Бернд Штанге: Пашчасцiла, што не атрымалi Іспанiю, Iталiю цi Англiю"
09.02.2010
—
Новости Общества
|
У нядзелю ў Варшаве адбылася жараб'ёўка адборачнага турнiру чэмпiянату Еўропы па футболе, фiнал якога адбудзецца ў 2012 годзе ў Польшчы i ва Украiне. Зборная Беларусi трапiла ў групу D разам з камандамi Францыi, Румынii, Боснii i Герцагавiны, Албанii i Люксембурга. Астатнiя каманды размеркавалiся наступным чынам: Група А: Германiя, Турцыя, Аўстрыя, Бельгiя, Казахстан, Азербайджан Група В: Расiя, Славакiя, Iрландыя, Македонiя, Арменiя, Андора Група С: Iталiя, Сербiя, Паўночная Iрландыя, Славенiя, Эстонiя, Фарэрскiя астравы Група Е: Нiдэрланды, Швецыя, Фiнляндыя, Венгрыя, Малдова, Сан-Марына Група F: Харватыя, Грэцыя, Iзраiль, Латвiя, Грузiя, Мальта Група G: Англiя, Швейцарыя, Балгарыя, Уэльс, Чарнагорыя Група H: Партугалiя, Данiя, Нарвегiя, Кiпр, Iсландыя Група I: Iспанiя, Чэхiя, Шатландыя, Лiтва, Лiхтэнштэйн Фаварытам нашай групы з'яўляецца, безумоўна, "сеяная" з першага кошыка зборная Францыi. Праўда, галоўнага трэнера гэтай каманды Раймана Даменека няшчадна крытыкуюць, i магчыма, у Мiнск французаў прывязе зусiм iншы трэнер. З гэтай камандай беларусам гуляць пакуль не даводзiлася. А вось з другога кошыка нам трапiлася каманда Румынii, знаёмая па адборы да Еўра-2008. З гэтай камандай беларусы тройчы сустракалiся i столькi ж саступалi (двойчы з лiкам 1:3 — у адборы да еўра 2008, аднойчы з лiкам 0:2 — у 2004 годзе у перадсезонным турнiры на Кiпры). Не падарунак дастаўся i з трэцяга кошыка. Каманда Боснii i Герцагавiны папсавала нервы ў адборы да мундзiялю-2010, абышоўшы ў групе туркаў, бельгiйцаў, эстонцаў i армян. Беларусам дагэтуль з гэтай балканскай камандай сустракацца не даводзiлася. З албанцамi беларусы таксама знаёмыя па адборы да Еўра-2008. Тады наша каманда дома згуляла ўнiчыю i перамагла супернiка на выездзе. Чатыры разы сустракалiся беларусы i з камандай Люксембурга. Двойчы перамагалi, аднойчы згулялi ўнiчыю. А яшчэ раз ганебна прайгралi. Зноў-такi было гэта ў межах адбору да Еўра-2008, у 2007 годзе, на стадыёне ў Гомелi пад кiраўнiцтвам цяперашняга галоўнага трэнера Бернда Штанге. I гэтую гульню дагэтуль многiя называюць самай вялiкай ганьбай беларускага футбола. Але Бернд Штанге як да жараб'ёўкi, так i пасля застаецца аптымiстам i верыць у сваю каманду. Вось яго меркаванне, якое ён выказаў афiцыйнаму сайту УЕФА адразу пасля жараб'ёўкi ў Варшаве: — Пашчасцiла, што ў нашу групу не трапiлi такiя каманды, як Iспанiя, Iталiя цi Англiя. Лiчу, што цяпер яны — наймацнейшыя на кантыненце. Але i Францыю нельга недаацэньваць. Калi я быў трэнерам зборнай ГДР, тройчы гуляў супраць "трохкаляровых", i толькi аднойчы выйграў. Рады за беларускiх балельшчыкаў, якiя ўбачаць такiх зорак, як Франк Рыберы, Цьеры Анры, Самiр Насры. З iншага боку, я не надта задаволены, што нам зноў, як i ў квалiфiкацыi да Еўра-2008, трапiлiся Румынiя, Албанiя i Люксембург. Лепш бы наш глядач убачыў каго-небудзь iншага. Вельмi моцныя баснiйцы, у якiх вядучыя футбалiсты выступаюць за мяжой. Эдзiн Джэко, Звездан Мiсiмавiч — сапраўдныя зоркi, на якiх палююць вялiкiя еўрапейскiя клубы. У любым выпадку мы пастараемся выкарыстаць свой шанц i заняць месца не нiжэй за другое. Гэта наша задача. А вось як пракаментаваў вынiкi жараб'ёўкi старшыня Асацыяцыi "Беларуская федэрацыя футбола" Генадзь Нявыглас: — Нам дасталiся няпростыя супернiкi. Францыя, Боснiя i Герцагавiна, Румныiя — тыя камнады, якiя знаходзяцца вышэй за нас у рэйтынгу. Але, на мой погляд, мы павiнны гуляць з iмi на роўных. Наша задача — настройвацца на кожны матч. Узровень беларускай каманды значна вырас, i мы зможам дасягнуць станоўчага вынiку. Боснiя i Герцагавiна — вельмi няпростая для нас зборная. З албанцамi мы сустракалiся неаднойчы. На выездзе з iмi, як i з любымi балканцамi, гуляць няпроста, аднак статыстыка на нашым баку. Мяркую, i на гэты раз зможам iх абгуляць. Прадстаўнiкi астатнiх зборных у нашай групе, зразумела, не бачаць у беларускай камандзе фаварыта, аднак называюць яе камандай, якая можа прыпаднесцi сюрпрыз. Галоўны трэнер зборнай Румынii Рэзван Лучэску выказаўся наступным чынам: — Нашу групу цалкам можна назваць самай складанай. Яна збалансаваная, i некалькi камандаў здольныя на сюрпрызы. Зборныя Боснii i Герцагавiны i Беларусi не так даўно дасягалi вялiкiх поспехаў... Згодны з калегам i галоўны трэнер зборнай Боснii i Герцагавiны: — Каманды накшталт беларускай цi албанскай у стане прыпаднесцi сюрпрыз у паядынку з любым апанентам. Мяркую, у нашай групе барацьба будзе весцiся да апошняга. Нагадаем, што напрамую ў фiнальную частку Еўра-2012 выходзяць усе зборныя, якiя занялi ў сваiх групах першыя месцы, а таксама найлепшая зборная, якая заняла другое месца. Астатнiя каманды, якiя фiнiшуюць другiмi, будуць весцi барацьбу ў стыкавых матчах за права выступаць у фiнале. На працягу найблiжэйшых 30 дзён павiнен быць узгоднены каляндар матчаў у групе, якi неабходна прадставiць ва УЕФА. Калi самi зборныя згоды не дасягнуць, гуляць прыйдзецца па раскладзе, якое выдасць УЕФА. Алена АЎЧЫННIКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нядзелю ў Варшаве адбылася жараб'ёўка адборачнага турнiру чэмпiянату Еўропы па футболе, фiнал якога адбудзецца ў 2012 годзе ў Польшчы i ва Украiне. Зборная Беларусi трапiла ў групу D разам з камандамi Францыi, Румынii, Боснii i Герцагавiны, Албанii i Люксембурга. |
|