У Расіі стартавалі выбары ў Дзярждуму. Што пра іх трэба ведаць. 21.by

У Расіі стартавалі выбары ў Дзярждуму. Што пра іх трэба ведаць

18.09.2021 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З 17 па 19 верасня расіяне абіраюць дэпутатаў Дзяржаўнай думы новага склікання. Гэтыя парламенцкія выбары ў Расіі, хутчэй за ўсё, стануць найменш свабоднымі за ўсе постсавецкія гады, піша Наша Ніва.

Пасля 2020 года і канстытуцыйнай рэформы пачаўся новы этап у палітычнай гісторыі Расіі. Апазіцыя разгромленая, суды перасталі выконваць нават фармальныя правілы, статусам замежнага агента таўруюць найлепшыя медыя. Пры гэтым цікавасць грамадства да палітыкі падае.

Фармальна ў расійскіх выбаршчыкаў ёсць выбар. «Адзіная Расія» — не адзіны варыянт: у выбарчым бюлетэні больш за дзясятак партый, ад камуністаў да нацыяналістаў.

Але гэтыя сістэмныя партыі кантралююцца Крамлём. Ім дазволена ўдзельнічаць, таму што яны не разглядаюцца як пагроза: яны ўхваленыя праціўнікі ў сістэме «кіраванай дэмакратыі».

Раней расійскія выбары нагадвалі тэатральную пастанову. За партыямі-спойлерамі было цяжка зразумець, хто ёсць хто. Але сёлета Крэмль, падобна, адмовіўся нават ад фасада і імітацыі, прыбраўшы нават ілюзію выбару.

Прайшлі тыя часы, калі рэжым Уладзіміра Пуціна мог забяспечыць дамінаванне сваёй партыі з дапамогай традыцыйных метадаў, такіх як прымус дзяржаўных службоўцаў, кантроль над СМІ або адхіленне апазіцыйных кандыдатаў.

Усе гэтыя метады ўсё яшчэ існуюць, але, падобна, яны больш не працуюць. Расіяне стамляюцца ад двух дзесяцігоддзяў праўлення аднаго чалавека, таму Крэмль шукае новыя спосабы падаўлення вальнадумства.

Як падыходзіць да выбараў расійская ўлада

Пяць гадоў таму, у 2016 годзе, «Адзіная Расія» ішла ў Думу на хвалі папулярнасці з акупацыяй Крыма. Цяпер яна ідзе на выбары на фоне шматгадовай эканамічнай дэпрэсіі, беднасці, а таксама ёю ж і прынятых непапулярных рашэнняў — павышэння пенсійнага ўзросту і абнулення тэрмінаў Пуціна. 
Нават апытанні дзяржаўных сацыёлагаў паказваюць, што кіруючая партыя «Адзіная Расія» мае самыя нізкія рэйтынгі з 2008 года (у адрозненне ад рэйтынгаў самога Пуціна, які яшчэ карыстаецца шырокай падтрымкай расіян).

Апытанне незалежнага Левада-цэнтра паказала, што толькі 27% расіян гатовыя прагаласаваць за партыю. У Маскве гэтыя рэйтынгі яшчэ меншыя — каля 15%. Паводле апытання, праведзенага Левада-цэнтрам, 57 адсоткаў расіян ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў не хочуць, каб Пуцін заставаўся ва ўладзе пасля заканчэння яго тэрміну паўнамоцтваў у 2024 годзе.

У вялікіх гарадах становішча «Адзінай Расіі» яшчэ горшае. Унутранае апытанне паказала, што 55% жыхароў Масквы заявілі, што падтрымалі б незалежнага кандыдата або апазіцыянера.

Эканамічная стагнацыя, памылкі ў барацьбе з каранавірусам, экалагічныя праблемы ў рэгіёнах падарвалі падтрымку партыі.

Але нізкая падтрымка ў расійскіх умовах зусім не азначае, што партыя не возьме большасць. Партыя можа перамагчы на выбарах дзякуючы фальсіфікацыям, нядопуску незалежных кандыдатаў, запалохваннем выбаршчыкаў і подкупам, агульнай пасіўнасцю большасці расіян.

Нягледзячы на не самую высокую падтрымку партыі, па партыйных спісах абіраецца палова дэпутатаў (225 чалавек). Іншая палова — у аднамандатных акругах. Таму «Адзіная Расія» ўсё ж зможа атрымаць абсалютную большасць у расійскім парламенце.

Як паказваюць вынікі сацыяльных апытанняў, упэўнена расце рэйтынг галоўнай апазіцыйнай сілы ў парламенце — КПРФ.

У адрозненне ад Беларусі, вынікі апытанняў у незалежных і дзяржаўных расійскіх сацыялагічных службах амаль супадаюць, агулам ім можна давяраць, лічбы даволі праўдападобныя.

Стратэгія — выжыць

У адрозненне ад мінулых гадоў, крамлёўскія палітычныя тэхнолагі цалкам сканцэнтраваны на тым, каб захаваць асноўнае электаральнае ядро «Адзінай Расіі», а не імкнуцца прыцягнуць людзей з іншымі поглядамі.

Не дзіўна, што спіс кандыдатаў ад «Адзінай Расіі» ўзначальваюць два палітычныя цяжкавагавікі, якія ўвасабляюць канфрантацыю краіны з Захадам — міністр абароны Сяргей Шайгу і міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў. Выбар гэтых дзвюх фігур з'яўляецца паказчыкам уласнай стратэгіі выжывання Пуціна.

Мабілізацыя і беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі выкліканы не толькі хваляваннямі Крамля за вынікі выбараў, але таксама леташнімі дэманстрацыямі ў Беларусі.

Навальны ў турме

Першым сур'ёзным сігналам аб узмацненні жорсткасці расійскіх уладаў да палітычнай апазіцыі стала атручванне Аляксея Навальнага летась.

Апазіцыянер Навальны са студзеня пасля вяртання з Нямеччыны знаходзіцца ў турме па палітычна матываваных абвінавачваннях. Упершыню ў найноўшай гісторыі Расіі з’явіўся лідар-палітвязень, і знаходжанне Навальнага ў турме ставіць пад сумнеў легітымнасць Пуціна.

Рэгіянальныя структуры Навальнага ў чэрвені 2021 года атрымалі статус «экстрэмістаў» і ліквідаваныя.

Гэта прывяло да судовага пераследу сотняў людзей, звязаных з гэтымі групамі. Парламент таксама хутка зацвердзіў закон, які забараняе людзям, звязаным з экстрэмісцкімі арганізацыямі, прэтэндаваць на выбарную пасаду.

Многія саратнікі Навальнага з’ехалі з краіны, некаторых пасадзілі. Каля чвэрці так ці інакш застаюцца палітычна актыўнымі.

Але ніхто з яго каманды не балаціруецца. Каля 50 сайтаў, якія кіруюцца Навальным і яго паплечнікамі, былі заблакаваныя.

Некаторым іншым актывістам з больш памяркоўнай апазіцыяй не дазволілі балаціравацца толькі таму, таму што яны публічна падтрымлівалі Навальнага.

Разумнае галасаванне

Навальны і яго каманда распрацавалі стратэгію «Разумнае галасаванне». Канцэпцыя прадугледжвае галасаванне на аднамандатных акругах за кандыдатаў, якія не з'яўляюцца чальцамі «Адзінай Расіі», але могуць скласці ім канкурэнцыю і маюць найлепшыя шанцы. Стратэгія не прадугледжвае падтрымкі канкрэтнай партыі, яна заклікана пазбавіць галасоў «Адзіную Расію».

Стратэгія раней спрацавала на некалькіх рэгіянальных выбарах. На выбарах у Масгардуму ў 2019 годзе Цэнтральная выбарчая камісія зняла некалькіх апазіцыйных кандыдатаў.

З дапамогай «Разумнага галасавання» выбаршчыкі проста перадалі свае галасы Камуністычнай партыі і іншым кандыдатам, якія былі зарэгістраваныя ў бюлетэні. Кандыдаты ад апазіцыі атрымалі 20 з 45 месцаў у гарадскім савеце Масквы, а на рэгіянальных выбарах у мінулым годзе «Адзіная Расія» страціла большасць у заканадаўчых органах у трох гарадах.

Менавіта «Разумнае галасаванне» можа дадаць хоць нейкую інтрыгу да выбараў, да якіх дапусцілі так мала апазіцыянераў.

Сёлета актывісты «Разумнага галасавання» адсочваюць і аналізуюць тысячы выбарчых кампаній. Па выніку маніторынгу ініцыятыва адабрала для падтрымкі каля 1300 кандыдатаў — не толькі для галасавання ў Дзяржаўную Думу, але і для розных рэгіянальных выбараў.

У спіс «Разумнага галасавання» трапіла 137 кандыдатаў у Дзярждуму ад КПРФ, якія балаціруюцца па аднамандатных акругах. Усяго акруг 225. На другім месцы па папулярнасці аказаліся кандыдаты партыі «Справядлівая Расія — Патрыёты — За праўду» — іх 48. На трэцім месцы — кандыдаты ад ЛДПР, іх 20.

Яшчэ ў спісе апынуліся 10 кандыдатаў ад «Яблыка», пяць — ад «Новых людзей», двое — ад «зялёных», па адным — ад «Камуністаў Расіі» і «Партыі росту». Таксама ў спісе адзін кандыдат, які ідзе на выбары ў парадку самавылучэння.

«Разумнае галасаванне» часта крытыкуецца самой апазіцыяй за тое, што яно часта падтрымлівае не тых, хто шчыра супраць палітыкі Крамля, а кандыдатаў-спойлераў ад сістэмнай апазіцыі, якія амаль заўсёды прытрымліваюцца лініі Крамля. Не зусім прыемна галасаваць не за ідэальнага кандыдата, які асабіста вам пасуе, а за чалавека, які непрыемны стылістычна і ідэалагічна.

Каманда Навальнага сцвярджае, што «Разумнае галасаванне» гэта не галасаванне за ідэальнага кандыдата, а, хутчэй, перамога над «Адзінай Расіяй» і выклік планам Пуціна.

У чэрвені 2021 года расійскія цэнзары запатрабавалі Google закрыць сайт «Разумнага галасавання». Таксама ўлады запатрабавалі ў Apple і Google выдаліць мабільную праграму, распрацаваную камандай Навальнага для прасоўвання «Разумнага галасавання».

Яны таксама запатрабавалі, каб Google і Яндэкс выдалілі спасылкі на «Разумнае галасаванне» з вынікаў пошуку.

Блакіроўкі інтэрнэт-рэсурсаў

Тэхналагічныя змены ўзмацняюць параною Крамля. Новыя інтэрнэт-выданні Крамлю складаней кантраляваць, чым традыцыйныя газеты і тэлевізійныя каналы. Апытанні грамадскай думкі ў Расіі паказваюць, што энтузіязм у дачыненні да Пуціна зніжаецца, асабліва сярод моладзі. Таму Крэмль і спрабуе ўзяць пад кантроль інтэрнэт.

Напрыклад, Раскамнагляд абмежаваў доступ да сайта Міхаіла Хадаркоўскага з інфармацыяй пра кандыдатаў у Дзяржаўную думу. На сайце былі апублікаваныя біяграфічныя даныя кандыдатаў па аднамандатных акругах. Профілі таксама змяшчалі інфармацыю аб тым, як кандыдаты ставяцца да паправак у Канстытуцыю і палітвязняў.

«На сайце мы <…> тлумачылі, за каго галасаваць нельга. Гэта балючая для ўлады тэма», — пракаментаваў бізнэсмен у сваім тэлеграм-канале.

Сам ён на выбары не пойдзе галасаваць, бо лічыць гэта бессэнсоўным: «Цяпер гаворка пра ўладу не ідзе, гэта не выбары ў гэтым сэнсе, гэта нейкае выказванне вамі свайго стаўлення. Пра якое, хутчэй за ўсё, ніхто не даведаецца».

Раскамнагляд папярэдзіў, што ў верасні пратэстуе блакаванне шэрагу замежных інтэрнэт-пратаколаў, якія хаваюць імя сайта, уключаючы DoH. Такія пратаколы могуць ускладніць блакаванне доступу да забароненых рэсурсаў.

Блакаванне сучасных пратаколаў шыфравання прывядзе да зніжэння прыватнасці і бяспекі ў рунэце. Акрамя таго, можа быць абмежаваны доступ да папулярных рэсурсаў, напрыклад браўзера Firefox.

У пачатку верасня Раскамнагляд заблакаваў у Расіі шэсць VPN-сэрвісаў, уключаючы такія папулярныя, як ExpressVPN і Nord VPN. У канцы мая ведамства папярэдзіла, што абмяжуе доступ да VPN-сэрвісаў, якія не прывядуць сваю працу ў адпаведнасць з законамі Расіі.

Беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі

2021 год можа стаць годам, калі Расія канчаткова ператворыцца з гібрыднага рэжыму ў жорсткую аўтакратыю.

Значнай частцы крытыкаў Пуціна не дазволілі балаціравацца ў якасці кандыдатаў у Думу. 

За апошнія гады ліквідавана шмат няўрадавых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, прынята рэпрэсіўнае заканадаўства адносна так званых «замежных агентаў». 

Выбарчыя камісіі масава знімалі апазіцыйных кандыдатаў за «падробленыя» подпісы. Некаторыя маладыя кандыдаты ад апазіцыі былі прызваныя ў войска або шпіталізаваныя. Іншым выстаўлялі абвінавачванні ва ўжыванні наркотыкаў. Крэмль нават распрацоўваў фальшывыя сайты «Разумнага галасавання», каб збіць з панталыку выбаршчыкаў.

Ціск таксама ўзмацніўся на незалежныя СМІ і праваабаронцаў: на іх навесілі ганебныя цэтлікі «замежных агентаў» і «непажаданых арганізацый». 

Сёлетнія рэпрэсіі з’яўляюцца значна больш жорсткімі за ранейшыя. Гэта не значыць, што папярэднія расійскія выбары былі свабоднымі і справядлівымі. Але метады, якія выкарыстоўваюцца для падаўлення апазіцыі, былі танчэйшыя.

Ціск на дзяржаўных прадпрыемствах

Апытанне сацыялагічнага агенцтва УЦВГМ (ВЦИОМ) паказала, што 14 адсоткаў усіх супрацоўнікаў, якія працуюць на прамысловых прадпрыемствах у Расіі, былі вымушаныя зарэгістравацца для галасавання пад ціскам начальства, а больш за палову рэспандэнтаў заявілі, што кіраўнікі абмяркоўвалі з імі тэму выбараў.

Ужо традыцыйна ў Расіі пасля кожных выбараў у інтэрнэце з’яўляюцца дзясяткі відэаролікаў, на якіх начальнікі дзяржаўных прадпрыемстваў мабілізуюць сваіх супрацоўнікаў для галасавання з выбарчымі «каруселямі».

Подкуп выбарцаў

Пуцін напярэдадні выбараў падпісаў указ аб адначасовых грашовых выплатах усім грамадзянам, якія атрымліваюць пенсію. Ён прапанаваў выплаціць вайскоўцам па 15 тысяч расійскіх рублёў (207 даляраў), а звычайным пенсіянерам — па 10 тысяч расійскіх рублёў (138 даляраў). Крытыкі Крамля лічаць гэта звычайным подкупам выбарцаў. 

Кандыдаты-двайнікі

Вылучэнне на выбары двайнікоў-спойлераў — кандыдатаў з аднолькавым або падобнымі імёнамі і прозвішчамі, якіх выкарыстоўваюць для адабрання галасоў у таго ці іншага прэтэндэнта — адна з самых папулярных «брудных» тэхналогій. 

Сёлета самай вядомай ахвярай «двайнікоў» стаў апазіцыянер Барыс Вішнеўскі, кіраўнік фракцыі «Яблыка» ў Пецярбургскім заканадаўчым сходзе. У гарадскі парламент ён вылучаецца па аднамандатнай акрузе №2 у Цэнтральным раёне горада. Сярод яго канкурэнтаў — яшчэ два Барысы Вішнеўскія. Ад арыгінальнага кандыдата яны адрозніваюцца толькі іменем па бацьку.

У Расіі стартавалі выбары ў Дзярждуму. Што пра іх трэба ведаць

Двайнікі адпусцілі бароды і цяпер нават знешне нагадваюць апазіцыянера. Выбаркам зацвердзіў макет плаката з фотаздымкамі ўсіх траіх у шэраг — ён будзе вісець на выбарчых участках акругі.

Супернікі Вішнеўскага сталі яго цёзкамі непасрэдна перад выбарамі. 

Электроннае галасаванне

Апошнія гады ў Расіі пачало развівацца электроннае галасаванне. Але ў 2020 годзе падчас рэферэндуму па папраўках у Канстытуцыю ў Маскве і Ніжагародскай вобласці ўзніклі сур'ёзныя анамаліі пры правядзенні анлайн-галасавання: прагаласавала больш людзей, чым было зарэгістравана. На адным участку выбаршчыкаў аказалася на 217 працэнтаў больш, чым павінна было.

Крытыкі Крамля кажуць, што ўлады прымушаюць некаторых выбаршчыкаў рэгістравацца і галасаваць анлайн, каб схаваць махінацыі з галасамі.

Адсутнасць назірання

Выбары характарызуюцца таксама праблемамі з незалежным назіраннем. У мінулым месяцы АБСЕ абвясціла, што не будзе адпраўляць назіральнікаў на выбары ў Расіі ўпершыню за амаль тры дзесяцігоддзі з-за сур'ёзных абмежаванняў, накладзеных расійскімі ўладамі на місію.

Вядучая расійская маніторынгавая арганізацыя «Голас» за месяц да парламенцкіх выбараў таксама была прызнаная «замежным агентам».

Ніводнага апазіцыянера

Стомленасць ад 20-гадовага праўлення Пуціна прыкметна расце, асабліва сярод моладзі ў вялікіх гарадах. 

Можна было б чакаць, што сапраўдныя праціўнікі рэжыму калі не выйграюць выбары, то хаця б пройдуць у парламент і ператвораць яго ў месца для дэбатаў і дыскусій. Але Крэмль імкнецца не толькі захаваць сваю большасць, але і не дапусціць ніводнага рэальнага апазіцыянера ў парламент. Нават адзін такі чалавек успрымаўся б уладамі як экзістэнцыяльны крызіс. 

Ці ёсць у выбарах сэнс?

Канкурэнтныя выбары і, што больш важна, адносна сумленны падлік галасоў магчымыя ў буйных гарадскіх цэнтрах, такіх як Масква, Санкт-Пецярбург, Екацерынбург, Новасібірск і Хабараўск. Хабараўск нечакана стаў цэнтрам пратэсту цягам некалькіх тыдняў у жніўні 2020 года.

Насуперак папулярнаму меркаванню, выбары маюць вялікае значэнне для аўтарытарных рэжымаў, і Пуцін доўгі час карыстаўся выбарамі як інструментам для ўмацавання свайго іміджу лідара, што карыстаецца незвычайнай папулярнасцю. Перамогі «Адзінай Расіі» з'яўляюцца часткай гэтага вобразу.

Крытыка ўладаў 

Расійскія ўлады працягваюць абвінавачваць Захад у тым, што ён нібыта імкнецца ўмяшацца ў выбары і дыскрэдытаваць іх.

«У Крамля няма сумненняў у спробах умяшання ў выбары ў Расіі», — заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

«Звесткі аб умяшанні ў выбары ў Расіі, якія былі перададзеныя амбасадару ЗША Джону Салівану, досыць сур'ёзныя», — адзначыў кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў.

«Мэтанакіраваная праца па дыскрэдытацыі выбараў у РФ вядзецца з небывалым размахам, яна добра аплачваецца заходнімі «партнёрамі», — сцвярджае кіраўніца ЦВК Расіі Эла Памфілава.

«Распрацоўшчыкі «Разумнага галасавання» так ці інакш звязаныя з Пентагонам», — за тыдзень да выбараў у Дзярждуму сказала прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтыя парламенцкія выбары ў Расіі стануць найменш свабоднымі за ўсе постсавецкія гады.
 
 
 


Архив (Разное)