Аляксандр Лукашэнка: "Прарыву ў стварэнні якаснага нацыянальнага кіно ў Беларусі так і не адбылося"
10.09.2010
—
Новости Политики
|
Аб гэтым заявіў учора Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з дзеячамі культуры краіны па пытанні развіцця кінематаграфіі, перадае БЕЛТА. Прэзідэнт адзначыў, што апошнія гады для беларускага кінематографа дзяржава зрабіла нямала. "Па майму даручэнню Адміністрацыя Прэзідэнта падключылася да дапрацоўкі Канцэпцыі развіцця кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009—2014 гады, закладваючы ў яе прынцыпова новыя падыходы. З 2006 па 2009 год дзяржаўныя ўкладанні ў фільмавытворчасць узраслі ў пяць разоў. За апошнія тры гады ў гэту сферу накіравана амаль Br60 млрд, аднак прарыву ў стварэнні якаснага нацыянальнага кіно так і не адбылося", — сказаў ён. Як вынік, даходы ад продажу фільмаў склалі толькі крыху больш за 8 працэнтаў ад затрачаных сродкаў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кінематограф суверэннай Беларусі за два дзесяцігоддзі не змог стварыць высокамастацкі фільм, дастойны называцца нацыянальным праектам. "Фільмы беларускай вытворчасці знаходзяцца на перыферыі глядацкага інтарэсу. Для іх наведвання гледачоў даводзіцца "арганізоўваць". Зборы ад продажу білетаў не пакрываюць нават расходы на набыццё і рэкламу фільмаў", — канстатаваў ён. Прэзідэнт паведаміў, што пры сустрэчах на кінастудыі і на здымачнай пляцоўцы фільма "Настасся Слуцкая" маладыя рэжысёры скардзіліся, што ім не даюць прабіцца. "Іх сцэнарыямі мне таксама давялося, на жаль, займацца, — сказаў ён. — Пры "Беларусьфільме" была створана маладзёжная студыя. Мінуў час, і я маю ўсе падставы задаць пытанне: дзе ж вынікі?" "Колькі нашых маладых акцёраў і рэжысёраў сталі зоркамі расійскага кіно і тэлесерыялаў, аказаўшыся незапатрабаванымі ў нас на радзіме! Няўжо ў Беларусі лішак талентаў, што мы можам так бяздумна раскідвацца імі?" — запытаў кіраўнік дзяржавы. Асобна ён спыніўся на пытаннях рэканструкцыі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", дзе на аб'ектах інвестыцыйнага праекта работа стаіць ужо другі год. "Была маса абяцанняў, мяне ўгаварылі пайсці на каласальныя льготы інвестару, а студыя па-ранейшаму прыходзіць у заняпад і ператвараецца ў руіны. І сёння замест таго, каб самім выпраўляць свае ж памылкі і пралікі, шукаць новага інвестара, прапануецца павесіць будоўлю на шыю дзяржаве", — абурыўся Прэзідэнт. На сустрэчы таксама было закранута пытанне дзейнасці факультэта экранных мастацтваў, які быў адкрыты ў гэтым годзе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. "Як наладжана работа "беларускага ВГІКа"? Вельмі баюся, каб уся справа не звялася да прывабнай шыльды", — перасцярог кіраўнік дзяржавы. "На гэтыя і іншыя пытанні я чакаю адказу ад міністра культуры і генеральнага дырэктара кінастудыі "Беларусьфільм", — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што размова аб тым, што кінематограф чакае і патрабуе зменаў, вядзецца даўно. "Гэта была мая ініцыятыва — запрасіць сёння да размовы не толькі чыноўнікаў або паспяховых, сталых майстроў, але і тых, чый творчы шлях быў цярністы, або хто да гэтага часу знаходзіцца ў пошуках выйсця, а таксама маладую змену кінематаграфістаў — сённяшніх студэнтаў", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама адзначыў: "Мне тут прапанавалі цэлы набор афіцыйных дакладаў і выступленняў, але я хачу ў першую чаргу выслухаць тых, хто робіць кіно і на сабе адчувае ўсе праблемы