць праваахоўныя органы іншых дзяржаў?

— Усё залежыць ад дзяржаў. Я магу выказаць здагадку, што, дапусьцім, у сувязі з тым, што ў Беларусі і Расеі ёсьць пагадненьне аб саюзнай дзяржаве, дык у Расеі і Беларусі — так. Калі браць эўрапейскія краіны, то, хутчэй за ўсё, не. Таму што мы бачым, якая сытуацыя разьвіваецца ў Рэспубліцы Беларусь, што сілавыя структуры ў Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваюць неправамерна гвалт у адносінах да пратэстоўцаў, прычым да ўсіх слаёў насельніцтва.

— Вам здаецца верагодным тое, што яны казалі пра свае мэты? Што, напрыклад, у іх на руках ёсьць дадзеныя аб кватэрах спэцслужбістаў — і цяпер яны будуць вымушаныя мяняць кватэры. Ці ёсьць база аўтанумароў супрацоўнікаў сілавых органаў — і цяпер яны будуць вымушаныя мяняць нумары на аўтамабілях?

— Тут гэтая інфармацыя, зразумела, можа стаць публічнай і, хутчэй за ўсё, стане публічнай рана ці позна. Але пытаньне: што гэта дае з пункту гледжаньня пагрозы для людзей, якіх дэананімізуюць? Нават калі вы ведаеце, на якім аўтамабілі езьдзіць той ці іншы сілавік, вы наўрад ці будзеце прадпрымаць актыўныя дзеяньні. Калі мы паглядзім, у прынцыпе, у Рэспубліцы Беларусь на пратэсты, то пратэсты больш носяць мірны характар.

  • Ананімная група беларускіх «кібэрпартызан» (частка руху «Супраціў») сьцьвярджае, што ўзламала пашпартную сыстэму краіны. У распараджэньні хакераў апынуліся дадзеныя мільёнаў беларусаў, у тым ліку «схаваныя запісы» пра кіраўніцтва сілавых структур, людзей з блізкага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўнікаў КДБ і выведнікаў у Эўразьвязе.
  • Хакеры выклалі ў тэлеграме частку інфармацыі: пашпартныя дадзеныя старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай, старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, кіраўніка КДБ Івана Тэртэля і былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які пераехаў у Менск пасьля рэвалюцыі ў сябе ў краіне ў 2010 годзе.
  • Крыніца дадзеных — інфармацыйная сыстэма «Пашпарт» — абслугоўвае пашпартна-візавыя службы ўзроўню ГУУС Менгарвыканкаму, УУС аблвыканкамаў, а таксама падпарадкаваных ім падразьдзяленьняў пашпартна-візавай службы тэрытарыяльных органаў унутраных спраў Беларусі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Група, якая называе сябе «Кібэрпартызанамі», заявіла, што зьдзейсьніла самую маштабную кібэратаку ў гісторыі Беларусі. Запыталіся ў экспэрта лічбавай бясьпекі...
 
 
 


Архив (Разное)