Лукашэнка ў лістападзе правядзе нараду па пытаннях СМІ
15.10.2009 10:15
—
Новости Общества
|
Аляксандр Лукашэнка ў лістападзе правядзе нараду па пытаннях дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей 14 кастрычніка на пасяджэнні Атэстацыйнай камісіі пры прэзідэнце Беларусі, на якім атэстацыю праходзілі і кіраўнікі двух рэспубліканскіх СМІ. Усяго на разгляд камісіі былі прадстаўлены кандыдатуры пяці кіруючых работнікаў. Гэта першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Шчацько, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў, генеральны дырэктар ЗАТ «СТБ» Юрый Казіятка, галоўны рэдактар газеты «Звязда» Уладзімір Наркевіч, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Яўген Роўба. На мерапрыемстве адбылося сур’ёзнае і дэталёвае абмеркаванне прафесійных, дзелавых і асабістых якасцей кіраўнікоў, а таксама стану спраў у падведамных ім арганізацыях і сферах. У прыватнасці, размова ішла аб ідэалагічнай рабоце, дзейнасці СМІ і адукацыйнай сферы. У свой адрас усе пяць кіраўнікоў пачулі нямала крытычных заўваг. Дарэчы, усе заўвагі былі ўлічаны, калі прымалася канчатковае рашэнне: атэставаць кіраўніка або не. У прыватнасці, намеснікам старшынь абл‑ і гарвыканкамаў былі выказаны пажаданні больш сур’ёзную ўвагу ўдзяляць зваротам грамадзян, кожны з якіх у адпаведнасці з патрабаваннямі Прэзідэнта трэба ўважліва разглядаць і ў выпадку неабходнасці адразу ж прымаць належныя меры. Погляды членаў камісіі падзяліліся пры атэстацыі галоўнага рэдактара газеты «Звязда», якая апошнім часам збавіла абароты і пачала страчваць сваю чытацкую аўдыторыю. Паводле слоў рэдактара, калектыў рэдакцыі распрацаваў некалькі творчых праектаў і імкнецца змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Абмяркоўваліся і пытанні паляпшэння работы СТБ, у прыватнасці, размова ішла пра больш актыўны паказ айчынных тэлефільмаў. Шэраг заўваг быў зроблены і ў адрас рэктара універсітэта — адносна паляпшэння якасці адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў. Па выніках пасяджэння ўсе пяць кіраўнікоў былі атэставаны. |
|