Аляксандар Пашкевіч: «Асноўная пагроза для дыктатарскіх рэжымаў — гэта іх адрыў ад жыцьця». 21.by

Аляксандар Пашкевіч: «Асноўная пагроза для дыктатарскіх рэжымаў — гэта іх адрыў ад жыцьця»

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Салiдарнасць

Гісторык, шэф-рэдактар часопіса «Архэ» Аляксандр Пашкевіч у інтэрв’ю Свабодзе пра тое, што адбылося зь беларускім грамадзтвам у 2020 годзе: сасьпяваньне, дасьпяваньне, ці разрадка напружанасьці? Ці можа вярнуцца вецер на кругі свае?

— Мне здаецца, што гэта ўжо дасьпяваньне. Сасьпяваньнем былі тыя працэсы, якія адбываліся ў беларускім грамадзтве прынамсі апошняе дзесяцігодзьдзе, доўгі час яны былі ня вельмі заўважныя, але ў 2020 годзе неспадзявана для большасьці вырваліся з-пад лёду. А проста разрадкай напружанасьці не дазваляе назваць тое, што адбывалася і адбываецца, доўгатрываласьць падзеяў.

Менавіта таму і вецер на кругі свае вярнуцца ўжо ня зможа: як бы ні разьвіваліся далей падзеі, вяртаньня да сытуацыі, якая была да траўня 2020-га, ня будзе. І ўлады, і грамадзтва спалілі масты, цяпер пытаньне стаіць рубам: хто каго.

— Як у падзеях 2020 году праявілася беларускае нацыянальнае?

— Беларускаму нацыянальнаму гэтымі падзеямі дадзены магутны штуршок. Вядома, асноўным рухавіком пратэстаў сталі гэтым разам не нацыянальна-дэмакратычныя сілы, адпаведна, і нацыянальны чыньнік у пратэставым руху напачатку ня быў надта заўважным.

Але па ходу разьвіцьця падзеяў нацыянальныя элемэнты ўсё далей праточваюцца і праяўляюцца. Найбольш характэрны прыклад — уражальны посьпех бел-чырвона-белага сьцяга.

Заўважны прагрэс і ў іншых сфэрах. Хто б мог падумаць год таму, што шматтысячныя прагляды будуць зьбіраць онлайн-спэктаклі Купалаўскага тэатру? Што могуць мець такую папулярнасьць канцэрты Вольнага хору? Што адмысловыя беларускамоўныя нядзелі з уласнай ініцыятывы і пры ўзаемапаразуменьні будуць абвяшчаць найбольш папулярныя ў Беларусі расейскамоўныя СМІ і блогеры?

Падобных прыкладаў можна прыводзіць вельмі шмат, хоць, вядома, казаць, што беларуская нацыянальная ідэалёгія ў яе традыцыйным разуменьні ўжо перамагла, вельмі перадчасна. Але прагрэс ёсьць.

— Чаму беларускі пратэст 2020 году ня меў геапалітычнага вымярэньня?

— На тэрыторыі Беларусі маюць уплывы толькі два моцныя геапалітычныя гульцы — Расея і «калектыўны Захад». Паколькі рэжым Лукашэнкі заўсёды быў выразна прарасейскі, то ў выпадку ўнутранага канфлікту з геапалітычным вымярэньнем апанэнты Лукашэнкі маглі б быць толькі празаходнімі.

Але Захад, заняты ўласнымі праблемамі, ня быў моцна зацікаўлены ў разгойдваньні тут сытуацыі і зьмяненьні статус-кво. І, па сутнасьці, не аспрэчваў прыналежнасьці Беларусі да расейскай сфэры ўплыву.

Адпаведна і людзі, якія ў выніку падзей 2020 году сталі палітычнымі лідэрамі пратэставай супольнасьці, добра разумелі, што без фармальнай ці нефармальнай згоды Крамля на палітычныя зьмены ў Беларусі дамагчыся пазытыўнага выніку тут будзе цяжка, калі ўвогуле магчыма.

Таму, хто шчыра, а хто толькі з тактычных меркаваньняў, яны сьвядома адмаўляліся ад разыгрываньня антырасейскай карты. Тым больш што на гэта не было сур’ёзнага запатрабаваньня і ў народных масаў.

Іншая справа — што тыя каштоўнасьці, за якія ўжо больш як год вядзецца ахвярнае змаганьне, характэрныя, па сутнасьці, менавіта для заходняга сьвету. У арбіце сучаснай Расеі, а тым больш непасрэдна ў яе складзе іх рэалізацыя немагчымая.

Таму аб’ектыўна наш народны рух чым далей, тым болей мусіць рабіцца празаходнім, чаму спрыяе і пазыцыя, занятая Крамлём. Невыпадкова ўсе апанэнты рэжыму, вымушаныя да эміграцыі з краіны, едуць менавіта на Захад, а не на Ўсход.

