Гісторыя нечаканай знаходкі. Пашпарт БНР з Паўночнага Каўказу. 21.by

Гісторыя нечаканай знаходкі. Пашпарт БНР з Паўночнага Каўказу

27.09.2021 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У прыватнай калекцыі знайшоўся загадкавы здымак. Да збіральніка ён трапіў у купе іншых, царскіх ды зробленых у Заходняй Беларусі да 1939 года. Падрабязнасці пра нечаканую знаходку публікуе Budzma.by.

Гісторыя нечаканай знаходкі. Пашпарт БНР з Паўночнага Каўказу

Знаходка — фотаздымак з дакумента, выдадзенага консулам БНР на Паўночным Каўказе

Стаўрапаль. Лета 1918 года. Вакол — вайна і хаос. Сёння горад «чырвоны», заўтра — «белы», а пазаўтра... Ніхто не ведае. У двухпавярховы будынак з чорнага ходу падымаецца чалавек, апрануты па-вайсковаму, але без знакаў адрознення: гімнасцёрка, рэмень, фуражка. Яму патрэбны дакумент, што ён — беларус.

У прыватнай калекцыі знайшоўся загадкавы здымак. Да збіральніка ён трапіў у купе іншых, царскіх ды зробленых у Заходняй Беларусі да 1939 года. На фота мужчына ў фуражцы, зняты па пояс. Здымак выразаны з нейкага дакумента, на акрайчыку — фрагмент круглай пячаткі. На адбітку напісана дарэформенным расейскім алфавітам: «...консул на Паўночным К(аўказе)». Па цэнтры — выява Пагоні.

Пра консульствы БНР у часы Грамадзянскай вайны мы чулі. У Кіеве, Адэсе, Маскве, Берліне і нават у Канстанцінопалі. Але на Паўночным Каўказе?

Што за чалавек на фота, чыё імя засталося на страчаным фрагменце аркуша? Што гэта быў за дакумент: пашпарт, пропуск, часовае пасведчанне?

Урэшце, каму ў тым рэгіёне мог спатрэбіцца дакумент непрызнанай Беларускай рэспублікі? Паспрабуем разабрацца.

Гісторыя нечаканай знаходкі. Пашпарт БНР з Паўночнага Каўказу

Знаходка — Круглая пячатка з дакумента, выдадзенага консулам БНР на Паўночным Каўказе

Консульствы БНР — «беларускія дамы» свайго часу

З вясны 1918 года, адразу пасля абвяшчэння БНР, рэспубліка пачала ствараць прадстаўніцтвы за мяжой. Народны Сакратарыят прызначаў консулаў у Мінску ды выпраўляў на месца або зацвярджаў тых, хто выявіў ініцыятыву ў тым ці іншым рэгіёне. Бурбіс у Маскве, Ермачэнка ў Канстанцінопалі і г.д.

Гісторыя нечаканай знаходкі. Пашпарт БНР з Паўночнага Каўказу

Так выглядала консульства БНР у Канстанцінопалі

Консульствы наладжвалі сувязі з тамтэйшымі ўрадамі: украінцамі, туркамі, бальшавікамі, казакамі. Вырашалі гандлёвыя і фінансавыя пытанні: праз консульства ў Кіеве айцы БНР атрымлівалі крэдыты, прадавалі лес. Таксама — арганізоўвалі мясцовых беларусаў, дапамагалі з дакументамі, часам — з грашыма.

Сучаснай мовай, гэта было нешта накшталт «беларускіх дамоў». Не маючы рэальнай юрыдычнай ці дзяржаўнай сілы, консульствы і дып-прадстаўніцтвы БНР усё ж вырашалі пэўныя пытанні, былі месцамі прыцягнення і сустрэчаў. Недзе арганізоўвалі культурныя вечарыны, недзе вялі перамовы, гандлявалі, шпіёнілі.

