Тэма тыдня ад БЕЛТА: Семінар-нарада аб развіцці вёскі і аграрнага сектара. 21.by

Тэма тыдня ад БЕЛТА: Семінар-нарада аб развіцці вёскі і аграрнага сектара

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

456Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка прыняў удзел у рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны. Семінар-нарада стаў лагічным прадаўжэннем практыкі сістэмнага і аб’ектыўнага аналізу работы канкрэтных галін эканомікі ў мэтах павышэння іх эфектыўнасці ў сучасных умовах і павелічэння іх укладу ў сукупны нацыянальны даход.

Лукашэнка разам з эканамічнай падкрэслівае і палітычную значнасць сельскай гаспадаркі

«Сельскагаспадарчая вытворчасць ужо даўно выйшла за рамкі яе разгляду выключна як часткі эканомікі. Харчаванне — гэта палітыка, і ўнутраная, і знешняя. Таму стаўка на развіты аграрны сектар як на адзін з прыярытэтаў развіцця краіны яшчэ на зары нашай незалежнасці была правільнай. Цяпер ужо ніхто з гэтым не спрачаецца. Ад стану спраў у аграпрамысловым комплексе шмат у чым залежаць дабрабыт і сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь паўнацэнна забяспечвае ўласную харчовую бяспеку, што з’яўляецца важнейшым фактарам незалежнасці.

«Уявіце, калі б у нас не было прадуктаў харчавання і адзення — самых неабходных для народа, якая была б у нас незалежнасць, і дзе мы сёння былі б», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер па вытворчасці і спажыванні большасці відаў сельгаспрадукцыі на душу насельніцтва Беларусь істотна перасягае іншыя краіны СНД. Валютная выручка ад рэалізацыі айчынных прадуктаў харчавання за 2017 год склала амаль $5 млрд. «Аднак задача па дасягненні паказчыка $7 млрд не знята», — звярнуў увагу беларускі лідар.

У мінулым годзе атрыманы добры ўраджай збожжа, рапсу, цукровых буракоў. Сфарміравана нядрэнная сыравінная база. У цэлым за 2017 год дасягнуты прырост у параўнанні з папярэднім па асноўных паказчыках вытворчасці і экспарту сельгаспрадукцыі. «Але сёння размову трэба весці не аб поспехах аграрыяў, а аб існуючых праблемных пытаннях, вырашэнне якіх дазволіць выйсці на больш высокія рубяжы», — падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка паабяцаў аграрыям дыктатуру тэхналогій у форме заканадаўчага акта

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць выканання неабходных тэхналагічных працэсаў у сельскай гаспадарцы для атрымання добрых эканамічных вынікаў.

«Гаворыце, што патрэбна дыктатура тэхналогій? Яна будзе. У форме заканадаўчага акта. І такі заканадаўчы акт ураду трэба падрыхтаваць. І адказнасць за рэалізацыю кожнага яго палажэння», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Калі вы скажаце, што гэта не рыначна, я вам скажу: ой як рыначна! Таму што дзяржава адказвае за ўрадлівасць зямлі, перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы. У сельскай гаспадарцы галоўная задача дзяржавы і ўсіх вас — урадлівасць зямлі», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пытанні вытворчасці, у прыватнасці на спецыялізацыю рэгіёнаў і сельгасарганізацый. «У шэрагу рэгіёнаў яшчэ не забяспечваецца сяўба плошчаў у адпаведнасці з навукова абгрунтаванай структурай, — канстатаваў ён. — І наогул пытанні севазвароту — гэта, на жаль, забытая тэма».

Адзначаецца змяншэнне аб’ёмаў унясення мінеральных угнаенняў, правядзення ахоўных мерапрыемстваў на пасевах, што ў канчатковым выніку не дазваляе атрымаць запланаваны ўраджай і вядзе да недахопу кармоў для жывёлагадоўлі, зніжэння ўрадлівасці глеб і іншых негатыўных з’яў.

«У кожнай вобласці павінна быць свая структура сяўбы. Але догляд пасеваў універсальны. Калі дзесьці немэтазгодна вырошчваць вялікія аб’ёмы збожжавых — значыць, асноўныя намаганні трэба накіраваць на канюшыну, іншыя травы, каб забяспечыць кармамі жывёлагадоўлю. Гэта галіна для нас галоўная. І наогул жывёлагадоўля — важнейшая сфера для сельскай гаспадаркі», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад аблвыканкамаў на практыцы дакладна прытрымлівацца навукова абгрунтаванай структуры пасяўных плошчаў і арыентавацца на сваю спецыялізацыю.

Вучоныя будуць кантраляваць выкананне тэхналогій вытворчасці на сельгаспрадпрыемствах

«У нас у аграрнай сферы створаны навукова-практычныя цэнтры. Усе гаспадаркі могуць скарыстацца іх дапамогай. У той жа час вучоныя абавязаны ажыццяўляць аналіз выканання сваіх рэкамендацый. Задача вучоных — узяць «пад каўпак тэхналогій» усе сельгаспрадпрыемствы краіны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт даручыў да сярэдзіны года прааналізаваць работу гэтых навукова-практычных цэнтраў. «Мяне насцярожвае, што вы зусім нядаўна прапаноўвалі некаторыя цэнтры перадаць назад у аблвыканкамы, райвыканкамы», — растлумачыў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу вытворцаў на тое, што выкананне тэхналогій вытворчасці і рэкамендацый вучоных — аснова, без якой немагчыма займацца сельскай гаспадаркай.

Лукашэнка ставіць задачу асвойваць вытворчасць арыгінальнай харчовай прадукцыі

«Вырабіць прадукцыю мала. Яе яшчэ трэба перапрацаваць і выгадна прадаць. Сёння пакупнік патрабавальны і збалаваны. Прапанавання прадукцыі шмат, а будзе яшчэ больш», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Але пранікаць на знешнія рынкі з традыцыйнай наменклатурай вырабаў становіцца ўсё складаней. Трэба арганізаваць на аснове глыбокай перапрацоўкі сыравіны вытворчасць не толькі якаснай, але і арыгінальнай прадукцыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, трэба ўлічваць і ўзмацненне канкурэнцыі з боку сусветных экспарцёраў і вытворцаў, зменлівасць цэн на глабальным харчовым рынку, а таксама гандлёвыя, палітычныя і тэхнічныя бар’еры. «Таму МЗС і Мінсельгасхарчу трэба працаваць у цеснай увязцы, вырашаць агульную задачу», — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Трэба таксама змяніць практыку забеспячэння вытворчасці сыравінай. «Сёння ні вытворцы, ні перапрацоўшчыкі ў належнай меры не нясуць адказнасць за яе якасць, — адзначыў беларускі лідар. — Кожнаму перапрацоўчаму прадпрыемству неабходна стварыць устойлівыя сыравінныя зоны па вытворчасці канкрэтных відаў сельгассыравіны. Вызначыць яе якасныя паказчыкі, аб’ёмы і тэрміны паставак, цэны і парадак разлікаў, абавязацельствы і гарантыі зацікаўленых бакоў».

Лукашэнка чакае больш эфектыўнай работы па дзяржпадтрымцы некамерцыйных сектараў АПК

«Вядома, дзяржаўная падтрымка некамерцыйных сектараў АПК, вельмі працаёмкіх і асноватворных, будзе. Аднак і тут я чакаю больш эфектыўнай работы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У ліку гэтых сектараў аграпрамысловага комплексу кіраўнік дзяржавы назваў навуку і аграрную адукацыю, насенняводства, племянную справу, меліярацыю, захаванне ўрадлівасці глебы, фітасанітарныя і іншыя меры. «Падтрымка па гэтых напрамках спынена не будзе. Гэта дзяржаўная справа», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў кожнай з гэтых падгалін павінны быць свае індыкатары — лічбавыя значэнні, за дасягненне якіх можна атрымліваць фінансаванне.

«Што датычыцца камерцыйных праектаў, то падтрымліваць мы будзем толькі тыя, дзе акупнасць падлічваецца ў бліжэйшым будучым — не больш за пяць-сем гадоў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Трэба думаць аб эканоміцы, аб яе якасных паказчыках: удой, ураджайнасць, прыбаўленне ў вазе, расход кармоў. Пры сучасным узроўні тэхналогій і абсталявання, элементарнай вытворчай дысцыпліне і выкарыстанні прадукцыйных сартоў раслін і парод жывёл можна павысіць эфектыўнасць гаспадарання не менш як у паўтара раза ўжо цяпер», — перакананы беларускі лідар.

Лукашэнка: сельскагаспадарчая вытворчасць — гэта бізнес, а не сацыяльны праект

«Усім пара прывыкнуць да думкі, што сельскагаспадарчая вытворчасць — гэта бізнес, а не сацыяльны праект», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нізкую эфектыўнасць эканомікі галіны Прэзідэнт назваў адной з галоўных праблем. «Прама скажу, у нас пакуль слаба вядзецца работа па фінансавым аздараўленні сельгасарганізацый: колькасць стратных скарачаецца вельмі маруднымі тэмпамі», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Два гады таму ўказам аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Беларусі старшыням райвыканкамаў пастаўлена задача ўзяць пад свой непасрэдны кантроль стратныя прадпрыемствы і забяспечыць іх эфектыўную, а значыць, бясстратную работу. «Мае паездкі па рэгіёнах выявілі максімум тры-чатыры гаспадаркі ў раёне, якія падлягаюць такому кантролю з боку райвыканкама, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — У канцы года даложыце вынікі. Пакуль іх я не бачу».

Прэзідэнт запатрабаваў ад губернатараў практычнай рэалізацыі прынятых рашэнняў па аздараўленні эканамічна неплацежаздольных гаспадарак, а ад Мінсельгасхарча — усяго аграпрамысловага комплексу.

«Крыніцы росту ў аграрнай сферы павінны быць выключна ў павышэнні эфектыўнасці выкарыстання прыродных, матэрыяльных, фінансавых і працоўных рэсурсаў. Гэта азбука для кіруючага работніка. Запатрабаванне будзе ў першую чаргу за вынік. Іншых падыходаў у ацэнцы рэгіёнаў і кадраў больш не будзе», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка патрабуе павышэння прадукцыйнасці ў малочнай жывёлагадоўлі

«У жывёлагадоўлі асаблівая роля належыць малочнаму напрамку. Тое, што ён з’яўляецца крыніцай паступлення грашовых сродкаў, добра. Дрэнна, што гэта адзіная стабільная крыніца для вельмі многіх гаспадарак. У нас набыты вопыт інтэнсіфікацыі малочнай вытворчасці. У шэрагу сельскагаспадарчых арганізацый удой у сярэднім большы за 10 т малака (за год ад каровы. — Заўвага БЕЛТА), — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але ёсць і адваротныя прыклады, калі ў асобных гаспадарках у мінулым годзе не выйшлі нават на 1 тыс. 800 кг. Менш за 2 т. Куды глядзяць кіраўнікі гаспадарак і раёнаў? Такія факты проста недапушчальныя! Агульная сітуацыя таксама насцярожвае».

«Няўжо міністр сельскай гаспадаркі не бачыць, што колькасць нарыхтоўваемых кармоў расце, а паляпшэння прадукцыйнасці малочнага статка такімі тэмпамі не назіраецца? Значыць, кармоў шмат, але яны не тыя», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, выбраная сіласна-канцэнтратная сістэма вельмі затратная і найменш адпавядае фізіялагічным патрэбнасцям жывёл. «Трэба тэрмінова выпраўляць становішча!» — лічыць Прэзідэнт.

