Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Артура Вольскага, год таму — раптоўная інаўгурацыя Лукашэнкі. 21.by

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Артура Вольскага, год таму — раптоўная інаўгурацыя Лукашэнкі

23.09.2021 06:09 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дата дня

23 верасьня 1924 году нарадзіўся Артур Вольскі, пісьменьнік і перакладчык, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХI ст., сын пісьменьніка Віталя Вольскага, бацька музыкі і мастака Лявона Вольскага.

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Артура Вольскага, год таму — раптоўная інаўгурацыя Лукашэнкі
Артур Вольскі

Я не служыў на флёце, але добра ўяўляю, якая выбітная роля належыць на караблі боцману. А калі даць волю фантазіі й уявіць маю верагодную марскую службу, я хацеў бы, каб нашага боцмана звалі Артурам Вольскім.

Частку сваіх дзесяці флёцкіх, у тым ліку і баявых, гадоў спадар Артур насамрэч выконваў боцманскія абавязкі, што, здаецца, зусім ня горшым чынам паўплывала на ягоны далейшы лёс — і літаратурны, і кар’ерны. А трапіў ён на Ціхі акіян у 1942-м. Артуру споўнілася васямнаццаць, і ён ужо лічыў сябе ня толькі мараком, але і пісьменьнікам, бо першае апавяданьне надрукаваў ажно ў трынаццаць гадоў.

Найбольш поўна шматстайныя таленты Вольскага раскрыліся, калі ён паўтара дзесяцігодзьдзя працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача — спачатку загадчыкам літаратурнай часткі, а затым дырэктарам. Якраз тады разам з шматлікімі паэтычнымі й празаічнымі зборнікамі для дзяцей і дарослых была створаная п’еса-казка «Сьцяпан — вялікі пан», што — пакладзеная на музыку кампазытарам Юрыем Семянякам — сталася першай беларускай дзіцячай апэрэтай.

Парадак панаваў на ўсіх палубах і тады, калі спадар Артур быў дырэктарам менскага Дому літаратара.

Шмат каму жыцьцё Вольскага падавалася ўва ўсіх сэнсах камфортным і бясхмарным. Але пад ягоным нацельнікам, што почасту выглядваў з-пад моднай кашулі, білася сэрца, якое прывяло пісьменьніка ў кастрычніку 1988-га ў шэрагі стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

Вольскі ўваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне вэтэранаў вайны. Некалькі разоў я быў сьведкам таго, як на шэсьцях дэмакратычных сілаў уладным позіркам і зычным голасам спадар Артур спыняў і прымушаў адступаць чорныя шэрагі тых, хто перагароджваў дарогу.

Ягоны бацька Віталь, аўтар славутага «Несьцеркі», пражыў восемдзесят сем гадоў, маці — дзевяноста чатыры. Генатып і магутнае здароўе абяцалі спадару Артуру доўгае жыцьцё. Аднак умяшаўся выпадак, а найверагодней — загадзя сплянаваная акцыя. Пасьля вечаровага выступу перад школьнікамі Вольскага запыніла вялікая агрэсіўная кампанія. Яго ня проста жорстка зьбілі, але і распранулі, пакінуўшы непрытомным ляжаць на халоднай лістападаўскай зямлі. Перажыты тады шок, на думку мэдыкаў, і справакаваў анкалягічнае захворваньне.

У ліку ягоных найлепшых паэтычных твораў астатніх гадоў многія называюць верш «Калі гучыць „Магутны Божа“»:

Калі гучыць «Магутны Божа»,

гатоў я ўпасьці на калені.

Бог — толькі Бог! — нам дапаможа

знайсьці шляхі да вызваленьня...

Таленавіты род Вольскіх доўжыцца ў Артуравым сыну Лявону — адным з найпапулярнейшых у краіне рок-музыкаў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 492-493.

У гэты дзень год таму

  • У Менску ў палацы Незалежнасьці прайшла раптоўная цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.
  • Увечары ў Менску і шэрагу іншых гарадоў адбыліся масавыя акцыі пратэсту, выкліканыя інаўгурацыяй. Праваахоўныя органы жорстка дзейнічалі супраць пратэстоўцаў, у Менску былі ўжытыя вадамёты і пярцовы газ.
  • Данія, Літва, Латвія, Нямеччына, Славаччына, Польшча, Чэхія і Эстонія пасьля інаўгурацыі заявілі, што не прызнаюць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Крэмль лічыць выключна ўнутранай справай Беларусі прызначэньне даты ўступленьня на пасаду Аляксандра Лукашэнкі.
  • Расея перакінула ў Беларусь батальённа-тактычную групу Іванаўскага злучэньня ПДВ у рамках сумесных вучэньняў «Славянскае братэрства —​ 2020».

Гэты дзень у гісторыі

1648 — пачалася бітва пад Піляўцамі між аб’яднанымі войскамі Багдана Хмяльніцкага і Крымскага ханства супраць войска Рэчы Паспалітай.

1793 — скончыўся Горадзенскі сойм — апошні сойм Рэчы Паспалітай.

1943 — нацысты зьнішчылі Віленскае гета. Усяго за тры гады акупацыі ў Літве было забіта 200 тысяч габрэяў. З гэтае нагоды ў краіне штогод адзначаецца Дзень памяці ахвяраў генацыду.

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Артура Вольскага, год таму — раптоўная інаўгурацыя Лукашэнкі
Вуліца ў гета ў Вільні

1989 — азэрбайджанская мова абвешчаная дзяржаўнай у Азэрбайджане.

1998 — Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю, якая абавязала ўрад Югаславіі прыпыніць баявыя дзеяньні ў Косаве.

У гэты дзень нарадзіліся

480 да н. э. — Эўрыпід, грэцкі драматург.

63 да н. э. — Гай Юліюс Цэзар Актавіян Аўгуст, рымскі імпэратар.

1901 — Яраслаў Сэйфэрт, чэскі паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 1984 год.

1908 — Мікалай Патолічаў, савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі ў 1950-1956 гг.

1918 — Аркадзь Маўзон, беларускі драматург.

1936 — Сямён Шарэцкі, беларускі палітык, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня.

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Артура Вольскага, год таму — раптоўная інаўгурацыя Лукашэнкі
Сямён Шарэцкі

У памяці

1935 — Лявон (Леанард) Заяц, беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч, член Народнага сакратарыяту Рады БНР. Быў рэпрэсаваны бальшавіцкімі ўладамі і памёр у зьняволеньні.

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Артура Вольскага, год таму — раптоўная інаўгурацыя Лукашэнкі
Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Мікола Вяршынін, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч.

1939 — Зыгмунд Фройд, аўстрыйскі лекар-псыхіятар, псыхоляг і нэўроляг, заснавальнік псыхааналізу.

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Артура Вольскага, год таму — раптоўная інаўгурацыя Лукашэнкі
Зыгмунд Фройд

1974 — Пабла Нэруда, чылійскі паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 1971 год.

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Артура Вольскага, год таму — раптоўная інаўгурацыя Лукашэнкі
Пабла Нэруда

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 


Архив (Разное)