Беларускія палітыкі ў Празе: Патрабуем вызвалення палітвязняў і новых выбараў. 21.by

Беларускія палітыкі ў Празе: Патрабуем вызвалення палітвязняў і новых выбараў

11.01.2011 00:00 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Нам патрэбная падтрымка і салідарнасьць дзеля вызваленьня палітвязьняў і абвяшчэньня новых выбараў у Беларусі».

Пра гэта заявілі ў Празе беларускія апазыцыйныя палітыкі экс-старшыня Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч, сустаршыня кампаніі «За свабодныя выбары» Сяргей Калякін, прадстаўнік БХД Дзяніс Садоўскі, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, прастаўнік экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Віктар Івашкевіч і дачка зьняволенага экс-кандыдата Эва Някляева. Сёньня яны правялі шэраг сустрэчаў з чэскімі ўрадоўцамі, у тым ліку з міністрамі замежных і унутраных справаў, і сустрэліся з журналістамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Чэхіі.

Прага — трэцяя эўрапейская сталіца, якую наведваюць беларускія палітыкі. Раней была Вільня і Варшава. Бліжэйшымі днямі яны накіруюцца ў Бэрлін і Брусэль.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін заявіў, што ў Беларусі «рыхтуецца судзілішча, як у сталінскія часы, як у 1937 годзе».

Казулін: Абвінавачаньні, якія сёньня выстаўленыя зусім ня тыя, што могуць быць выстаўленыя пазьней — гэта абвінавачаньні ў змове з мэтай антыканстытуцыйнага зьвяржэньня ўлады. Гэта іншыя артыкулы і тэрміны. Калі мы дапусьцім, каб Беларусь вярнулася ў сталінскія часы, то ў цэнтры Эўропы будзе гета і наступныя выбары ў Беларусі пройдуць пад дуламі аўтамата і дубінкамі спэцназу, ці іх увогуле ня будзе».

Паводле Аляксандра Казуліна, галоўнае пытаньне цяпер — гэта палітвязьні. Нельга дапускаць, каб палітвязьні станавіліся прадметам гандлю, іх трэба вызваліць без усялякіх умоваў. Пакуль яны ня будуць вызваленыя, усе цывілізаваныя краіны і сумленныя людзі не павінны кантактаваць з беларускім рэжымам, лічыць Аляксандар Казулін.

Казулін: «Павінны пачацца слуханьні ў Эўрапарлямэнце, а потым паседжаньне Рады міністраў замежных справаў ЭЗ. Мы як сьведкі, як людзі, якія маюць пэўны вопыт і досьвед, хочам данесьці інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне, а не тое, што могуць данесьці па дыпляматычных каналах беларускія ўлады».

Ён горка пажартаваў, што ў Беларусі ў крымінальны кодэкс ўжо можна будзе увесьці артыкул, за які пагражае крымінальны перасьлед — «кандыдат на прэзыдэнта»

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12-са скліканьня Станіслаў Шушкевіч заявіў, што хоча разьвеяць некалькі мітаў.

Шушкевіч: Падзеі 19 сьнежня паказалі, што міт аб слабай і раз’яднанай беларускай апазыцыі, які панаваў на Захадзе, — гэта прапаганда. Мы хочам разьвеяць міт пра тое, што Захад дапамагаў Лукашэнку выйграць выбары. Пачынаючы з 2006 году ЭЗ праводзіў такую палітыку, якія была накіраваная на «выхаваньне» Лукашэнкі і жаданьне зрабіць з ваўка вэгетарыянца. Гэтая палітыка пацярпела поўны правал. Апазыцыя выйграла выбары і вывела на мірную дэманстрацыю 50–70 тысячаў чалавек, але дзяржаўная машына зрабіла правакацыю і тэрарыстычную акцыю. Калі Захад будзе працягваць ранейшую палітыку, у нас няма надзеі на перамогу. З тэрарыстамі трэба паступаць так, як з тэрарыстамі. Ніякага выкупу за закладнікаў. Перамовы могуць пачацца толькі тады, калі палітвязьні будуць вызваленыя».

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня падзякаваў чэскаму ўраду за дапамогу адлічаным з палітычных прычынаў беларускім студэнтам, якія атрымоўваюць вышэйшую адукацыю ў Чэхіі.

Дачка зьняволенага кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева Ева Някляева ў эмацыйным звароце зазначыла, што «19 сьнежня жах для нашай сям’і толькі пачаўся, і ён працягваецца для нас і ўсіх сем’яў, чые родныя знаходзяцца ў турме КДБ. Мы толькі можам уявіць, які страшны ціск аказваецца на людзей, якія знаходзяцца ў турме КДБ. Мы спрабуем дамагчыся, каб бацьку перавялі ў шпіталь. Але гэтага ня робяць, мы страшна баімся за бацьку», — кажа Эва Някляева.

Дачка экс-кандыдата зьвяртаецца да чэскага народу, ураду, каб яны падтрымлівалі беларусаў, падтрымалі ня паўмерамі, а жорсткай пазыцыяй.

«Эўропа праводзіла палітыку ў дачыненьні да Беларусі, якая грунтуецца на ідэі шэрай зоны, шэрай дзіркі. Яны зачынялі вочы на тое, што адбывалася ў Беларусі, на ўсе парушэньне правоў чалавека, і вялі гандаль. Але зараз пасьля таго, што адбылося, Эўропа павінна разьмежаваць белае і чорнае».

Віктар Івашкевіч, прадстаўнік кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, адзначыў, што «канвэер КДБ працягвае працаваць, і задача пастаўленая, каб празь яго прайшлі ўсе, хто былі на плошчы.

«Каля 100 тысячаў даляраў было сабрана салідарнымі людзьмі для дапамогі пацярпелым. Хваля салідарнасьці дае надзею, таму асноўнае патрабаваньне грамадзтва да апазыцыйных палітыкаў, каб мы аб’ядналіся. Учора такі каардынацыйны камітэт быў створаны Ягоныя задачы — дамагчыся вызваленьня палітвязьняў, праінфармаваць пра тое, адбылося на выбарах і пасьля іх, і трэцяе — дамагчыся новых выбараў. Трэба каб беларусы адчувалі міжнародную салідарнасьць».

Сустаршыня кампаніі «За свабодныя выбары» Сяргей Калякін заявіў, што Аляксандар Лукашэнка не перамог у першым туры, а ягоныя супернікі разам набралі больш галасоў чым ён.

«Сёньня Лукашэнка не атрымаў палову галасоў выбаршчыкаў. пра гэта сьведчаць дадзеныя экзыт-полаў, дадзеныя назіральнікаў на участках, дзе было магчыма назіраць за падлікам галасоў. Пра гэта сьведчыць і настрой у грамадзтве. Калі пратэставаць супраць фальсыфікацый выйшлі дзясяткі тысячаў грамадзянаў, то за Лукашэнку ніхто ня выйшаў, ніводнай са створаных ім грамадзка-палітычных арганізацый. Сёньня ўсе разумеюць, што ён прайграў і таму ён адпомсьціў тым, хто выйграў гэтыя выбары».

Падзяліцца навіной: 
Радыё Свабода

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Нам патрэбная падтрымка і салідарнасьць дзеля вызваленьня палітвязьняў і абвяшчэньня новых выбараў у Беларусі». Пра гэта заявілі ў Празе беларускія...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика