Забарона — тупiковы шлях
09.02.2010
—
Новости Общества
|
Праблема абортаў — праблема глыбiнная i датычыцца не адной краiны, а ўсiх, якiя адносяцца да эканамiчна развiтых. Аборты асуджае Ватыкан, супраць i Руская праваслаўная царква, iншыя канфесii, але ж грамадства да гэтай праблемы ставiцца даволi спакойна. У немаладым узросце, магчыма, нехта i разважае, што аборт — гэта амаральна. А ў 17—35 гадоў, калi часта сэксуальнасць пераважвае iншыя пачуццi, аборт успрымаецца як самы просты спосаб выйсцi з далiкатнага становiшча. Паглядзiм наўкол сябе i ўбачым, што аборты мала каго турбуюць. З аднаго боку — праблема вялiкая, а з iншага — яе быццам i няма. Грамадства на нейкiм этапе свайго развiцця пераступiла маральную мяжу i палiчыла, што аборт не з'яўляецца забойствам. Калi чалавек не нарадзiўся, то яго i няма. І ўвогуле, жанчына сама павiнна прымаць рашэнне... Аборты супярэчаць Прыродзе. Кожная жывая iстота iмкнецца даць патомства, а тут чалавек iдзе наперакор Прыродзе. Але цi можна нешта змянiць? Вяртанне ў мiнулае i сцвярджэнне, што некалi нашы продкi дрэнна ставiлiся да абортаў i таму iх амаль не было, уводзiць у зман. Абортаў не было, а дзецi памiралi ў небывалым маштабе. Прыходзiцца паўтарацца. У маёй бабулi па бацьку памерла 8 дзяцей з 12, а ў бабулi па мацi з 6 аж 5. Карцiна жахлiвая i гэта пры тым, што абортаў не рабiлi. Бог даў — Бог узяў. Нарадзiлi, пахавалi, зачалi... Цынiчна, але яшчэ ў першай палове XX стагоддзя сiтуацыя была менавiта такой. Выжывалi самыя дужыя — iснаваў натуральны адбор. Але ж чалавецтва не стаяла на месцы, навукова-тэхнiчная рэвалюцыя непазнавальна змянiла свет i чалавек апынуўся ў зусiм iншых сацыяльна-эканамiчных умовах. Падпаў пад сацыяльную эвалюцыю i пачаў сам кантраляваць дзетанараджэнне. Людзi сталi больш адукаваныя, пачалi хоць трохi разбiрацца ў сваёй фiзiялогii, а шырокае выкарыстанне супрацьзачаткавых сродкаў спрыяе такому кантролю. А што датычыцца аборту, то да яго нiхто не iмкнецца, але ж калi жанчына "падзаляцела", а муж на аборце настойвае... А ёсць выпадкi, калi без аборту не абысцiся. Пры сваiм негатыўным стаўленнi да аборту я не спяшаюся кiдаць камень у жанчын, якiя пайшлi на гэты крок. Хоць бы таму, што i мужчына ў такiх выпадках нясе не меншую адказнасць. Вунь яшчэ нядаўна ў Кiтаi было забаронена мець у сям'i болей за адно дзiця. Урад краiны быў вымушаны пайсцi на такi крок — краiна не магла пракармiць празмерную колькасць насельнiцтва. У Афрыцы i Азii ёсць краiны, у якiх дзецi памiраюць у пылу дарог i нiхто на iх не звяртае ўвагi, i якраз там абортаў найменш цi яны ўвогуле забаронены. Але давайце прааналiзуем сiтуацыю ў сваёй краiне. Праблема завязана на маральна-этычным стане грамадства. I як мы можам разабрацца з абортамi, калi толькi на Брэстчыне ў наркалагiчных дыспансэрах знаходзiцца на ўлiку болей за 28 тысяч алкаголiкаў, а незарэгiстраваных п'янiц у разы болей. У краiне дзясяткi тысяч кiнутых дзяцей пры жывых бацьках жывуць у iнтэрнатах i дзiцячых дамах, а колькi дзяцей гадуюць дзядулi i бабулi... Без вырашэння гэтых праблем немагчыма падступiцца да праблемы з абортамi. Што такое аборт для жанчыны, якая адмовiлася ад дзiцяцi, якое яна адчула? I размова павiнна iсцi пра прафiлактыку, каб справа да аборту не дайшла. Забаранiць аборты, як гэта ў свой час зрабiў Сталiн, — тупiковы шлях. Пасля вайны, калi склалася цяжкая дэмаграфiчная сiтуацыя — гэты крок быў вымушаны, а цi даў ён эфект? Сказаць, што ў пасляваенны перыяд з'явiлася вялiкая колькасць шматдзетных сем'яў, нельга. Забаранiць аборты сёння — гэта загнаць iх у падполле. Вельмi хутка нелегальныя аборты стануць бiзнэсам. I добра, калi ўрачы зоймуць нiшу, а то спецыялiстамi адчуюць сябе медсёстры цi звычайныя шаптухi. Не будзем шукаць ворагаў, якiя, нiбыта, прынеслi нам усе гэтыя праблемы з-за мяжы. Наша краiна — неад'емная частка еўрапейскай цывiлiзацыi, i ўсе працэсы, якiя адбываюцца там, закранаюць i наша грамадства. Аборты — гэта кепска, разводы — таксама, а камусьцi не падабаецца, што дзяўчаты носяць джынсы. I што тут рабiць? Забараняць? Але ж гэта мы ўжо праходзiлi. Ёсць i даволi цывiлiзаваныя сродкi, якiя даюць магчымасць пазбегнуць абортаў. Вось нарадзiлася ў сям'i трое дзяцей i палову жыллёвага крэдыту дзяржава спiсвае, а калi з'явiлася пятае, то поўнасцю. Безумоўна, гэта праблемы не вырашае, але ў маладых сем'яў ужо ёсць выбар. А калi адкiнуць эмоцыi, то аборты звязаныя i з непаважлiвым стаўленнем да жанчыны, якое закладзена было яшчэ ў бiблейскiя часы i з сiтуацыяй у шматлiкiх нашых сем'ях, i з бытавой культурай... Бянтэжыць у гэтай праблеме i той факт, што супраць абортаў, найперш, выступаюць мужчыны. Дастаткова паглядзець некаторыя тэлешоу, ды i не толькi... Няхай царква i ўрачы аб'ядноўваюць свае намаганнi i супрацоўнiчаюць — займаюцца асветнiцкай працай па праблеме абортаў. Хто супраць? Але грамадства патрабуе комплекснага рашэння, i пачынаць трэба з п'янства. Можа, тут аб'яднаемся? Я чалавек нерэлiгiйны i для мяне ўсе канфесii аднолькавыя. Але калi я пабываў у шматдзетных сем'ях (пра некаторыя пiсаў), то адзначыў, што тыя сем'i, як правiла, пратэстанцкiя. Не ўсё мне там падабалася i не ведаю, у чым там шчасце, але ў гэтых сем'ях няма разводаў, абортаў, п'янства i кiнутых дзяцей. Чаму? Калi ў чалавека ёсць стрыжань i яго жыццё акрэсленае, то многiя праблемы адпадаюць. Я так думаю. Сымон Свiстуновiч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праблема абортаў — праблема глыбiнная i датычыцца не адной краiны, а ўсiх, якiя адносяцца да эканамiчна развiтых. Аборты асуджае Ватыкан, супраць i Руская праваслаўная царква, iншыя канфесii, але ж грамадства да гэтай праблемы ставiцца даволi спакойна |
|