Беларусь-Вэнэсуэла: гульня ў інтэграцыю?
17.03.2010
—
Новости Политики
|
Працягваецца візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу. Уначы па менскім часе ён выступіў перад мясцовым парлямэнтам і ў кампаніі з прэзыдэнтам Уга Чавэсам заклаў капсулу пад жылы комплекс, які будзе ўзводзіцца сіламі беларускіх будаўнікоў.Апроч пагадненьняў аб пастаўках вэнэсуэльскай нафты на беларускія НПЗ, дасягнутых раней, Лукашэнка заявіў, што ёсьць прынцыповая дамоўленасьць пра стварэньне сучаснай сыстэмы абароны Вэнэсуэлы сіламі беларускіх спэцыялістаў. Беларусь таксама зьбіраецца рыхтаваць для Вэнэсуэлы вайсковых спэцыялістаў у сваіх навучальных установах.
З трыбуны Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы Аляксандар Лукашэнка, перавязаны жоўтай стужкай і зь вялікім ордэнам на грудзях, расказваў пра амбітныя пляны Беларусі на вэнэсуэльскім рынку: “Калі Уга тройчы прыяжджаў у Беларусь, я яму паказаў усё, што ў нас ёсьць: ад Узброеных сілаў і заканчваючы сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Ён быў узрушаны, што мы сябры, а так дрэнна ведалі адзін аднаго. І ён мяне папрасіў: для Вэнэсуэлы нам патрэбныя вось гэтыя і гэтыя прадпрыемствы, патрэбныя фэрмэрскія і калектыўныя гаспадаркі, нам патрэбная абарона. І мы за два гады ня проста выпрацавалі праграму пераносу гэтага досьведу з цэнтру Эўропы ў Вэнэсуэлу. Мы ўжо сёньня адкрываем новыя гарызонты і пэрспэктывы нашага супрацоўніцтва. І ўжо сёньня пачынаем рэалізоўваць гэтыя праекты”. Лукашэнка нагадаў, што Беларусь зьбіраецца распачаць у Вэнэсуэле будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў па выпуску беларускіх трактароў і грузавых аўтамабіляў. Ён спадзяецца, што ў пэрспэктыве справа дойдзе і да перапрацоўчай галіны — малаказаводаў і мясакамбінатаў. Сёньня ў горадзе Маракай дадзены старт новаму будаўнічаму праекту, у гонар чаго Чавэс і Лукашэнка заклалі памятную капсулу ў падмурак комплексу. Тут жа нарадзілася спантанная ідэя пабудаваць пасёлак для вайскоўцаў на адной з ваенных базаў. Лукашэнка зь веданьнем справы сам маляваў пляны будучых казармаў, Чавэс згодна ківаў галавой: “Тут стаяць самалёты, тут — казармы, тут — іншая інфраструктура для аэрапорта. Трэба адгарадзіць толькі гэтую частку, куды людзі не павінны хадзіць, толькі ваенныя. А навокал мы пабудуем жыльлё. Ці тое, што трэба будзе. Разумееш, пра што я кажу? Вось гэта іхняя тэрыторыя, а тут — жыльлё. І ён ня будзе цябе спыняць і прасіць: дай кватэру. Значыць, на пачатку наступнага году мы павінны пачаць тут будаваць. Мы табе за год тут пабудуем нямала кватэраў”. Лукашэнка пацьвердзіў, што Вэнэсуэла будзе пастаўляць нафту на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Таксама плянуецца істотна падвысіць вытворчыя магутнасьці сумеснага беларуска-вэнэсуэльскага прадпрыемства дзеля здабычы нафты і газу. Апроч таго, Беларусь абяцае ўсебаковую дапамогу ў стварэньні сыстэмы супрацьпаветранай абароны, пасьля чаго, як выказаўся Лукашэнка, “вы зможаце жыць і ня думаць — будуць моцныя гэтага сьвету сябраваць альбо выбудоўваць змовы супраць вас?” Былы ваенны контравыведнік Валер Костка лічыць, што вялікага плёну ў вайсковым супрацоўніцтве Менску і Каракасу чакаць цяжка — Расея, якая таксама намагаецца атрымаць дывідэнды ў Вэнэсуэле, добра ладзіць з рэжымам Чавэса і можа паставіць туды самае сучаснае ўзбраеньне: “Беларусь штосьці можа туды паставіць. Але, зноў жа, спачатку бяруць ці затанна купляюць у Расеі, а потым камусьці прадаюць — вось і ўся схема. Аднак Расея сама можа прадаць той жа Вэнэсуэле любыя комплексы. Якія пытаньні? У Чавэса зь Мядзьведзевым таксама нармальныя адносіны. Таму гэта ўсё трызьненьне, здаровая лёгіка гэта не ўспрымае. Проста палітычная гульня. А гульні не вядуць да чагосьці канкрэтна станоўчага. Павінна быць стратэгія, павінны быць зразумелыя пазыцыі — і ў сваёй краіне, і за мяжой. Павінна быць палітыка, а не гульня ў палітыку. Вось у чым справа. А ўвогуле падтэкст гульні з Вэнэсуэлай трэба разглядаць у адносінах паміж Масквой і Менскам: апошнім часам там нічога ня клеіцца, таму ўлады так актыўна шукаюць альтэрнатыву”. Стала вядома, што ў часе лацінаамэрыканскага турнэ Аляксандар Лукашэнка наведае Бразылію. Гэта першая паездка кіраўніка Беларусі ў найбуйнейшую дзяржаву Паўднёвай Амэрыкі. Мясцовыя СМІ паведамляюць, што сустрэча Лукашэнкі з прэзыдэнтам Луісам Інасію да Сільва адбудзецца 22 сакавіка ў Рыё-дэ-Жанэйра. Досьведу беларуска-бразыльскага кантактаваньня на вышэйшым узроўні амаль няма — адзінае, што сёлета ў лютым Лукашэнка сустракаўся з губэрнатарам бразыльскага штату Гаяс Алсідэсам Радрыгесам Філью. Тады ён заявіў, што гатовы абмяркоўваць з бразыльскім бокам пытаньні акцыянаваньня беларускіх прадпрыемстваў, прадукцыя якіх цікавіць Бразылію. На гэты момант палітычных стасункаў паміж Менскам і Бразылія няма, а эканамічныя адносіны абмяжоўваюцца нязначнымі пастаўкамі на сустрэчных курсах калійных угнаеньняў і трапічнай садавіны. Экспэрты не выключаюць, што Аляксандар Лукашэнка можа наведаць і адну з краінаў Карыбскага басэйну. Фармальна візыт беларускага кіраўніка ў Вэнэсуэлу завяршаецца 18 сакавіка, а прыезд у Бразылію чакаецца толькі праз чатыры дні пасьля гэтага. Ня выключана, што ў перапынку Лукашэнка некалькі дзён можа адпачыць на славутых пляжах трапічнага ўзьбярэжжа. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працягваецца візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу. Уначы па менскім часе ён выступіў перад мясцовым парлямэнтам і ў кампаніі з прэзыдэнтам Уга Чавэсам заклаў капсулу пад жылы комплекс, які будзе ўзводзіцца сіламі беларускіх будаўнікоў.
|
|