кінематографа, — сцэнарыстаў, рэжысёраў, прадзюсараў, крытыкаў і пракатчыкаў. Прапаную вам абсалютна аб'ектыўна і непрадузята выказацца па ўсіх набалелых праблемах — ад нараджэння сцэнарнай ідэі да продажу гатовага фільма". "І калі вы сапраўды любіце кіно, вы будзеце гаварыць смела, выкрываючы яго праблемы і прапануючы свае шляхі вырашэння. Няхай у нас тут разгарыцца вострая дыскусія, сапраўдны мазгавы штурм па пошуку шляхоў і спосабаў развіцця кінематографа. І ў спрэчцы, несумненна, знойдзецца ісціна", — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Ад удзельнікаў сустрэчы ён запатрабаваў аб'ектыўнага і справядлівага крытычнага аналізу беларускага кіно, адказаў на пытанне аб тым, што перашкаджае яму паспяхова развівацца ў рэчышчы сусветных тэндэнцый. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Я перш за ўсё хачу пачуць аб праблемах, але не з пункту гледжання крытыкі, што ўсё дрэнна, што трэба ўсё ламаць, а потым паглядзім, выплывем — а з пункту гледжання таго, што трэба зрабіць сёння і заўтра, каб мы, збіраючыся на такім узроўні, гаварылі аб нашых нацыянальных праектах, нашых поспехах, каб, нарэшце, не сорамна было глядзець у вочы адзін аднаму". Дзяржава прадоўжыць аказваць фінансавую падтрымку беларускаму кінематографу, але толькі пад стварэнне новых акупных праектаў. "Гэтаму важнейшаму з усіх мастацтваў мы несумненна будзем дапамагаць, фінансаванне будзе павялічвацца, але грошы будуць накіроўвацца толькі на новыя і акупныя", — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, дзяржава таксама можа быць заказчыкам некаторых фільмаў, але і не выключна заказчыкам, і не так, як было да гэтага часу, а абавязкова на конкурснай аснове. "Для мяне няважна, будуць гэта нашы тэлевізійныя каналы ў якасці заказчыкаў, прыватныя кампаніі або наша вядомая кампанія", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, прыярытэт будзе аддавацца тым, хто прапануе добры сцэнарый і ў рэшце рэшт створыць добры фільм. Кіраўнік дзяржавы сказаў: дэбюракратызуйце гэты працэс. Справа кінематаграфістаў — здымаць кіно, а не займацца бясконцымі справаздачамі і ўзгадненнямі, губляць час на паператворчасць. Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду і Міністэрству культуры сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта неадкладна разабрацца ў гэтым пытанні і прыняць вычарпальныя меры па дэбюракратызацыі кінагаліны. На думку кіраўніка дзяржавы, з гэтага пункту гледжання трэба разгледзець прапановы Міністэрства культуры аб стварэнні Нацыянальнага інстытута кіно. "Усё дасканала прадумаць і ўзважыць, каб не прывесці да раздування кіраўніцкіх штатаў і не парадзіць непатрэбнае звяно ў бюракратычным ланцугу, якое нічога не вырабляе, а толькі пераразмяркоўвае дзяржаўныя сродкі", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Трэба прыцягваць да супрацоўніцтва салідныя замежныя кінакампаніі, якія добра зарэкамендавалі сябе, а не адпужваць іх бюракратызмам і празмерна высокімі цэнамі на паслугі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае — сумленнасць, прыстойнасць і доўгатэрміновыя перспектывы". Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў недапушчальнасць у кінематографе любой кланавасці, сямейнасці, блату, дзялення на прыбліжаных і чужых. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым заявіў учора Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з дзеячамі культуры краіны па пытанні развіцця кінематаграфіі, перадае БЕЛТА. Прэзідэнт адзначыў, што... |
|