Тройчы — вакол стала
08.12.2009
—
Новости Общества
|
Стол з'яўляўся галоўным месцам завiхання гаспадароў падчас падрыхтоўкi i правядзення ўсiх народных i хрысцiянскiх святаў i прысвяткаў, якiя адзначалiся на працягу года. Так, мудрая гаспадыня ведала, што перад святам або ў дзень яго правядзення стол неабходна было выскрабсцi дабяла, накрыць бялюткiм абрусам-настольнiкам i паставiць на яго адпаведныя рытуальныя прадметы, якiя мелi ахоўную i прадуцыравальную моц. На стале маглi быць ахвярныя блiны, хлеб, каравай, сальнiчка з чацвярговай або велiкоднай асвячонай соллю, невялiкi посуд з асвячонай на Вадохрышча вадой, у якую апускалi велiкоднае яйка. На стале маглi апынуцца i iншыя рытуальныя рэчы, непасрэдна звязаныя са святочнымi падзеямi, напрыклад, галiнкi асвячонай вярбы. Перад адпраўленнем у далёкую дарогу з мэтай перасцярогi ад непрыемных нечаканасцяў трэба было заручыцца аховай-перасцярогай самага сакральнага месца ў хаце — стала. Той, хто збiраўся ў падарожжа, тройчы цалаваў стол, а пасля вяртання дадому сталу дзякавалi тымi ж трыма пацалункамi. Гаспадар хаты сядзеў на самым ганаровым месцы — у чырвоным куце, пад абразамi. Калi ў сям'i не было бацькi, яго месца займаў старэйшы жанаты сын. Калi сын быў яшчэ нежанатым, то лiдарства ў сям'i належала мацi. Па баках ад гаспадара рассаджвалiся старэйшыя мужчыны i жанчыны, а за iмi — малодшыя члены сям'i. Перад пачаткам сяўбы сям'я абавязкова садзiлася за стол — сумесны сняданак павiнен быў сiмвалiзаваць дружныя ўсходы, багаты ўраджай i своечасовы яго збор. На Каляды гаспадыня перавязвала ножкi стала невялiкiм ланцугом i замыкала замком, каб на ўвесь год "замкнуць" языкi ўсiм нядобразычлiўцам. У некаторых рэгiёнах лiчылi, што падобнае магiчнае дзеянне здольна паўплываць на хатнюю жывёлу, якая нiдзе не заблудзiць i своечасова будзе вяртацца дадому. Звычаёвае права беларусаў забараняла дзецям бегаць вакол стала, таму што трохразовыя абходы вакол яго дазвалялiся толькi ў рытуальных сiтуацыях: падчас вяселля, на хрэсьбiнах, пры ўмове цяжкiх родаў бабка-павiтуха тройчы абводзiла вакол стала парадзiху. Шырока распаўсюджана такая прыкмета: калi ў час размовы з хлопцам дзяўчына нечакана абапрэцца на стол, то яна доўга не выйдзе замуж. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стол з'яўляўся галоўным месцам завiхання гаспадароў падчас падрыхтоўкi i правядзення ўсiх народных i хрысцiянскiх святаў i прысвяткаў, якiя адзначалiся на працягу года. Так, мудрая гаспадыня ведала, што перад святам або ў дзень яго правядзення стол неабходна было выскрабсцi дабяла, накрыць бялюткiм абрусам-настольнiкам i паставiць на яго адпаведныя рытуальныя прадметы, якiя мелi ахоўную i прадуцыравальную моц. |
|