— Ці засьведчылі падзеі 2020 году раскол у беларускім грамадзтве?

— Гэта раскол не ў беларускім грамадзтве як такім, а паміж грамадзтвам і ўладай. Апошняя, маючы поўную манаполію на валоданьне зброяй, здолела захаваць ляяльнасьць сілавых структураў і ўладнай вэртыкалі ды ўтрымлівае пакуль што пры дапамозе брутальнай сілы кантроль над рэсурсамі краіны.

Безумоўна, пэўная падтрымка дзеяньняў улады ў грамадзтве ёсьць, колькасьць г.зв. «ябацек» нашмат вышэйшая, чым мэмныя 3%. Але яна ўсё ж ня вельмі высокая, а галоўнае — пасіўная.

Характэрнае нядаўняе прызнаньне старшыні праўладнай Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, што сёньня адбіваюцца ад усіх нападак, «як правіла, толькі дзяржаўныя органы». Таму ў аснове цяперашняга палітычнага крызісу ляжыць усё ж сілавы захоп краіны пэўнай групоўкай, а не раскол грамадзтва.

— Ці магчымае прымірэньне, і калі так, то якой можа быць яго формула?

— Прымірэньне з Лукашэнкам немагчымае і дзеля асаблівасьцяў ягонай асобы, і дзеля таго, што ўсе магчымыя масты да паразуменьня ім даўно сьвядома спаленыя.

Іншая справа — магчымасьці паразуменьня з часткай атачэньня Лукашэнкі, якая ў пэўных умовах адхіліла б дыскрэдытаванага дыктатара ад улады і выказала гатоўнасьць да перамоваў з прадстаўнікамі пратэставай часткі грамадзтва.

У такім разе формула магла б быць такая, якая звычайна ў падобных выпадках практыкуецца: прадстаўнікі былой эліты вытаргоўваюць для сябе гарантыі асабістай недатыкальнасьці і нават права на ўдзел у будучым палітычным жыцьці, узамен жа запускаюць мэханізм мірнага трансфэру ўлады праз рэальную канстытуцыйную рэформу і правядзеньне канкурэнтных выбараў.

Зрэшты, такая схема на дадзены момант выглядае даволі тэарэтычнай і ня вельмі рэалістычнай. Увогуле многае залежыць ад таго, як будзе сытуацыя разьвівацца далей, колькі яшчэ будзе панесена ахвяраў і праліта крыві.

— Ці шкадуеце вы пра тое, што адбылося ў 2020 годзе, ці варта яно было сьмерцяў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?

— Не, не шкадую. Тое, што адбылося і адбываецца — гэта жудасна і траўматычна, але празь нешта такое ў розны час праходзіла большасьць народаў сьвету. Тут залежыць ад таго, зь якой пэрспэктывы глядзець — бягучага моманту ці будучыні, інтарэсаў асобных людзей тут і цяпер ці ўсяго грамадзтва ў гістарычным аспэкце.

Людзі цярпяць страты, але грамадзтва набывае: агульны гістарычны ўсьвядомлены досьвед перамогаў і паразаў, агульных герояў і пакутнікаў, салідарнасьці з паплечнікамі ў змаганьні. Гэта ўсё акурат тое, што кладзецца ў падмурак палітычнай нацыі. І дае надзею на тое, што зьмены, якія непазьбежна ў нас неўзабаве адбудуцца, будуць якаснымі.

— Якія ўрокі зь беларускіх падзеяў 2020 году?

— Падзеі 2020 году чарговы раз засьведчылі, што асноўны выклік і пагроза для дыктатарскіх рэжымаў, асабліва пэрсаналісцкіх, — гэта іх адрыў ад жыцьця і выпаданьне з рэчаіснасьці, няздольнасьць адчуваць грунтоўныя зьмены ў грамадзтве і яго чаканьні. Рэжым, які не спрабуе праводзіць даўно насьпелыя рэформы зьверху, непазьбежна ў пэўны час сутыкнецца з магутным ціскам зьнізу. Як бы грунтоўна, здавалася б, перад гэтым усё ні зачысьціў.

Грамадзтву ж пакуль што давялося перагледзець пашыранае раней уяўленьне, што крах рэжыму залежыць ад масавасьці супраціву яму і магчымасьці гэта прадэманстраваць.

Аказалася, што гэта ня так: сотні тысяч людзей на вуліцах гарадоў — не гарантыя таго, што адбудзецца раскол элітаў і сыстэма ўлады рассыплецца. Прынамсі, у тых сыстэмах, у якіх фармаваньне ўладнай вэртыкалі на ўсіх узроўнях не залежыць ад насельніцтва ані ў найменшай ступені.

Алег Манаеў: «У адной краіне дзьве розныя Беларусі»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гісторык пра тое, што адбылося зь беларускім грамадзтвам у 2020-м.
 
 
 


Архив (Разное)