Лепшае — за кадрам. 21.by

Лепшае — за кадрам

21.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёння ў Палацы Рэспублiкi на цырымонii закрыцця Мiнскага кiнафестывалю назавуць лепшыя фiльмы праграмы, а iх стваральнiкi атрымаюць "лiстападаўскiя" прызы. У Доме кiно пакажуць фiльм — пераможцу конкурсу iгравога кiно, i сярод галоўных прэтэндэнтаў на ўчарашнi дзень была выдатная стужка рэжысёра Яна Труэля "Вечныя iмгненнi Марыi Ларсан". Фiльм, якi сапраўды дае зразумець, што кiно — вялiкае i вельмi тонкае мастацтва. Прыемна, што вялiкая частка нашых гледачоў гэта адчула.

Насамрэч было б вельмi несправядлiва, калi б на "Лiстападзе" не прыдумалi зрабiць конкурс неiгравога кiно. Бо калi мы хочам не толькi глядзець фiльмы сусветнага ўзроўню, але пры гэтым адчуваць гонар за айчынную прадукцыю, то ўсё гэта якраз-такi спалучаецца ў гэтым конкурсе. Даўно не трэба даказваць, што Беларусь — кiнематаграфiчная краiна менавiта дзякуючы нашай кiнадакументалiстыцы, i тут мы маем рэжысёраў сапраўды з сусветна вядомымi iмёнамi. Нашы дакументалiсты атрымлiваюць прызы на прэстыжных конкурсах, якiх даволi шмат у гэтым вiдзе кiно. Так, бо дакументальнае кiно, напрыклад, у Еўропе, даволi запатрабаванае i мае свайго гледача. А ў нас?..

Сёлета ў конкурсе неiгравога кiно ў Мiнску былi прадстаўлены больш за 20 фiльмаў, сярод якiх ужо адзначаныя прэстыжнымi прызамi. Сярод iх было дзве беларускiя кiнастужкi.

Мiхаiл Жданоўскi, мастацкi кiраўнiк студыi "Летапiс" (якая была створана на "Беларусьфiльме" больш за 40 гадоў таму) прадставiў свой фiльм "Вечнае вяртанне". А з iм i саму нашу краiну праз адзiн з яе духоўных сiмвалаў — Сынкавiцкую царкву. Яна i ёсць сiмвал вечнага жыцця, якое рушыць па коле i заўсёды вяртаецца i звяртаецца да iснасцi. А цi ўсе беларусы ведаюць, у чым яе ўнiкальнасць?

Другi наш удзельнiк — Сяргей Кацьер са стужкай "Брыгада, цi з лёгкай парай!" I гэта ўжо зусiм iншае кiно. Калектыўны партрэт пакалення, да якога належыць аўтар. Галоўнымi героямi сталi сябры, з якiмi ён 15 гадоў парыцца ў лазнi кожную пятнiцу. Але для iх гэта своеасаблiвы мужчынскi клуб... Па прызнаннi аўтара ён узяўся за фiльм па наводцы былога адборшчыка Берлiнскага фестывалю, якi гаварыў пра тое, што кiно з былых савецкiх краiн вельмi дэпрэсiўнае, а за гэтым не бачна самiх людзей, таго, чым яны жывуць.

Цяпер бачна — жывуць розным, па-рознаму. I па-рознаму аўтары распавядаюць пра наша жыццё. Але дзе мы яго можам бачыць?

"Дзеля чаго робяцца фестывалi? Дзеля гледача, якому гэта патрэбна i дзеля аўтара, якому таксама патрэбны глядач, — адзначыў расiйскi ўдзельнiк конкурснай праграмы Валерый Цiмошчанка. — Гэта зваротная сувязь. Я зараз знаходжуся на цудоўным фестывалi, якi аб'яднаў лепшыя стужкi, паказаныя ўжо на iншых фестывалях. Таму планка паднятая вельмi высока. А глядач мае права пабачыць увесь зрэз таго, што зроблена лепшае... Але адна рэч — фестывалi. Калi кiно ёсць, то яго трэба паказваць па тэлебачаннi. Насамрэч па тэлеканалах круцяць безлiч прадукцыi жудаснай якасцi. Дакументальнага кiно мала, але яно высокай якасцi. I пры гэтым яго амаль што не паказваюць. Гэта праблема".

Рэжысёр Сяргей Кацьер:

— Як чалавек, якi працуе на тэлебачаннi, я разумею, што праблема ў тым, што тэлебачанне прад'яўляе свой фармат, якi вельмi абмяжоўвае магчымасцi мастака ў плане рэалiзацыi нейкiх iдэй. Тэлебачанне дае аўдыторыю пэўнага дыяпазону, трэба арыентавацца ў асноўным на сярэднi густ. Ад гэтага губляюцца твае магчымасцi як рэжысёра. Я сам па сабе, напрыклад, не люблю клiпавы мантаж. Я чалавек спакойны, у iншым рытме жыву. Мне складана бывае здаваць фiльмы кiраўнiцтву на ТБ. Але паколькi ёсць нейкi ўнутраны рэдактар, то я знаходжу кампрамiсы з кiраўнiцтвам. I ўдзячны за тое, што ёсць магчымасць здымаць кiно, цiкавае не толькi тэлеканалам, але i фестывальнае кiно. Я не разумею, чаму дакументалiстыку лiчаць "нефарматам", я глядзеў бы i днём i ноччу! Здаецца, адна з прычын, чаму ў Беларусi мала дакументальнага кiно на ТБ, у тым, што мала тэлеканалаў. Iгравое кiно яны бяруць ўсялякае, любой якасцi, каб толькi новае i новае было — тэлебачанне як млын пераварвае вялiзную колькасць iнфармпрадукцыi. А дакументальнае кiно — прадукт складаны, яму патрэбны глядач падрыхтаваны, зацiкаўлены. Яшчэ адзiн момант: раней у Мiнску можна было глядзець дакументальнае кiно ў спецыяльнай зале, няхай яна была i маленькая. Прывозiлi нават добрыя замежныя фiльмы, можна было пабачыць, што здымаюць айчынныя дакументалiсты. Але вялiкае пытанне ў тым, чаму ў мегаполiсе, такiм, як Мiнск (усё-такi мiльённiк), дакументальнага кiно няма ў пракаце, як няма цяпер нiводнай залы, дзе можна было б глядзець дакументальнае кiно. Сёння нам кажуць, што гэта нерэнтабельна. Але пры гэтым у нас будуюць шматзальныя кiнатэатры, дзе сядзяць 15 чалавек i глядзяць дарагi iгравы фiльм. I гэта чамусьцi нармальна...

Разумею людзей, якiя правамерна ганарацца вынiкамi сваёй працы. I шчыра хацелi б падзялiцца iмi з iншымi. З краiнай, якая дае магчымасць знаходзiць у нашым штодзённым жыццi абсалютна ўнiкальныя непаўторныя моманты i фiксаваць iх на камеру. I, можа, да наступнага конкурсу нешта зменiцца, i перш чым пiсаць пра нашых удзельнiкаў, мы загадзя зможам пазнаёмiцца з iх фiльмамi ўсёй грамадой, каб дакладна ведаць — тут мы лепшыя!

А пакуль паверым журы на чале з Аляксеем Паграбным (членам расiйскай Нацыянальнай акадэмii мастацтваў "Нiка"), якое адзначыла лепшы фiльм:....

А яно назвала лепшым дакументальным фiльмам сёлетняй праграмы фiльм "Кармэн сустракае Борат", створаны Мерседэс Сталенхоф з Галандыi. Яна распавяла пра мары цыганскай дзяўчыны Кармэн з румынскай вёскi, але зрабiла гэта ў блiскучым стылi, так, што паводле слоў старшынi журы, фiльм глядзiцца, нiбыта гэта... iгравое кiно. У той час "за лепшую рэжысуру дакументальнага кiно" адзначана Алёна Палунiна i яе эстонска-фiнскi праект "Рэвалюцыя, якой не было" пра... расiйскiя падзеi, якiя здарылiся падчас прэзiдэнцкiх выбараў. I гэта ўжо зусiм iншае кiно.

Нашы дакументалiсты сёлета без узнагародаў. Што ж, бывае i так. Год на год не прыходзiцца. Зрэшты, няхай жа i нашы госцi трошкi павыйграюць... I ўсё-такi нейкiя высновы з гэтага зрабiць можна. Напрыклад, такую: у аўтараў быў бы стымул працаваць з большым iмпэтам тады, калi б яны дакладна ведалi, што iх фiльмы змогуць пабачыць у роднай краiне не толькi падчас фестываляў.

Ларыса ЦIМОШЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў Палацы Рэспублiкi на цырымонii закрыцця Мiнскага кiнафестывалю назавуць лепшыя фiльмы праграмы, а iх стваральнiкi атрымаюць "лiстападаўскiя" прызы. У Доме кiно пакажуць фiльм — пераможцу конкурсу iгравога кiно, i сярод галоўных прэтэндэнтаў на ўчарашнi дзень была выдатная стужка рэжысёра Яна Труэля "Вечныя iмгненнi Марыi Ларсан". Фiльм, якi сапраўды дае зразумець, што кiно — вялiкае i вельмi тонкае мастацтва. Прыемна, што вялiкая частка нашых гледачоў гэта адчула.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика