ЛЕГЕНДАРНЫ ЗВЯЗДОВЕЦ ЯНКА КАЗЛОЎ сёння адзначае 90-годдзе
08.12.2009
—
Новости Общества
|
Партызан Iван Кандратавiч Казлоў стаў журналiстам "Звязды"
адразу пасля вызвалення Беларусi, у 1944 годзе.
Ён адпрацаваў у нашай газеце 40 гадоў! У 44-м яму было ўсяго 25. Але гэта ўжо быў сфармiраваны чалавек з няпростай ваеннай бiяграфiяй. З баявой характарыстыкi на партызана-радыста Беластоцкага абкама КП(б) Беларусi, члена ЛКСМБ Казлова Iвана Кандратавiча: "Тав. Казлоў прыбыў добраахвотна ў партызанскi атрад iмя С.М. Будзённага ў кастрычнiку 1942 года. За час знаходжання ў атрадзе паказаў сябе дысцыплiнаваным, iнiцыятыўным, знаходлiвым, вынослiвым байцом-партызанам. Тав. Казлоў карыстаўся вялiкiм аўтарытэтам сярод партызанаў i камандзiраў. Тав. Казлоў мае на сваiм баявым рахунку наступнае: 1. Узарваны мост на шасэйнай дарозе Слуцк — Капыль. 2. З групай колькасцю 12 чалавек узарваў спiртзавод у саўгасе "Доктаравiчы", у вынiку выбуху забiты 34 гiтлераўцы. 3. У жнiўнi месяцы 1943 года ў складзе атрада ўдзельнiчаў у "рэйкавай вайне". Атрадам падарваны 540 рэек. Тав. Казлоў удзельнiчаў у 15 баях i дробных сутычках з нямецкiмi акупантамi i палiцыяй. Актыўна працаваў па ўзбраенню i росту асабовага складу атрада. У кастрычнiку 1943 года тав. Казлоў быў пераведзены ў абкам КП(б) Беларусi на пасаду радыста рэдакцыi Беластоцкай абласной падпольнай газеты "Белостокская правда"... За сваю выдатную працу ў складаных умовах варожага тылу тав. Казлоў I.К. прадстаўлены Беластоцкiм падпольным абкамам КП(б) Беларусi да ўрадавай узнагароды — ордэна Айчыннай вайны першай ступенi". Ён нарадзiўся ў 1919 годзе ў вёсцы Доктаравiчы Капыльскага раёна. Скончыў сямiгодку. Больш вучыцца не давялося... Вайна застала Янку Казлова ў Сярэдняй Азii, дзе праходзiў службу, — на поўдзень ад Самарканда, непадалёк ад Бухары. "Служыў у горнай кавалерыi — гэта ж такое страхоцце!.. Там былi ў асноўным беларусы, i памiж сабой размаўлялi толькi па-беларуску. Прозвiшча камандзiра — Жук. Нават конь мой зваўся Нёман!.." — часта расказвае Iван Кандратавiч. А яшчэ любiць успамiнаць працу ў любiмай газеце i калег: "Якiя таленавiтыя людзi працавалi ў "Звяздзе": Тарас Хадкевiч, Макар Паслядовiч, Рыгор Сяргеенка, Рыгор Страшко, Мiкола Вiшнеўскi, Iван Сiманоўскi, Амяллян Шурпач, Генадзь Мохарт, Франц Ляпескi, Васiль Хорсун, Алесь Бараноўскi, Алесь Траяноўскi..." I самую памятную сваю камандзiроўку ў Аршанскi раён у вераснi 1945-га, куды дабiраўся... на самалёце: "Адказны сакратар рэдакцыi Вячаслаў Палескi дамовiўся з мiнскiмi авiятарамi наконт самалёта для журналiстаў "Звязды". I мы з фотакарэспандэнтам Анатолем Карнiцкiм спешна паляцелi ў раён. Пахадзiлi-паездзiлi па калгасах, вярнулiся ў Оршу i ўбачылi карэспандэнта суседняй газеты. Але ж менавiта "Звязда" першай павiнна змясцiць матэрыял!.. У Вiцебску пайшлi на аэрадромчык: цi не будзе якога транспарту? Ляцець у Мiнск збiраўся зусiм невялiчкi самалёцiк, разлiчаны ўсяго на дваiх: месцы для пiлота i аднаго пасажыра. Але мы худыя былi, неяк уцiснулiся ўдвух на адно месца. А ў самалёце нiякiх дзверцаў — толькi зверху дзiрка, каб залазiць... Лётчык папярэдзiў: не ўздумайце ўставаць, iнакш паляцiце на зямлю!.. Я завязаў сваю шапку-вушанку, а Анатоль сваю "кубанку" вымушаны быў прывязаць ручнiком — каб не сарвала ветрам... Прыляцелi ў Мiнск, расплацiлiся з лётчыкам па-чалавечы (аддалi ўсе грошы, што былi, на пляшку). "Звязда" апярэдзiла ўсiх!" Янка Казлоў быў прызнаным фельетанiстам. Жанр гэты цяпер фактычна сканаў: пра ўсё можна гаварыць "адкрытым тэкстам", без алегорый-метафар. Дый каб напiсаць фельетон, трэба мець вялiкiя лiтаратурныя здольнасцi, тонкае пачуццё гумару. Фельетоны Янкi Казлова былi "цвiком нумара" газеты "Звязда" на працягу многiх дзесяцiгоддзяў. I цяпер выдатнае пачуццё гумару не здраджвае ветэрану — нягледзячы нi на што. А як толькi з'яўляецца ў роднай газеце цiкавая публiкацыя, як толькi ўбачыць таленавiтае пяро маладога журналiста альбо незвычайную "разыначку"-знаходку ў масцiтага, вопытнага калегi — адразу тэлефануе са шчырай радасцю за "Звязду", з якой пачынае ранiцу на працягу ўжо больш як 65 гадоў... Шаноўны Iван Кандратавiч! Моцнага Вам здароўя, бадзёрасцi, аптымiзму! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Партызан Iван Кандратавiч Казлоў стаў журналiстам "Звязды" адразу пасля вызвалення Беларусi, у 1944 годзе. Ён адпрацаваў у нашай газеце 40 гадоў! У 44-м яму было ўсяго 25. Але гэта ўжо быў сфармiраваны чалавек з няпростай ваеннай бiяграфiяй. З баявой характарыстыкi на партызана-радыста Беластоцкага абкама КП(б) Беларусi, члена ЛКСМБ Казлова Iвана Кандратавiча: "Тав. Казлоў прыбыў добраахвотна ў партызанскi атрад iмя С.М. Будзённага ў кастрычнiку 1942 года. За час знаходжання ў атрадзе паказаў сябе дысцыплiнаваным, iнiцыятыўным, знаходлiвым, вынослiвым байцом-партызанам. Тав. Казлоў карыстаўся вялiкiм аўтарытэтам сярод партызанаў i камандзiраў. Тав. Казлоў мае на сваiм баявым рахунку наступнае: |
|