«Помач і абарона інтарэсау ўцекачоу»

Консульства БНР на Паўночным Каўказе ці не самае таямнічае. У архівах яно ўзгадваецца, але кожны раз ускосна і неяк невыразна. Чытаем у пратаколе Народнага Сакратарыяту БНР за 6 жніўня 1918 года:

«(Заслухалі) даклад дэлегата Беларускай Рады бежэнцаў у м. Стаўропаль на Кауказе п. А. Вальковіча. Там многа уцекачоу, каторым надта патрэбна помач і абарона іх інтарэсау перад «Саветам Рэспублік Севернаго Кауказа». (...)

(Пастанавілі) Назначыць Асобоупауномачаным па бежэнскім справам на Пыуночным Кауказе Ал. Ів. Вальковіча, катораму надаюць права консула, пакуль ні будзе назначэны Консул на Кауказе».

Гісторыя нечаканай знаходкі. Пашпарт БНР з Паўночнага Каўказу

Дыппашпарт БНР Аляксандра Бурбіса, консула Беларусі ў Маскве

Далей ідзецца пра выдачу Вальковічу 3000 рублёў на консульскія справы. Невядома, ці гэтыя грошы ён атрымаў. Невядома, ці быў прызначаны нейкі сталы консул пасля, замест Вальковіча. Малаверагодна, бо ніхто іншы ў гэтай ролі не ўзгадваецца. Найхутчэй, консульства праіснавала зусім нядоўга.

А вось, што піша даследчык А. Максімчык, спасылаючыся на Язэпа Варонку: «...сцвярджаецца, што летам 1918 г. у Стаўрапалі было адкрыта консульскае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі, аднак аб яго дзейнасці нічога невядома, паколькі да сёняшняга часу архіў консульства не знойдзены».

Тамсама чытаем пра існаванне Каўказскай Краёвай Беларускай Рады, якая мела сваю пячатку, а справаводства вяла на рускай мове: невядома, ці праз асабістую пазіцыю ўдзельнікаў, ці каб дакументы былі зразумелыя мясцоваму начальству. Рускамоўная пячатка з Пагоняй у нашым выпадку пацвярджае гэты факт.

Гісторыя нечаканай знаходкі. Пашпарт БНР з Паўночнага Каўказу

Прыклады пячатак БНР

Беларускі інтарэс на Паўночным Каўказе: «хлебны» кейс?

Які быў сэнс ствараць прадстаўніцтва БНР на Паўночным Каўказе? Там сапраўды было шмат уцекачоў-беларусаў: эвакуяваных на Кубань падалей уд фронту у Першую Сусветную, але таксама і пазнейшых.

У дадатак — дэмабілізаваныя вайскоўцы з былога імперскага войска. Армія развалілася, яе ўчорашнія жаўнеры далучаліся да белых ці чырвоных войскаў або прарываліся дадому.

Пратакол НС БНР за 15 чэрвеня 1918 года: «...прэдстаунікі Кубані прапанавалі даць для Беларусі паутара мілліона пуд. хлеба, але пад гарантыю, што гэты хлеб не забяруць сабе немцы, як ен будзе у дарозе».

Звернем увагу, што гэта яшчэ чэрвень 1918-га. Да прызначэння консула Вальковіча — амаль два месяцы. Магчыма, акурат «хлебны» кейс і падштурхнуў айцоў БНР заняцца каўказскім пытеннем.

А вось нечаканы паварот — вайсковы: «На Кубані есьць дабравольчэская армія, сярод каторай есьць полк з беларусау, гатовых па першаму зову вярнуцца на Беларусь у войска беларускае, калі такое будзе арганізавацца.» Паведамленне за 3 кастрычніка 1918 года, якое НС БНР пакінуў без адказу.

Ці існавала само консульства ў Стаўрапалі ўвосень 1918-га? Верагодна, не. Сам Вальковіч стаў прадстаўніком БНР пры ўрадзе Грузіі, пазней вярнуўся на радзіму і ўзначаліў Мінфін БНР.

У 1925-м вярнуўся ў БССР, працаваў у Наркамаце фінансаў. Арыштаваны ў 1930-м па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у 1937-м расстраляны. Ніякіх дакументаў ці ўспамінаў пра свой «каўказскі» перыяд не пакінуў. Мы не маем нават ягонага фота.

Пашпарт БНР — (латэрыйны) квіток дадому

Дагэтуль вялікае пытанне: навошта людзі ішлі ў консульствы непрызнанай рэспублікі, каб атрымаць дзіўныя пашпарты і пасведчанні — стаць грамадзянамі БНР? Бальшавікі маглі ўбачыць у такой паперцы прыналежнасць да «буржуазнага ўраду», белыя — да сепаратыстаў-«самастійнікаў»... Маглі ўласніка і да сценкі паставіць.

Гісторыя нечаканай знаходкі. Пашпарт БНР з Паўночнага Каўказу

Прыклад пасведчання асобы, якое належыла Івану Ермачэнку - консулу БНР у Канстанцінопалі

Самі консульствы БНР існавалі збольшага ў рэгіёнах, падкантрольных ці нейтральных да немцаў. Адэса і Кіеў — гэта Дырэкторыя Скарападскага, нямецкага сатэліта. Растоў пад кантролем казакаў Краснова — нямецкія хаўруснікі. Бальшавіцкая Масква да пэўнага часу знаходзілася ў дыпламатычных стасунках з Берлінам.

Паколькі Беларусь была пад нямецкай акупацыяй, то БНР успрымалі звонку як адзін з нямецкіх праектаў. Таму існавалі і самі консульствы, і паперы, якія яны выдавалі. А людзі звярталіся, бо калі ў чалавека не было ніякіх дакументаў, а вярнуцца ў Беларусь хацелася — гэта была хісткая, але надзея. Квіток дадому праз межы і лініі франтоў, няхай і латэрэйны.

Безыменны «грамадзянін БНР»

У нашым выпадку, дакумент мог быць або пасведчаннем асобы або пашпартам. Мы ўяўляем сабе класічны пашпарт БНР па пазнейшых прыкладах: акуратная кніжачка з выявай Пагоні на кожным аркушыку.

Спачатку ж гэта былі аркушы А4 фармату, дзе ў кутку мацавалася фота атрымальніка, заверанае пячаткай, і тэкст пра чалавека. Вядомыя падобныя дакументы, якія належылі Луцкевічу, Бурбісу, Езавітаву ды іншым.

Гісторыя нечаканай знаходкі. Пашпарт БНР з Паўночнага Каўказу

Класічны пашпарт БНР з’явіўся ў 1919-20 гадах

Вайсковец на фота, якое засталося ад дакумента, цалкам можа быць дэмібілізаваным байцом старой імперскай арміі, які зняў пагоны. Або — звычайным бежанцам, які набыў ці вымяняў гімнасцёрку з фуражкай на рынку — так рабілі.

Тэарэтычна ён мог мець дачыненне і да беларускага палка ў добраахвотніцкай арміі, пра які ідзецца ў пратаколах НС БНР... На жаль, гэтага мы ўжо не даведаемся. Як і імя ўласніка.

Чаму фота вырвалі з дакументу? Пашпарт наўпрост стаў непатрэбны. Або — небяспечны, калі чалавек жыў пры бальшавіках. Фота ж хацелася захаваць: чалавек на той час за ўсё жыццё мог мець усяго некалькі сваіх здымкаў, адно-два з якіх — з дакументаў. Мужчына на фота мог вярнуцца ў Беларусь, а мог — даслаць блізкім у лісце, бо здымак быў знойдзены менавіта тут.

У кожным выпадку невялічкае фота з фрагментам пячаткі на сёння — адзінае сведчанне, што консульства БНР на Паўночным Каўказе рэальна дзейнічала! Як мінімум — выдавала свае дакументы. Ацалелы фрагмент пячаткі дазваляе зрабіць рэканструкцыю ўсяго штампа, дапоўніць гісторыю БНР, у якой дагэтуль так багата белых плямаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У прыватнай калекцыі знайшоўся загадкавы здымак. Да збіральніка ён трапіў у купе іншых, царскіх ды зробленых у Заходняй Беларусі да 1939-га.
 
 
 


Архив (Разное)