У палацы Радзiвiлаў у Берлiне жыў Бiсмарк
08.12.2009
—
Новости Общества
|
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА высветліў у Берліне, што звязвае нашых князёў, нямецкага канцлера і Ёгана Вольфганга Гётэ Цяпер у Берлiне — пара перадкалядных кiрмашоў. Тлум, смех, цукеркi i глiнтвейн. На Аляксандр-пляц залiты каток вакол фантана, а з дынамiкаў гучыць класiчная музыка. Ты мiжволi згадваеш каток на Кастрычнiцкiм пляцы ў Мiнску з ягоным "умца-ца". Сэнс адзiн, начынне рознае. На гэтых кiрмашах мне асаблiва спадабаўся глiнтвейн — гарачае вiно са спецыямi. Яго прадаюць у спецыяльных сувенiрных кубачках. Закладны кошт кубачка — 2,5 еўра. Можаш вярнуць — i забраць грошы, а можаш пакiнуць на памяць. З цукерак i салодкасцяў мне запомніліся "Шакаладныя яблыкi". На драўляную палачку насаджваецца сапраўдны спелы яблык, аблiваецца шакаладам — i калi ласка, пачастунак за 3 еўра! Элементарна, але цiкава i смачна. * * * Перад Брандэнбургскай брамай стаяць два "жаўнеры" — савецкi i амерыканскi, якiя сiмвалiзуюць колiшнiх мiратворцаў. З жаўнерамi можа сфоткацца любы ахвотны. Нечакана "савецкi" жаўнер звяртаецца да мяне па-руску. Высвятляецца, што Джамбулат дагестанец, жыве ў Берлiне ўжо 10 гадоў, вучыцца на акцёра, а тут — падпрацоўвае ў фiрме па арганiзацыях святаў. "Амерыканскi" жаўнер апынаецца палякам Патрыкам. Ты размаўляеш з iмi па-польску i па-руску i думаеш пра шматпалярны, мяшаны сённяшнi свет: у Берлiне расiйца iграе дагестанец, а амерыканца паляк, а ты, беларус, гамонiш з iмi пра жыццё i навiны. * * * Каля колiшняга рэйхстага — сучасныя будынкi з офiсамi нямецкiх дэпутатаў. Усе сцены — празрыстыя. Тэлеаб'ектыў перадае табе адчуванне чалавека, якi падглядае з акна суседняга дома за жаночай лазняй. Вось цётачка правярае электронную пошту, вось дзядзечка засяроджана нешта друкуе, iншы тэлефануе некуды, ходзячы з мабiльнiкам туды-сюды па пакоi. Ты не знаходзiш кабiнета Ангелы Меркель i iдзеш далей. * * * Перад Музеем Карлсхорст чатыры сцягi — нямецкi, беларускi, украiнскi i расiйскi. Гэты будынак ствараўся як казiно для вайскоўцаў, тут 8 мая 1945 года быў падпiсаны Акт безумоўнай капiтуляцыi фашысцкай Германii. За савецкiм часам у музеi было паказана толькi савецкае бачанне той вайны. У 90-х гадах, калi паўстала пытанне, што рабiць з музеем, вырашылi не лiквiдоўваць яго (а многiя выступалi за гэта), а мадэрнiзаваць канцэпцыю — i паказаць два погляды на вайну. Сцягi прадстаўляюць тут зацiкаўленыя бакi-ўдзельнiкi. З'явiлася шмат цiкавых для нас акцэнтаў. Напрыклад, асаблiвасцi хлуслiвай фашысцкай прапаганды пачатку вайны. "Уся Еўропа з намi ў змаганнi з бальшавiзмам!" — цвердзiлi нямецкiя агiтацыйныя плакаты. А ў той Еўропы фактычна нiхто не пытаў. Уразіла мяне таксама думка, чаму часам савецкiм палонным удавалася выжыць у канцлагерах. Бо звычайныя нямецкiя жаўнеры разумелi, што калi яны патрапяць у савецкi палон — тое будзе i з iмi... Можна тут пабачыць i вусцiшныя здымкi, якiх не паказваюць у музеi вайны твайго горада. Вось пяцёра партызанаў стаяць са стрэльбамi напагатове, а перад iмi, не адварочваючыся, стаiць "здраднiк i вораг". Праз iмгненне пасля здымка партызаны застрэлiлi яго. Ты добра ведаеш з аповедаў бабулi Галi, як тое бывала. Двух яе дзядзькоў расстралялi самi партызаны — нехта данёс, што нiбыта супрацоўнiчалi з немцамi. Хоць яны былi ў брыгадзе, якая пускала пад адхон варожыя цягнiкi, якраз прыйшлi з аднаго задання... Пасля ўдава аднаго з расстраляных прыйшла да кiраўнiка таго атрада. — Не перажывайце, — сказаў ён ёй, — з вас некалi адмыецца гэтая пляма. * * * У гандлёвым цэнтры тваю ўвагу прыцягвае незвычайны пiрог — ягоная даўжыня роўна 50 метраў. Кухары ходзяць наўкол, падпраўляюць, пасыпаюць цукровай пудрай. Дзеткi дзiвяцца, аблiзваюцца i просяць бацькоў купiць iм цукерку. Пiрог — рэкламная акцыя аднае фiрмы, спосаб прыцягнуць увагу. * * * Што цiкавiць цябе найбольш — гэта колiшнi палац Радзiвiлаў у Берлiне на Вiльгельмштрасэ. Дакладней, месца, дзе ён некалi стаяў — цяпер тут звычайны шматпавярховік. У гэтым палацы жыў некалi Антонi Генрых Радзiвiл, якi праславiўся, апроч усяго, як кампазiтар. Сябраваў з Шапэнам, Бетховенам i Мендэльсонам. Быў жанаты з прускай прынцэсай Луiзай Гогенцоллерн. Іхняя дачка Элiза ўвайшла ў гiсторыю як першае каханне кайзера Вiльгельма І. Бацькi не далi закаханым ажанiцца, Вiльгельм перажыў каханую на 53 гады. Аднак да канца жыцця трымаў на столiку партрэт Элiзы... Плённым стала сяброўства Антонiя Генрыха з Ёганам Вольфгангам Гётэ. Пасля выхаду першай часткi "Фаўста" Антонi быў моцна ўражаны i ўзяўся пiсаць оперу. На яе першым праслухоўваннi не змог прысутнiчаць з-за хваробы сам Гётэ, але прыслаў сына. Пазней Антонi Генрых усё ж зайграў оперу самому Гётэ. Уражаны класiк напiсаў у мемуарах, што "прыязджаў князь Радзiвiл, граў музыку, пасля якой я зразумеў: "Фаўст" павiнен быць на сцэне". У 1875 годзе палац Радзiвiлаў набыў нямецкi ўрад, тут жыў Ота фон Бiсмарк. Пазней палац стаў часткай Рэйхсканцылярыі Гiтлера. Вiдаць, гэта i было чорнай меткай — палац быў знiшчаны савецкiмi войскамi як логава ворага... * * * Вось ён — Берлiн пазаўчарашнi з палацам Радзiвiлаў, учорашнi з канцылярыяй Гiтлера i Берлiнскiм мурам, i сённяшнi — з кiрмашамi, глiнтвейнам i яблыкамi ў шакаладзе. Берлiн — згустак гiсторыi, горад, якi спазнаў кантрасны душ сусветных палiтычных завiрухаў. Ты едзеш на аглядным коле на Аляксандр-плац, глядзiш зверху на гарадскiя агнi, вясёлую моладзь, радасных бацькоў з дзецьмi — i разумееш, што святло так цi iнакш перамагае цемру. Усё да лепшага. P.S. Дзякую за арганiзацыю цудоўнай паездкi Iнстытуту Гётэ i цэнтру "То4ка-Treff"! Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара. Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара. Дзякую за арганiзацыю цудоўнай паездкi Iнстытуту Гётэ i цэнтру "То4ка-Treff"!Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара. Берлiн. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА высветліў у Берліне, што звязвае нашых князёў, нямецкага канцлера і Ёгана Вольфганга Гётэ
|
|