Шаленства трымае ў напружаннi...
16.12.2009
—
Новости Общества
|
За 10 месяцаў гэтага года ў Беларусi зарэгiстравана 816 выпадкаў шаленства сярод жывёл: 531 выпадак — сярод дзiкiх жывёл, 158 выпадкаў — сярод хатнiх i бяздомных сабак i катоў i 127 выпадкаў — сярод сельскагаспадарчай жывёлы. У параўнаннi з папярэднiм годам колькасць дзiкiх жывёлiн сярод хворых на шаленства крыху зменшылася. Затое павялiчылася колькасць хворых на шаленства хатнiх i сельскагаспадарчых жывёлiн: хатнiх — з 15,5 працэнтаў да 19,3 працэнтаў i сельскагаспадарчых — з 8,1 працэнта да 15,6 працэнта. У параўнаннi з папярэднiм годам шаленства а ктывiзавалася ў Гродзенскай (240 выпадкаў) i Мiнскай (161 выпадак) абласцях: на 51,7 i 36 працэнтаў адпаведна. Спецыялiсты канстатуюць, што ў пачатку года на тэрыторыi паляўнiчых гаспадарак адбылося павелiчэнне колькасцi асобiн лiсы ў параўнаннi з зiмовым улiкам 2008 года амаль напалову, ваўка — на трэць i янотападобнага сабакi — на дзве трэцi. Менавiта лiсы ў апошнiя гады — галоўная крынiца распаўсюджвання шаленства. Адначасова адзначаецца скарачэнне здабычы лiс на 75 працэнтаў i янотападобных сабак — на 63 працэнты. Здабыча ваўкоў засталася на ранейшым узроўнi. На працягу першага паўгоддзя за антырабiчнай дапамогай у арганiзацыi аховы здароўя звярнулiся 11 228 чалавек, у тым лiку 560 чалавек, якiя мелi кантакт з хворай на шаленства жывёлiнай. Калi б яны гэтага не зрабiлi, то сустрэча з шалёнай жывёлiнай завяршылася б для iх трагiчна. Так, як яна завяршылася для жыхара Клiмавiцкага раёна, якi паспрабаваў злавiць лiсу, што забегла ў вёску: жывёлiна ўкусiла яго за кiсць правай рукi. Гэта адбылося яшчэ ў жнiўнi 2008 года, аднак па медыцынскую дапамогу ён не звярнуўся. Сiмптомы захворвання на шаленства з'явiлiся ў яго толькi ў маi гэтага года — праз 10 месяцаў пасля здарэння. Мiж iншым, шаленства з'яўляецца невылечнай хваробай, i адзiны паратунак ад яго — своечасова зробленая антырабiчная прышчэпка. Другi трагiчны выпадак адбыўся ў Шчучынскiм раёне, дзе вiноўнiкам смерцi чалавека стаў хатнi сабака, якi ўкусiў свайго гаспадара ў твар i пакусаў яму пальцы рук. І зноў iнстынкт самазахавання ў мужчыны не спрацаваў, таму i медыкi дапамагчы яму нiчым не змаглi. Апошнiя выпадкi смерцi людзей ад шаленства рэгiстравалiся ў Беларусi ў 2006 годзе. Усяго ў першым паўгоддзi лячэбна-прафiлактычныя прышчэпкi атрымалi 4 487 пацярпелых. У Рэспублiканскай санэпiдслужбе з задавальненнем канстатуюць, што колькасць людзей, якiя адмовiлiся ад антырабiчных прышчэпак, скарацiлася больш чым на 16 працэнтаў. У той жа час на 20,5 працэнта павялiчылася колькасць асобаў, якiя самавольна спынiлi курс вакцынацыi (205 чалавек). Таксама мелi месца выпадкi адмены курсу прышчэпак без атрымання афiцыйнага заключэння ветслужбы аб вынiках назiрання за падазронай жывёлiнай. Надзея НIКАЛАЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За 10 месяцаў гэтага года ў Беларусi зарэгiстравана 816 выпадкаў шаленства сярод жывёл: 531 выпадак — сярод дзiкiх жывёл, 158 выпадкаў — сярод хатнiх i бяздомных сабак i катоў i 127 выпадкаў — сярод сельскагаспадарчай жывёлы. У параўнаннi з папярэднiм годам колькасць дзiкiх жывёлiн сярод хворых на шаленства крыху зменшылася.
|
|