У якасці негатыўнага прыкладу ён прывёў той факт, што ў 2017 годзе ў некаторых гаспадарках на пабудаваных па праграме малочнатаварных комплексах надоена толькі 1,5 тыс. кг малака ад адной каровы. «Куды гэта варта? Для чаго мы трацілі вялікія сродкі, ствараючы гэтыя малочнатаварныя комплексы? Лічу, што і віцэ-прэм’ер, і Міністэрства сельскай гаспадаркі, і асабліва кіраўнікі абласцей павінны дэталёва разабрацца ў прычынах нізкай прадукцыйнасці жывёлы на новых малочнатаварных фермах», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым у краіне нямала прыкладаў, калі гаспадаркі ў яўна нявыгадных глебавых умовах маюць больш высокія вынікі, чым тыя, якія размешчаны на ўрадлівых землях.

«Інвестыцыі ў мадэрнізацыю малочнай галіны далі станоўчыя вынікі. Амаль 40 працэнтаў малочнатаварных ферм працуюць па сучасных тэхналогіях. Але нямала іх яшчэ застаецца недабудаванымі. Патрабаванні да ўрада і аблвыканкамаў ранейшыя: да канца гэтай пяцігодкі завяршыць усё пачатае будаўніцтва такіх ферм», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Нараўне з гэтым ён звярнуў увагу, што мала пабудаваць добры будынак і ўстанавіць найноўшае абсталяванне, трэба яшчэ ўкамплектаваць фермы высакаякасным статкам, паўнацэнна і танна накарміць жывёл і захаваць іх здароўе.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на неабходнасць павелічэння прадукцыйнага гаспадарчага выкарыстання кароў. «На гэтай аснове трэба павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы зыходзячы з крытэрыю: адна галава на адзін гектар сельскагаспадарчых угоддзяў, — сказаў ён. — На жаль, у гаспадарках пагалоўе кароў павялічваецца нізкімі тэмпамі».

Павышэнне прадукцыйнасці ў малочнай жывёлагадоўлі павінна быць забяспечана і за кошт сістэмнай селекцыйна-племянной работы. «Тут рашаючае слова за вучонымі. Створана папуляцыя галштынскай жывёлы айчыннай селекцыі. Па прадукцыйнасці ў два разы пераўзыходзіць нашу чорна-пярэстую пароду. Што яшчэ трэба? Толькі дысцыпліна выканання. Яе павінны забяспечыць мясцовыя ўлады», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў ураду сумесна з аблвыканкамамі забяспечыць адпаведны ўзровень селекцыйнай работы і падрыхтаваць неабходныя кадры для гэтага напрамку.

«Нашы магчымасці ў селекцыйнай рабоце павінны даць штуршок развіццю эфектыўнай мясной жывёлагадоўлі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Акрамя таго, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, неабходна даць дзейсны імпульс развіццю свінагадоўлі, птушкагадоўлі і авечкагадоўлі. «Але, як мы ведаем, праблемы там ёсць. Гэта і недасканаласць кармавой базы, і ўстарэлая інфраструктура, безгаспадарчасць і разгільдзяйства», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на нізкую ўвагу да рыбагаспадарчай дзейнасці. «А разам з тым рыба ўваходзіць у пералік страў нацыянальнай кухні Беларусі. З улікам усё большага патоку турыстаў у нашу краіну яна будзе запатрабавана», — упэўнены Прэзідэнт.

Лукашэнка папярэджвае кіраўнікоў аб непазбежнай адказнасці за карупцыю

«Запомніце — ад старшыні райвыканкама, заканчваючы прэм’ер-міністрам, — гэта кадравы рэестр Прэзідэнта. І ўсё, што з імі звязана, мне дакладваецца неадкладна па пытаннях карупцыі, крадзяжоў і іншых пытанняў. І даравання вы не чакайце!» — падкрэсліў беларускі лідар.

«Ужо людзі стогнуць у некаторых раёнах. Работы няма, вынікаў няма, а ён пры людзях, пачынаючы ад лазні і заканчваючы ўласным, і для дзяцей, і для сябе жыллём, указанні раздае», — адзначыў Прэзідэнт.

«Глядзіце, мужыкі. Лепш бедным, але на волі. Чым багатым там (у месцах пазбаўлення волі. — Заўвага БЕЛТА). Усё на вачах у людзей. Не думайце, што вас складана вызначыць і ніхто ведаць не будзе», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

«Сталі нахабнымі да крайняй ступені» — Лукашэнка патрабуе выкараніць пасрэдніцтва пры закупках унутры краіны

«Сталі нахабнымі да крайняй ступені. Завозяць усё, што папала, — тое, што вырабляецца ў краіне і за што заплачаны падаткі. Сваё ляжыць, гніе дзесьці, а мы ўсё вязём з-за мяжы», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Рашэнні павінны быць прыняты», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«З пасрэднікамі трэба вельмі строга — не факты мне пералічаць, а зрабіць так, каб іх наогул не было. У краіне ўжо закупляюць праз пасрэднікаў. Толькі прамыя закупкі ад вытворцы!» — запатрабаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу кіраўнікоў рознага ўзроўню на неабходнасць забеспячэння парадку ў арганізацыях АПК, захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і падтрымання высокай дысцыпліны. У тым ліку трэба ўдзяляць больш увагі пытанням захаванасці ўрадлівасці зямель, аховы прыроды, выплаты заработнай платы работнікам. За адсутнасць попыту і бардак будзе строгае запатрабаванне, папярэдзіў беларускі лідар. «Закасвайце рукавы і пачынайце працаваць», — сказаў ён.

Лукашэнка запатрабаваў неадкладна правесці кантрольныя праверкі па ўсіх выяўленых у АПК парушэннях

Прэзідэнт звярнуўся да кіраўніцтва Генпракуратуры, МУС і КДК. «Правядзіце кантрольныя праверкі неадкладна, і вельмі строга трэба пакараць вінаватых па ўсіх выяўленых у АПК парушэннях і фактах, якія былі сёння даложаны. Далажыце мне — якія прыняты рашэнні, як пакараны вінаватыя», — запатрабаваў ён.

«Хопіць размаўляць на гэтыя тэмы, правядзіце кантрольныя праверкі і прывядзіце ўсіх да прытомнасці», — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.

«Ігар Анатольевіч, мы з вамі дамаўляліся: да 15 красавіка ўсю тэхніку — на лінейку гатоўнасці», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Ён падкрэсліў, што на месцах гатоўнасць тэхнікі да пасяўной павінна быць у цэнтры ўвагі падраздзяленняў ДАІ. «Глядзіце ўсю тэхніку. Не дай бог, будзе разукамплектавана — неадкладна да адказнасці ўсіх, толькі так мы навядзём парадак. Тэрмін да 15 красавіка, і мне потым даложыце», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівая ўвага таксама павінна быць удзелена выплаце заработнай платы. «Такія пытанні — гэта адказнасць пракуратуры, вельмі сур’ёзна паглядзіце на гэта», — дадаў ён.

Акрамя таго, Прэзідэнт указаў пра недастатковасць прымаемых мер па спыненні крадзяжу паліва. Ён упэўнены, што трэба вельмі строга караць за крадзеж як паліва, так і ў цэлым матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцей.

Закранаючы пытанні навядзення парадку ў АПК, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Ніхто нікога не прымушае прыватызаваць гаспадаркі, і не трэба. Але калі народная гаспадарка, калі дзяржаўнае прадпрыемства — значыць, будзе забяспечаны кантроль з боку ўласніка, гэта значыць дзяржавы».

У ходзе дакладаў генпракурора і міністра ўнутраных спраў былі агучаны шматлікія факты парушэнняў у сферы сельскай гаспадаркі, з якімі Аляксандр Лукашэнка і запатрабаваў разабрацца вельмі строга.

Лукашэнка даручыў ураду выпрацаваць дзейсны механізм рэалізацыі канцэпцыі «вёска будучага»

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што забяспечыць галіну кваліфікаванымі кадрамі, прыпыніць адток працаздольнага насельніцтва ў горад без павышэння якасці жыцця сельскага насельніцтва, прывабнасці аграрнай працы і сельскага ладу жыцця немагчыма. Таму яшчэ адной задачай з’яўляецца стварэнне «вёскі будучага». Жыццё ў ёй ні ў чым не павінна ўступаць гарадскому, падкрэсліў Прэзідэнт.

«Даручаю ўраду сумесна з рэгіёнамі выпрацаваць дзейсны механізм рэалізацыі канцэпцыі «вёска будучага» з улікам рэгіянальных асаблівасцей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запатрабаваў прыняць усе меры для комплекснага развіцця тэрыторый, уключаючы эфектыўнае выкарыстанне пустуючага жылля ў малых вёсках і на хутарах. Таксама неабходна распрацаваць планы развіцця сельскіх населеных пунктаў і аграгарадкоў, вынікам выканання якіх стане поўная адпаведнасць гармоніі прыроды і дынамікі тэхналогій.

Прэзідэнт пацікавіўся, што робіцца для павышэння ўзроўню жыцця ў вёсцы. «Як нам падняць неперспектыўныя вёсачкі? Зрухі ў гэтым напрамку павінны быць ужо ў бліжэйшы час», — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ва ўсіх сельскіх населеных пунктах і аграгарадках Беларусі распрацаваць і поўнасцю ўкараніць новыя сацыяльныя стандарты. «У кожным раённым цэнтры, аграгарадку, вёсцы павінны быць добрыя дарогі, якасная вада, сацыяльнае абслугоўванне, забяспечанасць неабходнымі таварамі і інтэрнэт, пажадана высакаскорасны», — сказаў ён.

Толькі пры вырашэнні існуючых праблем аграрная галіна зможа выйсці на якасна новы ўзровень, звярнуў увагу Прэзідэнт. «Ён прадугледжвае прэстыж і камфорт сельскага быту, моду, калі хочаце, на ўласны дом і вакол яго кавалачак зямлі, гарманічнае спалучэнне прыгажосці беларускай прыроды і высокіх тэхналогій сучаснага жыцця», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: у аграрныя ВНУ трэба адбіраць абітурыентаў, знаёмых з жыццём вёскі і вытворчасцю

На думку Прэзідэнта, асноўная прычына парушэнняў тэхналогій у сельскай гаспадарцы — няўменне і нежаданне кіраўнікоў і спецыялістаў арганізаваць работу на належным узроўні.

«Часта мы рыхтуем спецыялістаў, у якіх няма ніякага жадання працаваць у вёсцы. Такі выпускнік праз два гады, прынёсшы не столькі карысці, колькі шкоды гаспадарцы, пойдзе ў іншыя структуры. Урад павінен выбудаваць аптымальную сістэму. Для паступлення ў аграрныя ВНУ неабходна штогод адбіраць абітурыентаў, знаёмых з сельскім укладам жыцця і вытворчасцю», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта іх трэба накіроўваць на мэтавую падрыхтоўку ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Пры гэтым я ставіў перад вамі задачу ў лепшых гаспадарках стварыць школы і накіраваць туды па 10-15, а магчыма, па 6-7 перспектыўных маладых людзей, якія ўбачаць сапраўдную вытворчасць, да якой мы імкнёмся. Мы іх дашліфуем за паўгода, максімум за год. Неабавязкова, каб яны там увесь час былі, а на пікавых мерапрыемствах: пасяўная, уборачная, нарыхтоўка кармоў, іншыя тэхналагічныя прыёмы — яны вызначаць самі, дзе і колькі ім быць. У кожнай вобласці павінны былі быць створаны такія школы. У нас такіх прадпрыемстваў дастаткова», — лічыць Прэзідэнт.

Прэтэнзіі ў пытанні падрыхтоўкі кадраў і да работнікаў вытворчасці. «Вам як заказчыкам кадраў для вёскі трэба непасрэдна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы будучых работнікаў. Арганізаваць для іх добрую практыку, дадатковае навучанне з улікам патрэбнасці канкрэтнай вытворчасці, стварыць неабходныя ўмовы ў перыяд вучобы і на старце вытворчай дзейнасці», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад ІТ-кампаніі, якія гатовы фінансаваць падрыхтоўку спецыялістаў для сваіх патрэб у дзяржаўных ВНУ.

«Я нешта не пачуў ад вас такіх прапаноў, — папракнуў Прэзідэнт кіраўнікоў сельгасарганізацый. — Таму хачу пачуць, як міністр збіраецца разам з губернатарамі вырашаць пытанне фарміравання стабільнага кадравага корпуса для вырашэння праблем вёскі».

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на частую змену кіраўнікоў і спецыялістаў на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Паводле яго слоў, адпаведныя рашэнні прымаюцца замест таго, каб дапамагчы разабрацца з прычынамі, якія тармозяць развіццё гаспадарак, і аказаць ім садзейнічанне. У 2017 годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях адзначаны 273 такія выпадкі. У Гомельскай вобласці, напрыклад, замянілі кожнага трэцяга кіраўніка.

«Замянілі — напэўна, трэба было замяніць. Але кадравая чахарда, калі на працягу двух-трох гадоў, а часам і аднаго года ў гаспадарцы мяняецца па некалькі кіраўнікоў, як правіла, завяршаецца правалам. І ніхто за гэта не адказвае — ні старшыня райвыканкама, ні губернатар, ні памочнік Прэзідэнта — інспектар у вобласці», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што кадравыя пытанні не вырашыць без павышэння прэстыжу працы ў вёсцы і ўдасканалення сістэмы яе аплаты. «Патрабаваў і буду патрабаваць своечасовай выплаты заработку нашым работнікам. Пастаўленая задача па павышэнні яго ўзроўню адносіцца і да сельскагаспадарчага сектара, а можа, нават і перш за ўсё да яго. Не такія там багатыя людзі, а працуюць больш, чым гараджане. Але грошы, вядома, павінны быць зароблены», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка раіць мяняць стыль работы ў аграрнай галіне

«Мяняйце стыль работы і прыстасоўвайцеся да новага часу і кадраў. Вучыць і паказваць трэба, гэта не лішняе. Але трэба рабіць так, каб ад гэтага была карысць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што вучобу напярэдадні пасяўной або ўборачнай трэба праводзіць непасрэдна на месцах, а не ў Мінску або на мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню.

«Калі губернатар лічыць, што яму трэба кагосьці падвучыць, калі ласка, няхай на месцы вучаць па якой-небудзь тэме», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц згадзіўся, што сёння вёсцы патрэбна якасна іншае развіццё. Перш за ўсё, неабходна павышэнне эфектыўнасці, якое забяспечвае канкурэнтаздольнасць прадукцыі, што дало б магчымасць заняць свае нішы на сусветных рынках.

На думку міністра, развіццё аграрнай галіны стрымліваецца па некалькіх прычынах, у іх ліку недапрацоўкі ў сферы земляробства, што ўскладняе якасную нарыхтоўку кармоў. У жывёлагадоўлі неабходна павышаць эфектыўнасць работы малочнатаварных комплексаў. Ёсць факты безгаспадарчасці і безадказнасці пры эксплуатацыі сельгастэхнікі. Што датычыцца фінансавага аздараўлення арганізацый АПК, то неабходная прававая база для гэтага ёсць, цяпер на першы план выходзіць разумна наладжаны менеджмент.

У аграрнай галіне ў бягучым годзе неабходна прыняць усе меры, каб кожная сельгаскультура давала прыбытак. «У дзеючых умовах такія магчымасці ў краіне ёсць», — лічыць Леанід Заяц.

 

Оставить комментарий

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Сельское хозяйство)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика