Наступiлi на граблi?..

22.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларуская iнфармацыйная iнтэрнэт-прастора выбухнула навiной — Нацыянальнае кадастравае агенцтва накiравала ў Дзяржаўны камiтэт па маёмасцi дакладную запiску, у якой заявiла пра адмову ад транслiтарацыi геаграфiчных назваў з беларускай мовы на англiйскую, маўляў, перакладаць трэба з рускай: так Гай можа ператварыцца ў Рошчы (Rоshсhi). Ага, патыхае моўнай дыскрымiнацыяй — падумалi мы i вырашылi атрымаць тлумачэннi з першых вуснаў.

— Гэта ўсё паклёп, — кажа Ганна Павiлан, адмiнiстратар адзiнага рэестра адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных i тэрытарыяльных адзiнак Рэспублiкi Беларусь НКА, член Тапанiмiчнай камiсii пры Савеце мiнiстраў. — Размова iдзе не аб тым, каб перакласцi ўсе беларускамоўныя геаграфiчныя назвы на рускую мову.

Размова выключна аб нармалiзацыi найменняў чыгуначных станцый на рускай мове, якiя прапануецца транслiтараваць з беларускай. Мы ж лiчым немэтазгодным пiсаць па-руску "чигуночная станция "Гай" замест "железнодорожная станция "Роща". Бо па-першае, у рускай мове слоў "чигуночная " i "гай" проста няма, а па-другое, з-за такiх перайменаванняў, звязаных i з перайменаваннямi населеных пунктаў, фiзiчным i юрыдычным асобам даводзiцца плацiць грошы з уласнай кiшэнi за пераафармленне дакументаў. I скаргi з-за гэтых вялiзных выдаткаў сыплюцца на Нацыянальнае кадастравае агенцтва, а не на навукоўцаў, якiя гэта прапануюць, не падлiчваючы, колькi давядзецца патрацiць i дзяржаве, i людзям. Так, у нас дзве дзяржаўныя мовы, i абедзве мы паважаем. Дык чаму б проста не захаваць назвы, якiя гiстарычна склалiся на беларускай i рускай мове, што мы i прапануем у сваёй дакладной запiсцы? Навошта спараджаць абсурдныя сiтуацыi? Як у выпадку з населеным пунктам "Чырвоны Кут", якi па-руску прапаноўваецца называць "Чирвоный Угол", або "Чырвоны Араты" — "Чирвоный Аратый". Акрамя таго, усе пытаннi, звязаныя з перайменаваннямi альбо найменнямi, вырашае Тапанiмiчная камiсiя пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, а не Нацыянальнае кадастравае агенцтва.

Высветлiлi, што пераблытаўся божы дар з яечняй, i праблема, можна сказаць, у адваротным — i тое добра. Аднак што рабiць усё ж з гэтымi ўзаемнымi перакладамi? Пытанне, зразумела, дыскусiйнае. Калi, умоўна кажучы, проста транслiтараваць словы адной мовы на iншую — здаецца, нейкая моўная нераўназначнасць атрымлiваецца, перавага адной з iх. З другога ж боку, цi заўжды будзе адэкватным пераклад, калi скажам, назвы не звязаны з канкрэтнымi з'явамi рэчаiснасцi... Адзiнае, што не выклiкае сумневаў — пытанне варта вырашыць раз i назаўсёды, каб не тузаць людзей туды-сюды: спачатку так у пашпарце запiшам, а назаўтра па-iншаму. Натуральная перавага тытульнай дзяржаўнай мовы вiдавочна зняла б гэтыя праблемы...

Паколькi многiя ўзнятыя пытаннi — лiнгвiстычныя, мы вырашылi пракансультавацца ў спецыялiста. Сваiм меркаваннем пра тапанiмiчны разнабой падзялiлася галоўны навуковы супрацоўнiк Iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Якуба Коласа i Янкi Купалы, доктар фiлалагiчных навук, прафесар, старшыня Тапанiмiчнай камiсii пры НАН, член Тапанiмiчнай камiсii пры Савеце Мiнiстраў Валянцiна Лемцюгова:

— Двухназоўе — гэта суцэльная блытанiна, колькi непрыемнасцяў узнiкае з гэтымi двайнымi назвамi. Вось вам просты побытавы прыклад: жанчыне трэба было даслаць лiст у Вялiкi Гасцiнец, яна пазначыла на канверце — "Большой подарок". Як вы разумееце, лiст да адрасата не дайшоў... I такiх прыкладаў — процьма. А павiнна быць так: адна зыходная назва i транслiтарацыя яе на iншыя мовы, а не пераклад. Напрыклад, "Залог пятилетки" — ну як ты перакладзеш на беларускую мову? "Заклад пяцiгодкi" цi што? А "Новая грамата", зацверджаная на беларускай мове, як яе перадаць? Цi "Красный богатырь" на рускай мове — ну не "Чырвоны волат" жа, або пасёлак "Буланый"... Таму, калi мы рыхтавалi даведнiкi, мы так распарадзiлiся гэтымi назвамi: тыя назвы, якiя ўзнiклi ў перыяд Кiеўскай Русi, пакiдаць без зменаў. Напрыклад: назву вёскi "Красная" (у 1376 годзе ўзгадваецца ўпершыню) мы не рабiлi "Чырвонай", бо ў тыя часы "красный" абазначаў "прыгожы, раздольны". Гэтак жа i "Красная горка", па-беларуску таксама будзе "Красная горка", таксама старажытная назва, звязаная з абрадамi, традыцыямi. Назвы, прысвоеныя ў перыяд савецкай улады, таксама пакiдаем нязменнымi (напрыклад, "Красный Октябрь" па-беларуску "Красны Акцябр", "Красный пахарь" — "Красны пахар"). Калi назва ўпершыню была прысвоена на рускай мове, мы яе транслiтаруем па-беларуску, а не перакладаем. Тое ж i з беларускiмi назвамi. Калi невядома, на якой мове была прысвоена назва населенага пункта, мы звярталiся да мясцовых уладаў, каб яны зрабiлi выбар, скажам, "красный" цi "чырвоны" павiнна быць у назве, мы не свавольнiчалi. Нi адной назвы без узгаднення з мясцовымi ўладамi не давалi, калi рыхтавалi даведнiкi. Так i атрымалася, што на Гомельшчыне — "Красны пахар" па-беларуску (i пратранслiтаравана па-руску "Красный Пахарь"), а ў Хойнiцкiм раёне — "Чырвоны Араты" (i па-руску пранслiтаравана "Чирвоный Аратый"). Аднак гэта часовыя мерапрыемствы, каб неяк змагацца з хаосам, якi ўзнiк.

Трэба ўсё перадаць па-беларуску, бо назва любому аб'екту павiнна прысвойвацца на нацыянальнай мове (беларускай, бо дзяржаўная мова i нацыянальная мова — розныя паняццi), а з нацыянальнай мовы транслiтаравацца на iншыя. Гэта зыходзiць з мiжнароднай практыкi, прапаноў ААН. Распрацаваная беларуская лацiнка прайшла мiжнародную сертыфiкацыю. Калi мы будзем прытрымлiвацца iншых падыходаў, перакладаць геаграфiчныя назвы, мы не зможам iнтэгравацца ў мiжнародную супольнасць. А сёння закрыць дарогу для iнтэграцыi ў мiжнародныя структуры — гэта проста шкоднiцтва. З назвамi гэтымi дваякiмi трэба разбiрацца, яны не ўпiсваюцца ў наш тапанiмiчны каларыт. Трэба, каб нейкi адзiн варыянт быў зыходным, а з яго iшла транслiтарацыя на iншыя мовы. Мы выступаем за тое, каб гэтым зыходным варыянтам быў беларускi. У Нацыянальным кадастравым агенцтве рэестр толькi на рускай мове, там паперакручвалi нашы назвы — немагчыма разабрацца. Сiтуацыя ў тапанiмii склалася ненармальная...

Навукоўца цяпер яшчэ аналiзуе палажэннi законапраекта аб назвах геаграфiчных аб'ектаў, таму ўсе гэтыя праблемныя пытаннi — вельмi актуальныя, i прапануе ў рэдакцыi газеты "Звязда" правесцi "круглы стол" па гэтай праблематыцы з удзелам усiх зацiкаўленых. Мы абедзвюма рукамi "за".

Зоя ВАРАНЦОВА.

 
 
 

РЕКЛАМА