Як расьсьледуюць справу беларуса Віталя Шышова, якога знайшлі павешаным у Кіеве. 21.by

Як расьсьледуюць справу беларуса Віталя Шышова, якога знайшлі павешаным у Кіеве

15.09.2021 13:35 — Разное | Свабода  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Свабода

Віталь Шышоў узначальваў «Беларускі дом у Украіне», арганізацыя ў тым ліку дапамагала беларусам, якія зьбеглі ад пераследу.

Яшчэ ў пачатку жніўня сьледзтва агучыла дзьве вэрсіі: суіцыд і наўмыснае забойства з імітацыяй самагубства. Блізкія і паплечнікі Віталя Шышова у самагубства ня вераць і зьвязваюць сьмерць актывіста зь яго дзейнасьцю, паведамляе карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» Раман Васюковіч.

Так лічыць і Бажэна Жолудзь, грамадзянская жонка Шышова: «Гэта не самагубства. 100 адсоткаў магу сказаць, што не. Нават па тым, як ідзе сьледзтва, я разумею, што я маю рацыю ў гэтым пляне. Я думаю, што гэта было забойства і, хутчэй за ўсё, гэта КДБ ці ФСБ, магчыма, нехта з украінскага боку замешаны, таму працэс ня рухаецца нікуды».

Віталь Шышоў пераехаў у Кіеў летась. У Беларусі яму пагражаў крымінальны перасьлед за ўдзел у пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. На пасадзе кіраўніка «Беларускага дома ва Ўкраіне» Шышоў у тым ліку дапамагаў іншым беларусам, уцекачам з краіны ў пошуку працы, жытла і ўладкаваньня на новым месцы. Да гэтага часу паплечнікі Шышова ня могуць забраць яго цела з морга — ня скончаная судова-мэдычная экспэртыза.

«Пракурор мяне футболіць у морг, морг — да сьледчага. Як у нас сыстэма дома працуе, у Беларусі, такое адчуваньне, што тое ж самае адбываецца і тут. Прыехаўшы да начальніка морга, я таксама пачала задаваць яму пытаньні: калі вы мне аддасьце [цела]? Калі скончацца экспэртызы? На што я атрымала адказ: мы вам не абавязаны нічога казаць», — распавядае Бажэна Жолудзь.

Размаўляць на камэру з карэспандэнтамі тэлеканалу «Настоящее время» кіраўніцтва морга не захацела, але там патлумачылі, што блізкія Віталя Шышова змогуць забраць цела адразу ж, як толькі паступіць дазвол з пракуратуры.

На месцы гібелі актывіста яго сябры ўстанавілі сымбалічны памятны знак. Яны таксама ня вераць у вэрсію самагубства: «Мы ня маем ніякай інфармацыі. Маральна мы гатовыя да любога зыходу: да таго, што гэтая справа будзе патоплена, утоена, мы ніколі не даведаемся. Гэтак жа, як гэта было з Шараметам. Адзінае, што хацелася б яго пахаваць як чалавека».

У пачатку верасьня міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі ў інтэрвію журналістам сказаў, што сьледзтва вызначылася з вэрсіяй гібелі Віталя Шышова. Праўда, якая менавіта вэрсія аказалася ў прыярытэце, міністар не ўдакладніў. На зварот тэлеканалу «Настоящее время» ў пракуратуры Кіева адказалі, што яшчэ вядзецца дасудовае расьсьледаваньне паводле артыкулу «наўмыснае забойства».

Адвакатка Алена Гаўрылюк прадстаўляе інтарэсы пацярпелага боку. Яна кажа, што пытаньняў у справе Шышова пакуль больш, чым адказаў. «Мяне цікавіць, чаму не выдаецца цела, чаму доўга праводзіцца экспэртыза. Гэта ўсё, што я пакуль магу сказаць на дадзены момант. Зараз падрыхтаваны адвакацкія запыты на імя міністра ўнутраных спраў Манастырскага пра тое, што ён у сваім брыфінгу „Інтэрфаксу“ агучыў, што вядомая вэрсія: гэта забойства ці самагубства — таму хочам ад яго атрымаць больш выразны адказ», — сказала адвакатка.

Гібель Віталя Шышова. Што вядома

  • Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году разам зь дзяўчынай. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
  • Шышоў быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Беларускі дом ва Ўкраіне», таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Рыхтаваў у Кіеве акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
  • Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
  • Былы міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць прадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
  • Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
  • Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён неаднаразова заўважаў за сабой сачэньне.
  • Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
  • Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая таксама паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуса Віталя Шышова паўтара месяца таму знайшлі павешаным у адным з паркаў Кіеву. Да гэтага часу блізкія ня могуць забраць цела актывіста з морга і атрымаць...
 
 
 


Архив (Разное)