Кікбаксэр і шматдзетны бацька. Хто такі Аляксей Кудзін, якога нанава пачынаюць судзіць у Маладэчне. 21.by

Кікбаксэр і шматдзетны бацька. Хто такі Аляксей Кудзін, якога нанава пачынаюць судзіць у Маладэчне

05.08.2021 08:00 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

Спартоўца, байца-кікбаксэра Аляксея Кудзіна абвінавачваюць у супраціўленьні супрацоўніку органаў унутраных спраў, яму пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Першы суд па яго справе павінен быў пачацца 19 лістапада 2020 году, аднак перад самым пачаткам паседжаньня Кудзін, які чакаў суду на волі, зьнік. Неўзабаве ён разьмясьціў у сацсетках пост пра тое, што знаходзіцца за мяжой, а яшчэ празь нейкі час яго затрымалі ў Маскве на запыт беларускага боку. Пасьля шэрагу судоў і скаргаў Расея ўсё ж выдала Аляксея Кудзіна Беларусі.

Кікбаксэр, баец ММА і шматдзетны бацька

Ураджэнец Маладэчна, Аляксей Кудзін займаецца адзінаборствамі з 15 гадоў. Ужо ў 21 год ён стаў чэмпіёнам сьвету па муай-тай, а яшчэ праз год — па кікбоксінгу. За сваю кар’еру Аляксей Кудзін выйграваў тытул чэмпіёна сьвету ў розных відах адзінаборстваў сем разоў. Акрамя гэтага, удзельнічаў у падрыхтоўцы супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Як расказваў сам Аляксей ужо пасьля падзей другой паловы жніўня, некаторыя з тых супрацоўнікаў бралі ўдзел у яго зьбіцьці і затрыманьні ўвечары 10 жніўня ў Маладэчне.

Разам з жонкай Тацянай Аляксей Кудзін выхоўвае пяцярых дзяцей. Родныя для яго толькі двое зь іх — дочкі Стэфанія і Бажэна. Яшчэ траіх дзяцей сям’я Аляксея Кудзіна ўзяла да сябе пасьля сьмерці брата ягонай жонкі Тацяны — сілавіка з 22-гадовым стажам, які працаваў у Маладачанскім РУУС.

«Вырубіў пяцярых»

Інцыдэнт, у якім абвінавачваюць Аляксея Кудзіна, адбыўся побач з цэнтральнай плошчай Маладэчна ўвечары 10 жніўня 2020 году.

«Я зрабіў крок насустрач салдатам і таксама падняў рукі, паказаўшы, што ў мяне нічога няма, — расказваў Аляксей Кудзін пра падзеі таго вечара ў інтэрвію „Трыбуне“. — У тую ж сэкунду ззаду шарэнгі зьявіўся салдат і распыліў у мой бок струмень газу з балёнчыка. Я пасьпеў адхіліцца, павярнуўся бокам і хацеў адысьці, але адчуў удар дубінкі ў вобласьць галавы і шыі. Як пасьля мне сказалі тыя, хто стаяў ззаду і збоку ад мяне, біў прапаршчык Канстанцін Яндола. Я разьвярнуўся да яго тварам, вырваў шчыт у яго з рук і на аўтамаце нанёс яму добрую аплявуху тыльным бокам далоні ў вобласьць шлема. У той самы момант я адчуў яшчэ адзін удар па галаве дубінкай. Зараз ужо зь левага боку. Я ўбачыў, што гэты супрацоўнік у іншай амуніцыі. Ён быў увесь у чорным і даволі рослы. Калі ён замахнуўся зноў, я паднырнуў пад дубінку і ўдарыў яго».

Агулам ад дзеяньняў Кудзіна ў рознай ступені ў той вечар пацярпелі пяцёра супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Сам баец настойвае, што ніякім чынам не правакаваў праваахоўнікаў і не рабіў нічога супрацьзаконнага, быў вымушаны абараняцца ад дзеяньняў саміх міліцыянтаў. Па афіцыйнай вэрсіі, на праваахоўнікаў нападаў менавіта Аляксей.

Кікбаксэр і шматдзетны бацька. Хто такі Аляксей Кудзін, якога нанава пачынаюць судзіць у Маладэчне
Аляксей Кудзін, архіўнае фота з Інстаграму кікбаксэра

Затрыманьне і вызваленьне

Затрымлівалі Аляксея Кудзіна байцы САХРу ў той жа вечар 10 жніўня, калі ён з дому паехаў у маладачанскі шпіталь для абсьледаваньня пашкоджаньняў, нанесеных яму праваахоўнікамі падчас сутычкі. Аўтамабіль Кудзіна заблякавалі, самога яго аглушылі сьвятлашумавой гранатай, а затым, па яго словах, стрэлілі тры разы ў грудзі з траўматычнай зброі, пасьля чаго адвезьлі ў пастарунак.

На наступны дзень пасьля затрыманьня Аляксея Кудзіна вывезьлі з Маладэчна ў сьледчую турму № 8 Жодзіна. Каля маладачанскага РУУС 11 жніўня ўжо зьбіраліся людзі, якія патрабавалі вызваліць байца.

Праз два тыдні Аляксея Кудзіна вызвалілі да суду. Як ён сам расказваў у інтэрвію, міліцыянты зрабілі гэта ўзамен на прызнаньне Аляксеем віны і запіс гэтага на відэа. Таксама Кудзін кампэнсаваў пацярпелым міліцыянтам каля 20 тысяч рублёў маральнай шкоды за нанесеныя ім пабоі. Нягледзячы на гэта, справу Аляксея Кудзіна перадалі ў суд. Калі прыйшоў дзень першага паседжаньня, Кудзін зьнік.

З Масквы ў Беларусь Аляксея Кудзіна прывезьлі на самалёце 21 ліпеня, нягледзячы на пратэст Эўрапейскага суду па правах чалавека, які забараніў перадаваць байца беларускім уладам.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працэс пачынаецца ў раённым судзе Маладэчна 5 жніўня. Зь першага суду Аляксей Кудзін уцёк.
 
 
 


Архив (Разное)