Председатель СПК "Золотая подкова" держал отчёт перед сельчанами. 21.by

Председатель СПК "Золотая подкова" держал отчёт перед сельчанами

14.03.2011 — Новости регионов |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адметнасць справаздачнага сходу ў ААТ “Залатая падкова” заключалася ў тым, што ён праходзіў у дзень, калі споўнілася трыццаць гадоў, як Анатоль Пачопка быў абраны старшынёй калгаса “17 Верасня”, заступіўшы на гэтую пасаду пасля свайго папярэдніка – Героя Сацыялістычнай Працы Леаніда  Пугаўкі.
 Ішоў час, мяняліся назвы гаспадаркі (сёння гэта ААТ “Залатая падкова”), але Анатоль Пачопка, па словах аднаго з выступаючых, быў, ёсць і будзе Хлебаробам з вялікай літары, які, працуючы на роднай зямлі з любоўю,  змог, вобразна кажучы, адлучыць насенне ад жыціцаў (“Отделить семена от плевел”).
— Магчыма, Анатолю Мікалаевічу складана адразу, з ходу разабрацца  у высокіх тэхналогіях, але можна быць упэўненым у адным: у любой, нават самай цяжкой сітуацыі яго гаспадарка, яго людзі, яго дом будуць з хлебам, — сказаў, віншуючы таленавітага кіраўніка з працоўным юбілеем,  старшыня райвыканкама Алег  Морхат.

Да юбілейных урачыстасцей мы яшчэ вернемся. А напачатку раскажам аб тым, якіх вынікаў ААТ “Залатая падкова” дабілася ў мінулым годзе,  і паразважаем: ці маглі яны быць лепшымі. Даклад дырэктара таварыства Анатоля Пачопкі, выступленні галоўных спецыялістаў гаспадаркі Рыгора Пятрагі, Вольгі Сіняковай, Сяргея Лук’янёнка, старшыні Узрэцкага сельвыканкама Пятра Дашкевіча і іншых даюць падставу для такіх разважанняў.
Урокі года
Апошнія чатыры гады “Залатая падкова” пастаянна ўтрымліваецца ў табліцы рэйтынгу ў тройцы прызёраў. Ужо адно гэта сведчыць аб тым, што ў акцыянерным таварыстве стараюцца ўмела гаспадарыць на зямлі. Так, у 2008 з кожнага гектара сабрана па 37,2 цэнтнера зерня, у 2009 – 36,3. А вось у мінулым годзе – толькі 26 цэнтнераў. Валавая вытворчасць зерня ў бункернай вазе склала 1591 тону, што на 966 тон менш, чым летась. Узровень рэнтабельнасці зерня —  мінус 29%.
У чым жа прычына такога спаду ў параўнанні з 2009 годам?
—У раслінаводстве ў нас шмат праблем, — адзначыў у сваім дакладзе Анатоль Пачопка. – Больш увагі трэба ўдзяляць якаснаму ворыву, падрыхтоўцы глебы да сяўбы. Часткова пытанне вырашана з набыццём абаротных плугоў, а таксама камбінаваных агрэгатаў з актыўнымі органамі. Няма ў нас сістэмы барацьбы з пырнікам. Актывізаваць трэба і работу па ўборцы з палёў камянёў. У нас вельмі высокая шчыльнасць жывёлы (28,5 на 100 гектараў сельгасугоддзяў, па раёне – 18 – аўт.), і проста не хапае кармавых угоддзяў. Па гэтай прычыне “Залатая падкова” ў гэтым годзе купляе кармы. Хутчэй за ўсё, калі праблема не вырашыцца, і сёлета мы будзем нарыхтоўваць кармы ва ўсіх куточках раёна, дзе толькі можна.
На думку галоўнага агранома таварыства Рыгора Пятрагі, нізкая ўраджайнасць культур у мінулым годзе тлумачыцца дзвюма прычынамі. Першая —  пагодныя ўмовы: марозная зіма без належнага снегавога покрыва, а потым анамальная спякота адмоўна адбіліся на вытворчасці сельгаскультур. Так, азімы рапс вымерз поўнасцю, хоць з восені віды на ўраджай былі добрыя. Другая, і асноўная, прычына: зямлі, каб вытрымліваць севазварот, не хапае, і .даводзіцца сеяць зерне па зерні. А гэта – каранёвыя гнілі і значнае зніжэнне ўраджайнасці.
А вось з бульбай атрымалася ўдала. Севазвароты супалі так, што яе пасадзілі на тым полі, на якім хацелі. Пасадзілі ў добра ўгноеную глебу, два разы апрацавалі ад фітафторы – і вынік атрымаўся проста цудоўны: 232 цэнтнеры з гектара (па раёне – 78). Праўда, пад бульбу адвялі толькі 7 гектараў. Было б іх больш – пры сёлетнім попыце на другі хлеб “Залатая падкова” мела б добрыя грошы.
У жывёлагадоўлі калектыў спрацаваў лепш, чым у раслінаводстве. З усіх паказчыкаў выдзелім, бадай, самы асноўны: вытворчасць малака на 100 гектараў сельгасугоддзяў. У ААТ “Залатая падкова” ён такі: 1293 цэнтнеры. У той жа час у сярэднім па раёне – 693 цэнтнеры.  Ад кожнай каровы мясцовыя аператары надаілі па 4568 кілаграмаў малака (па раёне – 3821 кілаграм.). Узровень рэнтабельнасці – плюс 21% (па раёне — плюс 7,7%) – мы карыстаемся дадзенымі, атрыманымі ў райсельгасхарчы.
 Што тычыцца прадукцыі БРЖ, то вытворчасць яе стратная на сённяшні дзень не толькі ў раёне, але ў вобласці і ў рэспубліцы.
Як адзначалася на сходзе, рэзервы для папаўнення касы таварыства за кошт рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі ёсць. Па-першае, патрабуе паляпшэння работа па павышэнні якасці малака. Толькі 8% яго рэалізавана сортам “экстра”, 38% — вышэйшым сортам і ажно 51% — першым. Ад рэалізацыі малака нізкай якасці страчана не малая сума —  143 мільёны рублёў. Па-другое, у параўнанні з 2009 годам у “Залатой падкове” атрымана на 60 цялят менш, а гэта значыць (як падлічылі спецыялісты), што ў акцыянерным таварыстве ў мінулым годзе недаатрымалі 250 тон малака. Значыць, работу па аднаўленні статка  трэба ўзняць на больш высокі ўзровень. Па- трэцяе, і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве нямала выпадкаў парушэння працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. Толькі павышэнне працоўнай дысцыпліны  дазволіць калектыву  нашмат павялічыць вытворчыя паказчыкі.
Залаты фонд ААТ “Залатая падкова”
Пасля сходу ўжо, як кажуць, у кулуарах, мне давялося папрысутнічаць у абмеркаванні даклада, з якім выступіў дырэктар акцыянернага таварыства Анатоль Пачопка. Усе мы сышліся на такой думцы: 30% даклада – пра паказчыкі, 70% — пра людзей.  Пры гэтым канкрэтная размова ішла не толькі пра перадавікоў, пра тых, хто на працягу года самааддана працуе на палях і фермах, але і пра людзей, якія аступіліся ў жыцці,  чые вочы і розум засціла і затуманіла спіртное. Прыводзячы негатыўныя факты, Анатоль Мікалаевіч расказваў, якія меры прымаюцца ў калектыве (аж да кадзіравання тых, хто не мае сілы волі), каб вярнуць людзей да стваральнай працы, каб вывесці іх з палону, у які яны трапілі добраахвотна, парадніўшыся з “зялёным зміем”. З болем у голасе  пералічваў ён прозвішчы парушальнікаў працоўнай дысцыпліны, падкрэсліваючы пры  гэтым, што, калі яны цвярозыя, то шчырыя працаўнікі, а вып’юць – забываюць і пра сям’ю, і пра работу. Будзем спадзявацца, што такая шчырая і адкрытая размова на сходзе пра праблему № 1, ад якой усе беды ў жыцці, прымусіць задумацца многіх, хто злоўжывае спіртнымі напоямі.
І ўжо зусім па-іншаму – з павагай, з любоўю – называў дакладчык прозвішчы лепшых механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў, на чыіх плячах, так бы мовіць, трымаецца эканоміка гаспадаркі. Калі шчыра, то ўсіх назваць іх у гэтым матэрыяле проста немагчыма, не хопіць газетнай старонкі, таму няхай мне даруюць тыя, каго не згадаў.
Канечне ж, даярак-пяцітысячніц назваць трэба. Іх у акцыянерным таварыстве толькі трое – Ірына Сацук, Таццяна Глінская, Соф’я Марозава. Высокія паказчыкі маюць таксама Марыя Барыла, Ірына Растоўская, Таццяна Білюк, Таццяна Лось, Ганна Андрэева, Наталля Сайкоўская. Добрых вынікаў дасягнулі аператары на дарошчванні і адкорме БРЖ  Людміла Паўлоўская, Зоя Міхмель, Тамара Малатоўнік, Таццяна Фёдарава, Валянціна Качан, Юрый Волк, Пётр Януць. Сярод механізатараў хочацца назваць Сяргея Лысёнка, Дзмітрыя і Андрэя Стахоўскіх, Андрэя Федарэнку, Мікалая Носку, Міхаіла Лабуця, Алега Барана, сярод вадзіцеляў – Васіля Паўлоўскага, Віталя Лысёнка, Івана Ляшонка, сярод слесараў – Мікалая Шломана, Андрэя Хахолку, Андрэя Краўцова.
Прагучалі ў дакладзе і прозвішчы спецыялістаў гаспадаркі. Цёплыя словы сказаў дакладчык і ў адрас ветэранаў сельгасвытворчасці, якія і сёння аказваюць дапамогу ў правядзенні некаторых відаў работ.
Працаваць на зямлі трэба эфектыўна
У сваім выступленні на сходзе старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Морхат, аддаючы належнае працы калектыву ААТ “Залатая падкова” ў мінулым годзе, падкрэсліў, што пры такой дзяржаўнай падтрымцы (1 мільярд 150 мільёнаў рублёў) вынікі маглі  быць лепшыя.
—Так, як працавалі раней, сёння не атрымаецца, — усхвалявана звяртаўся да прысутных Алег Віктаравіч. — Гаворыце, што зямлі ў “Залатой падкове” не хапае. А задумайцеся, ці эфектыўна вы працуеце на зямлі, ці маеце ад яе найбольшую аддачу? Наколькі я зразумеў з даклада, з выступленняў, рэзервы для таго, каб у вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі выйсці на больш высокія рубяжы, у акцыянерным таварыстве ёсць. Ёсць вялікі патэнцыял. Трэба толькі спаўна выкарыстаць яго.
Развіваючы тэму нарыхтоўкі кармоў, што ў апошнія гады стала праблемай  для “Залатой падковы”, Алег Віктаравіч  засяродзіў увагу на тым, што трэба гаварыць не проста пра кармы, а пра энергію іх. А як падчас адбываецца? Траншэя падчас закладкі не трамбуецца належным чынам, і кармы ў ёй перагараюць, аддача ад іх становіцца нізкай. І як вынік: карова нібыта сытая, а малака і прывагі няма.
Старшыня райвыканкама высока ацаніў даклад, з якім выступіў дырэктар акцыянернага таварыства, у той жа час выказаў крытычныя заўвагі па выступленнях асобных галоўных спецыялістаў, якія, на ягоную думку, не змаглі належна падрыхтавацца да справаздачнага сходу.
—Крытыкаваць кагосьці прасцей, а чаму б самім не праявіць ініцыятыву, прадпрымальнасць у вырашэнні таго ці іншага пытання? – гаварыў Алег Віктаравіч. — А менавіта такімі якасцямі павінны валодаць сёння кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчай вытворчасці.
Так трымаць, Анатоль Мікалаевіч!
І зноў мы вяртаемся да таго, з чаго пачыналі гэты матэрыял – да юбілейнай працоўнай даты, якую адзначыў у дзень сходу дырэктар ААТ “Залатая падкова” Анатоль Мікалаевіч Пачопка. Цёплых слоў, віншаванняў, узнагарод было шмат. Словы прамаўлялі, уручалі юбіляру падзякі, граматы, падарункі Алег Морхат, былыя кіраўнікі райвыканкама Віктар Сініцкі, Міхаіл Кандзерскі, першы намеснік начальніка райсельгасхарча Людміла Данілевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вячаслаў Кажан, дырэктар ААТ “Пятроўшчына” Алена Арэхава, старшыня Узрэцкага сельвыканкама Пётр Дашкевіч, настаўнікі і вучні Узрэцкай СШ  і многія іншыя.
Калектыў “ВГ” таксама віншуе кіраўніка ААТ “Залатая падкова” (дарэчы, героя многіх нашых публікацый) Анатоля Пачопку з працоўным юбілеем і жадае  яму і надалей быць такім актыўным, жыццярадасным,  шчырым чалавекам, умелым арганізатарам сельскагаспадарчай вытворчасці. Так трымаць, Анатоль Мікалаевіч!
Тэкст і фота Алеся Жыгунова.


Автор: Алесь Жигунов

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адметнасць справаздачнага сходу ў ААТ “Залатая падкова” заключалася ў тым, што ён праходзіў у дзень, калі споўнілася трыццаць гадоў, як Анатоль Пачопка быў абраны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости регионов)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика